Чарнобыльская малітва
Шрифт:
Маладыя хлопцы… Яны цяпер таксама паміраюць, але яны разумеюць, што калі б яны не зрабілі гэтага…
Быў момант, калі існавала небяспека тэрмаядзернага выбуху, і спатрэбілася спусціць з-пад рэактара цяжкую ваду, каб ён не абрынуўся туды, а цяжкая вада — гэта прамы кампанент ядзернага паліва. Уяўляеце?! Паставілі задачу: хто нырне ў гэтую цяжкую ваду і адчыніць там засаўку спускнога клапана? Абяцалі кватэру, машыну, дачу і ўтрыманне сямейнікаў да канца дзён. Шукалі добраахвотнікаў. I яны знайшліся! Хлопцы ныралі, шмат разоў ныралі і адчынілі гэтую засаўку, і ім далі на каманду сем тысяч рублёў. А пра абяцаныя машыны і кватэры забыліся. Ды і не з-за іх яны ныралі! Не з-за матэрыяльнага, менш за ўсё з-за матэрыяльнага. (Расхваляваўся.)
Гэтых людзей ужо няма… Толькі дакументы ў нашым музеі… Прозвішчы… Але калі б яны не зрабілі гэтага? Наша гатоўнасць да самаахвяравання… Нам няма роўні…
Я тут спрачаўся з адным… Ён мне даказваў, што гэта спалучана з тым, што ў нас вельмі нізкая цана на жыццё. Азіяцкі гэткі фаталізм. Чалавек, які ахвяруе сабой, не ўспрымае сябе як унікальную, непаўторную асобу, якой болей ніколі
Цяпер вы разумееце, якім я бачу наш музей? Вунь там у скрыначцы зямля чарнобыльская… Жменька… Вунь шахцёрская каска… Таксама адтуль… Сялянскае начынне з зоны… Сюды няможна дазіметрыстаў пускаць. Фоніць! Але тут усё павінна быць сапраўдным! Без муляжоў. Нам павінны паверыць. А павераць толькі сапраўднаму, бо занадта шмат хлусні вакол Чарнобыля. Было і ёсць. Абраслі фондамі, камерцыйнымі структурамі…
Раз вы пішаце такую кнігу, павінны паглядзець наш унікальны відэаматэрыял. Па крупінках збіраем. Чарнобыльскай хронікі, лічыце, няма! Яе не далі зняць, усё засакрэцілі. Калі каму-небудзь штосьці ўдавалася занатаваць, дык адпаведныя органы тут жа забіралі гэты матэрыял і вярталі размагнічаныя стужкі. У нас няма хронікі, як эвакуіравалі людзей, вывозілі жывёлу… Трагедыю здымаць забаранялася, здымалі — гераізм! Чарнобыльскія альбомы ўсё-такі цяпер выдадзены, але колькі разоў кіна- і тэлеаператарам разбівалі камеры. Цягалі па інстанцыях… Каб сумленна распавесці пра Чарнобыль, трэба была мужнасць. Яна і сёння патрэбна. Паверце мне! Але вы павінны ўбачыць… Гэтыя кадры…Чорныя, як графіт, твары першых пажарнікаў. А іхнія вочы? Гэта ўжо вочы людзей, якія ведаюць, што адыходзяць ад нас… На адным фрагменце — ногі жанчыны, якая раніцою пасля катастрофы ішла апрацоўваць гародзік паблізу атамнай станцыі. Ішла па траве, на якой ляжала раса… Ногі нагадваюць рэшата, усе ў дзірачках да самых каленяў… Гэта трэба ўбачыць, калі вы пішаце такую кнігу…
Я прыходжу дадому і не магу ўзяць на рукі свайго малога сына. Мне трэба выпіць пяцьдзесят-сто грамаў гарэлкі, каб узяць на рукі дзіця…
Цэлы аддзел у музеі — верталётчыкі… Палкоўнік Вадалажскі… Герой Расіі, пахаваны на беларускай зямлі, у вёсцы Жукаў Луг. Калі ён атрымаў звышдапушчальную дозу, павінен быў з'ехаць, неадкладна эвакуіравацца, але застаўся і навучыў яшчэ трыццаць тры экіпажы. сам зрабіў сто дваццаць вылетаў, скінуў дзвесце-трыста тон грузу. Чатыры-пяць вылетаў на працягу сутак, пры вышыні трыста метраў над рэактарам, тэмпература ў кабіне — да шасцідзесяці градусаў. Уявіце, што рабілася ўнізе, калі мяхі з пяском скідваліся… Актыўнасць дасягала тысячы васьмісот рэнтгенаў у гадзіну. Пілотам рабілася блага ў паветры. Каб скінуць прыцэльна, патрапіць у цэль — вогненнае жарало, яны высоўвалі галовы з кабіны і прымерваліся вокам. Іншага спосабу не было… На пасяджэннях урадавай камісіі… Проста, будзённа дакладвалася: "На гэта трэба пакласці два-тры жыцці. А на гэта — адно жыццё". Проста і будзённа…
Палкоўнік Вадалажскі памёр. У картачку ўліку дозаў, набраных над рэактарам, урачы яму запісалі… сем бэраў. На самой справе іх было шэсцьсот!
А чатырыста шахцёраў, якія дзень і ноч дзяўблі тунель пад рэактарам? Трэба было пракапаць тунель, каб заліць туды вадкі азот і замарозіць земляную падушку, так гэта пазначаецца на інжынернай мове. Іначай бы рэактар пайшоў у грунтовыя воды… Шахцёры Масквы, Кіева, Днепрапятроўска… Я нідзе пра іх не чытаў. А яны голыя, пры тэмпературы за пяцьдзесят градусаў, кацілі паперадзе сябе ваганеткі на чацвярэньках. Там было сотні рэнтгенаў…
Цяпер яны паміраюць… Але калі б яны не зрабілі гэтага? Я лічу, што яны — героі, а не ахвяры вайны, якой нібы і не было. Называюць яе аварыяй, катастрофай. А была вайна… Чарнобыльскія помнікі падобныя на ваенныя.
Ёсць рэчы, якія ў нас не прынята абмяркоўваць, славянская сарамлівасць. Вы ж павінны ведаць… Такую кнігу пішаце… У тых, хто працаваў на рэактары ці ў непасрэднай блізкасці да яго, як правіла, паражаецца… падобны сімптом у ракетчыкаў, гэта знаёмы клопат… як правіла, паражаецца мочапалавая сістэма. Але пра гэта ў нас уголас не гавораць… Не прынята… Я аднойчы суправаджаў англійскага журналіста, ён падрыхтаваў вельмі цікавыя пытанні. Якраз на гэтую тэму, яго цікавіў чалавечы бок праблемы. Што пасля ўсяго з чалавекам — дома, у быце, у інтымным? Толькі ніводнай шчырай гаворкі не атрымалася. Папрасіў ён сабраць, напрыклад, верталётчыкаў… Пагаварыць у мужчынскай кампаніі… Яны прыехалі, некаторыя пенсіянеры ўжо ў трыццаць пяць-сорак гадоў, аднаго прывезлі са зламанай нагою, у яго старэчы пералом, гэта значыць пад уздзеяннем радыяцыі косці размякчаюцца. Яго прывезлі… Англічанін задае ім пытанне: як
вы цяпер у сям'і, са сваімі маладымі жонкамі? Верталётчыкі маўчаць, яны прыйшлі расказваць, як здзяйснялі па пяць вылетаў за суткі. А тут… Пра жонак? Пра такое… Давай ён іх па адным выцягваць… Адказваюць дружна: здароўе нармальнае, дзяржава цэніць, у сям'і любоў… Ніводны… Ніводны з іх не адкрыўся… Яны пайшлі, а я адчуваю, ён прыгнечаны: "Цяпер ты разумееш, — кажа, — чаму вам ніхто не верыць? Вы падманваеце саміх сябе". А сустрэча гэта адбывалася ў кафэ, абслугоўвалі дзве прыгожанькія афіцыянткі, яны ўжо ўсё прыбіраюць са столікаў, і ён у іх пытаецца: "А вы можаце мне адказаць на некалькі пытанняў?" I гэтыя дзве дзеўчынёхі яму ўсё выклалі. Ён: "Вы хочаце выйсці замуж?" — "Так, але толькі не тут. Кожная з нас марыць выйсці замуж за іншаземца, каб нарадзіць здаровае дзіця". Тады больш смела: "Ну, а ў вас ёсць партнёры? Хто яны? Яны вас задавальняюць? Вы самі разумееце, што я маю на ўвазе?" — "Вось тут сядзелі з вамі хлопцы, — смяюцца, — верталётчыкі. Пад два метры. Звінелі медалямі. Яны для прэзідыума падыходзяць, але не для ложка". Сфатаграфаваў ён гэтых дзеўчынёх, а мне паўтарыў тую ж фразу: "Цяпер ты разумееш, чаму вам ніхто не верыць? Вы падманваеце саміх сябе".Паехалі мы з ім у зону. Вядомая статыстыка: вакол Чарнобыля — восемсот магільнікаў. Ён чакаў нейкіх фантастычных інжынерных збудаванняў, а гэта — звычайныя ямы. Ляжыць у іх "рыжы лес", высечаны вакол рэактара на сто пяцідзесяці гектарах (у першыя два дні пасля аварыі сосны і елкі зрабіліся чырвонымі, а пасля рыжымі). Ляжаць тысячы тон металу і сталі, дробныя трубы, спецвопратка, бетонныя канструкцыі… Ён паказаў мне здымак з англійскага часопіса. Панарамны… Зверху… Тысячы адзінак аўтатрактарнай і авіяцыйнай тэхнікі… пажарныя машыны і машыны "Хуткай дапамогі"… Самы буйны магільнік ля рэактара. Ён хацеў яго зняць — ужо цяпер — праз дзесяць гадоў. Яму абяцалі за гэты здымак вялікія грошы. I вось мы кружым, кружым, і адзін начальнік нас адсылае да другога — то карты няма, то дазволу. Матляліся, пакуль да мяне не дайшло: няма гэтага магільніка, ён ужо не існуе ў рэальнасці, а толькі ў справаздачах, даўно расцягалі па рынках, на запчасткі па калгасах і сваіх дварах. Раскралі, вывезлі. Англічанін зразумець гэтага не мог. Не паверыў! Калі я сказаў яму ўсю праўду, ён не паверыў! I я цяпер, чытаючы нават смелы артыкул, не веру, заўсёды ў падсвядомасці круціцца думка: "А раптам гэта таксама хлусня? Ці нейкія байкі". Згадаць трагедыю стала агульным месцам… Абыходкавым штампам! Страшылкай! (Вымаўляе з роспаччу. Маўчыць).
Валаку ўсё ў музей… Збіраю… Але, надараецца, думаю: "Кінуць! Збегчы!" Ну, як вытрываць?!
Была ў мяне гаворка з маладым святаром…
Мы стаялі ля свежай магілы старшыны Сашы Ганчарова… З тых, хто быў на даху рэактара… Снег. Вецер. Надвор'е лютае. Святар служыць паніхіду. Чытае малітву. З голай галавой. "Вы быццам і не адчувалі холаду?" — спытаўся я пасля. "Не, — адказаў ён, — у такія хвіліны я ўсемагутны. Ніводны царкоўны абрад не дае мне такую энергію, як паніхіда". Я гэта запомніў — словы чалавека, які заўсёды паблізу смерці. Не аднойчы пытаўся ў замежных журналістаў, якія прыязджаюць да нас, многія па некалькі ўжо разоў, чаму яны едуць, просяцца ў зону? Нельга думаць, што з-за адных толькі грошай ці кар'еры. "Нам падабаецца ў вас, — прызнаваліся, — атрымліваем тут магутны энергетычны зарад". Нечаканы адказ, праўда? Для іх, напэўна, наш чалавек, яго пачуцці, яго свет, — нязведанае, гіпнатызуючае… Але я не ўцяміў, што ім больш падабаецца: мы — самі? Ці тое, што пра нас можна напісаць? Праз нас — зразумець?
Што ж мы ўсё круцімся вакол смерці?
Чарнобыль… У нас іншага свету ўжо не будзе… Спачатку, як вырвалі глебу з-пад ног, выплюхвалі гэты боль шчыра, а цяпер прыйшло ўсведамленне, што іншага свету няма і падацца няма куды. Адчуванне трагічнай аселасці на гэтай чарнобыльскай зямлі, зусім іншае светаадчуванне. З вайны вяртаеца "страчанае" пакаленне… Успомнім Рэмарка? А з Чарнобылем жыве "разгубленае" пакаленне… Мы разгубіліся… Нязменнымі засталіся толькі чалавечыя пакуты… Наш адзіны капітал. Неацэнны!
…Я прыходжу дадому… Пасля ўсяго… жонка слухае мяне… А пасля ціха кажа: "Я люблю цябе, але сына табе не аддам. Нікому яго не аддам. Ні Чарнобылю, ні Чачні… Нікому!" У ёй пасяліўся ўжо гэты страх…"
Сяргей Васільевіч Собалеў, намеснік старшыні праўлення Рэспубліканскай асацыяцыі "Шчыт Чарнобыля"
Народны хор
Клаўдзія Рыгораўна Барсук, жонка ліквідатара; Тамара Васільеўна Белавокая, урач; Кацярына Фёдараўна Баброва, перасяленка з горада Прыпяці; Андрэй Буртыс, журналіст; Іван Навумавіч Вяргейчык, педыятр; Алена Ільінічна Варанько, жыхарка гарадскога пасёлка Брагін; Святлана Говар, жонка ліквідатара; Наталля Максімаўна Ганчарэнка, перасяленка; Тамара Ільінічна Дубікоўская, жыхарка гарадскога пасёлка Нароўля; Альберт Мікалаевіч Зарыцкі, урач; Аляксандра Іванаўна Краўцова, урач; Элеанора Іванаўна Ладуценка, радыёлаг; Ірына Юр'еўна Лукашэвіч, акушэрка; Антаніна Максімаўна Ларывончык, перасяленка; Анатоль Іванавіч Палішчук, гідраметэаролаг; Марыя Якаўлеўна Савельева, маці; Ніна Ханцэвіч, жонка ліквідатара.
"Даўно не бачу шчаслівых цяжарных жанчын… Шчаслівых мам…
Вось яна толькі нарадзіла. Прыйшла да памяці… Кліча: "Доктар, пакажыце мне! Прынясіце!" Кратае галоўку, лобік, цельца. Пальчыкі лічыць… На нагах, на ручках… Хоча пераканацца: "Доктар, у мяне нармальнае дзіця нарадзілася? Усё добра?" Прынясуць яго карміць. Баіцца: "Я непадалёк ад Чарнобыля жыву… Я туды да мамы ездзіла… Я пад той чорны дождж трапіла…"
Сны расказваюць: то цялятка нарадзілася з васьмю ножкамі, то шчанючок з галавой вожыкавай… Такія дзіўныя сны. Раней такіх сноў у жанчын не было. Я не чула. У мяне трыццаць гадоў акушэрскага стажу…"