Чарнобыльская малітва
Шрифт:
"Я выкладаю ў школе рускую мову і літаратуру. Гэта, здаецца, было ў пачатку чэрвеня, ішлі экзамены. Раптам дырэктар школы збірае нас і аб'яўляе: "Заўтра ўсім прыйсці з рыдлёўкамі". Высветлілася: Мы павінны зняць верхні заражаны пласт зямлі вакол школьных будынкаў, а пасля прыедуць салдаты і заасфальтуюць. Пытанне: "Якія выдадуць ахоўныя сродкі? Ці прывязуць спецыяльныя касцюмы, рэспіратары?" Адказалі, што не. "Вазьміце рыдлёўкі і будзеце капаць". Толькі двое маладых настаўнікаў адмовіліся, астатнія пайшлі і капалі. Прыгнечанасць і ў той жа час пачуццё выкананага абавязку, жыве гэта ў нас: быць там, дзе цяжка, небяспечна, абараняць радзіму. Хіба я чамусьці іншаму вучыла сваіх вучняў, толькі гэтаму: пайсці, кінуцца ў агонь, абараняць,
Капалі зямлю з ранку да вечара. Калі вярталіся дадому, выдавала дзіўным, што працуюць гарадскія магазіны, жанчыны купляюць панчохі, духі. У нас ужо жылі ваенныя адчуванні. I было куды больш зразумела, калі раптам сталі чэргі па хлеб, соль, запалкі… Усе кінуліся сушыць сухары… Гэтыя паводзіны падаліся мне знаёмымі, хоць я нарадзілася пасля вайны. Спрабавала аналізаваць свае пачуцці і здзівілася, як хутка перабудавалася мая псіхіка, нейкім неспасціжным чынам мне аказаўся знаёмы ваенны вопыт. Магла сабе ўявіць, як пакіну дом, як мы з дзецьмі паедзем, якія рэчы возьмем, што напішу маме. Хоць навакол цякло яшчэ мірнае жыццё, па тэлевізары паказвалі кінакамедыі. Але мы заўсёды жылі ў палоне жаху, мы ўмеем жыць у жаху, гэта — наша асяроддзе быцця. Тут нашаму народу няма роўні…"
"Салдаты заходзілі ў вёску і эвакуіравалі людзей. Вясковыя вуліцы былі забіты вайсковай тэхнікай: бронетранспарцёры, грузавыя машыны пад зялёным брызентам, нават танкі. Людзі пакідалі свае хаты ў прысутнасці салдат, гэта прыгнятала, асабліва тых, хто перажыў вайну.
Увесь час параўноўваем з вайной. Але гэта большае… Вайну можна зразумець… А тут?"
"Я нікуды быццам і не паехала… Я штодня хаджу па сваіх успамінах. Па тых жа вуліцах, міма тых жа дамоў. Такі ціхі гарадок быў…
Нядзеля… Ляжу, загараю. Бяжыць мама: "Дзіцятка, Чарнобыль выбухнуў, людзі па хатах хаваюцца, а ты пад гэтым сонцам". Я пасмяялася — ад Чарнобыля да Нароўлі сорак кіламетраў.
Увечары ля нашай хаты спыніліся "Жыгулі", заходзіць мая знаёмая з мужам: яна — у хатнім халаце, ён — у спартыўным трыко і ў нейкіх старых тапачках. Праз лес, прасёлкамі яны ўцякалі з Прыпяці… На дарогах дзяжурыла міліцыя, вайсковыя пасты, нікога не выпускалі. Першае, што яна мне закрычала: "Трэба тэрмінова шукаць малако і гарэлку! Тэрмінова!" Крычала і крычала: "Толькі новую мэблю купіла, новы халадзільнік. Я сабе футра пашыла. Усё пакінула, абвязала цэлафанам… Ноч не спалі… Што будзе? Што будзе?" Муж яе супакойваў. Днямі сядзелі ля тэлевізара і чакалі, калі Гарбачоў выступіць. Улады маўчалі… Толькі калі адгрымелі святы, Гарбачоў сказаў: не хвалюйцеся, таварышы, сітуацыя на кантролі… Нічога страшнага… Людзі там жывуць, працуюць…"
"Усю жывёлу з выселеных вёсак гналі да нас у райцэнтр на прыёмныя пункты. Ашалелыя каровы, авечкі, парасяты бегалі па вуліцах… Хто хацеў, той лавіў. З мясакамбіната машыны з тушамі ішлі на станцыю Калінкавічы, адтуль грузілі на Маскву. Масква не прымала. I гэтыя вагоны, ужо магільнікі, вярталіся назад да нас. Цэлыя эшалоны. Тут іх хавалі. Пах гнілога мяса даймаў уначы… "Няўжо гэтак пахне атамная вайна?" — думала я. Вайна, якую памятала, пахла дымам…
У першыя дні нашых дзяцей вывозілі ноччу, каб менш людзей бачыла. Хавалі бяду, скрывалі. А народ усё роўна даведваўся. Выносілі на дарогу да нашых аўтобусаў бідончыкі з малаком, пяклі булачкі. Як у вайну… З чым яшчэ параўнаць?"
"Нарада ў аблвыканкоме. Ваенная абстаноўка. Усе чакаюць выступлення начальніка грамадзянскай абароны, бо калі хтосьці і ўспомніў нешта аб радыяцыі, дык толькі нейкія абрыўкі з падручніка па фізіцы за дзесяты клас. Ён выходзіць на трыбуну і пачынае расказваць тое, што напісана ў кнігах і падручніках пра атамную вайну: атрымаўшы пяцьдзесят рэнтген, салдат павінен выйсці з бою, як
будаваць сховішчы, як карыстацца супрацьгазам, пра радыус выбуху…У заражаную зону вылецелі на верталёце. Экіпіроўка па інструкцыі: бялізны няма, камбінезон з хэбэ, як у кухара, на ім ахоўная плёнка, рукавіцы, марлевая павязка. Абвешаны ўсе прыборамі. Спускаемся з неба ля вёскі, а там дзеткі купаюцца ў пяску, як вераб'і… У роце каменьчык, травінка… без штаноў… З голымі попкамі… А ў нас загад: з народам кантактаў не мець, паніку не падымаць…
I вось цяпер жыву з гэтым…"
"Па тэлевізары раптам замільгалі перадачы… Адзін з сюжэтаў: бабулька падаіла карову, наліла малака ў слоік, рзпарцёр падыходзіць з ваенным дазіметрам, водзіць па слоіку… Ідзе каментарый, што, маўляў, бачыце, чыстая норма, а да рэактара дзесяць кіламетраў. Паказваюць раку Прыпяць… Купаюцца, загараюць… Удалечыні відаць рэактар і клубы дыму над ім… Каментарый: заходнія галасы, маўляў, сеюць паніку, распаўсюджваюць яўную няпраўду пра аварыю. I зноў з гэтым дазіметрам — то да талеркі юшкі яго прыкладваюць, то да шакаладкі, то да пончыкаў ля адчыненага ларка. Гэта быў падман. Вайсковыя дазіметры, якія знаходзіліся ў той час на ўзбраенні нашай арміі, не разлічаны на праверку прадуктаў, яны толькі мераюць фон…
Такая колькасць хлусні, неймаверная, з якой спалучаны ў нашай свядомасці Чарнобыль, была хіба толькі ў вайну…"
"Мы чакалі першынца. Муж хацеў хлопчыка, а я — дзяўчынку. Урачы ўгаворвалі мяне: "Трэба рашыцца на аборт. Ваш муж быў у Чарнобылі". Ён — шафёр, і яго ў першыя дні туды прызвалі. Вазіў пясок. Я нікому не верыла.
Дзіця нарадзілася мёртвым. I без двух пальчыкаў. Дзяўчынка. Я плакала. "Ну, хай бы ў яе хоць бы пальчыкі былі. Яна ж — дзяўчынка".
"Ніхто не разумеў, што адбылося. Пазваніла ў ваенкамат, мы, медыкі, усе ваеннаабавязаныя, прапанавала сваю дапамогу. Не памятаю прозвішча, але званне было маёр, адказаў мне: "Нам патрэбны маладыя". Я паспрабавала пераконваць: "Маладыя ўрачы, па-першае, не гатовы, а па-другое, яны падвяргаюцца большай небяспецы, малады арганізм больш адчувальны да ўздзеяння радыяцыі". Адказвае: "У нас загад — браць маладых".
У хворых сталі кепска гаіцца раны. Памятаю той першы радыёактыўны дождж. "Чорны дождж" стануцць яго пасля называць… З аднаго боку, свядомасць ні да чога падобнага не гатовая, а з другога — мы ж самыя лепшыя, самыя незвычайныя, у нас самая вялікая краіна. Мой муж, чалавек з вышэйшай адукацыяй, інжынер, ён сур'ёзна мяне пераконваў, што гэта тэрарыстычны акт, варожая дыверсія. Гэтак думалі тады многія. А я ўспамінала, як ехала ў цягніку з адным гаспадарнікам, і ён мне расказваў пра будаўніцтва Смаленскай атамнай станцыі: колькі цэменту, дошак, цвікоў, пяску сплывала з аб'екта ў бліжэйшыя вёскі. За грошы, за бутэльку гарэлкі…
У вёсках, на заводах выступалі работнікі райкомаў партыі, ездзілі, сустракаліся з народам. Але ніводзін з іх не здольны быў адказаць на пытанні, што такое дэзактывацыя, як ахаваць дзяцей, якія каэфіцыенты пераходу радыёнуклідаў у харчовыя ланцужкі? Пра альфа-, бэта- і гамачасціцы, пра радыёбіялогію, іянізуючыя выпраменьванні, не кажучы пра ізатопы. Для іх гэта былі рэчы з іншага свету. Яны чыталі лекцыі пра гераізм савецкіх людзей, сімвалы ваеннай мужнасці, прошукі заходніх спецслужбаў… Калі я, было, заікнулася пра гэта на партсходзе, засумнявалася, мне сказалі, што забяруць партбілет…"
"Шмат было невытлумачальных смерцяў. Нечаканых… У маёй сястры балела сэрца… Калі яна пачула пра Чарнобыль, адчула: "Вы гэта перажывеце, а я — не". Яна памерла праз некалькі месяцаў… Урачы нічога не змаглі растлумачыць. З яе дыягназам яшчэ доўга можна было жыць…"
"Я баюся жыць на гэтай зямлі. Далі мне дазіметр, а навошта ён мне? Памыю бялізну, яна ў мяне бялюткая — дазіметр звініць. Згатую страву, спяку пірог — звініць. Пасцялю пасцель — звініць. Навошта ён мне? Я кармлю дзяцей — і плачу. "Чаго ты, мамка, плачаш?"