Чужая бацькаўшчына
Шрифт:
Прыжмурваючыся ад ружаватага з пазалочаным абадком сонца, што ўсё вiсела за дэпо, забэрсаўшыся, як у сетцы, у чорным галлi старога явара, грузчыкi глядзелi на Давыдоўскага i ўсе разам, уцяўшы галовы ў плечы, чакалi, што скажа ён.
— Ого, сiла ёсць, — пакаўзнуўся ён на высушанай, з белаватым лядком лужыне.
— Сiла ёсць, абы была работа, — пацёр пасiнелыя рукi Восiп, i вока яго пачало хавацца недзе пад века.
— Вi чуеце, што ён кажа, га? Вi чуеце? — Давыдоўскi злавiў i кiнуў наводлiў рэдзенькую, што набегла пад носам, кроплю. — Каб ты, Ёська, здароў быў, каб
Засмяяўся адзiн толькi вагаўшчык, паказваючы жоўтыя ад курыва зубы. Дубатоўцы маўчалi.
— Так сколека тут вас? — Давыдоўскi ўсадзiў руку ў адтапыраную, абшморганую кiшэнь ясёнкi, забразгаў ключамi.
— Усiх разам восем чалавек, — сказаў i кiнуў у разяўлены рот сухую крошку хлеба Платон Верамей.
— Восем, восем, больш не просiм, — пакручваючы на тоўстым, нiбы ўджаленым, пальцы звязак ключоў i неяк коса, нiбы пятамi ўперад, ставячы ногi, Давыдоўскi пайшоў на другi бок пакгауза.
За iм, унурыўшыся, пацягнулiся ўсе грузчыкi.
Каля пакгауза, упiраючыся шырокiмi бакамi ў выступ падлогi, стаялi чатыры кароткiя вагоны, зпад задняга, што не меў ручнога тормаза, тырчалi сырыя драўляныя калодкi.
— Так сколека, кажаш, — падняўшыся па дашчаных сходах на выступ падлогi, перапытаў Давыдоўскi i павярнуў усыпаную сiвымi стручкамi патылiцу, вызiраючы Платона Верамея.
— Усiх разам восем, — адазваўся за Верамея Вунгер.
— Ага, значыць, восем, — прыплюшчыў адно вока Давыдоўскi, i рот у яго разявiўся. — Тады двух пойдуць чысцiць цыстэрну. Дзе гэты наш Рэпка? Га?
— Тутака я, — аказаўся Сяргей, задзiраючы голаў i спатыкаючыся на сходах.
— Ты чуеш што?
— Што? — Рэпка ссунуў чорныя, што зраслiся над пераноссем, бровы.
— Трэба пачысцiць цыстэрну. Ты чуеш што? Вунь тую, што ўчора была з бензiнай.
— Ну чую, чую… Каго толькi ўзяць яшчэ?
— Ну каго, Ёсiпа, каго?
— Чаму гэта мяне? — азваўся недзе ззаду ўсiх Восiп. — Сколека там заробiш?
— Сколека дам, толека i заробiш, — парыпваючы выступам падлогi, Давыдоўскi падышоў да першага вагона, там ужо, збiраючыся зразаць пломбу, вагаўшчык нешта запiсваў у кнiжачку з ружаватымi квiтамi.
— Ну, Восiп, iдзём, iдзём. Чаго азiраешся, як баран на гавечку. — Сяргей Рэпка абышоў вагоны i, прыгнуўшыся, скочыў на шпалы.
Восiп, як голуб, зiрнуў адным вокам унiз i вярнуўся назад, на сходы.
— Гэй вы, — крыкнуў Вунгер, калi Восiп схаваўся за вагонамi. — Люк!.. Нiжнi люк не забудзьцеся адчынiць!
За вагонамi нiхто не азваўся.
— Вот афэрмы.
— Пашлi дурнога, а за iм другога, — плюнуў Вунгер.
— Ну што яны, маленькiя, цi што, — зломкам жалеза Платон Верамей поркаўся ў шчылiне, каб зрушыць з месца распламбаваныя дзверы вагона.
Прытаптаўшы пры сцяне верхнюю адзежу i кiнуўшы туды торбы з полуднем, дубатоўцы дружна падскочылi да яго i з крыкам: «Опля! Яшчэ раз — разам!» — адсунулi цяжкiя, на жалезных колцах, дзверы. З вагона запахла цёплым сухiм цэментам — у шырокай пройме дзвярэй шарэлi роўненька i аж пад самы дах складзеныя папяровыя мяхi.
Большы тут за ўсiх Платон сцягнуў зверху шапаткi пляскаты мех. На шырокую спiну Вунгера, што ўжо стаяў, сагнуўшыся i
выцягнуўшы назад тоўстыя, кароткiя рукi, закурыўся сiваваты, як попел, цэмент.— Гэй, не лезь раней бацькi ў пекла! Дай склад адкрыю! — закрычаў Давыдоўскi, адкiдваючы завалу i расчыняючы шырокiя, на дзве палавiны, дзверы.
Услед за Вунгерам у цемнаваты пакгауз сунулiся дубатоўцы. Прыгнуўшыся, сапучы ад натугi, асцярожна пераступалi цераз парог — няслi, трымаючы спадыспаду рукамi, па два пляскатыя мяхi. Твар у iх чырванеў, на шыi выступалi, надуваючыся тоўстымi вяроўкамi, жылы, некаторых пахiствала ад цяжару.
— I куды яны рвуцца, куды? — цiснуўся ў вузкiм праходзе мiж новых сiненькiх арфаў i махаў кароткiмi рукамi Давыдоўскi, падымаючы з бэлек вераб’ёў, што з адчайным цвiрканнем ляцелi ў другi канец пакгауза.
— Сюды, сюды нясi, — паказаў ён у пусты, за арфамi, кут.
Грузчыкi, прысядаючы, асцярожна спускалi з плячэй мяхi. Вунгер першым скiнуў свае, браў iх, як падушкi, за абодва рагi, нёс перад сабою ў зацярушаны поцемкам кут, складаў адзiн на адзiн.
Грузчыкi, выдыхнуўшы з сябе той дух, што спiраў грудзi, вольна выпроствалi спiны i, нацягнуўшы глыбей на галаву шапку, звесiўшы доўгiя рукi, iшлi назад.
— Гэй, давай-давай, варушыся, адры тваю качана, — пырскаў смяшком з вагона Платон Верамей.
— Не падганяй, бо не вельмi паедзеш, — ганарыста агрызалiся грузчыкi.
— Не аднеквайся, давай-давай!
Грузчыкi зноў адзiн за адным падыходзiлi да вагона, станавiлiся спiною i нагiналiся, выцягнуўшы назад тоўстыя з патрэсканымi далонямi рукi.
Асiплым, пракураным голасам там, у пакгаузе, пачынаў спяваць Вунгер:
Ты мне мувiла, жэ замонж не пуйдзеш, А тэраз з iнным шлюб взенла…— Во, чуеш, ён, мусiць, iзноў успомнiў жонку таго каляяжа, — сцягваў верхнiя мяшкi i жмурыўся, каб не запарушыць вочы, Платон Верамей.
— Эх, мувен пану, кавал рэпы! Персi, як цясто на макарон! — гукнуў з цемнаты пакгауза Вунгер.
— Гы-гы-гы, а ты ўжо i памацаў, — зарагатаў нехта з грузчыкаў.
— Для хцонцэго нiц труднэго.
— Хi-хi, га-га, — душылiся ад смеху грузчыкi.
— I чаго вас дрэчыць, чаго? Дайце паслухаць, вунь нешта чалавек крычыць, — Давыдоўскi, прыклаўшы да вуха далонь i схiлiўшы набок голаў, падбег на край падлогi.
Сюды, да пакгауза, падняўшы ўгору абедзве рукi i трасучы iмi, бег i крычаў нешта той самы чалавек у чорнай рагатыўцы.
— I што ён крычыць? Вы чуеце, што ён крычыць? — Давыдоўскi азiрнуўся на грузчыкаў.
Выцiраючы ад цэменту сухiя рукi, яны падыходзiлi ўжо сюды, дзе стаяў Давыдоўскi. Нейкi ўжо насцярожаны, з вытрашчанымi вачмi, з вагона выскачыў Платон Верамей — на яго пляскатай з выгнутым брылём кепцы, на грудзях, на зморшчаных рукавах старога шарачковага пiнжака бялеў пыл.
— I што там такое? — высунуўся з пакгауза i прыпёрся адным плячом да вушака Вунгер.
— Хлопцы вашы вуньдзека, хлопцы!.. — падбегшы сюды, задыхнуўся чыгуначнiк у чорнай з лакiрованым брылём рагатыўцы.