Чужая бацькаўшчына
Шрифт:
— А нашто яны вам?
— Пытаеш?.. Трэба чалавеку, — Лiтавар са злосцю ўбiў у лагчынку падзёўбанае калоды цяжкую з гарбатым тапарышчам сякеру.
— Бяда з iхнiм Сяргеем прылучылася, — сказаў i адвярнуўся, каб схаваць свае вочы, Платон Верамей.
— Ах, лiха! Што ж такое?
— Задушыўся Сяргей… Палез чысцiць цыстэрну, а там бензiн быў…
— Матка найсвенша, каторы ж гэта?
— Ну старшы iхнi! Каторы, каторы… — перакрывiў мацеру Бронiк Лiтавар.
— Гэта той, што табе голаў расквасiў?
— I што ты да чаго гаворыш! — зморшчыўся Бронiк i пераступiў цераз горбу ружаватых
Платон адапхнуўся рукою ад плота, зарыпеў тугiм ланцугом, заварочваючы на вузенькую, выплесканую нагамi сцежку.
I калi ў раўку, што аддзяляў Лiтавараву хату ад вёскi, зазвiнеў, недзе наскочыўшы на каменьчык, яго ровар i схавалася белаватая, абцярушаная цэментам кепка, Лiтавар зноў упiкнуў мацеру:
— Вот не ведаеш, дзе ўваткнуць свой язык.
— А што ж я такое сказала?.. Бо й проўда…
Бронiк са злосцю папхнуў незашчэпленыя веснiкi i, усунуўшы рукi ў кiшэнi, пайшоў да Мондрых — дзверы ў iхнiм гумне былi адчыненыя. Адтуль чуўся нiзкi глухi грукат — бiлi недзе па неразвязаных снапах, палажыўшы новы пасад. Бахбахбах — малацiлi ўзасаб тры цапы: мужчынам, пэўна, памагала Алеся.
Бронiк Лiтавар паслухаў гэты бесперабойны вясёлы ляскат цапоў, што аддаваўся за вугламi чужых будынкаў, i зайшоў у закуранае пылам гаркаватае гумно, каб расказаць нечаканую i страшную весць.
Адсюль, з гумна, яна, трохi перайначаная, распаўзлася, як прусакi ў цемнаце, па ўсiм Верасаве, прыдумляючы i дакладваючы сваё, усе сталi гаварыць, што Давыдоўскi знарок паслаў у тую «шасцерню» Сяргея Рэпку.
Цяпер па вёсцы гэтую чутку насiла, забягаючы з хаты ў хату, Ваўчкова Вольга, як i заўсёды, распэтланая, з пасiнелымi ад холаду лыткамi, у старым незашпiленым кажушку з абцёртаю апухаю i вышмарганымi да чорнага бляску поламi нiжэй кiшэняў.
Задыхаючыся ад ветру i чуючы, як ён цячэ ў рукавы, студзiць сцёгны пад лёгкаю паркалёваю сукенкаю, шыецца вострым холадам праз незашпiлены кажух да грудзей, Вольга абышла адзiн канец вёскi i вярнулася ў свой. Спатыкаючыся ў нiзкай чарнаце, дабегла да Корсакаў: у хаце пад столлю свяцiла лямпа, за спацелымi падвойнымi вокнамi быў чуваць дзявочы голас i смех — дзяўчаты, мусiць, пазбiралiся на прадзiва.
Вольга пастаяла на глухiм надворку, не рашаючыся зайсцi ў хату — успомнiла, як надоечы прыходзiў да яе сварыцца за Мiцю стары Корсак, — i каля хлявоў i гумнаў выйшла на другую вулiцу.
Тут у хатах яшчэ не было агню, толькi з-пад наеханага каўпака Пытлевай страхi глядзелi жоўтыя вокны. Недзе там ляпалi аб дубовае шула i звiнелi зашчапiцай веснiкi. Гайдаючы цяжкае акованае вядро, рыпеў у цемнаце журавель. Вольга аж збiлася з хады, успомнiўшы ўчарашняе.
Учора зранку, прыбегшы сюды, пад калодзеж, з двума пустымi вёдрамi, Вольга ўбачыла на другi бок плота старога Пытля — падпiльнаваўшы яе з акна, ён, мусiць, скоранька выбег на двор i стаяў у доўгай, не ўвабранай у порткi сарочцы, босы i без свае авечае шапкi на лысай галаве.
— Вады не дам! — сказаў ён цераз плот, прытоптваючы абедзвюма рукамi доўгiя, стрыжаныя «пад гаршчок» валасы.
— Чаго вы, дзядзько? — Вольга прыгнулася, знiмаючы з плячэй каромысла, каб схаваць свае вочы.
— Яна пытае яшчэ чаго? А зводы хто носiць, хто абмаўляе з пят да галавы?
Вольга i
без гэтага дагадалася, што да Пытля дайшла тая чутка цi мо праўда, якую яна расказвала стрэчным i папярэчным бабам, што меншая Пытлева дачка Даня, дальбог, сама бачыла, хусткаю ўкручвае ды ўцiскае жывот, каб не было пазнаць, што яна тоўстая. Бо гэта ж яе з дварчанскае сушнi, дзе Даня рабiла кожную восень, чысцiла машынкаю яблыкi, падвозiў дадому Конi Грах — кажуць, нейкi татарын цi грэк, што з яўрэем напалам трымаў гэтую сушню.А Вольга знарок, быццам нiчога не ведаючы, здзiвiлася:
— Што вы, дзядзько, кажаце?
— А што чуеш. I пайшла, сучка, вон!.. Iдзi пабрашы яшчэ, а вады не дам.
— А за што я трыннi жала, га? — Вольга паставiла пустыя вёдры, выпрасталася i закрычала мацней: — За што? Каб ты захлiснуўся сваёю вадою, каб цябе ёю астатнi разок памылi!
Блiснуўшы аблыселаю макаўкаю галавы, Сымон Пыцель схаваўся ў сенях, а Вольга, стоячы з пустымi вёдрамi, крычала ў Сымонавы вокны, завешаныя белымi памярэжанымi фiранкамi:
— Гэта ж я тры дзянёчкi жала, каб цябе зжала якое лiха. Во, палец парэзала, яшчэ нарасць не сышла.
Вольга выставiла руку i азiрнулася, цi бачыць хто яшчэ: у цёмных сухаватых шыбах суседнiх хат раставалi невыразныя здалёк твары — цiкаўныя бабы адыходзiлiся ад вокнаў.
Задраўшы голаў, Вольга яшчэ закрычала ў сляпыя суседнiя вокны:
— Во паглядзеця, людцэ добрыя, ён вады мне не дае!.. То няхай сплоцiць за тыя тры дзянёчкi! А воду я знайду за такую плату! Параблю людзям i знайду…
Але вады Вольга так i не набрала, прыйшлося iсцi ў другi канец вёскi да Залахчынавых — калодзеж быў там пры самым балоце, вада з яго пахла гразёю, гнiлым аерам, як з завонi.
Цяпер, зiркнуўшы на журавель, што вiсеў на вiлаватай бабе — укапаным слупе, — як нейкая вялiкая камарова нага, на вокны Пытлевай хаты — там на белых фiранках мiльгаў, варушыўся нечы цень, — Вольга прыспешыла хаду i, чуючы, як у вушах шумiць гэты моцны ледзяны вецер, скiравала да Мондрых. Яе брала цiкавасць паглядзець на Алесiных малацьбiтоў. Цi ж праўду кажуць у вёсцы, што з адным з iх — маладым i надта харошым — Алеся злюбiлася.
За плотам шумеў, шоргаў аб частаколiны голы вiшаннiк. У мiтуслiвай цемнаце гародчыка звiнелi пустымi галоўкамi ссохлыя кветкi. Шастаючы, як папераю, вецер мёў па надворку, закручваў у горбачку сухое лiсце.
Прытоптваючы нагамi гэта шапаткое чуткае лiсце, Вольга незнарок устрывожыла заядлую сучачку. I тая забурчала, недзе шчэрачы зубы i дзеручыся пад падрубу.
Стулiўшыся ад ветру, што дзьмуў сюды, на ганак, вострым скразняком, Вольга ўчула, як з хаты ў сенi завiшчалi не змазаныя на завесах дзверы i Алеся прытупнула на сучачку:
— Пайшла вон! Абы чалавек да парога, так яе ўжо разбiрае нейкая халера.
Вольга пайшла на жаўтлявую яснасць у пройме дзвярэй i ў хаце ўжо сказала, нагнуўшыся i тручы рукамi настылыя каленi:
— Ну i халадэча, ну i вятрыска.
— I проўда ж, дзе вы бачылi, — азвалася на яе голас старая Мондрыха, што сядзела на лаве над кошыкам, абiраючы i плюхаючы ў саган з вадою картоплi.
— Гэта ж заўсёды так, калi чалавек павесiцца цi памрэ, — зiркнула Вольга на чужых у хаце людзей — што скажуць яны.