Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чужая бацькаўшчына

Адамчик Вячеслав

Шрифт:

— Я збегаю, я, — з купкi выбег дробны, год шаснаццацi, з заечай чырвонай губою, хлопец.

— Ага, збегай, сынок, ага, — замахаў абедзвюма кароткiмi рукамi Давыдоўскi.

Угнуўшыся, высока падкiдваючы абцасы, хлопец абмiнуў цыстэрну, пераскочыў iржавыя тут, у тупiку, рэйкi i схаваўся за рогам дашчанага склада, падняў з даху стракатую хмару галубоў. З усяе моцы ляпаючы тугiмi, як макраватымi, крыллямi, галубы паднялiся ўгору, з мяккiлi шумам паплылi, робячы шырокi круг, коса завярнулi назад, але не селi. Перапалохаўшы, iх зноў паднiмаў угору тонкi бабскi крык. З блiзкае вулiцы, што

была за чыгуначнымi складамi, сюды збягалiся задыханыя, устрывожаныя мяшчане. Нехта нёс, разлiваючы, у палiваным белым кубку ваду.

— Ах, божачка, што з iмi? — бабы навальвалiся на чужыя плечы, дыхалi гарачынёю ў вуха, глядзелi, як Вунгер трос, узяўшы за плечы, i ўжо не мог адтрасцi Сяргея Рэпку.

— I з чаго ж гэта, га?

— Як з чаго? — трохi паварочваў назад голаў — збоку былi вiдаць пукатае карае вока i добра не выгаленая бародаўка на шчацэ — чалавек у чорнай рагатыўцы. — Чысцiлi цыстэрну, а там яшчэ газ ад бензiну быў. Люк трэба было адкрыць — праветрыць, а яны палезлi абсэсам…

— Няхай крые бог! А я i не ведала, што бензiна — гэтакая атрута.

— Дзiва што, як чад.

— А-яй-яй-яй!

Чыгуначнiка ўжо абступiлi, цiснулi, каб паслухаць, тыя, хто толькi прыскочыў сюды.

— То чаму ж не ратавалi? — чалавек у доўгай суконнай бурцы, падвязанай жоўтым путам, паторкаў ялаўцовым пужальнам у сваю кепку — падсунуў яе вышай на лоб.

— Ага, скажаш, — абярнуўся да яго чыгуначнiк у вострай i зашмальцаванай ззаду рагатыўцы. — Такi газ… Усунься, не ведаючы. Добра, што грузчыкi блiзка былi ды вунь зналi, што трэба нiжнi люк адкрыць. А то ж дастаў бы ты iх? Скажаш…

Людзi круцiлi галовамi i цiха адыходзiлi ад чыгуначнiка, лезлi ў цесны круг, што самкнуўся над нябожчыкамi.

Восiпа таксама прынеслi ўжо сюды, на гэтую сухую белаватую траву ў счарнелых калiвах палыну i нiзкага крываўнiку. Вострая, трохi раздвоеная Восiпава барада з нявыгаленым худым падбародкам задралася ўгору. Каля вуха, займаючы мочка, разыходзiлася, паўзла па пашчэнку цёмна-лiловая пляма. З твару не сыходзiла i ўжо камянела зацятая пакута. Поруч, падкурчыўшы каленi i неяк нядобра падагнуўшы руку, цiха, як у салодкiм ранiшнiм сне, застыў Сяргей Рэпка. У кутку яго пасiнелых, падцятых губ тлеў прыхаваны смех — здаецца, Сяргей пасмiхваўся яшчэ з доўгага Восiпава носа.

Апусцiўшы звялыя, сiвыя ад цэменту рукi, каля iх стаяў Вунгер, утрапёнымi вачыма глядзеў недзе на чырванаватую скалмачаную нагамi траву, на жаўтлява-зялёны здратаваны мох, што заняўся тут пад самую восень.

— Вады можа дайце, — сказала, працiснуўшыся сюды, у цесны круг, баба з палiваным кубкам.

Вунгер павярнуў голаў, зiркнуў на яе адным вокам i нiчога не сказаў.

— Што з тае ўжо вады, — Платон Верамей жменяю прыгладзiў жаўтаватыя, рэдзенькiя над лобам валасы i раптам заморгаў чырвонымi векамi, засоп носам i, не выцiраючы слёз, пашыўся з круга: — Трэба ж iсцi сем’ям наказаць…

— Шапку не забудзьцеся, шапку! — апомнiўся i крыкнуў, падступаючыся i гледзячы цераз чужыя галовы, Вунгер.

Людзi заварушылiся. Сюды ўжо, разводзячы адною рукою цесны круг, а ў другой трымаючы тоўсты, як куфэрак, сакваяж, цiснуўся немалады распаўнелы доктар з белаю, клiнком, бародкай. На яго вастраватым

носе паблiсквала высокая дужка пенснэ.

XII

На старым абымшэлым крыжы, што стаяў перад вёскаю, вецер бэрсаў i рваў аб’еханы кужэльны ручнiк.

З яснаватай, прарэзанай у навале цяжкiх хмар шчылiны дыхала азыраватым холадам. На падсушаную замаразкам зямлю драбнюткiм макам церушыўся поцемак. Глыбокая, як вада ў патоп, цемната залiвала равы i лагчыны. На балоце гiнуў i тапiўся ў ёй малады сiняваты алешнiк.

Чарнела, злiваючыся з рудою раллёю, зялёная рунь на грудах. Толькi нявыбеленым палатном слалася чэрствая пясчаная дарога. Вецер дзёр на ёй i гнаў у вёску сухi горкi пясок — здаецца, яго паднiмала, вырываючыся i б’ючыся адным крылом, вялiкая падбiтая птушка.

На стрэхах гумнаў i хат шапацела распэтланая, задраная пукамi салома. Тугою распасцёртаю радзюжкаю бухаў каля вуглоў вецер. Навобмацак гроб каля плота з сухой травы, з кустоў пруткага голага бэзу паскручванае ў трубку сатлелае лiсце, з шоргатам гнаў па ўкамянелай вулiцы.

На старых бярэзiнах цякло i шумела, нiбы вада ў застаўках, доўгае вецце. У вiлаватых клёнаў трашчалi, адколваючыся ад крохкага камля, цяжкiя лапы.

У нiзкiх, паўсяданых у чарнату хатах моргаў палахлiвы агонь, на шкляных газоўках, што стаялi пры комiне, хiсталiся чырванаватыя стужкi курнага полымя.

Ляпалi закурэлыя чыгунныя юшкi, звонячы, сыпалiся на iх адлушчаная цэгла i цвёрдая, як жарства, сажа.

— Божа лiтасцiвы, якая бура! — уздыхалi бабы, седзячы на лаве пры печы i скубучы наўздагад каструбаватую кудзелю. Пстрыкаючы верацёнамi, старалiся хоць прыхваткам папрасцi пачынак.

Мужчыны сядзелi ўнурыўшыся, напрацаваныя за дзень на малацьбе, драмалi пры стале, падпёршы рукою шчаку.

Толькi дзецi, дзеразуючыся на печы, пiшчалi, як разгуляныя сярод ночы мышы, — яны, мусiць, як чулi, так i забылiся пра тую страшную весць, што прыйшла сёння ў Верасава разам з гэтым ветрам.

Яшчэ перад полуднем прывёз яе Iмполеў брат Платон, прыехаўшы ў Верасава на дамскiм ровары з угнутаю рамай i мiгатлiвай, як вясёлка, сетачкаю над заднiм колам.

Спынiўся каля самае першае i найблiзшае ад шашы Лiтаваравай хаты — на надворку быў якраз Бронiк, нязвыкла для чужога вока, трымаючы ў левай руцэ сякеру i высунуўшы з перакрыўленага рота ружовы кончык языка, сек дровы.

Не злазячы з сядла, Платон узяўся адною рукою за шарую штыкецiну старога, абсыпанага лiшаём плота i, не павiтаўшыся, спытаў:

— Скажыце, а дзе тутака Рэпкi жывуць?

Лiтавар яшчэ секануў ляўшою па тоўстым алехавым палене, раскалоў яго наўскасяк i падняў свой гарбаваты, спушчаны да губы нос.

— Пытаеце, Рэпкi? — i, выцягнуўшы шыю, паказаў гэтым доўгiм пад малою кепкаю носам туды, дзе збоку вёскi, за рудым поплавам, за смугою маладога алешнiку, на грудах, чарнелi, як напрадвеснi гной, кучы Прылуцкiх хутароў. — Вунь там, на хутарох, яны.

Сцiскаючы пад барадою незавязаную суконную хустку, з сяней высунулася старая Лiтаварыха, спытала шапялявым ад бяззубага рота голасам:

Поделиться с друзьями: