Чужая бацькаўшчына
Шрифт:
— Можа, па ксяндза трэба было б з’ездзiць? — старая, бухаючы, пачала душыцца сухiм кашлем.
— Ой, яшчэ што, — раскручваючы каля шыi хустку, Алеся аглядалася на сябе ў тоўстае, з драцяным вочапам люстэрка, што вiсела на сцяне мiж вокнаў. — Ускораецца яшчэ… Заўтра мы парсюка калоць будзем. Вуньдзека швайку ў бацькi пазычыла. Покуль мужчыны ў хаце, то няхай памаглi б.
— Рабi, як знаеш, — старая аблiзала перасохлыя звялыя губы. — А я, можа, во й памру.
— Узялi сабе ў галаву — памру, памру, — Алеся абярнулася, паглядзела адным вокам на старую, са спалохам раптам падумала: «А чаму яна пра зямлю нiчагутка не кажа? На каго ж яна пакiне зямлю?» Гiдкiм
— А можа, спярша солтыса паклiчам? — сказала i задыхнулася, чакаючы, што на гэта адкажа старая.
— А што ж ён, солтыс гэты?
— Тастамант, мусiць, трэба скласцi. З зямлёю трэба нешта рабiць, — сказала i ўчула, як макрэюць ад халоднага поту лоб i рукi. — Еўку я глядзецьму да самай смерцi… Зямля няхай будзе на мяне.
Старая павярнула свой звялы, зморшчаны, як праросшая картопля, твар.
— Ты жыцьмеш, сыдзешся з маладым малацьбiтом… А як жа ж яна без зямлi? Прападзе, згiне яна без зямлi.
Нямая, разявiўшыся, цiкавала на старую, старалася разабраць па губах, пра што яна гаворыць, зiркала спадылба белаватымi вачамi на Алесю i, мусiць, здагадвалася пра ўсё.
Алеся, як спалохаўшыся гэтых вачэй, адступiлася да парога, сказала адтуль.
— Чаго гэта яна згiне? Кармiцьму i адзявацьму.
— Каб чутае ды бачыць…
— Вы як маленькая! У тастаманце будзе пiсацца пра гэта.
Алеся яшчэ пакруцiлася па хаце, не ведаючы, за што зачапiць рукi, за якую брацца работу — спакою не давала ўдушлiвая злосць i гэтая раптоўная боязь: а што праўда будзе з зямлёю? Няўжо яна астанецца ёй, нямой Еўцы. Не!.. Трэба шукаць нейкага ратунку.
Нямая, гнуўшы са злосцю голаў, разматвала на вiтушках перакручаную пражу.
Зiркнуўшы ўкрадкам на Еўку, Алеся выйшла з хаты. На надворку вочы адбiраў белы нярушаны снег. За плотам у высыпаным смеццi граблiся вераб’i. Глуха, мусiць, па новым пасадзе яшчэ не развязаных снапоў у гумне бухалi два цапы. Алесi здалося, што яна чуе гаркаваты, перамешаны з пылам пах ячнае саломы — мужчыны сёння дамалочвалi ячмень. Яна любiла пах жаўтлявае, як воск, ячнае саломы: спамiналася заўсёды тая пара, як яна была маладою, як хадзiла разам з верасаўскiмi бабамi ў асаднiцкi двор на заработкi — жала той пераспелы, у белым асоце ячмень. Як даўно гэта было!.. Нейкi салодкi жаль працяў сэрца, зрабiлася шкода самое сябе.
Абыякавым здалося ўсё — гэтая зямля, якую яна будзе апiсваць, прэсны зiмовы дзень, вострыя грушы ў белым, як абляпаныя смятанай, снезе… Усё мiнецца, згiне, развеецца, як горкi пыл з гумна…
I раптам схамянулася: чаго яна расплакалася, саўсiм стурбаваўшы галаву за гэтым Iмполем.
Адпiхнула перакошаныя веснiкi i вузенькай, як аборка, сцежкаю, што завiлася ў пухкiм глыбокiм снезе, подбегам пайшла ў другi канец вёскi.
У папяловых хмарах пераварочвалася белым колам, плыло халоднае нiзкае сонца. Распагоджваўся дзень — браўся марозiк. Цёмныя шыбы ў вокнах зацягвалiся бельмамi лёду, ад будынкаў падаў i стыў на снезе сiнi цень. Абдыханая цёплай парай, у Алесi каля рота заiнела суконная хустка. Папярочнаю дарогаю, што, спускаючыся да рэчкi, перасякала вёску, Алеся перайшла на другую вулiцу. У галаве вострым цвiком сядзела адна i тая ж мысль: «Няўжо сваю долю зямлi старая апiша на нямую Еўку?»
Ад думак абудзiў ненавязаны Ваўчкоў сабака. Вышчарыўшы рэдкiя iклы зубоў i грузнучы ў снезе, кiнуўся сюды, на вулiцу. Пад жоўтымi плямамi броваў круцiлiся дурныя сабачыя вочы.
— Ах, каб ты выдах, — Алеся заграбла абедзвюма рукамi гарачы, як прысак, снег, сыпнула на сабаку.
Жмурачы свае дурнаватыя
вочы, сабака адскочыўся, але не ўцёк, а загыркаў зноў.— Вой, ратуйце! — заенчыла Алеся не сваiм голасам, пазiраючы на зеленаватыя ад марозу вокны Ваўчковае хаты.
Зарыпелi намерзлыя дзверы, i, заблiшчаўшы лысiнай, з сяней высунулася Ваўчкова галава:
— Рэкс, пайшоў вон! Рэкс, цi чуеш?
Сабака ўвагнуў голаў, не хочучы, завярнуўся назад.
Азiраючыся на Ваўчкоў двор, Алеся перабегла са сцежкi на гладкi санны след, засыпаны ўмерзлымi конскiмi яблыкамi, — ён заварочваў на лабаты грудок. Уздоўж кароценькай вулiцы, пазiраючы зашэрхлымi вокнамi на чорныя карчыстыя садкi, за якiмi ўжо ў мяккiм кажусе снегу, што абвiс над берагамi, гарачым кiпенем курылася незамерзлая рэчка, стаялi дзве хаты.
За першаю, са стракатымi, як выфарбаванае ў лупiнах ад цыбулi велiкоднае яйка, абмазанымi глiнаю i пабеленымi сценамi, з доўгiм пашаркам: хата, сенi, стопка, гумно, хлеў — усё пад адною страхою, — расцягнулася другая, солтысава. Лiштвы ў вокнах павырабляныя ў розныя цацкi, як аправа на касцельных абразах, i гэтаксама выфарбаваныя ў белы колер.
Алесi здалося, што ад гэтых прыгожа выштукаваных белых вокнаў i ў хаце стаiць светлае хараство.
Але ў вузкай кухнi, куды яна зайшла, доўга шукаючы вобмацкам дзверы, покуль ёй не адчынiлi, стаяў поцемак, разявiўшы чорны, закурэлы чалеснiк, аж да парога высунулася прысадзiстая печ, з прыходу збiлiся настылыя, з абмерзлым цестам карыты i цэбры.
Цесна абсеўшы стол, Вайтовiчы снедалi: трупцелi драўлянымi счарнелымi лыжкамi на цёрле, ловячы ў квасе чорныя, размоклыя, як лапцi, грыбы. У селядоршага, пастрыжанага ў рады хлопчыка пад чорнымi жучкамi вачэй дрыжалi нявыцертыя слёзы, каля вiхра, што завiўся на пукатым лабку, ружавеў пятняк, мусiць, ад бацькавай лыжкi.
— Смачнэго, — Алеся затупала валёнкамi, пакiдаючы на зямлi тонкi, спярэшчаны крыжыкамi снег ад новых галёшаў.
— Так просiмо! — Вайтовiч павярнуў голаў у рэдзенькiх, выкачаных, як у малога дзiцяцi, валасах, прыгладзiў iх рукою.
— I праўда ж, садзiся, Аляксандрачка, — дзюбаносая Вайтовiчава Марыя паднялася з заслона.
— Ой, дзякую, я ж толькi ад стала, — змахлявала Алеся, чуючы, як смокча пад лыжачкай. — Мы сёння рана ўправiлiся. Збiраюся заўтра парсюка калоць, а тутака бяда — старой пагоршала, саўсiм пры смерцi…
Дзецi перасталi есцi, разявiўшы раты, слухалi. Большая дзяўчынка, у якой ужо значылiся пад паркалёваю блузкай, як грыбкi пад кастрыцай, дробныя грудзi, скурчанаю жменькай адкiдала за вуха звiслую пасму нiзка падстрыжаных валасоў.
— А мая ты любка, ды што ж з ёю? — нiзкая Марыля задрала ўгору свой дзюбаносы тварок, цiкуючы, як курыца, адным вокам на Алесю.
— Прастыла во, як Сяргея Рэпкавага хавалi. Ваўчок прызнаў запаленне з двух бакоў.
— Што ты кажаш?..
— Ага… Трэба ж во тастамант скласцi.
Адсоўваючы заслон, Вайтовiч устаў з-за стала, белаю, у рудым рабацiннi рукою выцер губы:
— А сведкi цi маеш?
— А як жа ж! Лiтавар вунь будзе… Толькi ж вы не адмоўце, уважце ўжо, прыдзеця ўзоўтра… Свежыны ж нагатую, — сказала i засаромелася Алеся — шчокi залiла смуглявая, як на зiмовым яблыку, чырвань.
Вайтовiч чмыхнуў i засмяяўся, выскаляючы рэдкiя буйныя зубы.
— Ну, раз так, то трэба ўважыць.
— Вот не здзекуйся з маладзiцы, — Марыля, падважыўшы вiламi, выцягнула з печы вялiкi саган з дробнымi свiнячымi картоплямi, высыпала iх у абкарэлае карыта i, хаваючыся ў ружаватай пары, загаварыла да Алесi: — Не глядзi, што ён выскаляецца. Прыдзя…