Чужая бацькаўшчына
Шрифт:
Каля ложка забялела Iмполева сарочка.
— Цi-i-i, — зашаптала яна, ловячы яго рукамi за плечы, за шыю. — Старая не спiць.
I, ужо тулячыся да яго цёплых расхрыстаных грудзей, прызналася:
— Божа, чаго я толькi не перадумала пра цябе.
— Чаго ж?
— Во, нацешышся i кiнеш… Пойдзеш са сваiм старым другую шукаць, — i яна задыхнулася, чуючы, як ён мацней горне яе да сябе. — Але боская воля… А мне добра з табою, любенькi, мiленькi мой!..
— I мне…
Счакаўшы, ужо спакойная, яна злавiла губамi яго вуха, сказала:
— Зямлю заўтра апiсваць буду. Зямля будзе ў нас з табою. Ты чуеш, Iмполька?
Ён
На печы зашлупалася анучамi, застагнала старая Мондрыха:
— Алеся, цi чуеш? Алеся!
— Чаго вы там?
— Падай вады. Мне нешта нядобрыцца. Цi не захварэла я? Смажыць мяне.
Алеся, штурхануўшы Iмполя, ссунулася з ложка, разводзячы рукамi цемнату, пайшла да печы шукаць вядро. Там ужо ўчула, як зашастала на зямлi салома — Iмполь цiхенька, як кот, шмыгнуўшы з ложка, укладваўся на разасланай саломе каля старога Ладзiмера.
XIV
Нарваўшы змену пагоды, сцiшэў, улёгся вецер.
I з сiвага, трохi жаўтлявага, як зляжалая воўна, неба дробнаю маннаю зацерушыўся снег. Зашоргаў па сухiм, сатлелым каля плота лiсцi, жвiраватым пяском сек па платах i сценах будынкаў. Потым, пагусцеўшы, закурыў, як пытляванаю мукою, легкiя ўчарсцвелыя сцежкi, насеяўся ў грывы чырванаватай травы, пабялiў на старых, даўно не перакрываных стрэхах карычневы падсушаны мох, абвеяў з аднаго боку тоўстыя камлi дрэў, шарыя з аблушчанаю карою жэрдкi ў плоце.
Закручваючыся за вуглы будынкаў, на першай парошы дробным ланцужком лёг цiхi кашачы след. I на круглых каменнях, што ляжалi каля шчарбатых, падзёўбаных сякераю парогаў, ужо натапталiся крохкiя аплаткi снегу.
Пачало сутоньвацца — свет зацягнуўся жаўтаватай каламутнасцю. Пацяжэлi i паплылi, пераварочваючыся i дыхаючы холадам, снегавыя хмары. Густа, быдта з арфы, пагнала косы, вялiкi снег.
Лёгкiм пер’ем круцiла за хатамi, паднiмала да страхi, шарахцела па сцяне. Цёмным роем вiло каля акна ў зацiшку.
Пачало раптоўна цямнець ад абложных снегавых хмар, блiзкага вечара. Каля стрэх запырхалi, затрапяталiся вераб’i, шукаючы сабе начлег.
А верасаўцы яшчэ тапталiся каля хлявоў i гумнаў, упраўляючыся нанач. Прыпазнiўшыся, варочалiся ў хату ўжо стракатыя ад снегу. У цяпле ён скоранька раставаў, пералiваючыся дробненькаю расою на жоўтых абкураных вусах, на касматых бровах.
Цёмнаю сцяною за вокнамi стаяў першы зiмовы вечар. Нязвыкла рана ў хатах запальвалiся лямпы i газоўкi.
Сярод ночы пачало падмарожваць — снег зрадзеў i сеяўся, як праз сiта, сухi i лёгкi. Цiха асядаў упоцемку, шапацеў, нiбы праз сон.
За ноч патаўсцелi ўсланыя гэтым лёгкiм пухам тонкiя старыя стрэхi гумнаў i хат. Мякка i чыста было на забруджаных учарашнiх сметнiках, каля заседжаных вуглоў выплеценых з пачарнелай лазы цi струхлелае саломы прыбiральняў.
Высокiмi ганарыстымi каўпакамi снег сядзеў на рассохлых слупках у плоце, белымi вужамi выкруцiўся на тоўстых суках дрэў, пухкаю ватаю начапляўся на калючы дрот, белым вывернутым кажухом накрыў падвязаны куст божага дрэўца ў гародчыку.
Як ад прэснае блiзкае вады наранкi запахла сырым першым снегам.
Вочы
адбiраў белы нежывы абшар поля — у iм гiнулi, злiваючыся ў адно, далёкiя груды i лагчыны. Толькi дзе на межах чарнеў корч дзiкае грушы ды радкамi стаяў спруцянелы быльнiк.На другi бок вёскi на стромым грудзе насупiўся сiвы хвойнiк, перад iм, як мядзведзь на заднiя лапы, уставаў абсыпаны снегам прыгнуты ялавец. Нiжай, перад сiняватаю смугою голага алешнiку, каля рудое, не ўкрытае снегам асакi, каля сцяны шапаткога троснiку, па белым абрусе поплава, выкручваючыся чорным вужом, паўзла рэчка.
У недагледжаных, што спускалiся да рэчкi, садах, каля паўсыханых ад старасцi слiвак, у жаўтлявых дубцах збэрсанага малiннiку, пырхалi надзьмутыя, з ружаватым, як аблiтым цёплаю крывёю, воллем птушачкi, з лускам дзяўблi падмерзлыя салодкiя пупышкi.
Пахла горкiм дымам ад сырых алехавых дроў. З нейкага надворка быў чуваць востры стук сякеры — нехта ўжо даставаў з-пад белае коўдры снегу назапашаны на зiму i скiданы ў горбу ялавец.
Шоргалi драўляныя, абкарэлыя цестам лапаты, на якiх яшчэ, можа, учора саджалi ў печ хлеб. Ад хат да гумнаў глыбокiмi раўкамi цягнулiся сцежкi, упiралiся ў хлявы i прыбiральнi, выбягалi на вулiцу — вузенькiя, улукаткi, сцежка там была пратаптана яшчэ шараю ранiцаю, калi бегалi да калодзежа па ваду, адзiн за адным, стараючыся патрапiць у чужы след.
У людзей была радасць ад гэтае лёгкае, як забаўка, работы, ад першага зiмовага холаду ў рукi, ад гаспадарскага клопату, спадзявання, што не вымерзне жыта, што як перад калядамi мароз — так i пад кустом авёс.
Лiпкiм i танюткiм, як павучына, звонам трымцеў, дзiлiнькаў медны, прывязаны да кольца пад гладкаю дугою званочак. Нехта ехаў у чорным вазку за вёскаю, каля пустое цiхае шашы, пад карычняватай навiссю карэлых бярэзiн.
Чуючы лёгкую дарогу, задзiраў голаў i фыркаў каштанавы конь з выцвiлаю нястрыжанаю грываю i звязаным у тоўстую куклу цёмным хвастом. Лёганька падкiдваў спрасаваны капытамi снег. З раздзьмутых злых ноздраў на вузлаватыя каленi чмыхала i разыходзiлася, збэрсаная нагамi, гарачая пара.
Было нешта вясельнае ў гэтай лёгкай быстрай хадзе каня, у слiзганнi спрытнага. ганарыста падкручанага спераду вазка, у фурмане, што фанабэрыста, трохi адкiнуўшыся назад, сядзеў на цвёрдай лаўцы: на спiне ў яго чырвоным атласам гарэла падкладка ў адкiнутым башлыку рудой суконнай буркi.
Маладзiца ў шарай, як попел, хустцы вынесла з хаты на абкуранай бляшанай засланцы пазмятанае з пяском смецце, сыпнула яго за плот на чысцюткi снег пад белаю, як ад кветак ва ўрадлiвы год, маладою грушай i спынiлася каля парога, учуўшы дробнае чыстае дзiньканне медзянога званка. Студзячы белыя без панчох ногi, пастаяла на сухiм каменi, спомнiла нешта сваё, маладое, вясельнае i, прыкрыкнуўшы на курэй, што пазбiралiся тут, каля парога, схавалася за счарнелымi дзвярмi ў нiзкiх сенцах.
Гайдануўшы на дрэве вяршок, з якога слупком зацерушыўся i доўга вiсеў, асядаючы, сыпкi снег, сюды, пад грушу, зляцелi хiтрыя вароны, шукалi ў шарым смеццi жоўтую, звараную ў квасе костку.
Але квасу яшчэ нiхто не варыў. За хлевушкамi на гародах ляжаў яшчэ нярушаны снег, яшчэ не было вiдаць здратаванага нагамi i чорнага ад перапаленай саломы месца. Яшчэ нiхто не калоў ужо даўно абмацанага рукою i зважанага на вока свайго парсюка, што вырваў у лычы дрот i каторы ўжо дзень рые ў хляве гной.