Чтение онлайн

ЖАНРЫ

На крок назад, на дзень наперад

Календа Сяргей

Шрифт:

Ліхаманкавы бег, мае паплечнікі па "начной справе" вельмі лёгка й хутка кінуліся наўцёкі, я ня быў такім хуткім, таму, вагаючыся, я на ўдачу пабег да найбліжэйшых дзьвярэй, якія мог пабачыць у цемры.

Я бег нядоўга, пакуль выпадкова не натыкнуўся на дзьверы, якія нават не адчыніліся, а праглынулі мяне, быццам ня я шукаў паратунку, а яны, дзьверы, шукалі мяне... Праглынуты, як Іёна, я апынуўся перад лесьвіцай, што вяла ўніз і, нават ня думаючы, мацаючы сьценкі, асьветленыя аварыйным сьвятлом ад уваходу, пасьпяшаўся ўніз і яшчэ, і яшчэ... Здавалася, лесьвічных пралётаў тут — бясконцая колькасьць.

Я быў апрануты, як сапраўдны начны злодзей: чорная саколка, чорныя штаны, чорныя

боты й чорная кепка, перавернутая брылём зь лягатыпам "Мэталікі" назад, якая хавала мае доўгія сьветлыя пасмы. Я спыніўся перад чорным калідорам, калі пачуў, як бразнулі тыя самыя дзьверы, што праглынулі мяне, і зразумеў: мяне бачылі. Гамон! Вырашана было бегчы ў чорны калідор; адзінае спадзяваньне, што мяне, апранутага ва ўсё чорнае, не заўважаць.

Я зрабіў каля пятнаццаці таропкіх крокаў, па дарозе натыкнуўшыся на нейкі ці то стол, ці то ложак. І адразу прысеў долу й скруціўся, схаваўшы твар у каленях, стаўшыся цалкам чорным.

Спачатку былі чутны дзіўныя гукі, як быццам хтосьці цяжка дыхае й скрыпіць, кульгае, рыпіць і цяжка й гучна хрыпіць... крррп, крррп, скрыып, рррып, крррп... Гукі набліжаліся, рыпеньне станавілася гучней, дыханьне мацней і быццам бы марудней...

Раптам мяне ўсяго спрэс працяла невыносна белае сьвятло і адразу рэзка згасла, пачулася ррррыыыпеньне, і сьвятло зноў запалілася, потым скрып сьціх і сьвятло згасла, потым цяжкі ўздых — і зноў рыпеньне, і запалілася сьвятло. Я адчуў усім сваім целам, як хтосьці падышоў да мяне настолькі блізка, што зрабі ён яшчэ крок — спатыкнецца аб мяне...

Я вырашыўся на адчайны крок і крыху падняў галаву. Нада мною ўзвышаўся тоўсты, мажны мужчына, каля пяцідзесяці год, з трайным падбародзьдзем, у сіняй кашулі, пранятай потам. У ягоных руках была дзіўная прылада, падобная да вялікага ліхтара; збоку ён гэтую прыладу з рыпеньнем круціў, ліхтар загараўся роўна на лічаныя сэкунды і згасаў, пакуль новае скавытаньне спружыны й мэталічнай ручкі не запалялі яго. Вартаўнік мяне ня ўбачыў і, затрымаўшыся яшчэ колькі часу, марудна пайшоў назад. Я пстрыкнуў запальнічкай і заўважыў, што апынуўся на складзе, на якім месьціліся каробкі зь лекамі, мазямі, пігулкамі, сыропамі, з усімі тымі фармацэўтычнымі рэчамі, якія ня трэба было трымаць у халадзільных камэрах. На той час я дакладна ведаў пра існаваньне дымедролу і штосьці чытаў пра сыропы ад кашлю, таму зразумела, што менавіта я там адшукаў і з чым патрапіў у свой бокс, не падзяліўшыся ані з кім, пакрыўджаны ці то на тое, што ўсе зьбеглі безь мяне, ці то на тое, што марудзіў сам.

Рэшткі ночы завяршыліся самотным спатканьнем з дымедролам, а прачнуўся я якраз на агляд. У роце быў вельмі гідкі прысмак лекаў, якія мне а шостай раніцы ў рот паклала мэдсястра, не дабудзіўшыся. Я напіўся вады з-пад крана, пасьпеў пачысьціць зубы, памыць чэлес, праверыць на яйках бінты з мазьзю, як адразу ўвайшла мая любімая доктарка, і я пасьпяшаўся без прапановаў на ложак, скінуўшы штаны й майткі. Мяккія, шаўковыя дакрананьні рук гэтай чароўнай жанчыны-дзяўчыны-доктаркі, якая ведае ўсе песьні рок-гурта "Арыя", толькі мяккія дакрананьні...

Якім чынам было вырашана мяне з бокса перакласьці да хлопца, які хварэў на тую ж хваробу, падалей ад свайго атачэньня, бліжэй да каманды вельмі суворых мэдсёстраў? Якім чынам было так вырашана?! Вось якім.

Быў вечар, як звычайна мы сядзелі каля сваіх боксаў на вуліцы, вокны лёгка пагойдваліся пад летнім ветрам. Марыя, закінуўшы ногі на парэнчы, паліла, я наліваў віно. З намі быў той самы чорны хлопец, яшчэ адно маленькае дзяўчо, маленькае, але дужа ганарыстае й панкаватае: у свае адзінаццаць выдатна пускала цыгарэтным дымам колцы і піла партвэйн з бутэлькі. Ад кагосьці зь дзяцей у далёкіх боксах

запозна вяртаўся п’яны мужчына. Ён ішоў і глядзеў сабе пад ногі, пакуль не пачуў залівісты сьмех Марыі, падняў вочы й пабачыў, што на другім паверсе сядзяць расчырванелыя падлеткі, п’юць віно й нахабна паляць.

— Здароў, а чаго гэта вы тут, ня ў боксах? — запытаўся мужчына.

— А табе якая справа?! — злосна адказала Марыя й жорстка паглядзела зьверху ўніз.

— Да ладна табе, малая, чаго ты такая злосная?! Хочаш гарэлкі? — мужчына паспрабаваў усьміхнуцца, але атрымалася толькі расьцягнуць вусны.

— А давай! — адказала Марыя.

— А давай! — адказаў я.

— А давай, — адказаў чорны хлопец і дадаў: — Тут у плоце недалёка ёсьць нашая самаробная лесьвіца, падымешся па ёй!

Мужчына вярнуўся, прынёс гарэлку, і тут пачалося: за паўгадзіны мы ўсе былі неверагодна п’янымі. Я, каб не ванітаваць на людзях, пралез у сваё акно й зьнік у прыбіральні, загадзіўшы ўсё навокал, і паснуў, абдымаючы ўнітаз.

Прачнуўся, як звычайна, з напаўраспушчанымі шасьцігадзіннымі ранішнімі пігулкамі ў роце, якія паклала мне мэдсястра, не дабудзіўшыся... Лячэньне... яно такое...

Я пасьпеў толькі падняцца й выйсьці вонкі ў пакой, калі з грукатам і пад крыкі мэдсястры "Заходзіць у інфэкцыйныя боксы забаронена!" уварваўся міліцыянэр.

Марыя была згвалтаваная. Знайшоў яе непадалёк ад бальніцы нейкі хлопец, які раніцою выгульваў сабаку ў суседнім парку. Марыя ціхенька спала на лаўцы аголеная... Другая дзяўчына, малая, тая самая аматарка партвэйну, у шоку сядзіць у сваім боксе, нікога не пускае, нічога не распавядае. Дзе чорны хлопец з Ганалулу — невядома...

Са мною яшчэ нармальна абышліся, перавёўшы да суседа й памяняўшы мне мэдсёстраў, якія цяпер мусілі пільнаваць мяне кожныя паўгадзіны, а мая доктарка больш ня мацала мой чэлес зь яйкамі, яна толькі прасіла апусьціць майткі й здалёк аглядала. Дзякуючы ёй мяне ўсё-ткі далячылі да самага канца.

Усе лячэньні-намаганьні скончыліся маім дзіўным трэцім падарожжам у бальніцу, я цяпер ужо быў фэномэнам... Дактары сказалі, што абодва прыдаткі апухлі й "ускладніліся" пад самы корань... Фэномэн! Дакладна — апэрацыя!

Трэцім разам я патрапіў у самае жахлівае аддзяленьне, і калі з суседняй палаты адносна малады мужчына трапіў у рэанімацыю, якому праз гангрэну спачатку ампутавалі ногі па лыткі, потым па калені, потым па сцёгны, а потым ампутаваць ужо не было чаго, ён пакутаваў, гадзіў пад сябе страшэнна, з такім гнойна-мярцьвяцкім пахам, што не трываў увесь паверх, гэта нагадвала сьмерць, і ўсе яе баяліся. Мэдсёстры ня мелі сілы ані падняць гэтага хворага мужчыну, ані зварухнуць яго. Яны абышлі ўсіх пацыентаў, якія маглі трымацца на нагах, але ніхто не згадзіўся дапамагчы адвезьці хворага ў аддзяленьне рэанімацыі, бо гэта быў жах. Мужчына разумеў, што яму канец, але ніяк не хацеў суцішыцца: ён скідваў зь сябе прасьціны й усе бачылі гэтыя ампутацыі, гэтую засохлую кроў з гноем, гэтае гаўно й ссакі. Ніхто гэтага не трываў, ніхто ня мог гэта бачыць.

Я падышоў і, спачатку апэцкаўшыся, але здужаўшы, перанёс разам са старшай мэдсястрою гэтае пакутлівае сутаргавае цела на насілкі, і мужчыну адвезьлі ў рэанімацыю. Праз тры гадзіны ён памёр, і я бачыў яго сям’ю, вялікую сям’ю, якая сядзела ў залі наведнікаў і плакала ўсеагульнымі сьлязьмі канчатковай страты... Той ноччу я моцна плакаў, калі ўсе суседзі па палаце глядзелі на маленькім тэлевізары "Чырвоную сьпякоту" каторы раз запар. Адвярнуўшыся да зялёнай сьцяны зь сінімі лушпінамі ад старой фарбы, з пракалупанымі пазногцямі крэйдавымі ямкамі, я плакаў і быў гатовы плакаць аж да самай раніцы, пакуль ня зьнікне пах памерлага мужчыны з маёй бальнічнай кашулі.

Поделиться с друзьями: