На крок назад, на дзень наперад
Шрифт:
Мне хутка становіцца сумна, усе разьбягаюцца па габінэтах, мы з хлопцамі ідзем на школьную спартовую пляцоўку, я адразу прыкмячаю баскетбол — і бегам туды, да чорных хлопцаў. Чорныя бачаць мяне, усьміхаюцца, і я далучаюся да іх у каманду, мы гуляем, добра, што яны майго ўзросту, нам весела, але адзін зь дзяцей кожным разам, калі я атрымліваю мяч, моцна зьбівае мяне, спрабуе замест таго, каб адабраць мяч, нашкодзіць мне... Я не вытрымліваю:
— Hey, fuck you bitch!!!
Гульня рэзка спыняецца, усе пільна сочаць за намі, я разумею, што гэтага казаць ня трэба было, напэўна, мяне будуць балюча біць, хлопец гэты нашмат мацнейшы за мяне, але ён разварочваецца й сыходзіць, мармычучы сабе пад нос нешта няўцямнае, ягоныя шырокія штаны цягнуцца па спартовым пакрыцьці, астатнія чорныя хлопцы сыходзяць разам зь ім, я застаюся адзін, мне сорамна, і я разумею, што паводзіўся, як апошні дурань, выкаблучваўся... І разумею, што мяне ня зьбілі толькі таму, што я замежнік, вось і ўсё... І гэта мне падалося неверагодным,
На наступны дзень мая сям’я выправілася ў доўгае падарожжа, а куды — нам зь Дзімам не адразу паведамілі. Але калі мы ўжо імчаліся па дарозе, я даведаўся, што мы праедзем самае сэрца Высакагор’яў, паямо на ўзьбярэжжы акіяну й дадому!
Праз мае вочы праносіліся казачныя краявіды, вялікія й мажныя дрэвы, дубровы й ельнікі, горы й самотныя валуны пасярод зялёных палёў, рэкі й балоты, вёскі... Праносіліся ўсе адценьні зялёных і карычневых колераў, я захапляўся гэтым, было яшчэ вельмі рана, сонца толькі ўздымалася, я ўскрыкваў у машыне ад захапленьня, усе сьмяяліся зь мяне, а Дзіма ўсю дарогу спаў... Нарэшце празь некалькі гадзін і я, змораны ўражаньнямі, паснуў, і калі расплюшчыў вочы, убачыў яго, акіян, я ўбачыў гэтыя буйныя сінія хвалі, гэтыя адценьні зялёна-шэрага, удыхнуў халоднае сьвежае паветра, сонца сьвяціла няшчадна, але тут гэта ня мела ніякага значэньня, бо ён быў Гаспадаром, Богам, ён быў Акіянам, я злавіў сябе на думцы, што грахоўна думаю пра Бога, бо так нельга для маленькага баптысцкага хлопчыка, але думкі ўжо зьявіліся, і іх немагчыма было пазбавіцца... Доктар, наш гаспадар, прамовіў жонцы, што зваротна паедзе яна, дастаў з кішэні біклагу са скотчам і сербануў, усьміхнуўся й паглядзеў на мяне... Я ўсьміхнуўся яшчэ шырэй... я глядзеў на Паўночны Ледавіты акіян, як дэбіл, зачаравана, пільна й захоплена...
Зваротна мы ехалі ў цішы, цямнела, я, пакуль ніхто ня бачыў, сербануў з пакінутай біклагі скотча, калі яшчэ сілкаваліся на ўзьбярэжжы акіяну, мне карцела пакаштаваць на смак гэтае пітво, і я, вядома прасьлязіўшыся й закашляўшы, вырашыў, што алькаголь ніколі ўжываць ня буду, але праз год парушыў дадзены самому сабе загад.
У Пітлёхры я набыў касэтны плэер апошняй мадэлі, сіні, з аўтарэвэрсам і дыктафонам, і да яго ў дадатак прыдбаў дзьве касэты гітоў года, і я пазнаёміўся з "Продыджы" зь песьняю "Дыханьне" й з гуртом "Спайс Гёрлз"... ці трэба казаць, што адбывалася ў школе зь верасьня, калі я вярнуўся?.. усе аднаклясьніцы слухалі "Спайс Гёрлз" і "Бэкстрыт бойз", я быў ня толькі ў тэме, я ведаў больш за іх, і ў мяне было некалькі сьвежых брытанскіх часопісаў зь іх кумірамі, такіх часопісаў па ўсёй Беларусі ніколі ня знойдзеш, і я на год стаўся ці ня самым папулярным хлопцам сярод сваіх дзяўчат... я даваў ім часопісы дадому, даваў ім слухаць касэты, распавядаў пра "Продыджы". Але на той час, калі я толькі пачынаў знаёміцца з поп-музыкай і з "Продыджы", я знаходзіўся ў Пітлёхры, ішоў разам зь Дзімам і нашай шатляндскай гаспадыняй па цэнтральнай вуліцы й мармытаў сабе пад нос няскладныя гукі, як малпа паўтараючы за сьпевамі, якія гучалі ў маіх вушах з новых навушнікаў... Я добра зрабіў, што набыў такія рэчы, як касэты й часопісы, добра... так я ішоў, уяўляючы сябе шатляндскім падлеткам.
Аднойчы ўвечары мы сядзелі за сталом, калі мне паднесьлі пакунак чыпсаў, я падзякаваў і, адчыніўшы іх, адразу адчуў незвычайны пах, Дзіма, які таксама атрымаў такія ж чыпсы і сок, адразу пакруціў носам і, пакаштаваўшы чыпсіну, пачаў плявацца. Я на яго лаяцца — дурань, як можна так сябе паводзіць за сталом, а нашыя шатляндцы глядзяць на нас васьмю вачыма й не разумеюць, як гэта Дзіма плюецца такою смакатою! Я паклаў у рот чыпс... Так, сапраўды, мяне працяла нейкае новае пачуцьцё, адначасова было незразумела гідка, але потым, другім смакам, больш танюткім, я адчуў даволі спэцыфічную рэч... Гэта былі чыпсы з воцатам, чыпсы, якія пасьля я больш нідзе не знаходзіў, як ні шукаў, гэтыя чыпсы на апошнія тры дні сталіся маёй самай любімай ежай, я іх набываў паўсюль і еў іх вялікімі пакункамі, я закахаўся ў гэты незвычайны смак, і потым, калі ўжо іх нідзе не знаходзіў, я абліваўся сьлінаю, шалеў, але да гэтага часу яны засталіся недасяжнымі, засталіся мітычна-шатляндскімі...
Таксама адным са смачных мітаў для мяне сталіся "Фіш энд Чыпс", якія я каштаваў на Atholl Road, ежа, якую брытанцы ўвогуле ядуць па ўсім сьвеце, нават у Індыі. Ядуць, кажучы, што гэта правераная ежа, і я дадам — сытная й здаровая: запечаная рыба і бульба падаюцца на паперы, якая ўсмоктвае лішні алей... смак, смак, смак, паўсюль была смаката, калі забыцца
на тое, што гатавала мая мама, паўсюль была іншая смаката, новая, шатляндская.А потым мы раніцою выправіліся ў доўгае роварнае падарожжа, мяне апранулі ў амуніцыю, надзелі на галаву шлем, пальчаткі і мы — шэсьць горных ровараў — паехалі ўздоўж ракі Тамэль у бок лесу й гор, да замкавага гатэлю і далей ужо машынаю да Таргет парку і да Блэйр кастла. Неверагоднае, дзікае падарожжа, дарога лезла ўверх, спускалася нечакана ўніз, паўсюль высоўваліся карані, потым дарога звужалася да сьцяжынкі, і па бакох апыналіся абрывы, мы прадзіраліся скрозь дрэвы й зеляніну, надвор’е мянялася, то аблівала нас дажджом, то паліла сонцам, мы ехалі доўга й марудна, але адначасова гэта было вельмі цікава й пазнавальна, яшчэ ніколі я так не падарожнічаў, яшчэ ніколі не бачыў такіх гор і лясоў, я пасьпяваў круціць галавой, крычаць ад захапленьня... Дзіма, які плёўся за мною, хутка стаміўся, і яго разам з самым малодшым дзіцем прывязалі за вяроўку да ровара доктара-гаспадара, які бордза пагнаў наперад... і тут раптам краявід рэзка мяняецца — і перад намі паўстае ўдалечыні вялікі палац пасярод зялёнай паляны, цалкам усеянай зайцамі... Я пачаў гарлапаніць і тыкаць паўсюль пальцамі: "Зайцы! Зайцы! Зайцы! Зайцы! Зайцы! Зайцы! Зайцы! Ды іх тут сотні!!!" — я забыўся на ровар і адпусьціў стырно, мая правая нага нейкім чынам улезла між сьпіцамі пярэдняга кола, і я паляцеў праз ровар... Упаўшы, разадраўшы аб газон шчаку, рукі, калена і правы бок, я працягваў назіраць, як зайцы скачуць у розныя бакі, як яны амаль у сантымэтрах ад мяне носяцца... Боль прыйшоў, толькі калі мяне паднялі й паставілі на ногі і калі ўсе зайцы зьніклі з далягляду. Для маіх шатляндцаў гэта было звычайным дзённым роварным падарожжам, для мяне — адкрыцьцё цэлага сьвету цудаў.
Да Таргет парку й да белага палацу Блэр мы ехалі ў машыне, якую арэндавалі ў замкавым гатэлі, мы пакінулі ровары і ехалі, усьміхаючыся й жуючы сэндвічы з сырам, запіваючы ўсё апэльсінавым сокам, нашая шатляндская сям’я паглядала на нас, двух ёлупняў і, напэўна, крыху шкадавала, што мы нарадзіліся ня тут.
У апошні дзень мы зьбіраліся ехаць дадому хутка і неабачліва, шмат чаго пакінулі, згубілі, забыліся, Дзіма вельмі моцна плакаў, не хацеў зьязджаць, называў гаспадыню мамаю, абдымаў яе, пэцкаў яе спадніцу сваімі сьлязьмі й саплямі, мне за яго было няёмка, але я сам ледзь ня плакаў...
У аўтобусе да мяне падышла Эва, дзяўчына, зь якою мы пазнаёміліся яшчэ перад менскім аэрапортам, Эва мне вельмі падабалася, і мы зь ёю на агульных экскурсіях у Эдынбург і Глазга праводзілі час разам. Эва запыталася, ці маглі б мы абмяняцца фотаздымкамі адно аднаго з адрэсаю, каб у Менску перапісвацца і камунікаваць, і падаравала мне зялёную фенечку з маленькім белым крыжыкам, яна спляла яе сама для мяне, я расчырванеўся і паабяцаў, што да самалёта абавязкова падару ёй сваю фотакартку з адрэсаю.
Я доўга корпаўся ў сваіх фота, пакуль мы ехалі ў Глазга Інтэрнэшнл, Дзіма паснуў, у аўтобусе панавала самотная цішыня, задушлівая, сумная нявыкрутка, усе мае беларускія суседзі тужліва глядзелі перад сабой, хтосьці гучна смаркаўся, хтосьці плакаў... Я знайшоў фотаздымак, на якім стаяў у белай саколцы, з карычневаю байкаю, павязанай на поясе, у сіняй кепцы, рукі ў кішэнях чорных джынсаў, я — у поўны рост, бачныя нават мае любімыя буцы, за мною праглядаецца архітэктура Абэрдына, фота файнае, на зваротным баку я напісаў: Менск, вул. Заслаўская, тэлефон, індэкс, прыгожай Эве на памяць аб падарожжы, пабачымся, подпіс, дата, сардэчка.
У аэрапорце мы хутка прайшлі праз кантроль, селі ў самалёт і паляцелі, фотакартку я ня змог даць Эве, я вельмі саромеўся, таму ў прыбіральні самалёта разарваў яе і выкінуў. Эва мне таксама не дала фота, яна, напэўна, чакала ад мяне першых крокаў як ад мужчыны. Калі самалёт прызямліўся, я яе згубіў з поля зроку ў бацькоўскім натоўпе і больш ніколі ня бачыў.
13.01 — 21.02 2012
Менск
КАШПІРОЎСКІ
"Глядзіце мне проста ў вочы. Вашае жыцьцё мяняецца. Вы адпускаеце ўвесь боль, які быў з вамі", — Кашпіроўскі глядзеў зь нязграбнага пукатага тэлевізара, які перадаваў выяву шматлікай колькасьцю маленечкіх каляровых квадратаў, чырвоных, зялёных і сініх. Кашпіроўскі не міргаў ужо пятнаццаць хвілін, яшчэ крыху — і мая бабуля больш ніколі ня вернецца. Кашпіроўскі зусім не міргае, ягоныя вейкі быццам прыклеіліся да броваў, яшчэ крыху — і ў яго цалкам высахнуць вочы й вочныя яблыкі павыпаўзаюць на шчокі.
"Пільна глядзіце мне ў вочы, вы расслабленыя, вы забыліся на ўсё гора й няшчасьці, іх больш не існуе", — і тут раптам мой малы брат штосьці пачынае мармытаць, гуляючыся з драўлянымі кубікамі, бабуля не вытрымлівае й спачатку шыкае на ўнука, які зусім не разумее, што адбываецца па тэлевізары, але ўжо праз хвіліну яна, як звычайна, усчыняе сварку:
— Што гэта такое! Як так магчыма, сьмерці маёй хочаце, перадачу адзіную — і тую не даюць глядзець, а Божачкі! — калі яна ўжо завялася, гэта як мінімум на гадзіну, абавязкова з моцнай лаянкаю ў бок маёй маці, спробы біцца з татам, а мы з братам назіраем за гэтым штодзённым тэрорам, за гэтымі нэрвовымі зрывамі, шызафрэнічнымі вар’яцтвамі.