Чтение онлайн

ЖАНРЫ

На крок назад, на дзень наперад

Календа Сяргей

Шрифт:

На наступны дзень я ўжо быў героем як сярод сваіх, так і сярод шатляндскіх дзяцей, я набываў папулярнасьць...

Мора асабліва нікому не падалося цікавым, і аўтобус накіраваўся да мясцовага басэйну... і тады я зноў бавіў час за сталом, назіраючы, як усе плаваюць, гуляюцца й сьмяюцца, гэта былі часы поўнага заняпаду для мяне, гэта было забыцьцё, я пакутаваў праз свае комплексы таўсматага дзіцёнка.

— Гэй, чувак, лаві мяч вось так, — крычалі мне зранку мае часовыя браты і паказвалі, на якім узроўні яго лавіць, і я заківаў галавою, то бок кідайце...

Я злавіў мяч жыватом, боль быў такі, быццам мне выпусьцілі ўсе кішкі вонкі... і апошні свой абэрдынскі дзень я правёў у ложку, паядаючы чакалядкі й разглядаючы свае новыя валізы з пакупкамі й падарункамі для мамы — цэлая калекцыя шампуняў, гель-душаў і крэмаў, для таты —

саколкі й швэдры, і для брата — амаль усё адзеньне ад верху да нізу, плюс абутак, куртка, шапкі і кепкі, я заўсёды, з самага дзяцінства імкнуўся апрануць свайго малодшага брата цалкам, так я прыязджаў з Лёндана з валізаю адзеньня для брата, так я прыязджаў з Ваймара, так і з астатніх месцаў, напэўна, усё пачалося з Шатляндыі й неверагодных складоў вопраткі, якую проста так нам давалі ўсе гэтыя веруючыя людзі!

Я ляжаў з пабітым жыватом у ложку, лекар мяне агледзеў, я быў здаровы, але да заўтра я мусіў нікуды не выходзіць, усе мае сябры й сяброўкі зноў падарожнічалі па вуліцах Абэрдына, набывалі розныя рэчы, фатаграфавалі, а я разглядаў цэлую калекцыю міні-аўтамабіляў, якія па прыезьдзе дадому будуць адабраныя ў мяне ў маім двары мясцовымі старшаклясьнікамі, а частка, якая напачатку захаваецца дома, будзе скрадзеная маімі сябрамі... я пільна ўглядаўся ў гэтыя машынкі і марыў, як буду ў дваццаць пяць год такім неверагодна дарослым, як буду езьдзіць на адной з такіх машын, напрыклад, на сінім "Жуку", альбо на "Астан Мартыне", альбо на "Фордзе Мустангу" 1969 года... Мне здавалася, што дваццаць пяць — гэта тое самае, гэта якраз такі ўзрост, калі ўсе кропкі над "і" расстаўленыя, і далей жыцьцё будзе ісьці толькі па пляне й адштурхоўваючыся ад распрацаваных прынцыпаў...

Мой пісюн цяпер кожнай раніцаю нагадваў пра сябе, робячы з майткоў "шалашык", я бегам нёсься ў прыбіральню й крыва, пырскаючы ў розныя бакі, сікаў, мне было сьмешна й радасна, я адчуваў сябе моцным... Сёньня надышла чарговая нядзеля, і мы будзем на служэньні ў царкве і адтуль едзем у Пітлёхры, нас зь Дзімам, які кожным днём усё больш сумаваў па доме й адначасова аніякім разам не зьбіраўся дадому, мусілі сустрэць у трэцяй сям’і.

На служэньне мы адседзелі напаўсоннымі, і калі выйшлі ва ўнутраны дворык царквы, каб падсілкавацца й памаліцца, я быў агаломшаны прыгажосьцю той самай жанчыны, на якую выдаў за час сьняданка й малітвы ўсе трыццаць шэсьць кадраў свайго фотаапарату, я сустрэну тую самую жанчыну, на якую ўпершыню буду ананіраваць, успамінаючы кожную рысу яе твару, кожны выгін яе пругкага цела, кожны сантымэтар яе грудзей зь цьвёрдымі смочкамі пад лёгкай бэжавай кашуляй... і я да гэтага часу ўдзячны лёсу й Богу за тое, што маё спасьціжэньне сьвету чагосьці інтымнага ўпершыню адбылося менавіта ў Шатляндыі, гэта ад самага пачатку заклала нейкі падмурак густу, падсьвядомага параўнаньня з тым, што будзе надалей сустракацца на маім шляху, і першакрыніцамі апынуліся дзяўчыны й жанчыны чыстыя, добрыя, сьветлыя, аточаныя неверагодным зьзяньнем і моцаю, пахам і аўрай абяцаньня чагосьці патаемнага... я на той час маліўся з астатнімі, але мая малітва была зусім іншаю, яна была скіраванаю да гэтай жанчыны, да яе пачуцьцёвага прыроднага бляску, да яе ўнутранай моцы... я пачынаў разумець, што гэта не дурныя мэтафары, што мужчына гатовы на ўсё дзеля жанчыны, я пачынаў разумець, што ў сьвеце ёсьць такія прыярытэты і такія закладзеныя прыродаю рэчы, на якія чалавек ніколі ня знойдзе адказу, а тым болей моцы падпарадкаваць...

Перад самым аўтобусам надвор’е сапсавалася, падзьмуў халодны вецер, мы апрануліся ў швэдры, але маю жанчыну гэта не сапсавала, яна глядзелася б сэксуальнаю й вытанчанаю нават у целагрэйцы... мы паехалі ў Пітлёхры, нам махалі нашыя часовыя сем’і, мы ўсьміхаліся, Дзіма плакаў горкімі сьлязьмі, соплі ў яго цяклі па падбародзьдзі, ён пукаў... я паглядаў толькі на сваю жанчыну, яна махала адной з маіх суседак, якую звалі Эва, я думаў, што ёй пашчасьціла цэлы тыдзень жыць з такою жанчынаю, я ўяўляў на яе месцы сябе... мы паехалі... і я раптам успомніў, што ў сваім пакоі ў доме забыўся на трэцюю валізу, у якой былі два мячыкі — баскетбольны й валейбольны, тры махровыя ручнікі, пяць шортаў і новы фотаапарат... я забыўся на цэлую валізу!

У аўтобусе адна з нашых вахавацелек распавяла, што Абэрдын горад-пабрацім, альбо, як кажуць брытанцы, sister city (горад-сястра), з нашым Гомлем, і стаў ён ім у 1990 годзе... ня так даўно мы

пачалі сябраваць гарадамі...

Пітлёхры

Пітлёхры — маленькі гарадок, жыве там усяго дзьве тысячы жыхароў, але месца незвычайнае — ляндшафт дзесьці паступова, а дзесьці рэзка пераходзіць з раўнінаў у горы, з Лоўлэндз у Хайлэндз. Так, Пітлёхры знаходзіцца там, дзе пачынаюцца Высакагор’і, там, дзе далей на поўдзень спрэс запаведнікі, лясы, замкі й амаль адсутнічаюць гарады, толькі вёскі й сялібкі, і паступова зямля сканчаецца і пачынаецца халодны Паўночны Ледавіты акіян.

Пітлёхры — гэта ўжо цалкам іншы погляд на сьвет, гэта новая сям’я, якая дала мне найбольшую колькасьць успамінаў і ўражаньняў, сям’я, у якой двое дзяцей нашага зь Дзімам узросту, і мы паўсюль будзем разам: школа, пікнік, кавярня, ровары, гульні, лясы і замкі.

Бацька, гаспадар у сям’і, вельмі паважаны, адзіны доктар на раён, ён мае сваю прыватную машыну зь міргалкамі, пінжак і сакваяж і лечыць ад усяго, ён неяк будзе мяне фатаграфаваць у адзеньні доктара каля сваёй працоўнай машыны... Маці — хатняя гаспадыня, дзеці — звычайныя жвавыя падшыванцы... Гэтая сям’я першаю зацікавілася нашым паходжаньнем, дакладней, яна не спынілася на простым пытаньні: "Адкуль вы?" Усе яны кінуліся да свайго кампутара, на якім была ўсталяваная новая Windows 96, пяць хвілінаў, трэск ад падключэньня да Інтэрнэту — і цуд: яны набралі на клявіятуры слова "Belarussia", і той на сваім пукатым чорна-шэра-зялёным маніторы даў артыкул, дзе падрабязна пісалі пра маю Радзіму, а ўнізе пачала запампоўвацца фотка... Мы чакалі каля хвіліны, пакуль піксэлі не далі нам фотаздымак РЫСІ! Во дзіва, на Беларусі жывуць рысі... Другім фота быў контурны абрыс мяжы краіны, і даваліся пэўныя зьвесткі месцазнаходжаньня й клімату...

Усе вытрымалі культурную паўзу зацікаўленасьці, паўздыхалі, павохкалі на рысь і на наш клімат... і першы вечар прайшоў у напаўзмрочным гасьцінным пакоі пад цёплымі пледамі, з гарачай чакалядаю й праглядам мульцікаў "Том і Джэры". Дзіма спаў, пускаючы сьліну на падушку, я асобна сядзеў у фатэлі і глядзеў то ў тэлевізар, то на сваю нядзельную сям’ю, мне было цікава, што будзе заўтра, мне хацелася да сваёй мамы, але хацелася не да яе ў Менск, а каб яна сюды прыехала, ёй было б тут вальней, цішэй і спакайней, чыстае паветра, вакол прырода, прыгожыя шатляндцы, такая жаданая культура жыцьця, такая якасьць існаваньня.

Праз гадзіну нас адправілі адпачываць, і я зазірнуў у ванны пакой, каб прыняць ванну як мае быць, па-беларуску... але я толькі пасьпеў напусьціць вады, як гаспадар дому ўварваўся ў ванны пакой з квадратнымі вачыма, і празь яго шатляндска-ангельскія сказы я зразумеў, што ніхто ніколі за сваё жыцьцё так бязглузда не траціў цэлую ванну вады на тое, каб памыцца, гэта ж 250 літраў!!! Вар’яцтва, калі можна было памыцца і ў 40 літрах альбо па-хуценькаму, затыкнуўшы ракавіну, набраць туды два літры і, замочваючы ў гэтай вадзе анучку, працерці цела!!! Як гэта ўвогуле магчыма, каб столькі вады проста так напусьціць!!! Гаспадар быў белы, я яму казаў, што ў Беларусі шмат вады, але ён не даваў веры. Шатляндцы мелі з нараджэньня пункт пра эканомію, і гэты пункт быў непарушным.

Раніца засьпела нас зь Дзімам у неверагодным холадзе, нас трэсла, як асінавае лісьце: аказалася, што батарэі ніхто не ўключаў, а ноччу быў амаль нуль, і, вядома, форткі былі паўсюль адчыненымі, бо гэта мусіла быць сьвежая раніца, але толькі не для нас...

Увогуле, як я потым даведаўся, шатляндцы, як і ангельцы, ужо ў трэцім пакаленьні загартаваная нацыя, усё пачалося з таго, што на дзяржаўным узроўні была пастаўленая праграма разьвіцьця нацыі, загартоўкі, каб людзі не паміралі, хварэючы на грып альбо гішпанку, і таму зь дзяцінства малыя сьпяць з адчыненымі форткамі і нават у лютым месяцы ходзяць у швэдрах, шаліках і штанах, усім тут цёпла, акрамя нас.

Pitlochry High School па вуліцы East Moulin Road, там вучацца мае браты, я ўсю раніцу баўлю зь імі час, гэта цікава, весела, на мяне школьнікі паглядаюць, як на дзіва, дзяўчынкі перашэптваюцца, я атрымліваю ў падарунак ручнік школы, на якім намаляваныя ўсе вучні, прычым кожны вучань намаляваны сваім сябрам альбо суседам па парце, дзіўныя й чароўныя малюнкі, я адразу ўзгадваю сваю школу й аднаклясьнікаў і разумею, што яны б ніколі так выдатна й сьмешна, шчыра й па-сяброўску адно аднаго не намалявалі б, абавязкова кожны пачаў бы зьдзекавацца.

Поделиться с друзьями: