Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастка для рэха

Паплаўскі Алесь

Шрифт:

— А ваша прапанова не ёсць тая ж амаральнасць? — злуецца Фёца.

— Дабро і зло — паняцці расплыўчатыя. Нікому і ніколі не распазнаць тых межаў, калі пачынаецца адно і заканчваецца другое.

Мужчына нешта тлумачыць яшчэ, намякае на пастаянны недахоп пачуццяў чалавечай годнасці, на тое, што людзі пастаўлены ў нейкую безвыходную залежнасць ад сітуацыі, якая не пакідае ім выбару. І мы пачынаем верыць гэтай лухце. Нічога іншага нам і не застаецца. Мы імкнемся запомніць усё, што зараз гаворыцца, бо ў ім, як нам здаецца, і схаванае тое выйсце, пра якое нам распавядае Аляксей Міхайлавіч. А гэтае выйсце, перакананыя

мы, нам яшчэ спатрэбіцца, бо мы неспадзявана робімся ахвярамі нейкай бязмерна нахабнай авантуры.

— Людзі, якія стаяць перад выбарам, ад якога залежыць іх жыццё, звычайна забываюць пра сумленне, — прарываецца да мяне аднекуль здалёк гіпнатычны голас Аляксея Міхайлавіча.

— Нас гэта не тычыцца, — пярэчу я.

— Хто ведае?! — хітра ўсміхаецца Аляксей Міхайлавіч. — Сёння — не тычыцца. А што будзе заўтра, ніхто не ведае. Магчымасць праверыць сябе вам яшчэ выпадзе.

Пазіраю на Фёцу і ў думках пераконваю яго: «Адмаўляемся. Нас падманваюць....» Наша тупая пакорлівасць злуе мяне, але і супрацьстаяць ёй я болей не магу. Мы глядзім адзін аднаму ў вочы, і я разумею, што нашы лёсы ўжо вырашаны.

— Будуць яшчэ нейкія ўмовы? — міжволі цікавіцца Фёца.

— Значыць, згаджаецеся.

— Так!

— А ваш сябар?

Мне нічога не застаецца, як таксама кіўнуць галавой.

— Як вы лічыце, ці ёсць за што ненавідзець людзей? — нечакана цікавіцца Аляксей Міхайлавіч.

— Гледзячы каго і за што, — недаўменна зіркае на мяне Фёца.

— Адказы павінны быць канкрэтнымі. Эксперымент пачаўся ўжо.

— Ну… ёсць, — мямліць Фёца.

— Выходзіць, што вас таксама ёсць за што ненавідзець?

— Выходзіць, што так.

— А якіх людзей больш: злых ці добрых?

— Аднолькава тых і тых, — спяшаюся адказаць я.

— Адказ не дакладны. Ёсць вялікае зло і ёсць крыху меньшае. Напрыклад, вас могуць забіць сёння, а могуць заўтра. Справа ў тым, што пра зло мы заўсёды прамаўляем чужымі вуснамі, а яно жыве ў нас саміх. Мы яго распаўсюджваем…

— Вы не лепшы за астатніх.

Магчыма… Аднак вернемся да некаторых невырашаных фармальнасцяў. Для пачатку трэба ўзаконіць нашу дамоўленасць, — лісліва ўсміхаеца Аляксей Міхайлавіч. — А потым я пазнаёмлю вас з нашымі бліжэйшымі планамі.

Ён дастае з кейса некалькі бланкаў і працягвае іх нам. Мы ўважліва ўчытваемся ў тэксты. Гэта і ёсць правілы гульні, пра якія ён распявядаў нам толькі што. З гэтай хвіліны іх давядзецца прытрымлівацца. Мы запаўняем бланкі і ставім пад імі свае подпісы.

— Цяпер усё. Поспеху вам! Каб перайсці да першага задання, нам трэба пад’ехаць у адно месца. Гэта блізка.

Мы пакорліва ківаем галовамі. Што нам яшчэ застаецца?

Кружляем некалькі хвілін па горадзе і вырульваем на вуліцу Рабінавую. Назву паспяваю прачытаць, перад тым як мы паварочваем з кальцавой дарогі. Спыняемся ля прыгожага двухпавярховага асабняка.

— Гаспадыня гэтага дома — дырэктарка адной буйной фірмы. Як нам вядома, ёй патрэбны супрацоўнікі. Абвестка аб гэтым сведчыць. У ёй вы знойдзеце ўмовы прыняцця на працу. Ваша заданне даволі простае, можна сказаць, банальнае. Абазначым яго ўмоўна: знаёмства. Ад вас патрабуецца навесці кантакты з гаспадыняй і ўвайсці ў давер з мэтай атрымаць працу. Цяпер зірніце на гэтую жанчыну.

Ён дастае з кейса здымак і працягвае

яго мне. Гляджу некалькі хвілін і перадаю сябру.

— Нашто яно нам?

— Любая вялікая справа пачынаюцца з дробязі, — незадаволена зіркае на мяне Аляксей Міхайлавіч. — Для пачатку праверым вашу камунікабельнасць.

— А калі мы правалім заданне?

— Па-першае, вы не атрымаеце абяцаных вам дваццаці долараў. Па-другое, выконваць наступнае заданне будзе нашмат складаней. З гэтай хвіліны ўсе вашыя ўчынкі ўзаемазвязаныя. Так намі задумана. Марцін Лютэр Кінг сцвярджаў: «Чалавек не павінен паступаць не па сумленні, як і не павінен звяртацца да гвалту, нават дзеля справядлівасці, бо заўсёды існуе шлях ненасілля». Памятайце пра гэта. А яшчэ памятайце, што кожны чалавек мае права на свой асабісты выбар.

12

Дзверы маюць непрывабны знешні выгляд. Мелеш вагаецца хвіліну-другую, потым лёгенька штурхае іх плячом. Дзверы адчыняюцца, і ён уваходзіць у невялічкі кубічны пакойчык. Відавочна, гэта і ёсць тая самая апаратная, пра якую яму хвіліну назад згадваў вартаўнік. З парога ў вочы кідаецца прастата і беднасць інтэр’ера гэтага памяшкання: на сценах танныя шпалеры, столь з пажоўклай, месцамі патрэсканай атынкоўкай, лямпачка без абажура. Ён абмінае раскіданыя па падлозе пакункі і накіроўваецца да яшчэ адных дзвярэй. З-за іх далятае ціхая музыка з дамешкам нечых прыглушаных галасоў. Мелешу падаецца, што мужчыны спрачаюцца. Напаўдарозе яму сустракаецца плячысты мужчына з шэрым выцягнутым тварам. Ён вылятае з пакоя, куды накіроўваецца Мелеш, і адорвае яго беглым збянтэжаным позіркам.

— Змій, ад каго гэта там смярдзіць? — чуе Мелеш з-за паўадчыненых дзвярэй.

— Ты хто? — цікавіцца амбал.

Мелеш з адказам марудзіць. Ненатуральнасць таго, што адбываецца, выклікае хвіліннае хваляванне. Некаторы час яны моўчкі вывучаюць адзін аднаго.

— Ты хто? — паўтарае амбал.

— Я? — здзіўлена паціскае плячыма Мелеш. — Ды так, ніхто, можна сказаць.

— Чаго тады прыпёрся?

— Падказалі, што тут нібыта брат мой працуе …

— Змій, хто там завітаў да нас?

У дзвярным прагале праяўляецца постаць яшчэ аднаго мужчыны. Кепская асвятляльнасць не дазваляе Мелешу як след разгледзець яго. Першае, што кідаецца яму ў вочы, гэта тое, што ў параўнанні з калегам гэты зусім яшчэ юнак.

— Значыць, Чыбу шукаеш? — вытужвае ўсмешку амбал.

Мелеш ківае галавой.

— А ці ведаеш ты, што твой брат — галубец? — нахабна ўмешваецца ў размову малады. — За што толькі людзі любяць блакітныя колеры?

— Заткніся! — рэзка спыняе яго амбал. — Чыба тут больш не працуе. Турнуў яго гаспадар. У палітыку хлопец палез. А палітыка — справа брудная.

— У палітыку? — здзіўляецца Мелеш.

— З блакітнымі блытаўся на майдане. На працы працяглы час адсутнічаў.

— З блакітнымі? З якімі блакітнымі? — збянтэжана перапытвае Мелеш.

— Змій, пашлі яго! — загадвае малады. — Ён жа дурня валяе, гад!

— Палітыка — справа брудная, — паўтарае амбал.

«Магчыма, так яно і ёсць. Але пры чым тут Чыба? Ён жа, акрамя сваёй флейты, нічога больш не ведае», — неўразумела пазірае на амбала Мелеш.

— Скажыце, магу я пагутарыць з вашым дырэктарам? — цікавіцца Мелеш.

Поделиться с друзьями: