Пастка для рэха
Шрифт:
— Нашто ён мне? — здзіўляюся я шчыра і душу ў сабе слёзы.
— Будзеш жыць у ім.
— А вы, Мікалай Мікалаевіч?
— У мяне іх пяць. Забірай і памятай маю дабрыню… Памяць — адзінае, што ад нас застаецца.
— Харошы вы чалавек, Мікалай Мікалаевіч!
— Злодзей я, Віцёк! — цяжка ўздыхае мой былы шэф.
— Навошта вы пра сябе так, Мікалай Мікалаевіч? Які ж вы злодзей. Вам пасада тое рабіць дазваляе. Зрэшты, вы не ў людзей крадзеце, а ў дзяржавы…
— Красці заўсёды грэх. Ты ж не крадзеш.
— Няма чаго, Мікалай Мікалаевіч. Быў бы я на вашым месцы, таксама краў бы.
— У кожнага з нас сваё месца. Ты — валацуга, я — зладзюга. Жыццё, пэўна, толькі праз пакуты
Прачынаюся ад штуршка пад бок. Праціраю вочы і бачу Фёцу. Д’ябал бы яго пабраў! Паварочваюся да сцяны.
— Харош дрыхнуць, Аляксей Міхайлавіч зачакаўся ўжо.
— Які Аляксей Міхайлавіч? — перапытваю я здзіўлена.
— Не злуй мяне, Віцёк! — незадаволена бурчыць Фёца.
— Мо не пойдзем, га? — цягну я няўпэўнена. — Не падабаецца мне ўсё гэта. Відавочна, падман.
— Позна, Віцёк, мы паабяцалі, а слова трэба трымаць.
— Ты верыш гэтай лухце?
— А ты?
— Я — не.
— І я не.
Ляніва пляцёмся ўздоўж высокай каменнай агароджы. За ёю, калі верыць Фёцу, жаночы манастыр. Зіркаю па баках і пазяхаю. Чырвонае сонца распаўзлося па гарызонце, і ў паветры вісіць устойлівы пах свежаскошанай травы. Дрэвы кідаюць на сцежку пераблытаныя дзіравыя цені. Аднекуль здалёк даносіцца калючы дзявочы візгат. Ён нахабна ўгрызаецца ў цнатлівую цішыню. Скуль ён сыходзіць, разабрацца не можам. Фёца адчыняе маленькую жалезную брамку, я плятуся следам. Перад намі адкрываецца вялікі дзядзінец. Вока фіксуе ўдалечыні дзве мітуслівыя постаці ў манаскіх строях. Назіраю, як дзіцячацца святыя, і адчуваю невытлумачальную радасць.
— Гэ-гэ-гэй! — гукае Фёца. Яго вокрык крадзе чужое пачуццёвае хараство. Манашкі спыняюцца і збянтэжана азіраюцца.
— Зваднікі! — чуем мы за плячыма і азіраемся. Кабета жарэ нас дапытлівым позіркам. — Што вам трэба?
— Мы-ы?.. — мямліць Фёца.
— Можна нам… — пачынаю і я.
— Што? — строга пазірае на нас кабета. — На ранішнюю службу?
— Так, — ківае выратавальна Фёца. Для мяне гэта — навіна. Ні на якую службу, як вядома, мы не збіраліся.
— Я правяду вас, — нечакана згаджаецца кабета.
У памяшканні пахне ладанам. Столь акрэсленая жоўтымі плямамі. Тынкоўка на сценах аблупілася. Жанчына вядзе нас да свячной лаўкі. За прылаўкам маладая манашка. Нашы позіркі на хвіліну перасякаюцца. І я патанаю ў гэтых блакітных азёрах вечнага суму. Позіркі затрымліваюцца больш, чым дазволена, і Фёца палахліва штурхае мяне пад бок. Здзіўлена гляджу на яго, потым на жанчыну. Тая ў адказ адорвае мяне асуджальным позіркам:
— Грэшна глядзець так на дзіця Божае, — шыпіць яна па- змяінаму. — Грэшна!
Лесвіца вядзе на другі паверх. Яна шырокая, з белай кафлі. Мы падымаемся па ёй, нагам слізка, і, каб не ўпасці, я хапаюся за парэнчы. Маладая манашка праводзіць нас працяглым тужлівым позіркам.
Дзверы ў пакой адчыненыя. Уздоўж сцен драўляныя лаўкі. Па пакоі снуюць кабеты ў чорным убранні.
— Віцька! — заве мяне нехта.
Азіраюся, жанчына ўсміхаецца, і я таксама вытужваю ўсмешку.
— Малайчына! Радая бачыць цябе тут.
— Я вас таксама, — хлушу я. Твар пакрываецца чырванню. Мне сорамна і няёмка за тое, што я не памятаю, хто яна.
— Вось дзе па-сапраўднаму адпачываеш душою! — шэпча мне жанчына. — Мы з дачкою часта сюды прыходзім.
Скоса пазіраю на маладую дзяўчыну.
— Дачка мая, — удакладняе кабета.
Усміхаюся… Ідыёт!..
— Зло — гэта тое, што аддзяляе нас ад Бога! — лаўлю я адным вухам споведзь маладога бацюшкі. — Апошнім часам часта сталі паміраць маладыя людзі. Можа, у гэтым ёсць нейкі рацыянальны падыход? Можа, Бог пазбаўляе іх грахоўнага жыцця для нейкіх іншых мэтаў?..
Зіркаю
на Фёцу. Той на мяне. «Бог несправядлівы!» — чытаю я на яго твары.— Вы запозна прыйшлі, — часціць жанчына. — Служба хутка скончыцца. Прыходзьце заўтра…
Ківаю галавою і штурхаю Фёцу да выхаду. Гаспадыня свечачнай лаўкі на развітанне адорвае нас тым жа працяглым тужлівым позіркам. Крочым да брамы, услухоўваючыся ў наваколле. Пачуць гуллівы калючы рогат манашак больш не выпадае. Наваколле маўклівае і бязлюднае…
Тралейбусы яшчэ не ходзяць. Лінія сапсаваная ўчарашняй навальніцай. Пляцемся праз увесь горад пешкі. Надзея на тое, што ўчарашняя размова з Аляксеем Міхайлавічам — розыгрыш, марная. Яго шыкоўная іншамарка красуецца на стаянцы. Ён ветліва вітаецца і запрашае нас у салон.
— Не перадумалі? — лісліва моршчыцца ён.
Маўчым.
— Я так і думаў, — прымае наша маўчанне за згоду Аляксей Міхайлавіч. — Але спачатку некалькі ўмоў…
— Якіх яшчэ ўмоў? — здзіўляемся мы.
— Абяцайце, што нашу дамову вы не парушыце ні пры якіх абставінах.
— Пажывём — пабачым.
— Кожны дзень на ваш рахунак будуць залічваць па дваццаць долараў, — робіць выгляд, што быццам бы не чуе, Аляксей Міхайлавіч. — Але гэта пры ўмове, што вы справіцеся з заданнем.
— Ці не азначае гэта, што ўзамен на нашу рызыку мы атрымаем дзірку ад абаранка? — спыняе яго Фёца.
— Усё будзе залежыць ад вас і ад вашай празорлівасці. Заданні, якія мы будзем вам прапаноўваць, нескладаныя, у гэтым вы хутка пераканаецеся. Людзі самі сабе ўскладняюць жыццё. Спадзяюся, што ваша інтуіцыя падкажа вам правільны накірунак.
Мужчына робіць працяглую паўзу і запальвае. Нічога не разумею з пачутага і цікаўлюся:
— Але вы не сказалі нам самага галоўнага: чым мы будзем займацца?
— Мы прапануем вам згуляць з намі ў адну гульню. Мы будзем ствараць ілюзію нейкіх складаных тупіковых сітуацый, з якіх вам трэба будзе знайсці выйсце. Нас цікавяць паводзіны людзей, загнаных у кут. Відавочна, гэта небяспечна. Але не хвалюйцеся, абяцаю, мы спынім гульню адразу ж, калі вам стане пагражаць нешта. Вашы паводзіны будуць фіксавацца і пры неабходнасці карэкціравацца. Рабіцца гэта будзе вельмі далікатна, каб вы не западозрылі нашага ўмяшальніцтва. Знешне нічога ў вашым жыцці не памяняецца, вы будзеце жыць, як і жылі раней. Мы адкрытыя і лічым, што вы павінны ведаць усе тонкасці і падрабязнасці нашага эксперыменту. Гэта дапаможа вам. Гэта будзе дысцыплінаваць вас. Людзі імкнуцца быць лепшымі, чым яны ёсць на самай справе. Для даследванняў мы падбіраем падвопытных з рознымі фізічнымі і інтэлектуальнымі здольнасцямі. Галоўнае, каб яны на момант эксперыменту адчувалі пэўныя душэўныя цяжкасці. Калі браць за аснову вашы анкеты, то вы нам падыходзіце. Звычайна на адбор кліентаў мы трацім шмат часу. Спадзяюся, што на гэты раз і нам, і вам пашанцавала…
Збянтэжана пераглядваемся.
— Мы павінны падумаць. У нас ёсць яшчэ час? — цікаўлюся я .
— Ёсць, — ківае галавою Аляксей Міхайлавіч.
— Праз колькі хвілін мы павінны вам даць адказ?
— Праз дзве.
Мы зноў пераглядваемся.
— А што, калі мы адмовімся? — вагаецца Фёца.
— Не думаю, што гэта будзе правільнае рашэнне.
— Але мы маглі зусім не прыйсці, — злуюся я.
— Маглі, але прыйшлі. Выпадковасцяў не бывае. Усё мае прычыну і следства. Зноў жа, як відаць з вашых анкет, жывяце вы нездаровым і сумным жыццём, без планаў і без будучыні. У вас відавочная схільнасць да амаральных учынкаў. А значыць, вы ўжо часткова задзейнічаны ў нашым эксперыменце. Калі пагадзіцеся супрацоўнічаць з намі, у вас з’яўляецца шанец атрымаць за гэта ганарар. Дваццаць долараў у дзень — немалыя для вас грошы.