Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастка для рэха

Паплаўскі Алесь

Шрифт:

І ўсё ж, я не паддаўся гэтай сваёй спакусе. Інакш бы сваімі неразумнымі дзеяннямі я толькі ўзмацніў бы яго ганарлівасць. Я даў бы яму дадатковы шанец паздзекавацца. Гэтага я не жадаў. Яго перакананне, што ён дасягнуў сваіх мэтаў, так і засталося для яго перакананнем. І няважна, што ён ніколі пра тое не здагадаецца. Ён не змог і ніколі, магчыма, не зможа ўжо дасягнуць нечага іншага. Хаця, «не спяшайцеся пазбаўляцца ад сваіх ворагаў, яны яшчэ вам спатрэбяцца», — пераконваў я сябе, цытуючы некага з вялікіх. Эмоцыі пакрыху суняліся, і я назаўсёды развітаўся са сваёй авантурнай ідэяй. Паддацца слабасці і паверыць, што людзі адвярнуліся ад мяне, я не мог. Я быў на той час зусім іншым ужо чалавекам. Дзеля жарту я нават на хвілінку паспрабаваў уявіць сабе, як ён ноччу тэрмінова збірае нараду, каб

асудзіць мяне, і мне стала смешна…

Я дапіў свой чай і пачаў нехаця збірацца на працу. Вяртацца назад у гэтае асіннае кубло было для мяне цяпер сапраўдным пеклам. Яшчэ большым пеклам была непазбежнасць сустрэчы з ім. Я прыдумляў розныя магчымыя і немагчымыя варыянты, я спадзяваўся на цуды, я прасіў у Бога, каб мы размінуліся з ім. Таму, пэўна, і заяву на звальненне я падрыхтаваў загадзя.

Я прашмыгнуў хуценька праз калідор, наўмысна мінаючы яго кабінет, і накіраваўся ў кадры, спадзеючыся на дапамогу кадравічкі. Дзяўчына азнаёмілася з заявай і зірнула на мяне здзіўлена. Вярнула паперу і пакруціла адмоўна галавой.

— Такія пытанні вырашайце з шэфам, — паказала яна вачыма на прыёмную.

Я выцягнуў з барсеткі купленую для гэтых мэтаў шакаладку і ўмольна зірнуў на дзяўчыну:

— Зрабі, золатка, усё сама, калі ласка?..

Аднак як я не хацеў таго, як не пазбягаў, але, на жаль, усё атрымалася так, як і павінна было атрымацца. Ён чакаў мяне ля майго кабінета. Заўважыўшы, рушыў мне насустрач. Твар распраменіўся няшчырай з’едлівай усмешкай. Параўняўшыся, працягнуў руку для прывітання. Я вытрымаў паўзу.

— Хіба я даю вам падставы для нейкай весялосці? — цынічна заўважыў я.

— Не зразумеў, — спахмурнеў ён імгненна. — Ты не жадаеш са мною вітацца?

— Не жадаю, — пацвердзіў я, адчуваючы, як мой твар пакрываецца здрадлівай чырванню. — Паціснуць руку — гэта значыць аддаць часцінку свайго цяпла. Я не хачу яго аддаваць табе.

— Гэта не па-хрысціянску.

— Ха-ха-ха! Успомніў Бога?.. Магчыма.

— Гэта твая фанабэрыстасць, — не здаваўся ён.

— Магчыма. Але што мне рабіць з гэтым? Ведаеш, Бонза, вяртаючыся ў думках да таго выпадку, калі ты ў дзяцінстве мыў ногі свайму айчыму, мне заўсёды хацелася спытацца ў цябе: чаго ты так мяне баяўся тады, ды і зараз? Ты не хочаш, каб пра гэта даведаліся ўсе?

Бонза захваляваўся. Было заўважна, што ён збіраецца з думкамі. Відаць, мае пытаннене заспела яго знянацку.

— Ладна, Бонза, не мучайся, я сам адкажу. Ты неўзлюбіў людзей. Ты пры любой магчымасці выплюхваў на іх сваю крыўду. Ты прыраўняў усіх да свайго айчыма. Для цябе было ўсё роўна, вінаватыя яны ці не. Табе здавалася, што толькі так ты здольны перамагчы ў сябе свае крыўды. Я таксама стаў ахвярай тваіх амбіцый. Ты паўсюль пераследаваў мяне, ты быў маім ценем. Ты замінаў мне жыць, Бонза. Чуеш мяне? Я стаміўся. З-за цябе ўсё жыццё маё наперакасяк.

— Не трэба падманвацца, ты такі, які нарадзіўся, — спыніў ён мяне нахабна.

— Не, гэта зрабіў мяне такім ты. Але пачынаць усё спачатку ніколі не позна, нават за некалькі хвілін да смерці.

— Паспрабуй! — цынічна ўсміхнуўся ён.

— І паспрабую, — пераканаўча паабяцаў я.

— Табе не прывыкаць. Ты шмат разоў ужо рабіў гэта.

— Безумоўна, гэта ў маім характары. Але хто ведае, што такое пачынаць усё спачатку? Магчыма, гэта і азначае — жыць. Бо пакуль мы імкнемся быць іншымі, датуль мы жывем. Сумненне — таксама знак якасці.

— Прыгожа гаварыць ты заўсёды ўмеў.

— А ты, Бонза, і на гэта не здатны, — усміхнуўся я пераможна. — Спачатку я хацеў засадзіць цябе за краты, але потым перадумаў. Я не стану мараць аб цябе рукі. Прыйдзе час, і ты сам за ўсё разлічышся.

— Высокародна. Быў ты, Алег, дурнем, і памрэш ім.

— Пайшоў ты!

Гэта ўсё, на што я быў здатны ў той момант. Весці далей з ім размовы я не збіраўся. Развярнуўся і рушыў да дзвярэй. Калі зачыніў іх за сабою, з палёгкаю ўздыхнуў. Я чуў, як калоціцца ў грудзях маё сэрца, чуў, як аддаляюцца яго павольныя крокі, і ўпершыню быў задаволены сабою. Я ўяўляў яго аднаго ў бязлюдным калідоры з працягнутай рукой і шкадаваў яго. Праз хвіліну, калі эйфарыя мінула, я аднёс заяву сакратарцы, дачакаўся, калі яна яе падпіша, і зноў вярнуўся

ў кабінет. Набліжаўся поўдзень, а мне яшчэ трэба было сабраць пажыткі і развітацца з калегамі. Для гэтых спраў мне хапіла некалькіх хвілін. Калі пакідаў офіс, на калідоры сустрэўся з сакратаркай. Яна, як заўсёды, выкарыстоўвала свой вольны час з карысцю. Блукаць бязмэтна па крамах было яе хобі.

— Чаму вы так нечакана сыходзіце ад нас? Нешта здарылася? — пацікавілася яна.

— Здарылася, — адсказаў я пераканаўча.

— Што? — устрапянулася яна ад цікавасці.

— Еду ў Індыю, — пажартаваў я.

— У Індыю? — акругліліся ад здзіўлення яе ліслівыя вочкі.

— Так, у Індыю, — пацвердзіў я і дадаў: — Прапанавалі вакансію пастуха, буду цяпер пасвіць сланоў.

Жанчына выціснула скупую іранічную ўсмешку.

Мы выйшлі на вуліцу. Праз дарогу ля царквы тоўпіліся людзі. Відавочна, сёння было рэлігійнае свята. Білі ў званы.

— Дабравест у мой гонар, — пажартаваў я, і жанчына адарыла мяне здзіўленым позіркам.

9

Што такое нікуды не трэба спяшацца, я адчуў ужо на тралейбусным прыпынку. Ехаць дахаты перахацелася. Рэшткі дня і вечар я правёў у «Эскі-Юрце», недарагім, але някепскім рэстаране. Калі і як вярнуўся дахаты, не памятаю. Прачнуўся на раніцы, у сябе дома. У пакоі іграла ціхая музыка. Мой позірк нечакана затрымаўся на вялікім трумо. У ім адлюстроўвалася акно, у шыбіны якога білася вецце старых таполяў. Вецер гайдаў густыя кроны ў такт музыкі. Я глядзеў на гэтае дзейства як зачараваны і баяўся паварухнуцца. Я адчуваў сябе саўдзельнікам вялікай сусветнай гармоніі, і маё цела перапаўнялася невытлумачальнай радасцю. «Хіба можна не любіць жыццё? — думаў я, узгадваючы нябожчыка пляменніка. — Гэта адзінае і самае лепшае, што нам дадзена звыш. Хіба можна раскідвацца лепшым і адзіным?» Ідылію радасці парушылі нечыя асцярожныя крокі. Я нехаця павярнуўся. Жанчына ўсміхалася мне з вітальні.

— Ты хто? — пацікавіўся я.

— Я Таня, — сарамліва і зусім па-дзіцячы адказала жанчына.

— Таня? — здзівіўся я. — Некалі ў юнацтве я закахаўся ў адну дзяўчыну. Яе таксама звалі Таня.

Жанчына перасмыкнула плячыма і прамаўчала.

— Як ты апынулася тут? — пацікавіўся я, разумеючы абсурднасць такога пытання. Варыянт быў класічным, яна мне падабалася. І ўсё ж мы развіталіся з ёю з перакананнем, што сустрэнемся неўзабаве. На гэты дзень у мяне былі іншыя планы, і ахвяраваць імі, нават дзеля прыгожай жанчыны, якая мне падабаецца, я быў не здольны.

Я даўно цешыў сябе авантурнай ідэяй наведаць святую крыніцу, каб змыць з сябе ўвесь той бруд, які накопліваўся ўва мне гадамі. Не прыміце маё жаданне за рэлігійны фанатызм, за свядомае жыццё я ні разу не быў у царкве. Маімі ўчынкамі рухала прага да ачышчэння: унутранага, глыбіннага. Дзеля гэтага я быў здольны на ўсё, бо ўпершыню паверыў у сябе, адчуў упэўненасць, але не ведаў, што з ёю рабіць. Я чапляўся за любую магчымасць, каб выжыць. Я вельмі хацеў жыць.

Крыніца знаходзілася далёка за горадам, аднак дабірацца да гэтага месца я вырашыў пехатою. Ужо праз хвілін пятнаццаць я крочыў палявой дарогай уздоўж рэчкі да бязлеснага кургана, які вырысоўваўся далёка на даляглядзе. Стаяў пагодлівы восеньскі дзень. Такія залатыя дні бываюць у нашых мясцінах толькі ў канцы верасня. Мяне абміналі машыны, пакідаючы за сабою клубы шэрага пылу. Я збочваў і чакаў, пакуль ён развеецца, і крочыў далей. Некаторыя добразычліўцы спыняліся і прапаноўвалі мне свае паслугі. Я ўдзячна ўсміхаўся ім і ветліва адмаўляўся. Адразу ж за згібам дарога паварочвала ўправа, у абыход кургана. Я не пайшоў ёю, а звярнуў на сцежку, што вілася праз пожню вузенькай нітачкай. Поле было ўсеяна несабранымі ў сцірту валкамі саломы. Вецер даносіў пахі блізкага жытла. Я прагна ўдыхаў іх, і маё сэрца перапаўнялася пачуццём невытлумачальнай радасці. Як ніколі я адчуваў сваю значнасць у гэтым свеце. Я радаваўся, нібы немаўля, гэтай навакольнай прыгажосці, часцінкай якой зяўляўся. Я дасягаў для сябе новыя глыбіні, пра якія яшчэ некалькі дзён таму мог толькі марыць. Я радваўся, што мне выпала нарадзіцца ў гэты час і ў гэтых мясцінах. Я адчуваў сябе шчаслівым чалавекам.

Поделиться с друзьями: