Плошча. Гісторыя аднаго каханьня
Шрифт:
Ноччу доўга ня мог заснуць, пракручваў мажлівыя варыянты. Ад гвалту да гвалту: ад – з ягонага боку, што натуральна, да – з ейнага, што ня выключана. І пажадана – падумаў ён. Паварочаўся яшчэ трохі і нарэшце – заснуў.
З “Дзёньніка” Аляксандра К.
“Мой апошні верш – паводле сну:
...Язычок чырвона-чорны
вытыркаецца з жоўтае дзюбы
пры галаве невядомае птушкі
Цела, зьедзенае мурашамі,
Перамяшанае з зямлёю
Ляжыць побач
Пёркі
І нясуцца ў неба, у сьвет,
Пераліваюцца жывымі колерамі на сонцы
Злавіў адное пёрка
Паказытаў ім шчаку каханай,
Што заснула пасьля...
Яна сьмешна зморшчыла нос
І адвярнулася
І толькі цяпер я ўбачыў,
Што і да нас паўзуць
Чырвоныя Мурашы...”
Прахапіўся за пяць хвілінаў да званка будніка. Хуценька сабраўся і выехаў на вакзал. Хвілінаў дваццаць пасьля доўгай чаргі і набыцьця білетаў чакаў Марыйку. Яна вынырнула з натоўпу сьвежая – выспаная і крыху ўзбуджаная. “Прадчувае, здагадваецца” – падумаў ён. Пэўна, таксама пралічыла варыянты...
Параю яны былі прыгожаю – ён бачыў гэта па позірках пасажыраў у электрычцы. “Цікава, ці нявінная, ці цнатлівая яна?” – думаў ён, гледзячы скосу на Марыйку, якая сядзела побач і, калі электрычка на поўнай ходзе паварочвала ці прытарможвала, іх целы судакраналіся, і па ім пераможна прабягалі дрыжыкі прыемнасьці.
Яны выйшлі на лясным прыпынку. Вёска была недзе побач, але яе не было відаць з-за дрэваў. Яны пайшлі ў супрацьлеглы ад вёскі бок – да возера. Пайшлі адны – як ён і разьлічваў: усе іншыя, хто ехаў адпачываць, выйшлі раней. Марыйка заставалася вясёлай і непасрэднай, радавалася навакольнай прыгажосьці і, чапляючыся за ягоную руку, прыхіналася да яго ў захапленьні ад незвычайных краявідаў. А калі адкрыўся від на возера – у яе ажно дых перахапіла: “Ніколі ня думала, што пад Менскам ёсьць такая прыгажосьць, такія файныя мясьціны... І што дзіўна – людзей зусім няма”.
Яны знайшлі ўтульную паўвыспачку, што неглыбока ўдавалася ў возера, спыніліся.
Праз дзясятак хвілінаў куточак гэты выглядаў ужо абжытым. Стаяў намёт, перад ім палала вогнішча, а яны, выкупаныя, стаялі выцягнуўшы да яго рукі, і хоць было адносна цёпла і вада не была халоднаю, дрыжэлі саграваючыся. Ён глядзеў на яе сьсінелую, у гусіных пупырышках, і зьдзіўляўся: як дзіцё, ну зусім дзіцё... Пэўна, вочы выдалі ягонае, замілаваньне ёю, бо яна зірнула на яго і усьміхнулася – нібыта вінавата, нібыта саромеючыся...
– О-о-о, ды тут сямейка адпачывае... – пачуў ён ззаду голас і ўздрыгнуў ад нечаканасьці. Азірнуўся, да іх ад лесу ішло трое хлопцаў. Двое высокіх, адзін нізкі – горкае хлапчанё. Гаварыў якраз гэты – самы нікчэмны, але, відаць, тут лідэр. Па ўзросьце яны былі, пэўна, аднагодкі – гадоў па васямнаццаць, і толькі зблізку, ён убачыў, што старэйшым з іх быў якраз той, каго ён здалёк палічыў за “хлапчанё”: яму было далёка за дваццаць.
– Занялі нашае месца і не вітаюцца, – працягваў “лідэр”, – ну, здароўце...
Ён нешта мармытнуў у адказ і для пэўнасьці хітнуў галавою – ведаў з вясковага жыцьця, што адмаўчацца – значыць, пакрыўдзіць іх і ад пачатку займець варажнечу. Маша прамаўчала – крыху пагардліва паглядала на хлопцаў, што стаялі ўжо ў двух-трох кроках.
– А краля, гля ты, якая краля ў яго, – працягваў “лідэр” (астатнія панура, як яму падалося) маўчалі. – І цю-цю-цю – дай памацаю... – і пайшоў да Марыйкі.
Намеры ягоныя, ды і ўсёй кампаніі былі відавочнымі. Пэўна, яны нейкі час сачылі за імі з узьлеску і абмеркавалі ўжо, што і як будуць рабіць. Ён гэта зразумеў яшчэ і па насупленым маўчаньні астатніх: ролі былі падзеленыя. “Лідэр” чапляецца да дзяўчыны, і, гледзячы на драбнату хлапечую, ён вымушана заступаецца за яе, і тады на яго накідваюцца астатнія...
Ён разумеў гэта, але і не адказаць, не ўступіцца за Марыйку, да якой падышоў ужо “малеча” і цягнуў рукі, а яна адхіналася
і біла па іх нешта мармычучы, ён ня мог. І толькі зрабіў крок да “лідэра” і Марыйкі, як апынуўся на зямлі і адчуў удары ног – босых, (ён зьдзівіўся – босых, бо ня бачыў ног хлопцаў, калі яны падыходзілі), з падкурчанымі пальцамі, а таму ўдары былі хоць і балючымі, але слабымі. На яго наваліліся двое, пачалі зьвязваць рукі за сьпінай, а “малеча-лідэр” паваліў і цягнуў Марыйку ў намёт. Яна крычала, вырывалася, і калі ён памкнуўся быў да яе – атрымаў удар ці не паленам нейкім па галаве і страціў прытомнасьць......У апошнія імгненьні яму падалося, што ён сьпіць. І нават сьніць (ці ўжо – адсьніў) нейкі сон. Дужа цьмяны, няпэўны, незапамінальны. І вось ён прачынаецца... Але спаў ён у дзіўнай паставе, нязручнай: ногі закляклі, шыя баліць не павярнуць... Ён расплюшчвае – з неймавернай, неверагоднай цяжкасьцю – вочы: так і хочацца прадраць іх рукамі, пальцамі... рукі ня слухаюцца... першае, туманнае, як між сьлёзаў, сьвятло – вакол дзень, ня ноч і ня раніца, хутчэй другая палова дня, паварот да вечару. І ляжыць ён ня ў ложку, а на траве, на беразе нейкае вады – возера ці рэчкі... Ён падымае галаву, сядае, пазнае свой намёт і пачынае прыгадваць, што было: так, яны прыйшлі сюды раніцай з... Марыйкай... А дзе МАРЫЙКА?!! – ледзь не крычыць ён, хоча ўскочыць, каб агледзецца, і зноў падае, амаль губляючы прытомнасьць. Мацае галаву – на пальцах кроў, а ў левай руцэ – крывавыя, прыліплыя да далоні, прыкарэлыя кроўю... жаночыя плаўкі... Што я нарабіў? Хто гэта зрабіў!!! Ён ступае некалькі крокаў наперад, да вады, і раптам бачыць Марыйку – жоўтую пляму ейнага цела... Ён жахаецца, падае на калені і паўзе да Марыйкі, паўзе, абапіраючыся на рукі і рукамі падцягваючы сваё непаслухмянае цела. Як яму хацелася б, каб Марыйка проста спала... каб была яна – жывая, але – уся яе пастава, голая, ненатуральна скурчаная... І гэтая кроў закарэлая, карычнева-чырвоная на жываце, на клубах... І яна – ня дыхае... не... не... не... Ён прыпаў вухам да аголеных грудзей – і пачуў, што сэрцайка б’ецца... Кінуўся да вады, набраў прыгаршні, але пакуль данёс – уся яна вылілася, зьбегаў яшчэ раз, шчыльней сьціснуў далоні, і выліў на вусны Марыйкі колькі кропляў вады. Потым пачаў яе трэсьці яе за плечы: ачніся, ачніся, ачніся... І яна расплюшчыла вочы...
...Што было потым. Анічога. Сяк-так яны абмылі кроў, апрануліся, ня гледзячы адно на адное, моўчкі, нібыта саромеючыся, сабралі рэчы, намёт, пайшлі на станцыю. За ўсю дарогу не перакінуліся ні словам. Марыйка толькі дрыжэла, усё не магла сагрэцца. Калі прыехалі ў Менск быў вечар – што добра, бо людзі не зважалі на іх – узялі таксоўку... Калі разьвітваліся ля пад’езду – Марыйка заплакала... Ён пастаяў трохі побач, а потым павярнуўся і пайшоў... А што ён мог зрабіць? Супакойваць яе – дык любыя словы выклікалі б толькі істэрыку...
Не… не…. не….. не…… не………
Гэта цяпер ён думае, што так было. Каб апраўдацца. Каб апраўдаць сябе, сваю слабасьць, ды што там – здраду і маладушша. Бо было ўсё зусім ня так. Было нашмат прасьцей…
Хлопцы і сапраўды падыйшлі нечакана. З вудамі, трохі п’яныя. Трое, самы старэйшы, “лідэр” – невысокі, зусім курдупель. Пачалі пажартоўваць з іх зьмерзлых. Але па-добраму. Прыселі побач. Параілі яму, дзе можна рыбу павудзіць, калі захоча. Паказалі злоўленых карасікаў – яшчэ жывых, жвавых: як сьмешна трапяталі яны ў яе руках, пырскаючы на шыю і грудзі дробненькімі кропелькамі празрыстае вады… Дасталі пляшку. Выпілі. Самі. Іх з Марыйкай запрашалі, але яны адмовіліся. Усё нейк без напружаньня, натуральна. Хоць і хвалявала яго тое, што прыйшлі гэтыя хлопцы, што сядзяць тут… Нібыта прадчуваньне, што ўсё гэта можа дрэнна скончыцца для яго. Прадчуваньне? Гэта цяпер ён, зноў жа, шукае апраўданьня сабе. Ніякога прадчуваньня не было. Выпітага хлопцам падалося мала. Звычайная справа. “Слухай, – зьвярнуўся да яго “лідэр”, – а ці ёсьць што ў вас? Сядзіце, дрыжыце… Давайце пагрэемся. Ну, даставай, гарэлку! Шкадуеш? А ну – паказвай!” У яго гарэлка была. І яму не шкада яе было. Але тон, з якім прамаўляў “лідэр”, яму не спадабаўся. Захацелася агрызнуцца. А п’яным ці шмат трэба? Карацей, далі яму ў рыла раз-другі і прапёрлі да электрычкі. Ён ускочыў у вагон і паехаў да Менску, а яе, Марыйку, так атрымалася, пакінуў адну з чужымі мужчынамі…