Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Праклятыя госці сталіцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

Воплескі належалі Макараву – ён парадным крокам выйшаў да залі са свайго ўкрыцьця, і мікрафон, які ляжаў на стале, паслухмяна разносіў па кутох ягоныя злавесныя самотныя аплядысмэнты. Алега пасадзілі ў першым радзе. “Хачу папрасіць прабачэньня”, – глуха прамовіў адзін з братоў, хаваючы вочы, і падсеў да сваёй ахвяры, зашаптаў нешта на вуха. Макараў спыніўся ў кроку ад застылага ў нямым жаху шэрагу здранцвелых гледачоў.

– Такім чынам: Панацэн-гель. Спадзяюся, што ніхто цяпер не сумняецца ў эфэктыўнасьці прэпарату?

Можа быць, мне падалося, але першы рад гатовы быў укленчыць перад Макаравым, і толькі дабрадушны жэст апошняга пакінуў людзей на сваіх месцах.

– Вось і добра. Панацэн-гель. Я гутарыў перад пачаткам нашай прэзэнтацыі з адной дзяўчынай, якая прыйшла сёньня да нас з праблемай даволі інтымнай. Ня будзем доўга круціць:

бедная Кацярына ня мае дзяцей, хаця вельмі б хацела. Як, зрэшты, любая сапраўдная жанчына. Вы, я бачу, ужо здагадваецеся, што я маю на ўвазе?

Позіркі дзесяткаў людзей забегалі па паверхні залі, аддана й мітусьліва выкрываючы няшчасную Кацярыну. У рэшце рэшт тая была ўпаляваная – шырока адплюшчаныя вочы глядзелі на Макарава пакорліва й страшна: так, відаць, глядзелі калісьці на Распуціна вочы пецярбургскіх жанок з вышэйшага сьвету.

– Я правільна расказаў? – бесклапотна спытаў Макараў, іранічны як рулетка ў казіно. – Сутнасьць праблемы пададзеная без скажэньняў?

Кацярына намагалася нешта сказаць, народ цярпліва чакаў, але ў выніку дачакаўся адно згоднага кіўка.

– А муж... – Макараў двума пальцамі ў роздуме пачасаў сабе падбародзьдзе і спакушальна пасьміхнуўся. – Муж... Ён сёньня з вамі?

Кацярына зноў кіўнула, а побач зь ёй павольна вырас бугай гадоў трыццаці, чырвоны як крывяная каўбаса. Браты Макарава тымчасам хуценька ўзводзілі каля стала лёгкую скрыню са зборных блёкаў. Макараў падыйшоў да Кацярыны, дапамог ёй выбрацца да сцэны, парукаўся з супругам, які ўсё не падымаў галавы.

– Вось, вось, – сужонству былі ўручаныя пакецікі. – А цяпер міласьці просім. Гэта, натуральна, ня рай у шалашы, аднак перачакаць летні дожджык тут можна. Калі ласка.

Кацярына і яе сарамлівы муж па чарзе, спатыкаючыся й ледзь ня плачучы, залезьлі ў скрыню. Макараў зачыніў за імі дзьверцу.

– І не забудзьце: Панацэн пачынае дзейнічаць імгненна, – весела пракрычаў Макараў ў шчылінку. Пакуль Кацярына з мужам бавілі час у скрыні, ля стала быў наладжаны продаж Панацэну й запіс у шэрагі працаўнікоў фірмы. Чарга зьмяёй вілася па ўсёй залі, і мы бачылі суцэльны рад людзей, што стаяў ад сьцяны да сьцяны. Было відаць, што размаўляць ім няма пра што, і людзі маскавалі разгубленасьць ненатуральна гучнымі галасамі. Толькі першыя двое гасьцей набылі па камплекце Панацэну й, разглядваючы пакеты быццам ня вельмі гідкіх, аднак буйнога памеру інсэктаў, адыйшлі да кінаэкрану, як Кацярына вызірнула са скрыні.

81.

– Куды? – усклікнуў Макараў. – Не, так ня пойдзе. А ну назад. Нават шчокі не пачырванелі. Што гэта за сабатаж. Муж! Паболей ініцыятывы!

Ён зачыніў дзьверцу й строга паляпаў па ёй кулаком.

– На Панацэн спадзявайся, але... У першую чаргу ўсё залежыць ад чалавека.

Кацярына выйшла хвілін празь дзесяць. Асыстэнтка Макарава, якая запісвала ахвотных стаць распаўсюднікамі, зачыніла ноўтбук. Браты з ухмылкамі пачалі разьбіраць скрыню, не дачакаўшыся, пакуль муж вылезе адтуль, і таму няшчасны заблытаўся ў дошачках, нібы ў нагавіцах. Макараў схапіў мікрафон.

– Раз!

Натоўп неўразумела глядзеў на яго.

– Два!

Кацярына ўстрывожана паспрабавала схавацца за сьпіной мужа, але той нечакана вырваўся й чамусьці паправіў прарэх.

– Тры!

Погляды ўсіх былі скіраваныя на Макарава, але вось адзін паважны мужчына ў кепі, што прысеў, стаміўшыся стаяць у чарзе, раптам выкінуў руку ў фашыстоўскім прывітаньні:

– Глядзіце!

Жывот Кацярыны рос на вачах. Надзьмулася блакітная блузка, прыпухлі грудзі, затрашчалі гузікі. Кацярына ў паніцы завыла нешта ў твар мужа, а той махаў бязладна рукамі, круціў галавой і апырскваў сьлінай абалдзелых прысутных. Макараў стаяў зусім блізка, выціраў вільготнай сурвэткай твар і паўтараў з усьмешкай сабе пад нос: “Ад Баранавіч да Слуцку...”. Людзей калаціў экстатычны азноб, знаёмы нам Міхаіл Міхайлавіч гучна пляскаў у шырокія далоні, частымі паваротамі натрэніраванага торсу заклікаючы ўсіх далучыцца да трыюмфу. Нарэшце муж уцяміў, у чым рэч, і таропка пачаў расшпільваць гузікі на круглым жончыным жываце са сьвятым знакам ужо адпаведна падрыхтаванага пупка. Аднак зусім хутка Кацярына рухнула на крэслы, і мэдсястра ў чарговы раз вымушаная была ўзяцца за справу.

– Мне блага, – сказаў я гучна. – Я пайду.

Ніхто з суседзяў не зьвярнуў на мяне ўвагі. І мэлянхалічна перабірала свае пацеркі, а Мінус, асабліва непрыгожы ў чырвоным сьвятле, задаволена

крывіў свае марынаваныя губкі. Навошта ён усё гэта зладзіў? А чаму б, уласна, і не? Нехта ж вось піша раманы, а нехта прадае ўчасткі на Месяцы пад лецішчы, а нехта капаецца ў асырыйскіх прыбіральнях. І ніхто не знаходзіць гэта настолькі экстравагантным, каб пакласьці сябе ў дыплямат і адправіць па пошце ў вар’ятню. Пралетар дапальваў нейкую танную й сьмярдзючую цыгарэту, мой сусед спаў, а маленькі закрыў твар рукамі. Я пераступіў цераз сьпячага й, прашалясьцеўшы на разьвітаньне палоскамі жалюзі, спусьціўся ўніз. Воран на стале ў дырэктарскім кабінэце ажывіўся пры маім зьяўленьні, заварочаўся на месцы, сутаргова заторгаў галавой, замалаціў дубовай дзюбай аб сьпінку крэсла. Я запаліў і выйшаў на двор. Нейкі стары тырчэў каля службовага ўваходу – я ледзь ня зьбіў яго з ног. Кадык ягоны затросься, аднак мне было не да высьвятленьня адносінаў або прабачэньняў. Я сеў у сквэры, ды толькі асьветленае вакно ў кабінэце Мінуса прымушала мяне абарочвацца на гэты дом зноўку й зноўку. Хацелася паліць, я даставаў цыгарэты, забываючы, што толькі што паліў. Хутка пад маімі нагамі бялеў у прыцемках цэлы вывыдак галодных пералётных недапалкаў.

І момант насьпеў. Уваход у кінатэатр адчыніўся, і адтуль, даносячы аж да мяне сваё маўклівае ўзбуджэньне, паваліў натоўп. Ніхто не зважаў адно на аднога. І калі трамваі чарадой, як гэта водзіцца ў іх пасьля дзесяці вечару, пачалі скасоўваць цені на прыпынку, нядаўнія акторы матэрыялізоўваліся ў трамвайных вокнах, і я бачыў: яны не падыходзяць адно да аднаго, яны разьязджаюцца па розных раёнах гораду і развозяць з сабой сваю таямніцу. Разам з загадкавым пакетам. І толькі зьніжка грэе ім вывернутыя навыварат душы.

За шклом мінусаўскага кабінэту зьявіліся постаці. Я бы, можа, правароніў іх, калі б нехта не зароў недалёка ў кустох мацерную песьню. Я павярнуў міжволі галаву, і асьветленае вакно адразу ж прасыгналізавала: яны выходзяць. Аднак ні праз хвіліну, ні празь пяць, ні празь дзесяць са службовага ўваходу так ніхто й ня выйшаў. І я, злосна пасьміхаючыся сам зь сябе, бо кот зь мяне проста ніякі, пракраўся да дзьвераў. Яны ўсё яшчэ былі адчыненыя. Я зноў нырнуў у цемру калідору, навобмацак знайшоў дзьверы ў дырэктарскі кабінэт, асьцярожна адчыніў. Воран чысьціў пер’е, павёў на мяне вокам. Я прыклаў да вуснаў палец, і ён паціснуў гарбатымі плячыма. Ціха ступаючы, я перасек пакой і зноў падняўся па лесьвіцы. Нічога не ўказвала на тое, што мяне нехта чуў. Перад уваходам у нашу чырвоную глядзельную залю я спыніўся. У шчыліны мне было відаць, што яны й праўда не разыходзяцца, праклятыя тэатралы, сядзяць вакол І, паўколам, і музыка ўжо сыйшла ў пясок, толькі яшчарчын яе хвосьцік застаўся на паверхні, вінным булькатам, перастукам гліны, шолахам нячышчанага зерня. Яны ўсе ўтаропіліся на І, і я ня бачыў, што тоіцца ў іхных вачох – пытаньні, адказы, загады, юрлівасьць? Няведаньне дражніла мяне, спакутаванага за сёньняшні вечар, зьнявечанага й дзіўным чынам ашчасьліўленага... Я закрыў адно вуха, каб пачуць, пра што вядзецца іхная ціхая размова, і тут у другое мне маркотна прамовілі:

– Праходзьце. Будзьце як дома.

Я адхіснуўся й з размаху сеў на прыступку. На парэнчах менш чым у мэтры ад мяне сядзеў Назар Мінус і матляў нагамі. Ад яго пахла нядаўна зьедзенай піццай з грыбамі. Ён з уздыхам саскочыў, узяў мяне за руку й правёў у неправетранае пакуль памяшканьне. Ніхто, здавалася, не заўважыў нашага зьяўленьня. Мінус усадзіў мяне побач з пралетарам і сунуў сваю сухую руку:

– Знаёмцеся.

ЧАСТКА ВОСЬМАЯ

Дзеючыя й нядзеючыя асобы

82.

У пятніцу мы зь Вікай сустрэліся на адной з тых ціхіх вулак, якія хаваюць за сваімі мілымі густымі шатамі праспэктны тлум. Наша часовае растаньне пайшло ёй на карысьць – я зь цяжкасьцю пазнаваў у гэтай дагледжана-драпежнай, з бліскучымі вачыма-манэтамі дзяўчыне сваю колішнюю спадарожніцу жыцьця, змораную ад штохвіліннай барацьбы за выкананьне нормы на маіх панылых рудніках. Яе сьпіна стала прамой нібы тэлевежа, яе пазногці былі пафарбаваныя кроўю ўспамінаў, яе думкі лёгка затоптвалі мае бедныя, абсалютна нецікавыя рэфлексіі. Мяркуючы па ўсім, курс рэабілітацыі ў бацькоўскім доме быў закончаны – пасьля першых жа асьцярожных словаў, якімі мы абмяняліся, мне стала зразумела, што дома яна цяпер бывае рэдка, усё больш курсуе па горадзе і ягоным чырвоналіхтарным навакольлі. Шукае.

Поделиться с друзьями: