Праклятыя госці сталіцы
Шрифт:
Самотная фігура, якая адразу ж спавілася павуціньнем паглядаў, узьнялася ў цэнтры залі. Гэта быў, калі я яшчэ ня страціў на той момант здольнасьць адэкватна ўспрымаць рэчаіснасьць, той самы Алег, якога мы бачылі ў першай дзеі.
– Задзяўбло слухаць усю гэтую фігню, – сказаў ён ціха, відавочна палохаючыся ўсеагульнай увагі. – У мяне мазгі яшчэ на месцы.
– Прашу вас, на сцэну, прашу, – замітусіўся Макараў. – Адчуйце на сабе цудоўную моц Панацэн-тоніку.
– Ды пайшлі вы, – дрыжучы ад уласнай сьмеласьці, Алег бачком пачаў прабірацца скрозь рады. Макараў паўтараў свае закляцьці, але яго ніхто ня слухаў – заля, ды й мы ўсе напружана сачылі за перамяшчэньнем Алега да выхаду. Вось што значыць эфэкт суперажываньня. Дзяўчо за сьпінай
А насустрач яму з запаветных дзьвераў выйшлі двое маладзёнаў, настолькі падобныя да Макарава й тварамі, і адзеньнем, што іх можна было прыняць за братоў. Алег, апусьціўшы вочы долу, паспрабаваў прайсьці паміж імі, аднак браты самкнулі плечы, і калі бунтоўнік бездапаможна забарахтаўся ў іхных абдымках, вішчачы нешта прадказальнае й таму нецікавае, маладзёны сталі выкручваць яму рукі. Музыка зьнянацку сьціхла.
– Ну добра, – віскліва прамовіў пакамечаны трохкутнік, які браты трымалі цяпер беражліва, як санітаркі, сагнуўшы галаву Алега, тым ня менш, амаль да падлогі. – Добра. Давайце мне вашу мазь.
Браты разамкнулі свае абдымкі, і Алег, абтросшы зь сябе наліплыя рэшткі суворых дотыкаў, зрабіў крок да сцэны. Макараў адкрыў рот, каб сказаць чарговае глупства, аднак Алег нечакана спыніўся.
– А што гэта ў вас там за сьпінай? – ён падазрона выцягнуў зацеклую пасьля такога незвычайнага масажу шыю. – Вось там, з зубчыкамі. Мы маем права ведаць.
Макараў незадаволена і хутка азірнуўся, нібы паспрабаваў паглядзець на падэшвы сваіх чаравікоў, і ледзь ня ўпаў, браты ягоныя таксама як па камандзе павярнуліся да сцэны. Алег стартаваў зь месца так імкліва, як быццам на яго абрыналася столь. Я са зьдзіўленьнем заўважыў, што мае пальцы мёртвай хваткай учапіліся ў запясьце І. На ім даўно мусіла выступіць кроў, аднак І сядзела як ні ў чым не бывала – не раўнуючы сфінкс. Я перавёў свае запаленыя вочы на Назара Мінуса – цяпер я здагадаўся, што гэта ён. Мінус адказаў мне, упершыню за вечар, трыюмфуючым паглядам. “Які банальны, стары як сьвет тэатральны прыём”, – казалі ягоныя вочы, – “Які выдатны, які непараўнальны, звышталенавіты, цудоўны Штамп!”. Я ўсьміхнуўся ў адказ ягонаму захапленьню.
Алег ужо дабег да выйсьця і, не ўпісаўшыся крыху ў паварот, наляцеў на дзьверы, калі адзін з братоў, нясьпешна й дзелавіта, выдастаў аднекуль са сваіх цёмных голеных глыбіняў доўгі нож і па-бутафорску выкшталцоным рухам даслаў яго ў бок уцекача. Алег азірнуўся й зь дзіцячай, яснай усьмешкай абрынуўся на касяк – далонямі наперад, выставіўшы ўверх брудныя пазногці. Нож тырчэў з-пад ягонай лапаткі. Назара Мінуса сатрасаў нячутны сьмех. Публіка ў залі вохнула й кожны, далібог кожны падскочыў на месцы. З нашага ўкрыцьця гэта нагадвала стадыён. Алег марудна асядаў на падлогу, пакуль яшчэ не абмяклы, іржавая, але дзейная яшчэ спружына, якую працялі трэсачкай. Па-над мячом калыхалася, непазьбежна заміраючы, сетка, а заля выбухнула малітоўным “Ууу!”
79.
– Спакойна, – першы ўдар галоўнага голасу імпрэзы прыйшоўся міма, але Макараў яшчэ некалькі разоў паўтарыў гэтае слова, усё вышэй падымаючы ягонае крывое лязо, і ці тое ўсьмешка ягоная, якая ні на каліўца не зьмянілася з таго моманту, як ён узяў у рукі мікрафон, ці то пошлая чалавечая цікаўнасьць адыгралі тут сваю ролю, але людзі пакрысе сапраўды супакоіліся, і іхныя азадкі, якія ўзбуджана апусьціліся ў крэслы, засьведчылі, што адбылося нешта жахлівае, аднак дапушчальнае.
– Спакойна, – у апошні раз паўтарыў Макараў, пакуль ягоныя браты цягнулі Алега да сцэны. – Спакойна. Гэй, вы, жанчына, калі вы так верыце дактарам, то чаму вы прыйшлі сёньня да нас, махляроў і бандытаў. Хуткую, хуткую... Я вам расейскай мовай тлумачу перавагі Панацэну, а вы хочаце, каб сюды набеглі знахары ў белых халатах.
Назар Мінус моцна трымаў за
плечы аднаго з нас, самага невялічкага ростам. А той усё парываўся ўстаць – твар ягоны торгаўся, вочы рваліся з арбітаў, вусны выціскалі нейкае ашмецьце словаў. Назар Мінус глядзеў на сцэну. Асыстэнтка Макарава здымала з забітага кашулю.– Панацэн-гель, – Макараў узьняў над сабой нешта падобнае да ўпакоўкі ад зубной пасты. – Калі ласка. Хаця не... Паклічам усё ж сюды доктара. У каго-небудзь з прысутных ёсьць мэдыцынская адукацыя?
Жанчына, выгляд якой не пакідаў сумненьняў у яе прыналежнасьці да племені мэдсёстраў і лябарантак, баязьліва пасунулася да ахвяры. Праз хвіліну вэрдыкт быў вынесены. З прысутных у залі ў гістэрыцы білася толькі адна асобіна няпэўнага полу.
– А цяпер – глядзіце й вырашайце, хто на гэтай плянэце – махляр.
Асыстэнтка паволі ўцірала гель у прышчавую Алегаву сьпіну. Макараў прайшоў у кут і пачаў там гартаць нейкія паперы – хіба што ўгадваемы ў ценю, ён удаваў, што тутэйшыя падзеі аніяк яго не датычацца. Людзі з задніх радоў прыўсталі, каб было лепей відаць, і нам засталіся толькі прагныя сьпіны. Я глынуў віна, зірнуў нарэшце на свайго суседа – і ледзь не падавіўся. Той спаў, і І клапатліва папраўляла коўдру на ягоных нагах. Храп суседа, які не прымусіў сябе чакаць, умомант разбурыў усё цудоўнае ачмурэньне, створанае музыкай і той неімавернай карцінай, што з такой жудаснай пасьлядоўнасьцю разгортвалася перад намі ў апошнія некалькі гадзінаў. Калі І прыбрала ад мяне сваю тонкую вар’яцкую руку? Я нават не заўважыў, калі гэта адбылося.
Нечакана, адчуўшы, як адхлынаюць ад галавы музыка і астатнія выдумкі Мінуса, я ўбачыў сябе аднекуль зьверху – пабачыў і не пазнаў спачатку. Хударлявае цела, якое зь невядомай прычыны сядзіць па гэты бок празрыстага экрану й назірае за тым, як іншыя людзі прасыпаюць свае жыцьці, нібы кішэні іхных лёсаў працерліся да дзірак, нібыта дзён у гэтых кішэнях – бясконцая колькасьць, нібы гэта – бяздонныя кішэні, прасыпаюць бестурботна, хаця лічаць, што іх сатрасае штохвіліны стрэс за стрэсам. Быццам у залі, што раскінулася перада мной і маімі дзіўнымі суседзямі, у самым разгары першынство па нейкім бязглуздым відзе спорту: чэмпіянат гораду па гульні ў кампутарны кёрлінг. І нашыя позіркі на працягу вечару прыслоненыя да вялізнай, квадратнай патыліцы усёй гэтай марнатраўнай грамады, што ўселася каля кампутару й б’е пальцамі па кнопках у імя танных, несапраўдных перамогаў. І калі чалавечая грамада, гэтыя восемдзесят нашых суайчыньнікаў скончаць матч, патыліца павернецца й нам у вочы зазірне твар – тады пільныя, напружаныя нашы позіркі палятуць у нішто, і мы разам зь імі.
А пакуль што – мы глядзім на Іх, а Яны ня бачаць нас. І музыка працягваецца.
80.
Людзі ў залі хрысьціліся, а Алег усё ніяк ня мог падняцца – ён стаяў на каленях і як п’яны матляў галавой. Асыстэнтка выцерла нож, загарнула ў сурвэтку й схавала ў стол. Макараў у гэты час, застаючыся ў цені, выгаворваў братам, і тыя вінавата махалі рукамі, не забываючы між тым зь цікавасьцю паглядваць на сваю ажылую ахвяру. Ніхто з прысутных не садзіўся. Вочы Назара Мінуса блішчэлі. Я нагбом выпіў віно й наліў сабе яшчэ.
– У вас тут можна паліць? – запытаўся я шэптам у І і не дачакаўся адказу: яна толькі безуважна абвяла поглядам нашае пякельнае памяшканьне: па ім бруіўся дым шматлікіх духмянасьцяў, і маё пытаньне й сапраўды прагучала недарэчы.
Ён падымаўся грузна, як цяжкаатлет уздымае, штурхае па-над сабою штангу, і заля напружана сачыла: ці здолее. Адна нага, другая, жаласьлівае торганьне прэсам, нэрвовы цік пляча – і хутка герой дня зьбянтэжана, нібыта не пазнаючы, вывучаў вачыма залю. Нехта запляскаў, іншыя пачалі храсьціцца яшчэ больш апантана. Жанчына, якая мацала Алегу пульс, ляснулася, страціўшы недзе ў праходзе паміж крэсламі прытомнасьць. Асыстэнтка падбегла да яе, расштурхала мітусьлівых суседзяў, выдастала бутэлечку з Панацэнам і уваткнула мэдсястры паміж вуснаў.