Сцюдзёны вырай
Шрифт:
Урэшце, ён даслаў тэкст. Я не буду распаўсюджвацца тут пра якасці, бо занадта шмат сказаў на гэты конт у інтэрв’ю, якія папярэднічалі вылучэнню. Так, мне сорамна, сорамна, бо цяпер, калі сталі зразумелыя праўдзівыя матывы літаратурных заняткаў Вілаў, выглядае, што тэкст не толькі «геніяльны», як паўсюль трышчаў я, але ж вельмі пасрэдны. Ну так, чарговая гісторыйка кахання. Чытво для слязлівых жанчын. Але ж зразумейце і мяне: нам трэба было штосьці супрацьпаставіць шумнай ды зусім не літаратурнай славе аднаго рускамоўнага выскачкі, які за грошы маскоўскіх карпарацыяў паспрабаваў загіпнатызаваць ды зачараваць беларускага чытача сваёй нібыта забароненай кніжачкай, узлезці на пастамент, на якім павінны стаяць беларусы. Беларусы, а не ён! Трэба было адказаць гэтай арміі дэманаў, за спінамі якіх — прывіды Пятра, Суворава, Мураўёва, ды адказаць адразу ўсёй грамадой, супольна, паказаць, што ў нас ёсць вартасныя беларускамоўныя тэксты. І што нават калі амерыканец здольны напісаць раман па-беларуску, дык што казаць пра тых беларусаў, якія блазнуюць, што не могуць засвоіць мову, небаракі! Цяпер робіцца зразумелым, што мае лепшыя
Вілаў растлумачыў мне, як працаваць з тэкстам: першая яго частка павінна была быць меней дасканалай у стылістычным плане, утрымліваць больш памылак нават пасля рэдагавання ды карэктуры, каб прадэманстраваць, як ён выказаўся «паступовае ўзыходжанне аўтара па прыступках валодання мовай» (штыль!). Я выпраўляў ліст за лістом, дасылаў яму, ён часцей за ўсё бясспрэчна пагаджаўся — вось тут была яшчэ адна прыкмета таго, што гэты тэкст напісаны не для літаратуры, што гэты тэкст — адна суцэльная спецаперацыя, бо ніколі аўтар не пагаджаецца маўкліва з тым, як хірургічна ўдасканальвае рэдактар ягоны шэдэўр. Вілаў жа спрачаўся толькі тады, калі размова заходзіла пра дэталі, прынцыповыя не для літаратуры, а для таго сцэнару, у які быў убудаваны гэты тэкст. Памятаю нашую доўгую палеміку аб тым, ці варта пакідаць дэталёвае апісанне вуліцы, на якой ён жыве, даваць такія шматлікія, аж да анёлу над варотамі, указанні, як яго расшукаць: я не разумеў, што ўсё гэтае было прынадай, вабай, якую ён рассейваў па тэксце на той выпадак, калі ахвяра спужаецца прамога запрашэння на спатканне ды будзе шукаць яго ўпотай (трэба разумець, што і ў «хаце» «Вілаў» яе таксама чакалі, як чакалі і ў кнігакавярні, у акадэміі мастацтваў — выглядае, што ў Вільні прапісалася значная частка «чакатараў»: які размах палявання, не па-беларуску шырокі размах, ці не так?
Я пакінуў у тэксце фрагменты нашай камунікацыі з аўтарам. На момант публікацыі яны мне падаваліся цікавымі рысачкамі да новаспечанага шэдэўра. Цяпер яны разумеюцца найперш як доказ, як партрэт сцежак, па якіх блукала яго мысленне падчас працы над пасткай. Усе яго «неразуменні» ды моўныя «няздольнасці», якія выйшлі на паверхню, былі пабачаныя публікай, выглядаюць як выпадкова пакінуты на месцы тэракту чарцёж выбухоўкі, чарцёж, па якім можна зразумець нешта пра асобу смяротніка. Давайце ж возьмемся за фрагменты нітак, пакінутых Тэсеем у Лабірынце, ды паспрабуем прайсці па іх да Мінатаўра. Я спыняю расповед уласна пра знешнасць ды паводзіны Вілаў і пераходжу да аналізу гэтага паршыўца на больш тонкім узроўні — на ўзроўні тэкстуальным.
Карціць даць у друк чарнавік, аналізаваць не выпраўлены тэкст, а менавіта першапачатковы вырыянт, кудлатасці якога больш яскрава пацвердзяць усё тое, пра што я павяду размову. Але калі я зраблю так, мае зайздроснікі папракнуць мяне, што я сам прыдумаў моўныя хібы, пра якія пішу. Таму фундаментам для аналізу будзе надрукаваны ў «Ахрэме» тэкст, у якім ніхто нічога дзіўнага, здаецца, не пабачыў.
Спачатку сюжэт. Недзе на ўскрайках Стамбулу да Насты, якую шукаюць усе д’яблы Пекла, падыходзіць чалавек, які робіць выгляд, што ён гэтаксама, як яна, заблытаўся ў пошуках музея, у якім выстаўлены Шагал. Чалавек мае схільнасць да лішняе вагі і павінен выглядаць тыповым амерыканцам (яшчэ адзін чыннік адпрацоўваць віленскую ды стамбульскую часткі аперацыі двума рознымі «акторамі» — таго, першага, англамоўнага, прыйшлося б вучыць беларускай мове, а не факт, што ён быў да яе здольны!). Я правяраў праз Сеціва: у той год, калі паўсюль слухалі «Кросфайрз» Флаўэрса, сапраўды ў Стамбуле праходзіла выстава Шагала. Але ж гэта было залішнімі высілкамі з майго боку, бо сапраўднасць выставы пацвярджалася хаця б тым, што Наста маўкліва пагадзілася з тэкстам, у якім выкладалася менавіта такая гісторыя іх знаёмства, адрэагавала, прыехаўшы ў Вільню.
Ці можам мы паверыць, быццам проста так супала, што Вілаў трапіў у тое ж «Гюстэпа», што і Наста? Што два чалавекі ў адзін і той жа час, па хвілінах ды секундах, апынуліся ў адным і тым жа — няправільным — месцы? Што яны памыліліся ў адным і тым жа кірунку? Ці, хутчэй, выглядае, што за ёй сачылі ды проста выкарысталі яе памылку як нагоду для таго, каб падкінуць ёй Вілаў? Ці нават стварылі гэтую памылку з дапамогай «выпадковага» «дарадцы», які накіраваў яе не туды? Тэкст сцвярджае, што Вілаў наблізіўся да яе таму, што ў яе далонях быў запрашальнік на выставу. Хто і дзе ёй яго даў? Ці не прадстаўнік усёй гэтай гоп-кампаніі? Дарэчы, для чалавека, які знаходзіцца ў вышуку, які збег з радзімы ды павінен хаваць свае планы, даволі ненатуральна цікавіцца жывапісам. Тым больш, гойсаць па горадзе з запрашальнікам у далонях. Не веру! Чамусьці цяпер я ўяўляю сабе наступную сцэнку: Наста, пад паркай, згорбіўшыся, каб толькі не пазналі, выходзіць з падземкі ды сутыкаецца з доўбнем, які выглядае безабароннай істотай, і гэта ў Вілаў у далонях — запрашальнік, гэта Вілаў запытваецца ў яе, як прайсці, бо ён так згубіўся!
Заўважце, разлік у гэтым выпадку быў бяспройгрышны, бо зроблены з улікам індывідуальных асаблівасцяў Насты, ейнага памкнення дапамагаць усім і кожнаму. Хлопцы, якія зацягнулі яе ў гэтыя небяспечныя кварталы, добра ведалі яе біяграфію, ведалі пра той эпізод на плошчы, калі яна выцягвала групку збянтэжаных студэнтаў-птушанят з-пад шыхтоў АМАПу (як яе не замялі ў той момант? Але ж усё добра бачна на відэа, якое выкладзена на YouTube, бачна, як яна рыкае: «Не бегчы! Счапіцца! Адыходзіць павольна, разам!»). Зноў жа, адзначым, што з усіх іншаземцаў, якія маглі напаткаць яе там, у Гюстэпа, быў абраны амерыканец — прадстаўнік англамоўнай нацыі, ангельская мова — адзіная, якую Наста больш-менш ведае. Чаму — чыста статыстычна — яе не напаткаў француз? Ці немец, які ні слова
не разумеў па-ангельску? Ці не дзіўнае гэта супадзенне?Пройдзем далей па спісе супадзенняў. Англамоўны іншаземец, які патрабаваў дапамогі, апынуўся мастацтвазнаўцам, патэнцыйна найлепшым суразмоўцам пра Шагала. Нейкім дзіўным чынам гэты мастацтвазнаўца, спецыялізацыя якога — рускае мастацтва, амерыканец, у якіх усё грамадства трымаецца на вузкай спецыялізацыі, здолеў разважаць пра Шагала. Ці бывае так?
Заўважце, нават з тэксту вынікае, што Насту падчас сустрэчы турбавала пачуццё пераследу. Мы ўсе добра ведаем гэты прыкры халадок чужых вачэй на ўласнай патыліцы, які суправаджае гэбэшныя «праводкі» ды сачэнні. Яна магла не бачыць тых спецыялістаў, якія пляліся за імі ўслед, але ж яна адчувала іх. Мы ведаем Насту як моцную, узважаную асобу, якая б не стала істэрыць на пустым месцы. Сцэна, якая дэманструе нам прыпадак параноі, істэрыку, не магла ўзнікнуць проста з-за аслаблых нерваў — не такая Наста асоба. Яна бегла, яна спрабавала схавацца — схаваць сябе ды небараку Джона, не разумеючы, што менавіта ён і з’яўляецца чыннікам неспакою, што ён — той маяк, які наводзіць пераследнікаў.
Мы не можам цяпер даведацца, ці сапраўды той чалавек у кавярні прыйшоў за ёй, але ж сцэна з гандляром салепу нібы паўтарае тое, што адбылося пазней у Вільні (цяпер не ўсе дэталі літоўскай аперацыі вядомыя, але ж дакладна вядома, што яе стамбульская баязлівасць быць атручанай мела пад сабой рэзон). Скончылася ўсё менавіта шэкспіраўскім атручэннем (будзем спадзявацца, што далей у тым тэксце, у які афармляецца гісторыя Настынага жыцця, мы даведаемся пра падрабязнасці).
Джон расказвае ёй камічную гісторыю са сваёй «мастацтвазнаўчай» памылкай з Саўрасавым. На гэтай гісторыі трэба спыніцца асобна, бо яна з’яўляецца яшчэ адным доказам таго, што Вілаў — фэйк, робат, зроблены у сутарэннях КДБ. Справа ў тым, даражэнькія, што кошты на Саўрасава — нават на вялікія па памерах ягоныя працы, не адпавядаюць заяўленым у тэксце. Вілаў адзначае, што прадавец Саўрасава «быў суб’ектам паважаным, але набываць шматмільённы алей у Стамбуле і не праверыць яму ныркі ды лёгкія на рэнтгене было б непрафесіяналізмам». «Шматмільённы алей», вы заўважылі? А не здзівіліся? Я скажу шчыра, падчас працы над тэкстам не засяродзіў увагі, бо выглядала цалкам лагічна, што такія нахваленыя персаналіі з падручнікаў сапраўды ацэньваюцца ў мільёны. Але адразу пасля таго, як тэкст ціснулі, я атрымаў лісты ад знаўцаў беларускага мастацтва, якія выказвалі здзіўленне заяўленым коштам. «Саўрасаў не каштуе мільёны», —адзначалі яны. Я палез у Сеціва ды нечакана для сябе заўважыў, што апошнім часам на аўкцыёнах за гэтага рускага прапойцу не давалі больш, чым дзве-тры сотні тысячаў. Я тады яшчэ здзівіўся, навошта Вілаў так сказіў кошт. Потым працяла думка, што калі ўсё палатно каштуе толькі дзве сотні тысяч, дык пакупнік не прапанаваў бы камісію, памер якой дазваляў Вілаў боўтацца паміж ЗША ды Турэччынай, жыць у Стамбуле і гэтак далей.
Тлумачэнне знайшлося са скраданнем Насты: ніхто яго і не наймаў. А сцэнарысты гэтага «трылеру» не патурбаваліся знайсці больш адпаведную сусветнай кан’юнктуры попыту на мастацтва знакамітасць. Пры гэтым на павярхоўным узроўні зразумела, чаму яны абралі менавіта Саўрасава — апошні перыяд жыцця, калі той шмат піў, стварае добрую глебу для з’яўлення «не ўлічаных», згубленых «шэдэўраў». Але ёсць і менш павярхоўны ўзровень. Бо Саўрасаў — мастак рускі, а тыя, хто планаваў гэтую аперацыю, бадай, толькі ў рускім мастацтве і арыентуюцца (пра іх прыналежнасць гаворка пойдзе трохі ніжэй). Не хапіла ўзроўню агульнай адукацыі, каб пашукаць сярод фламандцаў: да таго ж, ім патрэбны быў мастак, які дазваляў вывесці Вілаў на размову пра Шагала, мастак, геаграфічна блізкі да Беларусі.
Хадзем далей. Падчас камунікацыі апынаецца, што Вілаў, які сустрэўся нашай гераіне «выпадкова», які «выпадкова» англамоўны, раптам яшчэ і беларус! Ці не зашмат ужо тут супадзенняў? Ці бывае так у жыцці, а не ў надуманым мастацкім творы? Гэты англамоўны беларус, да таго ж, паходзіць з родных Настыных мясцінаў. І зноў «выпадкова» ягоныя продкі некалі валодалі маёнткам, ля якога прайшло Настына дзяцінства.
Я магу ўявіць сабе, як планавалася гэтая аперацыя. Як у вялікім пакоі пад абразамі тых, хто не ведаў абразы, сабралася шмат людзей з надзвычайнымі выразамі на тварах. Як яны, нібы здані, шамоцячы кіцелямі, згрудзіліся над сталом, старамодным драўляным сталом, лак якога меў чарнавата-барвовае адценне засохлай крыві. У пакоі было смуродна, свяціла настольная лямпа пад зялёным каптуром, але ж не музейны экспанат ленінскіх часоў, а навадзел. Такіх лямпаў, з літаральным падабенствам да алейных інтэр’ераў з Дзяржынскім, апошнім часам шмат стала ў крамах, нібы прамысловасць стала афарбоўваць у фізічна наяўныя рэчы чыесьці ўспаміны ды прадаваць гэтыя фрагменты калектыўнай памяці зніклага пакалення па прывабных коштах у ГУМе. Не выключаю, кожнаму чэкісту, нават з аддаленых гарадоў, прыемна мець у кабінеце новаствораны сімвал той эпохі, своеасаблівае пацверджанне пераемнасці традыцыяў ды адроджанай атмасферы тых часоў.
Запавесы на вокнах былі напаўспушчаныя, па тварах мітусіліся цені: гэта нагадвала ўрачыстую цырымонію, зладжанаю патаемным згуртаваннем эпохі рамантызму («Філаматы і філарэты»), кожнаму з іх было прыемна быць яе часткай. На стале, на зялёным сукне, у шэраг былі налепленыя звычайныя жоўценькія паперкі «Post-it», на іх выпісваўся лёс Насты, які меў цяпер абрыс шыхту з маленькіх аркушыкаў. Першы быў падпісаны «незнаёмец», далей ішлі «сустрэча», «збліжэнне», «сяброўства», «каханне?» (са знакам пытання, бо ў такіх тонкіх матэрыях ніколі няможна быць упэўненымі, што пастка спрацуе ажно да пяшчоты, ажно да таго, што ў гэтым ведамстве называецца «рамантычнымі пачуццямі»). Далей ішлі яшчэ паперкі, якія вызначалі, як разгарнецца гэты сюжэт, і мы не можам быць упэўненымі, што адразу тут з’явілася «Вільня», не выключаю, першапачаткова план скрадання быў зусім іншым.