Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Восень пасярод вясны

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

— Ніч-чога не разумею, — Сыракомля глуха закашляўся. — Большую станцыю, па-мойму, цяжэй захапіць, чым меншую.

— Не майго гэта розуму справа. Я раблю толькі тое, што мне сказалі больш разумныя людзі,

— Хто? Твой Яцак?

— Не, ты не ведаеш іх. І я не ўсіх ведаю… Толькі не Яцак. Ён занадта асцярожны для канспірацыі. Хаця пра многае здагадваецца і дапамагае нам, калі я папрашу яго, вядома.

— Т-так! Значыць, і я павінен дапамагаць табе, ну, вам, вам, няхай будзе: вам. Вы гуляеце ў канспірацыю, а мне бяда!

— Гэта не гульня, гэта сур’ёзна! — пераконвала Галена. — І ад цябе нічога не патрабуецца. Толькі быць самім сабой. Каб

збылося яго ціхае жаданне і каб ён зразумеў, што ў Літве таксама жывуць людзі!

— Тады давай бліжэй да сутнасці! А то мы ўсё круцімся вакол… Гэты пан Талочка, спадзяюся, вярнуўся? Сказаў, каб лазню напалілі?

— Вярнуўся, сказаў. Цяпер ён у Астравец па ксяндза прыара паехаў. Яцак хоча заадно і крыж асвенціць. На тым месцы, дзе яго матка ад перуна загінула.

— Дубовы? На ростанях? Бачыў я, едучы сюды.

— Але нашто лазня? Касінскі паліць яе, а нашто — не разумею… Ды ты перакусі, а то галодны, пэўна, з дарогі. Налі сабе кілішачак. Паглядзі, якое віно для цябе знайшла!

— За чарку мяне ўшчуваеш, а сама ж мяне і спойваеш, — незадаволена бурчаў Сыракомля. Узяўшы бутэльку, ён наблізіў яе да блізарукіх вачэй, паспрабаваў прачытаць надпіс. — Ого! Калі мне вочы не хлусяць і калі гэта не танная падробка, то віно было разліта ў бутэлькі разам з падзеннем Бастыліі! Не, такое віно шкада піць аднаму. Вазьму яго лепей у лазню! Ты ж мне чаго прасцейшага прынясі. Якога ліквору ці сівухі.

Галена зноў знікла за дзвярыма буфетнага пакоя і праз хвілю вярнулася з распачатай пляскатай бутэлькай гданскай водкі, у якой на сонечным сяйве плавалі дробныя залацінкі.

— Мой кабечы розум адмаўляецца што-небудзь зразумець, То ты збіраешся бургунскае віно ў чорнай лазні піць?

— Пачакай, зараз усё зразумееш, — пасля кілішка гарэлкі да Сыракомлі вяртаўся лепшы гумар. І нават не пасля кілішка, а пасля таго, як ён зразумеў, што яму не прыйдзецца рабіць выбар: пачынаць з Галенай усё спачатку ці не пачынаць. У яе ёсць чалавек (Сыракомля пасаромеўся падумаць: «каханак»), ёсць сын. Яна зрабіла свой выбар. То і ў яго няма перад ёю ніякіх абавязкаў. — Уяві сабе, сэрданька, нядаўна мяне запрасіла ў свае Дабраўляны сама графіня Пузыніна! І як запрасіла! Мяне частавалі «кусам хлеба» пад дубам, прыбраным у гонар майго «Яна Дубарога» аленевымі і ласінымі рагамі, а таксама маім родавым гербам. А потым на памяць папрасілі пасадзіць клёнік.

— Прабач, што ў Анеліне не так цябе сустракаем.

— Але ж мне нічога і не трэба, — горача запярэчыў паэт. — Ёсць гданская гарэлка, ёсць сыр. Бачу цябе шчаслівай, — ён, здаецца, быў шчыры. — А пра Пузынаў я ўспомніў таму, што яны расказалі мне такую гісторыю. Неяк з Варшавы да іх прыехаў знаёмы, які таксама лаяў каўтунаватых ліцвінаў. То яны рашылі яго правучыць. Прывезлі пад лазню позна вечарам, каб палац не відаўся — у вас добра: Талочка сказаў, што лазня недзе ўнізе, адсюль не ўгледзіш… Дык вось, давялі да лазні і сказалі, што гэта іх хата і што лепшых у Літве не будуюць. Потым выхвасталі яго венікам, напаілі сівухай з мёдам і паклалі спаць у нейкую бакоўку. Сказалі: калі васпан захоча да ветру, то проша унь у тыя дзверы. Ну, счакаўшы хвілю, ён і пайшоў, пардон за празаізм, у адных сподніках па патрэбе. Адчыніў дзверы — а там яркае святло гарыць, стол шампанам і курапаткамі застаўлены, разадзетыя дамы сцішыліся. Французская мова гучыць. Выглянуў ён — і нехта «Паланез» Агінскага на клавесіне грымнуў.

— І ўсё ж прызнайся, Людвік, што гэта жорстка, неяк не па-літоўску. Я не хацела б такога з нашым госцем. Тым

болей, што мы на яго свае надзеі ўскладаем.

— А мы і не будзем здзекавацца, — Сыракомля паступова станавіўся такім, якім яна яго пакахала. — Выстаўляць у сподніках перад дамамі сапраўды жорстка. Ды і не выйдзе ў нас падобнае, нават калі б мы і захацелі: дзень, лазня, відаць, далёка… Мы зробім больш далікатна. Пад’едзе той леў з супрацьлеглага боку…

— Уброд праз Лошу? Пабойся, Людвік, бога! Вада вялікая.

— Нічога. Гэты ваш уладальнік герба Паўкозіч казаў мне, што не вышэй… Не вышэй калёс. Пад’едзе, значыць, да хаты. Там унізе яшчэ нейкая хата ёсць.

— Ага, Касінскіх.

— Ну от. Пад’едзе ён. Ты сустракаеш яго па літоўскаму звычаю з хлебам і соллю. Вядома, лепей было б, каб ты перапранулася ў сялянскае адзенне. Вышыванае якое…

— У Расолы прыйдзецца пасылаць. А можа, у кухаркі што ёсць.

— …І каб не адна ты была, а, да прыкладу, з той дзяўчынай, што мяне сустрэла.

— А што — прыгожая? Прызнайся, што запала ў сэрца.

— Не ў гэтым справа, — знецярплівіўся Людвік. — я нават не прыгледзеўся, як яна выглядае… Значыць, вы яго прывячаеце. Запрашаеце ў хату. Толькі трэба, каб у хаце бядота спалучалася з раскошай. Талочка сказаў, каб нанеслі туды дарагіх рэчаў?

— Але якіх, Людвік? Я не ведала якіх. Што тут можна ўзяць?

Сыракомля ўважліва павёў вачыма па салоне. Магутны стол з адной тоўстай нагой у выглядзе раздвоенай ільвінай лапы. Шырокая камода, у скрынях якой у выпадку чаго можна пераспаць. Клавікорд ля сцяны. Партрэты продкаў. Два люстэркі на супрацьлеглых сценах з падсвечнікамі па баках. На мармуровай калоне гадзіннік у форме сонца і з партрэтам Касцюшкі на цыферблаце…

— Хіба вось гэты гадзіннік. І люстэркі.

— Не трэба! — запярэчыла Галена. — Здымаць, а потым зноў вешаць! Я ўжо ведаю, што табе прыдасца. У свірне я знайшла сягоння старыя ўрэцкія люстэркі.

— Урэцкія? То амаль з маёй радзімы! З слуцкай зямлі.

— Там ёсць яшчэ старыя абразы. І статуэткі. І старое віно.

— Якраз тое што трэба! — узрадаваўся Сыракомля. — Загадай толькі, каб хутчэй перацягнулі ў хату Касінскага. Значыць, вядзём яго ў хату, частуем чым можам… Я нават два пірагі ў карчме ўзяў: адзін з рэдзькай, а другі з рыжыкамі. Вунь на крэсле ў кужалі ляжаць… А потым па мясцоваму звычаю вядзём яго ў лазню.

— Хто вядзе?

— Не ты ж, вядома. Я, твой Яцак.

— Не выйдзе. Ён цалкам пазбаўлены пачуцця гумару.

— Тады Талочка. Хаця не, ён таксама не падыходзіць. Натрапіць шляхецкая каса на панскі камень… Ну, добра, яшчэ падумаем, хто другі. Я не гавару яму, хто я. Прадстаўляюся яму, ну, скажам, як Варакомля. Дробны такі шляхетка! Забаўляю яго, паддаю пары. А потым, ушчэнт расчараванага, вядзём яго наверх, у гэты салон, на сапраўдны абед.

— І тут Варакомля ператвараецца ў Сыракомлю! — Галена пачала адчуваць смак ва ўсёй задуме.

— Не абавязкова. Я магу заставацца Варакомлем увесь вечар.

— Не выйдзе, — засмуцілася Галена. — Яцкавы сёстры, што прыедуць на пасвянчэнне крыжа, ужо ведаюць, што цябе запрашалі.

— Ну то папрасі, сэрданька, каб ім сказалі не выдаваць мяне за сталом, — Сыракомля нерашуча наліў сабе яшчэ кілішак.

— Можа, хопіць, Людвік? Я не шкадую, але ж твайму здароўю шкодзіць.

— Я ўжо выздаравеў, каханне маё, ад тваёй прысутнасці.

— Не гавары глупства. Я ж табе заўсёды псавала здароўе. Да вар’яцтва ледзь не давяла, — Галене нават не хацелася, каб яе абвяргалі.

Поделиться с друзьями: