Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Восень пасярод вясны

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

— Няўжо? А вершы, прысвечаныя маладзенькай і слічненькай акторцы Вандзе… як яе там.

— То ж толькі вершыкі. Табе я вершаў не прысвячаў — ну, толькі «Стэлу Фарнарыну» — і тым не менш… Павер мне, сэрданька, што пасля цябе ўсе жанчыны ўяўляюцца мне прэснымі і нуднымі. І ўвогуле сталі здавацца подлымі і здрадлівымі стварэннямі.

— Жанчыны? Ці жанчына?

— Усе! Без выключэння.

Галена нарэшце здагадалася зняць рукі з плячэй — цяжкія рукі. Глыбока ўздыхнула:

— І так ты гаворыш пра тых, хто дае людзям жыццё.

— Гэта адзінае, што апраўдвае ваша існаванне! Адносіны з вамі павінны засноўвацца

толькі на абавязку.

— Не гавары так прыгожа, Людвік. І так сумна. Сапраўды, няма на свеце нічога болей сумнага, чым грахаводнік, які раскаяўся ў сваіх грахах. Ён і ад іншых патрабуе раскаяння… Зразумей, дурненькі, калі б дзеці з’яўляліся на свет толькі па абавязку, свет даўно вымер бы. Мудра ўсё на зямлі прыдумана.

Інтанацыя апошніх слоў прымусіла Сыракомлю яшчэ раз уважліва прыгледзецца да яе аблічча. І як ён не заўважыў раней гэтых застарэлых жоўтых плям!

— Скажы, ты пасля нашага расстання… нараджала?

— Нараджала! — з выклікам сказала яна. — Хлопчыку паўтара года. Назвала Уладзіславам. У памяць пра цябе!

— Але ж… Не ўгаворвай мяне, што ён мой.

— Не хвалюйся, — выразна кпіла Галена. Адышоўшы да камоды, яна старанна папраўляла фрэнзлі на сурвэце. — Хіба вы абодва маглі мне падарыць дзіця? Адам не мог, а ты баяўся! А што жанчына без патомства? Сухая смакоўніца.

— А хто ж… Ну, хто гэты шчаслівы бацька? — выціснуў з сябе Сыракомля. І ўспацеў.

— Ён, — Галена неакрэслена кіўнула галавой у бок дзвярэй. — Гаспадар Анеліна Яцак Ляшчынскі.

— Малы Уладзіслаў таксама тут?

— Не. Не забывай, што я яшчэ нашу прозвішча Кіркора, што ён мне літасціва прысылае па пяцьдзесят рублёў у месяц. Даб’юся разводу — тады вазьму Уладзю да сябе. А пакуль што ён на Украіне. На Дзядзькаванні.

— Ну і чым жа, прабач мяне, каханне маё… — Сыракомля надрыўна закашляўся. — Чым жа пан Ляшчынскі пакарыў тваё сэрдайка? Ці яно ўжо так лёгка пакараецца..

— Не трэба, Людвік, паказваць свае кіпці. У мяне яны таксама ёсць. — Галена ўзяла з камоды бляшаны карабок, дастала адтуль доўгую папяроску ў рысавай саломцы, няўмела пацерла яе і, чыркнуўшы аб карабок сярнічкай, зацяжна закурыла.

— Ты — курыш?

— А што — толькі табе можна? — агрызнулася Галена. — Мы ж роўныя з вамі стварэнні. Калі вам можна, то і нам можна… Выбач за зласлівасць, але яно так! Ты вось пытаўся пра Яцака… Я разумею цябе, тваю зайздрасць: памяняць найпершага паэта краю на немаведама каго! Адкажу шчыра. У яго няма імя, славы. Але ёсць галава на плячах. У адрозненне ад вас, летуценнікаў, ён чалавек справы. Будуе масты для чыгунак, прыдумвае машыны. І ўмее кахаць. Для цябе і для Адама я нашто была патрэбна — каб вы ўва мне, як у люстэрку, бачылі самі сябе, эгаістычна любаваліся сабой. А ён кахае мяне дзеля мяне самой. Прымае такой, якой я ёсць. Неяк ён сказаў пра мяне: бог ты мой, калі б гэта жанчына кіўнула мне пальцам, я папоўз бы за ёю, як верны сабака! Я даведалася пра яго словы, кіўнула — ён папоўз за мной.

— Вы ўжо ўзялі шлюб?

— Які шлюб? — вымушана рассмяялася Галена. — Ён-то вольны, усё адну драму не можа забыць. А я ж лічуся замужняй жанчынай.

На панадворку пачуўся нейкі шум, гаворка. Галена збіралася выглянуць у акно, але тут раздаўся стук у дзверы, на парозе з’явілася расчырванелая Марыська і задыхана далажыла:

— Там нейкія паны прыехалі. Не ведаюць, што ім рабіць.

— Пэўна,

каторая з Яцкавых сясцёр. А мы пра галоўнае не пагаварылі… Займі іх чым, Марыська, скажы: зараз пан Яцак павінен прыбыць. Даўно яму пара… Хаця не, пра што ты з імі будзеш гаварыць. Знайдзі Мальвіну — няхай яна імі зоймецца. Пачастуе чым на скорую руку… Як жа я забыла! І ты, Людвік, пэўна, галодны з дарогі. Зараз, зараз, у мяне тут для цябе нешта ёсць.

— Дзякуй, каханне маё, я па дарозе ў карчму заязджаў…

— Зноў за старую праклятую звычку бярэшся, — з дакорам паківала галавой Галена. — Я бачу, што вочы твае ненатуральна блішчаць. І гэта ў час, калі ідзе змаганне за ўсеагульную цвярозасць! Ты ж абяцаў мне кінуць. І верш напісаў: «Хопіць, братцы, ліць шампана!» Зноў волі не хапіла…

— Не так волі, як смеласці. Баяўся я сустрэчы з табой, Галенка. Думаў, усё пачнецца спачатку. А тады…

— Дурненькі ты мой! Баяўся, значыць. Не бойся: што было, таго ўжо не вернеш. І я ўжо зусім іншая стала. Сустрэла ў Кракаве людзей, якія адкрылі мне вочы на свет. Навучылі, як жыць.

— Хто ж такі аказаўся разумнік?

— Тадэвуш Комар, сацыяліст. Іншыя. Яны не балбочуць, а нешта робяць. Разумееш: робяць. І мяне далучылі да справы, — Галена на момант выйшла ў буфетную, вярнулася адтуль з высокай цёмнай бутэлькай і талеркай з буйнымі кавалкамі сыру.

— Пасілься трохі! Абед будзе пазней…

— Значыць, ты, міленькая мая, і сюды па справе прыехала!

— Па справе!

— Ну, то, от, ведай, каханне маё, што ніякай сур’ёзнай справы табе даручаць нельга!

— Ты мяне крыўдзіш, Людвік.

— Крыўдзіш? А дзе ты схавала прывезеныя паперы, што супраць цара скіраваны? — Сыракомля раскашаваў, бачачы, як бляднее Галена. — У вуллі схавала! Навідавоку ўсёй вёскі!

— На якім відавоку, Людвікі Што ты чаўпеш? — сэрца Галены замерла ад жаху: няўжо Талочка? Тады — шантаж. Тады — канец. — Адкуль у цябе такія звесткі?

— Адкажы спачатку: праўду я кажу ці не?

— Ну, у пэўным сэнсе… праўду.

— Вось бачыш! Расказаў жа мне пра паперы п’яны мужык у карчме. За рубель абяцаў раскрыць, У якім караніку паперы схаваны.

— Бож-жачка! Гэта Гармаш ноччу выследзіў. І што ты яму адказаў?

— Сказаў, каб трымаў язык за зубамі. Бо інакш атрымае такую лупцоўку, што дзесятаму забароніць лезці ў чужы інтарэс!

— Малайчына! Адказаў што трэба. У мяне гэтыя паперы — каменем на шыі. Павінны па іх прыехаць, а не едуць.

— Хто? — зноў ажывіўся Сыракомля. — Свецкі леў з Беласточчыны?

— Не, каханы мой. Свецкі леў да канспірацыі не далучаны. І наўрад ці здольны бавіцца ў небяспечныя гульні.

— То чаго ж ён сюды едзе? Чаго ты мяне так паспешліва паклікала?

— Ён крэўны Яцака, даўно хацеў пабачыць Літву, спаткацца з табой… У нас жа, — Галена падкрэсліла гэтае «нас», — ёсць на яго свае разлікі. Хочам каб ён уступіў нам кавалак зямлі.

— Хочаш купіць? На цябе гэта не падобна.

— Не мне, — зашаптала па-змоўніцку Галена, — Не мне. А на разбудову станцыі Лапы.

— Што табе да станцыі Лапы?

— А тое, табе можна прызнацца, што мы хочам паблізу лясоў мець дзве вялікія станцыі — у Лапах і ў Парэччы каля Гародні. Уяві сабе: у губернскай Гародні будзе меншая станцыя, чым у глухім Парэччы. У выпадку паўстання іх лягчэй будзе захапіць у свае рукі.

Поделиться с друзьями: