Чужая бацькаўшчына
Шрифт:
— Во, малады, рваў, як толькi вылез… Самы яд. Але ж i варыць яго трэба знаць, няхай упрэе добра ў печы.
— Во, дзякую ж вам, — Алеся выкруцiла з хустачкi металiчны злот.
Упусцiўшы яго ў адтапыраную глыбокую кiшэню суконных, залапленых на каленях брычэсяў, знахар выйшаў з Алесяю на надворак, спытаў, прыплюшчваючы адно вока:
— А чыя ж вы будзеце?
Алеся прыпынiлася каля старых у сiвым моху веснiкаў, знiякавела, не ведаючы, казаць праўду цi не, i змахлявала, зарадаваўшыся сама сабе:
— З Лезнявiч я, лезнявiцкая!..
I скоранька завярнула за плот, выбiраючы па маладой,
Вярнулася да Iмполя ўжо асалавелая i змакрэлая, як мыш. I, мусiць, адразу зблажэла з твару. Закiроўваючы на дарогу каня i ўгледзеўшыся, як яна iдзе, млява пахiстваючыся i заплюшчыўшы вочы, ён, знiякавелы, спытаў:
— Што гэта з табою?
— Нiчога, Iмполька, нiчога, пройдзе гэта. Бабскае ўсё…
А калi трохi адлягло, калi перад вачыма паяснеў свет, яна, седзячы на возе i спусцiўшы праз ляскi ногi, злавiла Iмполеву руку, паклала сабе на высокi жывот, каб i ён учуў, як там бiлася галоўкаю, ужо турзалася дзiця.
— Што гэта? — не распазнаўшы, здзiвiўся ён.
— Сын твой.
— Няўжо?
— На яго загадала. Хачу, каб быў падобны да цябе.
— Смяешся?
— Не, праўду кажу, вот убачыш… — i зноў схапiла яго за руку. — Паслухай, як трапечацца. Велькi ўжо, якраз твайго роду.
Iмполь сарамяжлiва пасмiхваўся, мусiць, не надта верыў. Адарваў руку, спытаў, нешта прыгадаўшы сваё:
— А куды гэта ты бегала?
— Хiба ж не казала табе? Да знахара, — насцярожылася Алеся, цiкуючы на яго глухую шырокую спiну, што закрывала яе ад раптоўнага схаладалага ветру — там, над Верасавам, паднiмалася, заклубiўшыся, як вялiкi дым, сiвая хмара. Залатым ясным абадком край яе закрываў сонца. Сумная, цяжкая, як увосень, хмурнасць апала на зямлю. Пацямнелi далёкiя груды.
— Цi я сам не ведаю, — Iмполь не павярнуўся, толькi задраў голаў — на зашмальцаваны тлустым накiпам поту каўнер растапыранаю страхою лезлi яго даўно не стрыжаныя валасы. — Але ты нешта ад мяне як тоiш?
— Вот яшчэ выдумаў, — яна сцялася ўся, ужо не ведаючы, прызнацца яму цi не. I не рашылася — нашто, каб ён ведаў. — Вунь чэмеру ўзяла — прусакоў труцiць буду.
Ён, нiбы не паверыўшы, як са злосцю, ляснуў над галавою пугай, падганяючы каня. Зарыпеўшы гужамi, конь iрвануў з месца, хiснуў назад Алесю. Цярушачы на дошкi сыры жаўтлявы мел, на возе пакочвалiся цяжкiя дзiравыя кошыкi.
— Во, мел парассыпаеш! — закрычала Алеся, ловячы iх за абслiзганыя ялаўцовыя лучкi.
Учуўшы лёгкую дарогу, затрос кульбачкаю конь. Скоранька блiзiлася сiвенькая, засланая адсырэлым мохам лагчына. Перад пясчанай дарогай расступiлiся маладыя, шырокiя ў падолах хвоечкi. На каляiны ўпарта лезлi знявечаныя i абшморганыя коламi пруткiя лапы ялаўцу.
У Алесiных вушах свiстаў тугi вецер, сiвая сцяна дажджу ўжо вiсела над маладняком. Закалоўшы ў вочы, блiснула маланка. Цяжкаю дубоваю кадушкаю загрукаў i рассыпаўся гром. Як лёд у тугi мароз, недзе расколвалася на вострую няроўную шчылiну неба — выкацiўшыся, недзе на край зямлi сплываў водгалас.
Iмполь, ляснуўшы пугай, зноў падварушыў каня — цвёрды воз пачало падкiдваць
на камянiстых каляiнах.— Не ганi, растрасеш мяне, — папрасiла Алеся.
— Дождж во захвацiць, — не азiрнуўся Iмполь.
— Не цукеркi, не растанем.
Дабегшы да выспы жоўтага пяску, конь нiбы ўважыў, спынiўся сам — мякенька зашалясцелi, топячыся ў сыпкiм пяску, колы. Воз плаўна, як па вадзе, паплыў праз лясок. Па Алесiнай спiне пачалi сцёбаць першыя кроплi. Пабiты чорнаю воспаю дажджу, застракацеў жоўты пясок.
Пакалыхваючы калматыя лапы густых, не падцярэбленых яшчэ хвоечак, па лесе густа зашамацеў, блiзячыся, рахманы дождж. Закурыўся густым туманом на дарозе. Зноў зашыпела, уткнуўшыся як нагрэтай да чырванi пiкай у ваду, ясная маланка. Коратка ляснуў гром, здэцца, увагнаўшы гэтую пiку ў зямлю.
— Кепскi знак — грымiць на голы лес, — Алеся падсунулася блiжэй да Iмполя, баючыся гэтага першага грому: чула нават спiною, як зараз увойдзе ў яе гэтая гарачая доўгая пiка, праткне навылет.
Але дождж, пашумеўшы двума перагонамi, пачаў радзець. Хмару як нагнала, так скоранька пранясло. Недзе над Верасавам адсланiлася яснасць — у разарваных, што завiлiся нiзкiмi клубамi, воблачках зiркнула чыстае, як перагароджанае нанава, сiненькае неба.
Дарога вышмыгнула з густога аброшанага маладняку, стрымгалоў пакацiлася ў лагчыну на замуравелае ўжо балота. Яснай чырванню блiскала на порсткай маладой траве раса.
Алеся абцерлася рукавом, зiркнула цераз плячо на Iмполя: у яго на кончыку носа, набегшы, дрыжала цяжкая кропля дажджу.
— Вой, якi ты смешны, як той Зэлiк, што збiрае анучы, — яе працяла радасць i смех. — У яго якраз во так пад носам кропля дрыжыць.
— Стой, куды цябе нясе! — ён, мусiць, зазлаваў, раптам шморгнуўшы рукою па твары, i закрычаў ад гэтай злосцi на каня, напiнаючы мокрыя лейцы. Конь, трасучы кульбачкаю i дугою, ляцеў пад жаўтлява-зялёныя, яшчэ рэдкiя над галавою парасоны старых вербаў.
На шурпатых камлях жоўтымi расплясканымi кветачкамi цвiў лiшай. З разамлелых на першым вясновым сонцы вострых дзюбкаў почак лезлi мяккiя жаўтлявыя язычкi лiсця i сiваватыя галоўкi каткоў.
Недзе ў гэтых парасонах, выбiраючы вiлаватую лапу, дзе можна было б утаптаць звiты з леташняе травы каўпачок гнязда, квахтаў дрозд.
У абмялелай перад дажджом рэчцы з ружаватым дном адбiвалася сiняе неба з белаю пухкаю хмараю, свярдзёлкамi тачылiся тонкiя камлi маладога голага алешнiку. З яго пляскала рэдкая раса. Па беразе блiшчала, прабiўшыся праз леташняе сатлелае лiсце, абмытая густая цылiндра, вострым ружовым верацяном выкруцiлася конскае шчаўе.
Конь, скалыхнуўшы i разварушыўшы нагамi белую пухкую хмарку, увайшоў у плыткую рэчку, забухаў нагамi — пырскаў сабе на жывот i персi ваду.
Выцягнуўшы з драбiнак ногi, Алеся прысела на коленкi, ухапiўшыся абедзвюма рукамi за драбiнкi, глядзела, як, абмываючы колы, з жалезнага вышмарганага да бляску вобада сцякала з густым шумам вада.
Iмполь задзiраў свае ногi, пераважваўся на другi бок воза, лёгшы спiною на драбiнкi.
Пад густы аднастайны плёскат i шум вады ў Алесi паплылi нейкiя аднастайныя, цiхiя думкi — i раптам абарвалiся: конь выйшаў з рэчкi. Налiпаючы на колы, зарыпеў шапаткi, прамочаны ўсяго на палец пясок.