Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастка для рэха

Паплаўскі Алесь

Шрифт:

— Не за тым. Брата майго памятаеш?

— Якога? Ты ж байструк, Мелеш! — нахабна скаліцца Лёшка.

— Не прыкідвайся, гад! Ты выдатна разумееш пра што я. Гэтую штуковіну памятаеш? — выцягвяе ён з-за пазухі флейту. — Яе мне перад смерцю паспеў перадаць Кін-дза-дза.

— І што?

— А тое, што Кін-дза-дза бачыў вас разам з Чыбам, — бярэ яго на понт Мелеш.

— Што ж… Бачыць Бог, сам таго захацеў. Хутка вы сустрэнецеся, — нечакана абяцае Лёшка. — Я дапамагу вам. А зараз…

Ён замаўкае і скіроўвае позірк на дзверы. Мелеш чуе за плячыма нечыя цяжкія крокі і азіраецца. Амбал, той, з якім яны сустрэліся толькі што на лесвічнай пляцоўцы, заломвае яму руку і моцным ударам збівае з ног…

15

Вось ужо некалькі дзён запар, як толькі палахлівае сонца хаваецца ў гушчарах счарнелых таполяў, а гэта якраз поўдзень, дзверы ў склеп адчыняюцца і мужчына ў чорным

да пят балахоне скорагаворкаю вымаўляе маё прозвішча, а потым прыязна ківае галавой некуды ўглыб памяшкання. Я разумею гэты яго намёк і пачынаю паспешліва збірацца. Мне здаецца, што дзівак у касынцы, якога я называю Манахам, ніякіх іншых слоў, акрамя майго прозвішча, не ведае, бо за тыя тры дні, на працягу якіх мяне ўтрымліваюць у гэтым падзямеллі, нічога іншага я ад яго не пачуў. Памеры падзямелля мне невядомыя. Вызначыць іх мне не дазваляюць жорсткія парадкі, якіх вымушаюць мяне прытрымлівацца гаспадары гэтага памяшкання. Існуе шэраг правілаў, якія парушаць я не павінен. А менавіта: мне нельга спыняцца, калі мяне выводзяць на шпацыр, азірацца і задаваць пытанні. Іншы раз мне хочацца думаць, што гэта нейкая навуковая база і што ўтрымліваюць мяне тут не аднаго. Ва ўсякім выпадку, тут, у адной з такіх цесных «келляў», знаходзіцца і Фёца. Нас разлучылі адразу ж, як толькі прывезлі сюды. З той хвіліны яго я больш не бачыў. Калі прыходзіць ноч і ў падзямеллі ўсталёўваецца цішыня, я чую нечыя стогны. Гэта не галюцынацыі, і я ў тым перакананы. Гэта крыкі людзей. І я схіляюся да думкі, што такіх келляў, як мая, памерам два на два, у гэтым падзямеллі як мінімум — пяць. Святло ў пакойчыку цьмянае, але яно затое ніколі не выключаецца. Выключальнікаў няма, а да лямпачак не падступіцца, яны зарашочаныя. Абыходзяцца са мною зносна: кормяць тры разы на дзень, выводзяць падыхаць свежым паветрам. На пытанне, за што мяне ўтрымліваюць, ніякага канкрэтнага адказу я не атрымаў. Манах у адказ толькі неразборліва бурчыць і зіркае зневажальна. Арыентавацца ў часе я навучыўся па гуках, якія прасочваюцца ў келлю з вуліцы. Услухоўваючыся ў стогны людзей, якія прыносіць рэха, я пачынаю разумець, што маё ўтрыманне не выпадковасць, што я ахвяра нейкага нечувана жорсткага эксперыменту. Ад гэтых думак робіцца страшна. І не таму, што памру, а таму, што стануць катаваць. Каб апраўдаць сваю смерць, пачынаю прыдумляць яе прычыны. Дзеля ж нечага я павінен пакутаваць. Бо пакуты, калі яны наканаваныя дзеля нейкіх высокародных мэтаў, зусім не пакуты. З гэтай ісцінай я знаёмы па Бібліі. «Было б высокародным, напрыклад, загінуць за веру, — думаю я. — Ці яшчэ лепш — за айчыну.» Паміраць бессэнсоўна мне б не хацелася…

Сёння Манах падаецца мне надзвычай гаваркім. З’яўляецца ён, як і заўсёды, апоўдні. Адчыняе дзверы і ветліва ўсміхаецца:

— Збірайся, надышла твая чарга.

Успрымаю загад без страху. Наадварот, спее перакананне, што менавіта сёння ўсё высветліцца.

— Перастань корпацца, нас чакаюць, — прыспешвае Манах.

Злуюся. Хочацца заткнуць гэты паганы рот адным узмахам кулака. Але магчымасці для такога смелага ўчынку не тыя. Стрымліваю сябе, бо перакананы, што гэта не той зручны момант, каб шукаць спосабы для свайго выратавання.

Калідор, па якім мы рухаемся, вузкі, з пашарпанымі зялёнымі сценамі і брудна-белай столлю. Наперадзе, на адлегласці метраў дваццаці, прамавугольнаю дзіркай ззяе выратавальны праём адчыненых насцеж дзвярэй. Раблю некалькі павольных крокаў у напрамку гэтай жоўта-белай плямы, але рэзкі штуршок у плечы вымушае мяне спыніцца.

— Не туды! — строга папярэджвае мяне Манах.

Азіраюся незадаволена на свайго правадніка.

— Шпацыры адмяняюцца, — цынічна ўсміхаецца ён.

Паціскаю плячыма і паварочваю ў супрацьлеглы бок. Хадзіць у гэтым напрамку мне яшчэ не даводзілася. Прадзіраемся праз паўзмрок каменнай нары. Па абодва яе бакі кідаюцца ў вочы невялічкія заглыбленні з жалезнымі крацістымі дзвярыма. Такое адчуванне, што гэтаму калідору не будзе канца. Некалькі разоў чапляюся наском чаравіка за нейкія выступы, спатыкаюся і падаю. Манах незадаволена бурчыць, але дапамагае падняцца.

— Стаяць! — нечакана загадвае ён і кладзе на плячо мне сваю цяжэзную далоню. Зазіраю скоса на абабітыя жалезам дзверы, насупраць якіх мы спыняемся, і саступаю ў бок. Сэрца трывожна сціскаецца. Ахоўнік адвернуты ад мяне, а навокал ні душы. Сціскаю да болю ў пальцах кулакі. Прадчуванне, што гэта і ёсць той шанец, каб вырвацца на волю.

— Не дуры! — рэзка паворочваецца да мяне Манах. На яго твары з’яўляецца скептычная ўсмешка. — Уцячы адсюль немагчыма.

Пакорліва ківаю галавой і таксама ўсміхаюся. Напэўна, гэта ўсмешка вар’ята. Дзверы раптоўна адчыняюцца, і на парозе з’яўляецца чалавек у паласатай вопратцы. Побач з ім таксама ахоўнік. Ён, як і Манах, апрануты ў доўгі, да пят балахон, валасы абвязаныя касынкай. На твары ззяе такая ж нахабная і цынічная ўсмешка. Пужліва ўзіраюся ў спярэшчаны заўчаснымі маршчынамі твар вязня, і мне робіцца страшна.

На яго ілбе вялікімі літарамі напісана слова: «РАБ». Паўза зацягваецца.

— Чыба! — радасна лямантуе вязень. Ад нечаканасці раблю крок назад. Так мяне называць можа толькі адзін чалавек, мой брат.

— Эдзька! — крычу я і кідаюся да яго ў абдымкі.

— Братуха!..

Абняцца нам не даюць. Манах хапае мяне за плячо і збівае з ног…

— Стоп! Стоп! Стоп! — чую я за плячыма цынічны голас Аляксея Міхайлавіча і азіраюся. — Спыніце фанаграму.

16

Колькі мінае часу з таго моманту, калі ён пачаў губляць прытомнасць, не памятае. У пакоі, калі гэты сантэхнічны вузел можна назваць пакоем, валадарыць паўзмрок. Вокны ў ім адсутнічаюць. Выцяжка таксама. Праз замочную шчыліну прабіваецца танюсенькі струменьчык святла. Бачнасці гэта не дадае, але ў свядомасці пасяляецца хоць і кволая, але надзея, што недзе за каменнымі сценамі пануе жыццё. Ад падлогі цягне сырасцю. Калючы золкі холад ядавітай гадзюкай паўзе па грудзях да шыі. Свядомасць вяртае да рэчаіснасці, і, пераадольваючы слабасць, ён спрабуе падняцца з падлогі. Атрымліваецца гэта ў яго толькі з другога разу.

Непрацяглае абследаванне пакоя. Ага, памяшканне, у якім ён знаходзіцца, — бойлерная. Ва ўсякім выпадку, так ён для сябе вырашыў. Бо, калі ён робіць крок да дзвярэй, да той вузкай выратавальнай палоскі святла, яго выцягнутая рука адразу ж натыкаецца на трубу. Ніжэй яе знаходзіцца яшчэ адна труба, а ўздоўж сцяны — цэлы набор іх. Ля дзвярэй у падлозе жалезная рашотка. Пад ёю, на нявызначанай глыбіні, плёскаецца вада. Каб сагрэцца, ён пачынае рухацца па пакоі. Месца для гэтага мала, і ён увесь час натыкаецца на нейкія рэчы. Спатыкаецца, падае, падымаецца, зноў рухаецца. Болю не адчувае. Яго перабівае золкі холад. Ён упарта шпацыруе па пакоі і праз нейкі час саграецца. Вочы прызвычайваюцца да цемры, і абсталяванне набывае сапраўдныя формы. Больш дэталёвы агляд дазваляе выявіць, што дзве трубы, што ідуць ля падлогі, цёплыя. Ён уладкоўваецца ля іх і пачынае чакаць...

За ім прыходзяць пад вечар. Вызначае ён гэта па струменьчыку святла ў замочнай шчыліне. Струменьчык гэты робіцца шэрым, а праз нейкі час зусім знікае. Дзверы адчыняюцца, і дзіўнаваты чалавек загадвае яму збірацца. Мелеш некалькі хвілін марудзіць, потым кідаецца на яго з кулакамі. Моцны ўдар спыняе яго, вымушае супакоіцца.

— Рукі за спіну, — загадвае яму амбал. Мелеш пакорліва выконвае загад.

— Будзеш рыпацца — не выйдзеш адсюль ніколі, — папярэджвае яго ахоўнік. — Усё роўна для тых, хто цябе ведаў, ты ўжо нябожчык. Не глядзі воўкам. Тваё жыццё абарвалася ў п’янай бойцы тры дні таму. Цябе знайшлі знявечанага на чыгуначным пуці. А ўчора твой труп пахавалі на гарадскіх могілках за дзяржаўны кошт, як бяздомнага.

— Лухта!

— Вядома, лухта, — згаджаецца ахоўнік. — Але лухце вераць таксама. Інфармацыя аб тваёй заўчаснай смерці прайшла ва ўсіх крымінальных хроніках. На вось, палюбуйся, — мужчына падае яму газету і запальвае кішэнны ліхтарык.

Чалавек на здымку знявечаны да непазнавальнасці.

— Нашто вам гэты спектакль? — пытаецца ён амаль бязвольна.

Чаго ты такі нецярплівы? Хутка даведаешся, — буркае ахоўнік.

Яны выходзяць з памяшкання і крочаць паўасветленым вузкім калідорчыкам. Мелеш мітусліва азіраецца і не можа зразумець, што з ім адбываецца. Крокі гулка адзываюцца ў свядомасці. Трывожныя думкі вярэдзяць душу. За плячыма чуецца цяжкае дыханне ахоўніка, і ён пакорліва крочыць насустрач сваёй смерці. Лёгкі штуршок у плечы вяртае яго да рэальнасці. Ён уздымае вочы. Насустрач ім рухаецца яшчэ нехта. «Выходзіць, я тут не адзін», — мільгае маланкай трывожная думка. Праз хвіліну незнаёмцы раўняюцца з ім. Відавочна, што адзін з іх такі ж ахоўнік, як і яго. Другі — малады хлопец. Мелеш бегла зіркае на яго. Іх позіркі на хвіліну перасякаюцца.

— Чыба! — крычыць ён ашалела, не адчуваючы моцы свайго голасу. — Братуха!

На твары хлопца з’яўляецца здзіўленне.

— Эдзька, — кідаецца з крыкам той яму насустрач. Мелеш бачыць, як яго хапаюць за плячо і збіваюць з ног.

— Стоп! Стоп! Стоп! — чуе ён побач. — Выключыце фанаграму.

Перад ім паўстае постаць Лёшкі. Нехта запальвае электрычнасць. І ад збытку святла Мелеш заплюшчвае вочы.

— Стоп! Стоп! Стоп! — ляпае ў ладкі Лёшка. — Ты гэтага хацеў, Мелеш? — цынічна звяртаецца да яго ён. Па твары распаўзаецца шальмаватая ўсмешка.

Мелеш адпіхвае яго і кідаецца да Чыбы. Моцна сціскае ў абдымках. На вачах у аднаго і другога слёзы.

— Віцёк, якога ражна ты тут! Што яны зрабілі з табою?

— Хопіць! Хопіць! — паспешліва расцягвае іх амбал. — Усе свабодныя…

Падзямелле, з якога яны выходзяць, — звычайны склеп. Вечарэе. За высокай цаглянаю загароджай — вірлівая гарадская вуліца. Мелеш мітусліва азіраецца. Ён пазнае гэты дворык, праз які яны крочаць да жалезнай брамкі. Пазнае ён і пяціпавярховік, які палае вокнамі насупраць.

Поделиться с друзьями: