Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастка для рэха

Паплаўскі Алесь

Шрифт:

— Значыць, і яна з вамі ў змове? — пытаюся я, каб не заплакаць ад крыўды.

— Га-а-ды! — лямантуе азвярэлы Фёца, хапае з зямлі камень і кідаецца на Аляксея Міхайлавіча.

14

Выходзіць Мелеш на наступным прыпынку і адразу ж накіроўваецца да пешаходнага пераходу. Міліцэйская машына з віскам праносіцца побач. Ён абыякава зіркае ёй услед і паспешліва перасякае бетонны каньён вуліцы. Вірлівы натоўп нясе яго ўздоўж шкляных вітрын у накірунку скверыка. Праз некалькі кварталаў вуліца канчаецца. На рагу яе, ля газетнага шапіка, тусуецца моладзь. На майцы у адной дзяўчыны ён чытае дзіўнаваты надпіс: «Чым вам дапамагчы?» Ён мінае дзяўчыну і азіраецца. Тая адорвае

яго беглым абыякавым позіркам. Яе чорныя вочы пазбаўленыя выразу. Гэтая ілжывая манернасць дзяўчыны азадачвае яго і збівае з панталыку.

— Ну і… — звяртаецца ён да яе з выклікам.

— Што — ну і?.. — маленькі рот размыкаецца ўсмешкай.

Чарнавокая дастае з сумачкі цыгарэту і прыкурвае. Раздражнёнасць перапаўняе яго. «Дапамагаць яны сабраліся? Самі ў жыцці не вызначыліся яшчэ, растрачваюць яго задарма».

Дзяўчына робіць глыбокую зацяжку і павольна выпускае дым. Ён абразліва зіркае на яе і не можа скрануцца з месца. «Не траві сябе, выкінь!» — хочацца крыкнуць яму. Відавочна, дзяўчына не разумее, што ён ад яе патрабуе. Яна неўразумела зіркае на сваіх сяброў і адыходзіць у бок. «Што са мной? — хвалюецца Мелеш. — Нашто яны мне?»

— Цыгарэты, хутка! — нечакана загадвае Мелеш, вяртаючыся да моладзі. Дзяўчына разявае рот, каб у адказ запярэчыць, але ён нахабна спыняе яе: — Заткніся! Я сказаў, цыгарэту мне!..

Дзяўчына падае пакорліва пачак. Ён адлічвае некалькі цыгарэт і кладзе іх сабе ў кішэню. Хлопец, які стаіць побач з дзяўчынай, разгублена сочыць за кожным яго рухам. Мелеш даўно не здзіўляецца ўжо сваёй нястрымнасці. Гэтая ні чым не апраўданая варожасць праблісквае ў ім заўсёды, калі ён імкнецца датыкнуцца да сваіх самых глыбокіх ран. І чым даўжэй ён жыве, тым часцей схіляецца да высновы, што чалавек — асоба не столькі індывідуальная, колькі безабаронная. І самае крыўднае ў тым, што людзі ў большасці сваёй самі агаляюць гэтую безабароннасць, нібыта выстаўляючы яе напаказ, нібыта наўмысна хвалячыся сваёй нікчэмнасцю, намякаючы, што кожны іншы чалавек нічым не лепшы. Мелеш не хоча быць прывязаным да гэтых завядзёнак свету. Ён даўно адасобіўся ад іх. Ва ўсякім выпадку, яму так здаецца. «У чым тады наша моц, у чым наша сапраўднасць? У жорсткасці ці ў нікчэмнасці? — гадае ён. — Якая з гэтых якасцей зжарэ мяне першая?»

Мелеш запальвае і паспешліва накіроўваецца да вакзала. Моладзь праводзіць яго збянтэжанымі позіркамі, але яго гэта менш за ўсё хвалюе. Для сябе ён даўно ўжо вырашыў, што стане рабіць у хуткім часе.

Ён пазнаў гэтага чалавека, які толькі што хацеў беспадстаўна здаць яго ў міліцыю. Пазнаў і хоча знайсці яго. Спакуса занадта моцная. «Хто сказаў, што час лечыць! Лухта гэта ўсё. Крыўда жыве вечна. А нянавісць да ворага з гадамі толькі ўзмацняецца», — думае ён. І не важна, што яны з Лёшкам не бачыліся шмат гадоў ужо, гэта яшчэ не паказчык, каб ім не пазнаць адзін аднаго.

Ён некалькі гадзін кружляе па горадзе з надзеяй сустрэць каго-небудзь са знаёмых. Затым збочвае на вуліцу Рабінавую. Дом, куды ён прыходзіў сёння ранкам, віднеецца ў канцы яе. Ён бачыць чырвоны чарапічны дах і спяшаецца. Навюткая бежавая «АUDI» прыпаркаваная на стаянцы. «Значыць, не памыліўся. Гэта яго машына…» — радуецца ён і накіроўваецца да дома насупраць. Адтуль ён і збіраецца сачыць за Лёшкам.

Асцерагаючыся быць заўважаным, ён заходзіць у пад’езд і падымаецца на пяты паверх. На лесвічнай пляцоўцы — ні душы. Дзверы ў адну з кватэр прыадчыненыя. Ён падазрона косіцца на іх і накіроўваецца да акна. Недзе ўнізе, на першым паверсе, чуе здрадніцкі скрыгат уваходных дзвярэй. Яшчэ праз хвіліну слых ловіць нечыя павольныя крокі. Ён мітусліва зіркае ў акно. Позірк затрымліваецца на двухпавярховым будынку. Ад праезджай часткі яго аддзяляе шчыльна збітая з дошак агароджа. З вышыні пятага паверха дворык як на далоні. Бежавая «AUDI» па-ранейшаму прыпаркаваная на стаянцы. Крокі на лесвіцы набліжаюцца і аддаюцца гулкім працяглым рэхам. Баючыся быць заспетым за сваім заняткам, ён кідаецца ўніз. Насустрач яму павольна рухаецца мужчына. Правую руку ён трымае ў кішэні карычневай замшавай курткі.

Гэта насцярожвае Мелеша. Часу на разважанні не застаецца. Ён скоса зіркае на прыадчыненыя дзверы і, не раздумваючы, піхае іх наском чаравіка. Дзверы адчыняюцца. З цемры на яго насоўваецца масіўная постаць. Мелеш перасцярожліва адступае назад і незнаёмец моўчкі абмінае яго. Мелеш чуе, як за спінай нехта бразгае ключамі, і кідаецца да адзінага ў пакоі акна. Мітусліва абмацваючы вакол сябе паветра, цягнецца да фіранак. Сонечныя промні пратыкаюць навылёт шкло і знікаюць за ўслончыкам з вялікім вазонам. Ад яркага святла Мелеш міжволі заплюшчвае вочы, а калі іх расплюшчвае, мужчына сядзіць ужо на канапе. Мелеш некалькі хвілін моўчкі вывучае яго дапытлівым позіркам. Безумоўна, гэта Лёшка. Прэтэнзіі на велічнасць па-ранейшаму не сцёрліся з яго. І ўсё ж нешта перамянілася ў ім. «Што?..» — гадае Мелеш, узіраючыся ў гладка паголены твар свайго даўняга ворага.

— Тут жывеш? — здзіўлена пытае Мелеш.

— Жыву! — коратка адказвае Лёшка і цягнецца за цыгарэтаю. Мелеш заўважае, што твар яго значна пашарэў, патух, гарнітур на плячах збіўся ў складкі.

— А я палічыў…

— Ты пра Тэрэзу?

— Так.

— Мы пажаніліся з ёю.

— Даўно?

— Некалькі гадоў ужо.

— Прызнайся, ты не любіш яе! — хвалюецца Мелеш.

— Скуль табе тое ведаць?

— Яшчэ б! Я цябе гада…

— Хочаш пачуць, што я жыву з ёю, каб пазліць цябе?

— Мяне на такое не купіш. Хаця мог бы дадумацца да нечага больш крыўднага…

— Даўнавата цябе не было, — не звяртае ўвагі Лёшка.

— Даўнавата, — згаджаецца Мелеш. — Дзесяць гадоў мінула…

Лёшка вагаецца і мітуслівымі рухамі выдае сваю нервовасць.

— Як мы цябе правялі? Спадабалася?

— Ты маеш на ўвазе тое, што я тут?

— Так. Я чакаў цябе, Мелеш. Доўга… Даўжок табе трэба вярнуць, — цынічна ўсміхаецца Лёшка. — Памятаеш, як ты мяне падставіў аднойчы? Цяпер надышла мая чарга.

Яго плечы пачынаюць уздрыгваць ад частага дыхання.

Мелеш нервова ўскоквае з крэсла і падлятае да акна.

— Чуў, інфаркт у цябе быў? — кідае Мелеш, каб перавесці размову на іншую тэму.

— Людзі шмат чаго напрыдумляюць, — ухіляецца ад адказу Лёшка: — Я, Мелеш, толькі аб адным шкадую, не трэба мне тады было прасіцца ў цябе. Прыходзіць час, і такія, як ты, самі аддаюць усё.

— Ты пра што? — неўразумела зіркае на яго Мелеш.

— Хутка даведаешся, — запэўнівае Лёшка. — За што ты мне помсціш?

— А ты мне?

— За тое, што ты помсціш мне. Нас паглынуў эгаізм. Памятаеш, з чаго ўсё пачалося? З наіўнай дзіцячай дурасці. А ты яе так і не змог мне дараваць. А любая дурасць, Мелеш, нараджае новую дурасць. Наша гульня ў пакрыўджаных зацягнулася. Нам бы спыніцца даўно, дык не… Апошняе, да чаго ты дадумаўся, гэта ты зрабіў з мяне злодзея. Скажу папраўдзе, тое рабаванне ты спланаваў па ўсіх правілах. Прызнайся, ты наўмысна засадзіў мяне за краты?

— Так, я зрабіў усё магчымае, каб цябе палічылі злодзеем.

— Гэта ж грэх! За яго табе хутка давядзецца адказваць перад Богам.

— Верыш у боскую справядлівасць? З якіх гэта часін ты стаў такім набожным?

— Ты, Мелеш, яшчэ той тып. Мала хто роўны табе па жорсткасці. Ты ж не бачыш перад сабой чалавека, а значыць, скуль табе ведаць пра такія пачуцці, як спагада ці зычлівасць?

— Заткніся! Ты не лепшы.

— Сам заткніся. Гэта ты мяне зрабіў такім. Але на гэты раз усё будзе па-іншаму. Мне няма чаго губляць.

— Гэта чаму?

— Хворы я безнадзейна. Рак у мяне. Дажываю я.

— Рак? — гідліва моршчыцца Мелеш. Здаецца, што да яго не адразу даходзіць, пра што гаворыць Лёшка. «Усё-такі ёсць нейкі вышэйшы закон!» — думае ён.

— Так… — адказвае Лёшка.

Вочы яго робяцца круглымі. На твары застылая збянтэжанасць.

— Хлусіць не буду, — выціскае дрыготкім голасам Мелеш, — усё жыццё я таіў на цябе крыўду, але каб жадаць табе смерці — не…

Ён спыняецца.

— Не будзем мерацца кемлівасцю, Мелеш! — гідліва моршчыцца Лёшка. — Гавары, чаго хочаш? Не за тым ты мяне шукаў, каб спытацца, як я жыў усе гэтыя гады.

Поделиться с друзьями: