Пастка для рэха
Шрифт:
— Які ж ты ўсё-такі сентыментальны, — ляпае яго па плячы Лёшка.
— Пайшоў ты! — ўхіляецца Мелеш.
— Не жадаеш размаўляць? — усміхаецца Лёшка. — А давядзецца. Мы з табою, Мелеш, цяпер моцна павязаныя. Самім жыццём.
Ён адмыкае няспешна брамку і паказвае вачыма на выхад.
— Нічога не хочаш сказаць на развітанне?
— Вар’ят! Табе трэба лячыцца.
— Я — толькі тваё адлюстраванне, Мелеш.
— Пайшоў ты! — злосна кідае яму Мелеш. Чуе, як за плячыма клацае зашчапка, і звяртаецца да Чыбы: — Пайшлі, братуха!
17
Гляджу на
— Табе трэба пераапрануцца, — раю яму я і гідліва пазіраю на яго паласатую робу. — І лоб вытры.
Эдзька ўздрыгвае. Зрывае з сябе кашулю і кідае пад ногі.
— Вар’ят! Сабака! Хворы чалавек! — лямантуе ён злосна і топча адзенне башмакамі. — Пайшлі!
— Эдзька, такое дараваць нельга. Давай выклічам міліцыю, — спыняю яго я. — Ён марынаваў нас у няволі, а ты: пайшлі. Ён жа здзекаваўся з нас! З нашых пачуццяў!
— Ведаю. Гэта ён з-за мяне ўсё, каб адпомсціць, — тлумачыць Эдзька. — Спланаваў усё, гад! Цябе выкарыстаў.
— За што ён табе помсціць? — здзіўлена гляджу на яго.
— Гэта старая гісторыя.
— Усё роўна, трэба выклікаць міліцыю, — настойваю я.
— Міліцыя нам не дапаможа. Яго дні палічаныя. Рак! — тлумачыць Эдзька.
— Хочаш сказаць, што ён застанецца непакараным? — упарчуся я. — А Фёца? Ён жа ўсё яшчэ там, у падзямеллі.
Мы стаім ля зачыненых веснічак і не ведаем, што рабіць. Я расказваю Эдзіку пра сябе, пра Фёцу і пра тое, як мы ўблыталіся ў гэтую загадкавую гісторыю, і лаўлю сябе на думцы, што гульня, распачатая Аляксеем Міхайлавічам, яшчэ не закончылася. Прадчуванне нечага жорсткага і трагічнага, якое павінна вось-вось адбыцца, не пакідае мяне. Мне хочацца бегчы адсюль прэч. І ўсё ж нешта стрымлівае мяне.
— Эдзька, гульня яшчэ не закончылася, — шапчу я дрыготкім ад хвалявання голасам. — Ён ведае, што без Фёцы мы нікуды не пойдзем, што пачнём шукаць яго. Таму ён нас і адпусціў, каб зацягнуць у нейкую новую авантуру.
— Пайшоў ён! — злуецца Эдзька.
— Але ж табе трэба пераапрануцца, — настойваю я і цягну яго ад гэтага дома.
— Ты дзе жывеш? — пытаецца ён.
Пытанне збівае мяне з панталыку. «І сапраўды, — думаю я. — Не ў лес жа нам ісці.»
— Ведаеш, — цягну я з адказам. — У мяне ёсць дзяўчына. Дакладней, была… Мы разышліся з ёю. З-за дробязі. Але мне здаецца, што яна нас не прагоніць. Я папрашуся, я патлумачу ёй…
— Як завуць яе? — спыняе мяне Эдзька.
— Люська! — ціха прамаўляю я і лезу ў кішэню за здымкам. Складваю разам дзве палавінкі і адчуваю няёмкасць.
— Вось, — паказваю я брату здымак.
— Прыгожая, — выказвае ён услых сваё захапленне. Хвіліну маўчыць і сумна ўздыхае: — А я адзін.
— Ты не адзін, — спяшаюся я. — Ёсць я, Фёца. Я цябе з ім пазнаёмлю.
Эдзька маўчыць. Пажоўклы, спярэшчаны заўчаснымі зморшчынамі твар не выяўляе ніякіх пачуццяў. Гляджу на яго і лаўлю сябе на жахлівай думцы: «Божа, які ён стары! Мінула столькі часу, а мы нават пальцам не варухнулі, каб знайсці адзін аднаго! Як жыў ты гэтыя гады, братуха?» — хочацца мне запытацца ў яго. Але замест гэтага няўпэўнена прамаўляю:
— Усё наладзіцца.
— Не, Віця! Не наладзіцца, — сумна ўсміхаецца Эдзька. — Віна, якую я нашу ў сабе ўсё жыццё, не чысціць мяне, а падштурхоўвае да новых вар’яцкіх учынкаў. Час сажраў мяне з трыбухамі, і я гэта адчуваю.
—
І я не ідэал, — спяшаюся яго суцешыць. — А ўсё з-за свайго паршывага характару. З-за гэтага мы і пасварыліся з Люськаю. І ўвогуле, я цяжка сыходжуся з людзьмі.— Ты малады. У цябе ўсё яшчэ наперадзе. А я сваё адскакаў, — спыняе мяне Эдзька. Выцягвае з-за пазухі нейкі пакунак і працягвае яго мне: — Твая флейта?
— Флейта? — здзіўляюся я і цягнуся ўсім целам за пакункам. Адчуваю, як здрадніцкі дрыжаць рукі. — Скуль яна ў цябе?
— Кін-дза-дза аддаў.
— Кін-дза-дза? — збянтэжана перапытваю я.
— Так. Ён і вывеў мяне на Лёшку, — тлумачыць Эдзька. — Яны білі цябе?
— Хто — яны? — не магу я дацяміць, пра што ён пытаецца.
— Тыя, хто забіраў флейту.
— Ніхто ў мяне не забіраў нічога. Флейту я пакінуў на працы, у апаратнай. Мы там усю апаратуру захоўваем. Я і кніжку працоўную не забіраў яшчэ. Не паспеў. Усё збіраўся схадзіць і адкладваў. Я ў прывакзальным рэстаране працаваў.
— Ведаю, быў там некалькі дзён таму, — спыняе мяне Эдзька. — Не браў, гаворыш?
— Нашто мне хлусіць. Мо яны яе выкінулі.
— Хм!
— Інакш як патлумачыць тое. Хаця Кін-дза-дза ўсё раскажа, — сумна ўсміхаюся я.
— Не раскажа, загінуў ён. Пад цягнік трапіў.
— Як? Калі? Нашто ён табе схлусіў? Нічога не разумею.
— Напэўна, твая флейта — гэта толькі прынада, на якую я павінен быў клюнуць. Вось я і клюнуў. І ўвогуле, каб не гэты Лёшка, я быў бы шмат ад чаго ўратаваны. А так…
— Забудзь! — суцяшаю яго я. — Усё кепскае ўжо мінула.
— Магчыма, — няпэўна паціскае плячыма Эдзька.
Павісае працяглая паўза. «Безумоўна, жыццё наша сплецена з супрацьлегласцяў, — думаю я, услухоўваючыся ў жахлівую цішыню. — Але я імі сыты па горла ўжо. Мне надакучылі ўсе гэтыя неспадзяванкі. Я хачу жыць нармальна! Чуеце?!»
Ужо зусім сцямнела. Вуліца патанае ў цемрадзі. І мне хочацца як найхутчэй выбрацца адсюль і ўліцца ў агульнае хваляванне натоўпу.
— Дзе будзем начаваць? — прарываецца ў мае думкі Эдзька.
— У Люські, — не задумваючыся адказваю я. — У яе пакойчык у інтэрнаце. Ноч перакантуемся, а далей будзе бачна.
— Тады хадзем.
— А Фёца? — гляджу я на яго неўразумела.
— Знойдзем мы твайго Фёцу. Абяцаю! — буркае незадаволена Эдзька і накіроўваецца ў горад. — Я гэтага Лёшку яшчэ дастану!
Спяшаюся следам.
— Дзе жыве твая Люська? — паварочвае галаву Эдзька.
Тлумачу яму.
Моўчкі прадзіраемся праз цемру. Вуліца бязлюдная. Недзе наперадзе неонавымі распяццямі палае галоўны праспект горада. Заўважаю, як ад яго аддзяляецца легкавушка і рухаецца нам насустрач на вялікай хуткасці. Спыняецца ў некалькіх кроках ад нас і асляпляе фарамі. Цела дранцвее ад жахлівай здагадкі: «Гэта ж Аляксей Міхайлавіч! Ва ўсякім выпадку, гэта яго машына!»
— Нагаварыліся? — даносіцца да мяне праз адчыненую фортку яго голас.— Забірайце свайго сябра.
Аляксей Міхайлавіч вылазіць з машыны і адчыняе багажнік. Яму на дапамогу кідаецца яго калега. Гэта Манах. Я пазнаю яго здалёк. Яны вымаюць нечае безжыццёвае цела з багажніка і цягнуць да тратуарнай дарожкі. Я кідаюся ім насустрач. Гэта Фёца. Твар у яго разбіты, у кровападцёках.
— Што вы зрабілі з ім? — лямантую я як ашалелы. Святло асляпляе, і я марна спрабую затуляць вочы рукамі. — Выключыце гэтыя чортавыя ліхтары! Выключыце, прашу вас!..