Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастка для рэха

Паплаўскі Алесь

Шрифт:

— Ха-ха-ха! Во дае, сабака! Хто ты такі, каб гутарыць з нашым дырэктарам? — шчыльна падступае да Мелеша малады. Ад яго смярдзіць перагарам.

Мелеш не стрымліваецца і хапае яго за грудкі.

— Гніда! — цэдзіць ён праз зубы. — Ты чаго лезеш? Я з табой размаўляю?

— Перастаньце, — разнімае іх амбал. — Вы што, здурнелі? Дырэктар ва ўпраўленні на нарадзе. Калі вернецца, не ведаем.

— Як завуць дырэктара?

— Якая табе розніца?

Мелеш папраўляе кашулю і, не развітаўшыся, накіроўваецца да выхаду. Спускаючыся па лесвіцы, ледзь не збівае з ног мужчыну. Просіць у яго прабачэння і азіраецца. На хвілінку яму падаецца, што яны недзе ўжо сустракаліся. Высвятляць, дзе і калі, няма

часу. Шыбка збягае ўніз і накіроўваецца да падземкі.

Ля пераходу людна. Заўважае ён гэта здалёк і міжволі запавольвае хаду. Непадалёку ад падземкі ён бачыць машыну хуткай дапамогі і міліцэйскі УАЗік. Прадчуванне небяспекі вымушае яго марудзіць. Ля машын валяецца разламаная інвалідная каляска. Мелеш з жахам узіраецца ў твары людзей і не можа дацяміць, што здарылася. Немалады мужчына нешта заўзята тлумачыць маёру міліцыі. Мелеш зазірае праз расчыненыя дзверцы ў салон і пазнае інваліда.

— Мужчына! — чуе ён за плячыма нечы папераджальны вокліч. — Адыдзіце ад машыны!

Мелеш азіраецца. Насустрач яму спяшаецца міліцыянер.

«Толькі гэтага мне не хапала», — паспявае падумаць ён і чуе:

— Таварыш маёр, затрымайце яго, гэта ён толькі што размаўляў з інвалідам.

Марудзіць не выпадае. Інстынкт самазахавання падказвае, што трэба рабіць. Мелеш кідаецца да падземкі і чуе патрабавальныя загады спыніцца. Ля ўваходу ён ледзь не збівае з ног жанчыну. Тупат за плячыма зусім блізка, і ён паскарае бег. Пераадольвае пераход і зноў апынаецца наверсе. На платформе ідзе пасадка ў электрычку. «Галоўнае — змяшацца з натоўпам», — думае ён і заскоквае ў вагон.

— Мужчына, ваш квіток! Мужчына!.. — лямантуе яму ўслед правадніца.

Мелеш дабягае да тамбура, адмыкае дзверы і саскоквае на супрацьлеглы бок перона. Хуценька перасякае пуці і апынаецца на цэнтральнай гарадской вуліцы. Тралейбусы паркуюцца на супрацьлеглым баку. Ён паспявае заскочыць у першы, які адыходзіць, і, калі дзверы зачыняюцца, з палёгкай уздыхае…

13

На другі паверх падымаемся па стромкой драўлянай лесвіцы. На пляцоўцы перад уваходам у пакой спыняемся. Фёца кранае бліскучую ручку, і дзверы, аглушальна ляснуўшы, адчыняюцца. У памяшканні цёмна. Спыняемся і прыслухоўваемся. Аднекуль з глыбіні да нас далятаюць абрыўкі нечай лаянкі і ляскат разбітага посуду. Фёца мацае пустату, шукаючы электрычны выключальнік, і запальвае святло. Узіраемся ў каламутныя нетры кепска асветленага пакоя і заўважаем у ім яшчэ адны дзверы. Крадземся да іх. Нашы цяжкія крокі адбіваюцца ў прасторы. Дзвярная ручка запэцкана крывёю. Я гляджу на яе і разгублена азіраюся. Потым раблю некалькі асцярожных крокаў назад.

— Фёца, гэта падстава! — ціха шапчу я і спрабую пакінуць памяшканне. Дзверы, праз якія мы толькі што ўвайшлі, — зачыненыя. Безнадзейна торкаю ручку, яна не паддаецца. Напэўна, нехта пра гэта паклапаціўся, пакуль мы вошкаліся ў пошуках выключальніка.

— Фёца, гэта падстава! — паўтараю я і рухаюся наперад. Сябар спяшаецца следам. У пакоі два вакна. Адно выходзіць на вуліцу, другое — на двор. Праз яго бачна воданапорная вежа і дахі суседніх дамоў. Вымяраю пакой палахлівым позіркам і натыкаюся на жанчыну. Яна сядзіць у крэсле да нас спінаю. Кашляю, каб прыцягнуць яе ўвагу. Фёца хапае мяне за рукаў і кіўком галавы паказвае на крэсла. На падлозе ля ног жанчыны лужына свежай, яшчэ не загусцелай крыві. Ад яе ва ўсе бакі распаўзаюцца розныя па даўжыні ярка-чырвоныя ручаінкі. Па целе прабягае дрыготка. Асцярожна абыходзім крэсла, у якім сядзіць жанчына, і спыняемся ля вакна. З гэтай пазіцыі разгледзець ахвяру можна куды лепш. Жанчына адкінулася ўсім целам на спінку крэсла. Галава схіленая долу. Вочы глядзяць у падлогу. Сцёгны вульгарна аголеныя.

Сукенка ў абліпку падкрэслівае хараство пруткага і рахманага цела. Ля крэсла валяецца акрываўлены жалезны прэнт. Відавочна, гэта і ёсць прылада забойства. Акрамя крэсла, пісьмовага стала і некалькіх кніжных паліц, ніякай іншай мэблі ў пакоі няма. Пераносная тэлефонная трубка не адключаная. З яе да нас даносяцца занудлівыя кароткія гудкі. Гляджу на Фёцу, і з вуснаў маіх зрываецца працяглы крык жаху:

— Оп-ля-я-а!..

— Тэлефануй у міліцыю, — прапаноўвае мне Фёца дрыготкім ад хвалявання голасам і, не дачакаўшыся, хапае сам трубку. Назіраю, як здрадніцкі дрыжаць яго рукі.

— Кінь, — загадваю яму я і палахліва зіркаю на акно. — Рвем кіпці, чуеш! Гэта — падстава!

Фёца збянтэжана пазірае на мяне. Вырываю з яго рук трубку і кідаюся да акна. Бачу, як насупраць дома, дзе мы зараз знаходзімся, спыняецца міліцэйская машына.

— Міліцыя! — крычу я ледзянеючым аж жаху голасам. — Бяжым!

— Бачу, — абыякава шэпча недзе за плячыма Фёца. — Куды бегчы? Дзверы замкнёныя, гэта пастка.

Вяртаюся да яго і хапаю за запясце, потым цягну праз увесь пакой да другога акна. Намацваю на раме зашчапку і спрабую адсунуць яе. Яна завэдзгана засохлай фарбай і не паддаецца.

— Не марудзь! Дапамажы! — лямантую я, звяртаючыся да Фёцы.

Ён кідаецца на дапамогу і таксама пачынае торгаць зашчапку. Зразумеўшы, што акно нам не расчыніць, хапаю з падлогі жалезны прэнт. Ён у крыві, і мяне пачынае нудзіць.

— Адхіліся, — загадваю я і адпіхваю Фёцу ўбок. Потым з усёй моцы б’ю прэнтам па шыбіне. Бітае шкло сыплецца на падлогу. Ускокваю адным махам на падаконнік і гляджу ўніз. Невялікая брукаваная пляцоўка ля дома забруджаная. Чую працяглы занудлівы вой сірэны і маруджу.

— Скачы! — дыхае мне ў патыліцу Фёца.

Адчуваю лёгкі штуршок у плечы і заплюшчваю вочы. Прызямляюся без сур’ёзных траўмаў. Фёца гопнуў недзе побач. Чую яго стогны і здагадваюся, што прызямліўся ён не зусім удала. Хістаючыся на неслухмяных нагах, ён кульгае да дарогі. Гляджу на яго і лаўлю сябе на жахлівай думцы: «Не ўцячэм!»

— Дзе кепка? — пытаюся я, не хаваючы раздражнення. Фёца мацае свае раскудлачаныя кучэры і здзіўлена паціскае плячыма.

— Дзе кепка? — зрываюся я на крык.

— Дзе-дзе... засталася ў пакоі, — вінавата вымаўляе ён і задзірае ўверх галаву.

Таксама гляджу на расчыненае акно на другім паверсе і не ведаю, што нам рабіць далей.

— Нага баліць? — пытаюся я.

— Дробязі, — моршчыцца Фёца і накіроўваецца да дома. — Мне трэба вярнуцца. Кепку я ім не пакіну.

— Вар’ят! — гляджу я на яго неўразумела.

— Віцёк, я павінны забраць яе. Не хвалюйся, я хутка.

— Стой! — крычу я, разумеючы абсурднасць яго намеру. — Хочаш, каб нас замялі? Там жа міліцыя, ідыёт!..

Хапаю і цягну яго да высокай цаглянай агароджы. Зручнае месца, каб перабрацца, я нагледзеў, яшчэ калі мы былі з Фёцам у пакоі. Ля сцяны складзеныя дошкі. Узбіраюся па іх на мур і чую знізу мужчынскі голас.

— Стоп! Стоп! Стоп!

Паварочваю галаву: Аляксей Міхайлавіч стаіць ля сваёй іншамаркі і нахабна ўсміхаецца. Зазіраю яму ў вочы і спрабую ацаніць глупства гэтага чалавека. Узнікае жаданне набіць яму морду.

— Стоп! Стоп! Стоп! — паўтарае павольна Аляксей Міхайлавіч і здзекліва пляскае ў ладкі. Задзірае галаву ўверх і гукае ў пустату расчыненага акна: — Тэ-рэ-за!

Адтуль высоўваецца галава жанчыны — той самай, якую мы хвіліну таму прынялі за ахвяру. Жанчына ўсміхаецца нам, а я гляджу і не магу дацяміць, дзе праўда, а дзе хлусня.

— Што яшчэ натварылі гэтыя круцелі, акрамя таго, што разбілі шыбіну? — зацікаўлена пытаецца ў яе ачкарык.

— Быццам бы больш нічога, — адказвае тая. Чую яе кароткі і няшчыры смяшок.

Поделиться с друзьями: