Пастка для рэха
Шрифт:
— Сам да гэтага дацяміў? — задаволена пазірае на мяне Люська. — Ці хто падказаў?
— Не сам… Цяпер я ведаю, чаму мы не сталі дарослымі.
— Ну і чаму?..
— Пакуль жывыя нашы бацькі, дагэтуль мы і будзем заставацца дзецьмі.
— Але яны аднойчы памруць.
— На гэты час у нас будуць свае дзеці. І яны для нас таксама будуць дзецьмі. А потым і ў іх з’явяцца дзеці…
— Я хачу, каб гэты ланцужок ніколі не абрываўся.
— Я таксама…
Вуліца бязлюдная. Крочым па ёй моўчкі. Люська хоча пазнаёміць мяне са сваімі бацькамі. Мінулае вяртаецца… І гэта значыць — мы жывём. Бо мінулае, як мне здаецца, і ёсць наша жыццё.
Цеснае перапляценне вулак у аддаленным ад цэнтра квартале. Закуток, асветлены адным ліхтаром. Магутная жалезная агароджа. За ёю двухпавярховы будынак. Ад ліхтара няпэўныя цені. Жалезныя сходы зігзагам спускаюцца ўздоўж фасаднай сцяны. Тлустыя чорныя лініі знікаюць пад бляшанымі каптурамі адліваў. Мне хочацца ўзабрацца на гэтую лесвіцу і зазірнуць у чужую заваконную цішыню.
А яшчэ мне хочацца зазірнуць у сябе, убачыць малпу, каб дараваць яе нікчэмнасць…
2007 г.
Бонза
1
Колькі
Чалавек, пра якога я збіраюся вам расказаць, належыць да кагорты тых індывідаў, якія псуюць нам жыццё адною сваёю прысутнасцю. Яны замінаюць нам жыць па-людску. Іх робіцца шмат ужо з першай хвіліны знаёмства. Іх здольнасці і магчымасці, дасведчанасць і багаты вопыт заўжды амаль перабольшаныя. Звычайна яны так і застаюцца на ўзроўні жаданага і адразу ж знікаюць, як толькі размова даходзіць да справы. Іх бяскрыўдныя мары робяцца для тых, каму выпала быць з імі побач, сапраўдным пеклам. Гэта не голыя слоўцы. Усё гэта мне давялося зведаць на сабе. Майго жыцця хапіла б на сотню, а то і некалькі, прыкладаў. Нашы лёсы з ім былі настолькі цесна пераплеценыя, што паасобку пра нас і не раскажаш. Яго непрадказальнасць, яго зменлівасць сяліла ў маіх думках няўпэўненасць і раздрай. Іншы раз мне здавалася, што я перабольшваю, што насамрэч ён не такі, якім я яго для сябе прыдумаў. Але мінаў час, і мае ілюзіі наконт яго станоўчасці развейваліся. Я натыкаўся на ўсё тыя ж іранічнае стаўленне, жорсткасць і эгаізм. Яшчэ ў юнацтве ў маю свядомасць закралася жахлівае перакананне, што яго нельга перамагчы. Ён ніколі не адхіляе чужой моцы, ён асімілюе яе. Аднак я не пераставаў цешыць сябе ілжывымі ўяўленнямі і спадзяваннямі, як пры сустрэчы, калі гэты фацэт працягне мне свае брудныя лапы, каб павітацца, замест таго каб паціснуць іх, з задавальненнем заеду яму ў пысу. Няхай ведае, гад, што я не такі, як ён. Кожны раз я паціраў ад задавальнення рукі, але мае мары, на жаль, так і заставаліся марамі. Бо як толькі даходзіла да канкрэтыкі, я, як заўжды, пасаваў. Нешта пагардлівае і амбіцыйнае заўсёды чыталася ў гэтых вузкіх мангольскіх вачах. Я безнадзейна патанаў у гэтых бяздонных азёрах чужой недасяжнасці без усякай надзеі на выратаванне. Ад яго вачэй веяла небам і вечнасцю. Гэтая загадкавасць стрымлівала мяне, яна была нашмат мацнейшая за маю нянавісць. Ён здзекаваўся з мяне, а я дазваляў яму рабіць гэта. Я спадзяваўся на цуд. У мяне не было іншага выбару. Я імкнуўся як мага хутчэй паціснуць яго шурпатую брудную далонь, адчуваў яе халодную пустату і ўгодліва ўсміхаўся. Паступова гэтая мая ўгодлівасць стала неад’емнай рысай характару. Не пазайздросціш, вядома, — жахлівае відовішча! Мне здавалася, што гэта наша з ім рознасць нараджае тую ўзаемную нянавісць, якую мы нясём праз усё жыццё як данасць. Але, згодна законам фізікі, розныя палюсы павінны прыцягвацца, а не аддаляцца. Мы з ім, калі сказаць вам шчыра, былі не разлі вадою. Гэтае супярэчлівае «сваяцтва» і пераконвало мяне, што мы з ім падобныя, а не наадварот. Я ўздрыгваў ад гэтай жахлівай думкі. Мяне кідала ў жар. Я не хацеў быць падобным на яго. Я ненавідзеў яго і нёс гэтую нянавісць, як пакору. Ён быў, ёсць і будзе маім ворагам. Але, на жаль, мы любім і паважаем сваіх катаў. Такія мы ёсць, і ад гэтага нікуды не падзецца. З цягам часу і я навучыўся жыць са сваёй нянавісцю. «Дзеля чаго?» — пацікавіцеся вы. Дзеля сваёй выгады. Мне хацелася жыць, а не выжываць. Але аб гэтым і шмат аб чым іншым па парадку.
Бывала, што мы з ім разыходзіліся на некалькі год. Спярша я ўздыхаў з палёгкаю, але не далей як праз тыдзень, а то і яшчэ раней, я пачынаў сумаваць па ім. Мне не хапала яго адмоўнасці. Я настырна шукаў з ім сустрэч і адначасова аддаляў іх. Так не бывае, не паверыце вы. Бывае, яшчэ як бывае. Пра гэты мой страх можна расказваць вам гадзінамі. Відавочна, ён нараджаўся ад недаверу, які мы адчувалі адзін да аднаго пад час нашых непрацяглых сустрэч, адну з якіх я і хачу прыгадаць вам у якасці прыкладу. Сталася так, што жыццё развяло нас на шмат год. Таму, калі давялося зноў сустрэцца, я не хаваў свайго задавальнення.
— Мне здаецца, што ты змяніўся, — віхляў я лісліва вакол яго хвосцікам. — Памужнеў. Дай хоць зірнуць на цябе.
Ён незадаволена скрывіўся.
— Што я — дзяўчына, каб на мяне глядзець? — буркнуў ён і дэманстратыўна пацягнуўся да кішэні за сотавікам.
— Ды не, не дзяўчына... Проста мы вельмі даўно не бачыліся, — патлумачыў я.
— Што ж, паглядзі! — скептычна ўсміхнуўся ён і дадаў: — Пакуль я буду па тэлефоне размаўляць.
Ад яго абыякавасці мяне кінула ў жар. Захацелася праваліцца скрозь зямлю. Я стаяў, перамінаючыся з нагі на нагу, і ад сораму і крыўды не ведаў куды падзець вачэй. У гэтую хвіліну я ненавідзеў яго яшчэ мацней. «Сволач! — лаяўся я ў думках. — Якая ж ты ўсё-такі сволач!» Я губляўся ў няведанні, я шукаў шляхі адыходу, больш-менш прыстойнага выйсця з таго становішча, у якое загнаў сябе сам. І не знаходзіў іх. Здавалася б, што мог знайсці ў гэтых яго словах я крыўднага і абразлівага? А я задыхаўся ад крыўды. Уласцівасцю майго характару было прымаць блізка да сэрца тое, чаго браць увогуле было не варта.
Я дачакаўся калі ён натоліць сваё самалюбства пустой балбатнёй і, наўмысна паказваючы яму сваю абыякавасць, павольна рушыў да аўтобуснага прыпынку. Ён не спыніў мяне. «Сволач!» — енчыла маё ўражанае самалюбства. Інстынктыўна, патыліцай я адчуваў на сябе яго пагардлівы пранізлівы позірк. Мне хацелася азірнуцца. Але мо ўпершыню ў жыцці ў мяне хапіла і вытрымкі, і мужнасці не паддацца гэтаму спакусліваму свайму жаданню. Гэта была мая маленькая перамога над ім, першая і, магчыма, не вельмі ўдалая. І ўсё ж гэта была перамога. Хаця, хто ведае, у чым тая ісціна. Верагодней за ўсё, гэта быў мой першы
крок да дэградацыі. Але на той момант аб гэтым я яшчэ не задумваўся. Я святкаваў сваю перамогу. Разуменне, што гэта эгаізм, паселіцца ў маёй свядомасці значна пазней, калі я паспрабую дакапацца да глыбінь свайго сапраўднага «Я». А на той момант мне здавалася, што мой учынак варты пераймання. Перакананне, што нашы адносіны не маюць будучыні пасля ўсяго таго, што адбылося, перапаўняла мяне радасцю. «Цяпер я назаўсёды вызваліўся ад яго», — пераконваў я сябе, едучы дахаты ў перапоўненым тралейбусе. Аднак я, як заўжды, памыляўся. Нельга пазбавіцца свайго імя, нельга пазбавіцца свайго ценю. Хто з нас не памятае, што сталася з Пэтэрам Шлемілем, героем вядомай казкі Адэльберта Шамісо, пасля таго, як ён прадаў свой цень Д’яблу. Нішто не замяніла яму зніклы цень: ні багацце, ні шчодраць, ні сумленнасць. Без яго Пэтэра так ніхто і не ўспрыняў за сапраўднага чалавека. У краіне сляпых відушчыя павінны заўсёды быць ізгоямі. Цень — гэта наша душа. А душы, як вядома, прагнуць прысутнасці святла, а не яго адсутнасці. Нешта падобнае здарылася і са мной. Чалавека ў чалавеку захоўвае адзінота. Неўзабаве і я адчуў, што раблюся іншым, не тым, якім быў усе папярэднія гады. Але досыць пустых разважанняў. Я зусім адхіліўся ад тэмы. Наспеў час расказаць вам больш падрабязна гісторыю маіх расчараванняў. Як мне здаецца, расказаць мне вам ёсць пра што.2
У іх кватэры заўсёды пахла крадзеным. Гэта былі своеасаблівыя пахі. Яны мне нагадвалі нечым пахі нашага гарадскога універмага, усяго пакрыху: галантарэі і парфуму, абутку і адзення, посуду і мыдліку. Калідор быў заўсёды загрувашчаны. На падлозе валяліся нейкія пакункі і скруткі. Хапала гэтага дабра і ў астатніх пакоях.
Пераехалі яны ў наш горад з поўначы краіны, нібыта з Віцебскай вобласці. Як выявілася пазней, з-пад Пскова. Мяне на той час такія геаграфічныя падрабязнасці ў біяграфіі гэтай сям’і не цікавілі, для мяне — хоць з Афрыкі. Для маіх бацькоў гэты факт быў чамусьці немалаважным. Яны не праміналі магчымасці, каб не падкрэсліць, што нашы суседзі кацапы. У залежнасці ад настрою іх яшчэ называлі ўсходнікамі. Я ніколі не заглыбляўся ў сэнс гэтых незнаёмых мне слоў, я быў яшчэ зусім зялёным, каб разбірацца ў словаблуддзі дарослых. Аднак нейкую ўнутраную насцярожанасць, нейкі невытлумачальны дыскамфорт гэтыя словы, напэўна, неслі ў сабе. З цягам часу і я стаў называць яго кацапам. Жылі мы тады ў адным з прамысловых раёнаў, на самай ускраіне горада, у невялічкай двухпакаёвай хрушчобе. Бацькоў маіх такія жыццёвыя ўмовы задавальнялі цалкам: асобная кухня, прыбіральня, два прахадныя пакоі. У дзяцінстве мне заўсёды хацелася мець браціка, але мары мае так і заставаліся марамі. Мая маці пасля майго нараджэння дзяцей мець не магла. Нешта ў яе незаладзілася пры родах. Нарадзіўся я на свет раней тэрміну, у пакутах, з-за чаго, пэўна, маці і памерла заўчасна. Яе няшчырасць і нелюбоў да мяне, якіх яна ніколі не хавала, я таксама звязваў з гэтым. Паступова я звыкнуўся і не трымаў на яе крыўды. Відавочна, лічыў я, і ў сям’і павінны быць таксама свае казлы адпушчэння. Мяне вінавацілі ва ўсіх мажлівых і немажлівых грахах і інакш, як дзяўчынкай, не называлі. «О, у нашай прыгажуні рэжуцца зубкі!» — здзіўлялася мама. «Паглядзіце, наша краля хадзіць навучылася!» — усміхаўся цынічна бацька. З цягам часу, калі падрос і пачаў разумець сапраўдны сэнс гэтых зняважлівых слоў, я пачаў не тоячыся выказваць свае крыўды. Мяне абвінавачвалі ў адсутнасці пачуцця гумару. Так упершыню да мяне прыйшло ўсведамленне, што, акрамя радасці, ёсць і пакуты.
— Лес няроўны, людзі таксама, — неаднойчы суцяшала мяне нябожчыца бабуля, шчыльна прыціскаючы да сябе. Яна была адзіным маім заступнікам і адвакатам. На жаль, век яе быў нядоўгі. Пасля яе смерці я застаўся сам-насам з гэтым няпэўным і несправядлівым светам. Ва ўсякім разе, так мне тады здавалася. Адналеткаў маіх у двары можна было пералічыць па пальцах. Таму гуляць мне даводзілася пераважна аднаму. А гэта ў маім разуменні было раўнаважным пакаранню адзінотай. Вас ніколі не каралі адзінотай? Жахлівая рэч! Зведаў на сабе неаднойчы. За любую правіннасць мяне зачынялі аднаго ў пакоі на невызначаны тэрмін і ставілі на калені на гарох. Больш чым паўгадзіны я пратрымацца не мог. Потым пачынаў енчыць і калаціць кулакамі ў дзверы. Адмыкала іх звычайна мама. Я з крыкам кідаўся да яе ў абдымкі, зашываўся ў прыпол і даваў волю слязам. Яна прыціскала мяне да сябе і патрабавала нейкіх абяццанняў. Я абяцаў, вядома, але праз нейкі час усё паўтаралася. Мне як паветра не хапала сяброў. Напэўна, адзінокім сябе я пачуваў тады ўжо, хоць дакладна і не ведаў, што гэта за пачуццё такое — адзінота. І тут ён — як снег на галаву. Я настолькі абрадаваўся яго паяўленню, што прыпёрся да іх на кватэру ў той жа дзень, калі яны пераехалі. Тым больш што ісці не трэба было далёка. Пасяліліся ўсходнікі ў кватэры насупраць. Планы мае былі на той час, скажам шчыра, напалеонаўскія. «Вось з кім я цяпер буду сябраваць!» — вырашыў я. Прызнаюся, дзеля гэтага сяброўства я тады шмат чым быў здольны ахвяраваць.
У першы клас нас прывялі ў адну школу, болей таго, пасадзілі за адну парту. Ад шчасця я лётаў у нябёсах. Я навязваў яму сябе як толькі мог. Я хацеў яму спадабацца. Але сяброўства наша чамусьці не задавалася з самага пачатку. Бонза не ўспрыняў маіх намаганняў, ацаніў па-свойму мае здольнасці. Хто даў яму такую мянушку, ніхто ў класе дакладна не ведаў. Сярод шматлікіх версій самай верагоднай была, што быццам бы яго бацька па нацыянальнасці мангол. Нешта неславянскае ў яго знешнасці, безумоўна, прысутнічала, таму ўсе пагадзіліся з гэтым. Пра нейкія іншыя варыянты можна гаварыць толькі зараз, калі мінула шмат часу. Нам жа тады было не да падрабязнасцей. Бонза, ды й Бонза! Вучыўся ён кепска, і з паводзінамі ў яго былі праблемы. Асабліва ён не ладзіў з граматыкай. І чытаць ён умеў кепска. Але гэта, па ўсім відаць, турбавала яго мала. Свае недахопы інтэлектуальныя ён кампенсаваў выдатнымі фізічнымі здольнасцямі. Нашмат пазней мы даведаемся, што і са здароўем у яго былі нелады. Нічога пэўнага пра ўсходнікаў ніхто з нас тады не ведаў. Для нас гэта была закрытая тэма. Хадзілі чуткі, што нібыта яго бацька былы зэк, што адбываў ён свой тэрмін за зладзейства. Але чуткі так заставаліся чуткамі, неразгаданай тайнай. Адно, у чым мы былі больш-менш перакананыя, гэта тое, што яго бацькі займаюцца фарцоўкай, перакупляюць і перапрадаюць набытае. Займацца такімі справамі было на той час і небяспечна, і амаральна. Аднак і гэтыя скупыя і недакладныя звесткі, якімі я дзялюся з вамі цяпер, даходзілі да нас праз трэція рукі, таму ім таксама не трэба асабліва давяраць. Мая мама была не зусім задаволеная маім жаданнем пасябраваць з гэтым нелюдзем, як яна яго называла часта, і неаднойчы папярэджвала мяне:
— Не путайся ты з ім, да дабра гэта не давядзе. Нічога карыснага ён табе даць не зможа. Вы розныя…
Я згодна матляў галавой, каб не хваляваць яе, а сам употай працягваў шукаць з ім сустрэч. Скуль мне было ведаць тады сапраўдныя прычыны гэтай маёй прывязанасці да яго. Магчыма, з-за маіх няўдалых спроб пасябраваць з ім да мяне і прыляпілася тая мянушка — Гомік. Я крыўдзіўся і злаваўся на ўвесь свет. Але, каб заткнуць рот гэтым дурням, трэба было мець неабходныя фізічныя здольнасці. Іх у мяне не было. Мяне па-ранейшаму называлі дзяўчынкай.