Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастка для рэха

Паплаўскі Алесь

Шрифт:

Бонза мяне люта ненавідзеў і ігнараваў пры любой магчымасці. У дзяцінстве нас цікавяць не інтэлектуальныя здольнасці, а фізічныя. Мы чэрпаем вопыт не з кніжак, а з асабістых прыкладаў, з сапраўднага жыцця. Нічым пахваліцца ў гэтым плане я ні перад кім не мог. Я быў фізічна адсталым, і мне пры жаданні магла начысціць морду любая дзяўчына ў класе. Хто ж стане сябраваць з такім дыстрофікам? У яго атрымлівалася ўсё наадварот, ён меў неаспрэчны аўтарытэт у школе. Яго абыходзілі бокам нават нашмат старэйшыя хлопцы. Верагодна, гэтая фізічная моц у ім і вабіла мяне.

— Баяцца — значыць паважаюць, — паджучваў мяне і бацька. — Бяры прыклад, а то так і вырасцеш размазнёй.

Цярплівы ганарыцца сваёй цярплівасцю. Акрамя гэтага, мне, відавочна, не было чым ганарыцца.

Неяк аднойчы мне давялося заспець Бонзу за

не зусім звыклым заняткам. Я прапусціў у той дзень урокі і забег да яго за раскладам. Звычайна на мой званок дзверы мне адчыняў нехта з дарослых, пераважна гэта была яго маці. Яна баязліва высоўвала галаву з паўадчыненых дзвярэй і некалькі хвілін пільна вывучала мяне позіркам. Здавалася, што яна не пазнае мяне. І тады я імкнуўся нагадаць ёй:

— Гэта я, Алег, — тыцкаў я сябе пальцам у грудзі і паказваў вачыма на дзверы нашай кватэры. Твар жанчыны расплываўся ў бязгучнай усмешцы:

— Ваўлерык! — картавіла яна, звяртаючыся некуды ўглыб памяшкання.

Я не разумеў гэтай яе ўсмешкі і збянтэжана перамінаўся з нагі на нагу, чакаючы, пакуль у праёме дзвярэй не з’явіцца белабрысая галава Бонзы.

— Ваўлерык! — гукала настойліва жанчына некуды ў цемру. — Да цябе прыйшлі.

Праз няпэўны час з-за пакункаў выплывала размытая атлетычная постаць Бонзы. Ён заўсёды быў нечым незадаволены. Мне здавалася, што гэтая ягоная незадаволенасць павялічваецца ўдвая, калі ён бачыць мяне.

— Што трэба? — коратка пытаўся ён, ніколі не гледзячы ў вочы. Выходзіў на лесвічную пляцоўку і шчыльна зачыняў за сабою дзверы.

Усе размовы нашы адбываліся на лесвічнай пляцоўцы. У кватэру мяне звычайна не пускалі. Ад хвалявання я забываў пра мэты свайго візіту і мармытаў нешта неўразумелае. Верагодна, я апраўдваўся перад ім. Я нёс розную бязглуздзіцу. Яго твар пакрываўся густой чырванню. Гэта азначала, што ён злуецца. Нашы размовы абмяжоўваліся некалькімі канкрэтнымі пытаннямі з яго боку і маім хвілінным неўразумелым мыканнем. Я сыходзіў пераважна пакрыўджанным, бо ў свой адрас заўсёды чуў адну толькі абразу. Я цярпеў, але гэта не значыць, што я быў з гэтым згодны. Пасля такога візіту я пераконваў сабе, што нага мая больш не ступіць на гэты парог. Але мінаў час, і я забываў на свае крыўды і абяцанні. Мяне цягнула да яго зноў, як магнітам. Болей таго, чым больш жорстка ён са мною абыходзіўся, тым хутчэй я забываўся на ўсё.

На гэты раз я таксама па звычцы пазваніў у дзверы. Счакаў хвіліну і пазваніў яшчэ раз. Дзіўна, але на мой званок ніхто не адазваўся. Я счакаў і лёгенька штурхнуў плячом дзверы. Яны адчыніліся. Пастаяў некалькі хвілін ў нерашучасці, потым пераступіў парог. У калідоры валадарыў паўзмрок. Шчыліны з паўадчыненых дзвярэй на кухню сеялі светлавы пыл. У суседнім пакоі гарланіў магнітафон. З кухні смярдзела спаленым салам. Я стаяў у нерашучасці, прывыкаючы да цемры. Колькі хвілін мінула з таго моманту, як я пераступіў парог, не памятаю. Калі ад напругі пачалі зацякаць ногі, варухнуўся і пачаў асцярожна прасоўвацца між пакункаў да святла. Праз хвіліну дасягнуў паўадчыненых дзвярэй, але адчыніць іх цалкам не адважыўся. Тое, што я ўбачыў, спыніла і напалохала мяне. Пасярод пакоя ля вялікай эмаліраванай місы, напоўненай па самыя берагі гарачай вадой, на каленях стаяў Бонза. Побач з ім на зэдліку сядзеў сярэдніх гадоў мужчына, яго ногі былі спушчаныя ў місу. Бонза намыльваў іх і расціраў пену па лытках. Я маўкліва сачыў за спрытнымі рухамі яго рук і баяўся паварушыцца. Я рабіўся нявольным саўдзельнікам гэтага нязвыклага для мяне дзейства. Праз хвіліну, калі маё здранцвенне мінула, я памкнуўся незаўважана пакінуць памяшканне. Мая нязграбнасць прыцягнула ўвагу мужчыны.

— Малец, ты нешта хацеў? — прыўстаў ён з зэдліка. Бонза таксама азірнуўся. Нашы погляды перасякліся. Нянавісць і злосць мільганулі ў яго зрэнках. Было заўважна, што яму няёмка і што ён не жадае дзяліцца са мной сваім прыніжэннем.

— Пакорлівае цялатка ад дзвюх матак харчуецца, — хаўрусна падміргнуў мне мужчына. — Ну, чаго ты, чаго?.. Праходзь! — зарагатаў ён і зіркнуў на Бонзу. Мне падалося, што мужчына на падпітку.

— Што трэба? — вылупіўся на мяне Бонза, скарыстаўшыся паўзай. — Чаго прывалокся?

Ён падхапіўся з каленяў і рушыў да мяне. Мне падалося, што яшчэ імгненне — і ён заедзе мне ў морду. Я падаўся да выхаду, але зачапіўся нагой за пакунак і расцягнуўся на

падлозе. Мяне засыпала нейкімі рэчамі. Я разгроб іх рукамі, падхапіўся і кінуўся да дзвярэй. Я чуў за плячыма яго паспешлівыя крокі, але не азірнуўся.

На наступны дзень Бонза не з’явіўся на заняткі. Я захваляваўся. Мне падалося, што прычынай таму мог быць учарашні выпадак. Вечарам ён наведаў мяне сам. Пастукаўся ў дзверы і, калі я адчыніў яму, прапанаваў пагуляць. Я прыняў яго прапанову з радасцю. Ён жа зацягнуў мяне ў нейкі кут, за шчытавую, напэўна, каб нас менш хто бачыў.

— Ты нічога не бачыў, зразумеў? — ядавіта прахрыпеў ён, прыціскаючы мяне да сцяны.

Я моўчкі кіўнуў галавой, не разумеючы, чаго ён ад мяне патрабуе. Ён страсянуў мяне за грудкі і паваліў на зямлю.

— Ты нічога не бачыў, прыдурак!

Я заплакаў ад крыўды.

— Вякнеш каму-небудзь — заб’ю.

3

Праз год гэтая гісторыя мела свой працяг. Ніякіх станоўчых зрухаў у нашых адносінах за гэты час не адбылося. Панавалі ўсё тыя ж нявызначанасць і раздрай. Бонза не падпускаў мяне да сябе і блізка. А калі здаралася непрадказальнае, калі ён нечакана, у разрэз са сваімі амбіцыямі, ішоў на кантакт са мной, я радаваўся, нібы немаўля. Мне здавалася, што я дамогся свайго. Не разумею, нашто мне гэта ўсё было патрэбна? У яго цяпер была толькі адна мэта — зняважыць мяне. І я не мог не заўважаць гэтага. Ён выкарыстоўваў любую магчымасць, каб агаліць маю слабіну і падкрэсліць маю нікчэмнасць. Ён пасварыў мяне з усім светам. Ад мяне адвярнуліся ўсе: сябры, аднакласнікі, настаўнікі. Інакш як Гомікам мяне ніхто ў класе цяпер не называў. З яго «лёгкай» рукі я застаўся сам-насам са сваімі праблемамі. Маё сяброўства з Толікам, такім жа, як і я, шызікам, якога ігнаравалі нават настаўнікі, браць да ўліку было б смешна. Кантаваліся мы з ім ад безвыходнасці. Усе гэта разумелі і пры магчымасці не праміналі ўпікнуць. Не мог не разумець бессэнсоўнасць нашых зносін і я, але выбару ў мяне не было. Мае памылкі вярталіся да мяне ў якасці выніку. У класе нас цяпер называлі Ботамі. Я, па мерках аднакласнікаў, быў левым, ён — правым. Два боты — пара. Ён з валетамі ў галаве, і я таксама. Вольны час мы цяпер бавілі разам. Выяўляць сваю слабіну перад класам я не жадаў і, каб даказаць, што я на нешта яшчэ здатны, я паставіў сабе за мэту выбіцца ў выдатнікі. Сваю кемлівасць, свае здольнасці, вольны час я скіраваў цяпер на заняткі вучобай. Ужо праз год я дамогся свайго. Я стаў лепшым вучнем у школе. Але гэта не дадало мне аўтарытэту. Наадварот, мяне цяпер неўзлюбілі яшчэ больш. Цяпер з мяне насміхаліся нават бацькі:

— О, у нашага «прыгажуні» прарэзаўся творчы патэнцыял! — скептычна крыўлялася мама, гартаючы мой дзённік. — Вучыся, дзетка, вучыся, вучоным станеш.

— Ага, а дурнем памрэш, — не забываў упікнуць бацька. Яго твар расплываўся ў бязгучнай цынічнай усмешцы. — У яго ж мазгоў бракуе. Замест іх у яго галаве нітка. Абрэж — і вушы адваляцца.

— І за што вы мяне не любіце? — крыўдзіўся я і змываўся з вачэй. Зачыняўся на нявызначаны час у прыбіральні і даваў волю слязам. Наўздагон чулася: «Балван, жартаў і тых не разумееш…»

Пасля такіх «жартаў» аднойчы мне і перахацелася быць выдатнікам.

Пагоршыліся і без таго кепскія адносіны з Бонзам. Ён яшчэ мацней узненавідзеў мяне. Але цяпер яго ненавідзеў і я. Праўда, мая нянавісць яшчэ толькі зараджалася, і я саромеўся гэтага пачуцця. Ён жа, наадварот, выстаўляў сваю агіду напаказ. Ён быў катэгарычным і паслядоўным. Я — непрадказальным і сентыментальным.

— І ў каго ты такі ўдаўся, сынок? — не пераставаў здзіўляцца ў запале бацька. — Нельга ж быць такім флюгерам — куды вецер падзьме.

У думках я быў згодны з ім, а на справе нічога зрабіць з сабой не мог.

Аднойчы, на вялікім перапынку, праз Толіка Бонза выклікаў мяне на калідор. Я дапіваў чай у школьным буфеце. Майму здзіўленню не было межаў. «Што яму трэба?» — губляўся я ў здагадках. Эмоцыі перапаўнялі мяне. Я няспешна плёўся праз залу, наўмысна расцягваючы задавальненне. «Няхай чакае», — злараднічаў я.

Бонза чакаў мяне ля выхаду. Ён быў нецярплівым і ўзбуджанным. Такім я яго яшчэ ніколі не бачыў. Яго пераляканы выгляд не столькі здзівіў мяне, колькі насцярожыў. Як толькі я паявіўся, ён адразу ж схапіў мяне за руку і пацягнуў на вуліцу.

Поделиться с друзьями: