Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастка для рэха

Паплаўскі Алесь

Шрифт:

— Гэта маё месца, — нагадаў я яму настырна. «Ну чаго ты марудзіш? Заедзь яму ў морду, — падбухторваў я сябе. — Давай!..» Мой зняважаны ўнутраны голас, як заўсёды, хлусіў мне. Каб заехаць яму ў пысу, трэба было б нарадзіцца ім.

— Усё роўна сядзець ты тут не будзеш, — упарта паўтарыў я.

Ён не варухнуўся

— Дзе ж я, па-твойму, буду сядзець? — скептычна ўсміхнуўся ён.

— Дзе хочаш, там і сядзі. Мяне гэта мала турбуе. Гэта маё месца, — сказаў я і скоса паглядзеў на Таню, магчыма, я ўсё яшчэ шукаў яе падтрымкі.

На што я разлічваў, дзівак? Дзяўчына зрабіла абыякавы выгляд, даючы зразумець: «Разбірайцеся самі. Гэта не мая справа».

— Ты перакананы, што гэта тваё месца? — перапытаў ён.

— Перакананы, — адказаў я.

— І гэта сцвярджаеш ты, гомік і размазня?..

Людзі, паглядзіце на гэтага дурня, — звярнуўся ён цынічна да класа. — Скажы дзякуй мне, што я цярпеў цябе дасюль. Хто з табой такім сядзе? Яна? Ты хочаш з ім сядзець? — спытаў ён у дзяўчыны.

Тая адказаць не паспела. У клас увайшоў настаўнік.

— Гэй, арлы! — зірнуў ён на нас строга. — Зноў нешта не падзялілі? — перавёў позірк на Таню і загадкава ўсміхнуўся: — А можа, каго?

Я нехаця накіраваўся да першай парты. Злосна кінуў свой ранец пад лаўку і сеў. І тут здарылася тое, чаго я ніяк не чакаў. Маё цела кранулася нечага вострага і калючага. Я войкнуў і падхапіўся ад болю. Інстынктыўна рука пацягнулася да параненага месца. З маіх штаноў на падлогу пасыпаліся кнопкі. Клас разрадзіўся шквалам працяглага рогату. Ад крыўды і безвыходнасці я ледзь не заплакаў. Схапіў прыхапкам ранец і кінуўся да дзвярэй. Зачыняючы іх, азірнуўся. Бонза задаволена жмурыўся. Танька, як мне падалося, таксама ўсміхалася.

Гэты выпадак не стаў перашкодай для нашага з ёю сяброўства. Праўда, атрымлівалася яно ў нас нейкім аднабокім. Яна лічыла мяне сябрам, я яе — не. У мяне да яе былі іншыя пачуцці, тыя, якія сяброўскімі назваць нельга. Магчыма, я закахаўся ў яе. З кожнай новай сустрэчай гэтае пачуццё толькі ўзмацнялася. Мы размаўлялі з ёй аб усім і ні аб чым. Мы дзяліліся з ёю ўражаннямі і тайнамі, мы радаваліся жыццю. Невытлумачальнае задавальненне перапаўняла мяне. Спадзяюся, што ёй таксама было цікава са мной. Але толькі варта было паявіцца яму, як ўся мая радасць некуды знікала. Я раўнаваў яе і не хаваў гэтага. Потым мая рэўнасць паціху перарасла ў нянавісць. Але гэта было потым, а тады...

Таня, як мне здавалася, таксама мянялася з яго паяўленнем. Яна рабілася да непазнавальнасці сумнай і сур’ёзнай. Я адчуваў, што лішні, і сыходзіў, заўсёды з пачуццём спадзявання. Я прывык жыць нязбыўным і недасяжным. Але, нягледзячы на тое, што яна сябравала са мной, замуж яна выйшла за яго.

5

Пасляшкольны перыяд у нашай сумеснай з ім біяграфіі вызначаецца яшчэ большым шэрагам супрацьлегласцей. Ён паступіў у тэхнікум, я — не, не хапіла некалькіх балаў. Мяне прызвалі ў войска, яго — не, камісавалі па стане здароўя. Спіс гэты можна было б доўжыць да бясконцасці, але я не стаўлю сабе за мэту рабіць гэта. Я і ён — ужо супрацьлегласць. Я толькі акцэнтую вашу ўвагу на тых момантах свайго жыцця, якія, на маю думку, ляпілі з мяне складаную, супярэчлівую асобу.

Служыць мне выпала далёка за межамі краіны. У войску мяне пераследавалі ўсё тыя ж праблемы, што і ў звычайным жыцці. Магчыма, я сам быў праблемай. Ад зневажання і здзекаў ратавала жалезная дысцыпліна. Але ўсё роўна інакш як гомікам мяне ніхто цяпер не называў. Здавалася, што гэтая мянушка прыляпілася да мяне неадчэпна. Я здагадваўся, што ва ўсім вінаватыя мая слабахарактарнасць і смазлівы знешні выгляд. Гэта была данасць, бацькоўскі грэх, і я нёс іх пакорліва. Магчыма, мне і сапраўды трэба было нарадзіцца дзяўчынкай.

Адразу ж пасля войска я падаўся на лесараспрацоўкі. На той час шмат хто з маладых, толькі што дэмабілізаваных з войска хлопцаў заглынуў гэты гачок з абяццанняў аб шчаслівым і рамантычным жыцці. Каму не хацелася падзарабіць грошай і вярнуцца на радзіму заможным і незалежным? Вярбоўшчыкі абяцаць умелі. Сапраўднасць жа далёка не адпавядала таму, на што мы разлічвалі і спадзяваліся. Рамантыка выветрывалася з нашых галоў адразу ж, з першых дзён. Жыць нам даводзілася ў антысанітарных умовах, харчавацца пераважна сухім пайком. Уладкаваўся я на працу кіроўцам лесавоза ў адным з леспрамгасаў. Мне пашанцавала. Мой зменшчык, як выявілася, таксама быў беларусам. Адразу ж пасля знаёмства з ім я перацягнуў свае няхітрыя пажыткі да яго ў барак. Ён быў чалавекам з вопытам, працаваў у

тайзе некалькі год ужо. Спачатку ўсё складвалася так, як я і запланаваў. Працаваць даводзілася без выхадных — за гэта плацілі двайны заробак. Жыў пераважна адзін. Свайго земляка я цяпер бачыў рэдка, звычайна калі перадаваў яму вахту. Але адзін выпадак з яго боку, пра які не хацелася б тут распавядаць, зрабіў нас не дружбакамі, а ворагамі. Хаця цярпеў я той здзек яго нада мной яшчэ год.

А перш чым вярнуўся на радзіму, мінула амаль пяць гадоў. Тэрмін не малы, вядома. Тут не тое што засумуеш, тут воўкам ад суму завыеш. Вядома, сумаваў я не па ім, а па радзіме. Але тая пераломная, лёсавырашальная сустрэча, пра якую я вам згадваў напачатку свайго аповеда, адбылася менавіта на гэтым этапе майго жыцця. Цяпер я шкадую, што ўсё так склалася. Магчыма, нам бы з ім лепей было і не сустракаццца. Доўга на яго крыўды я не таіў. На той час я быў зусім ужо іншым чалавекам. Гады службы і працы ў леспрамгасе дарэшты выветрылі з мяне маю «дзявоцкасць» і сентыментальнасць. Я стаў цяпер перасцярожлівым і недаверлівым. Мяне цяжка было правесці на мякіне. Я глядзеў на гэты свет іншымі вачыма.

Прывыкаў я да цывільнага жыцця доўга і марудна. Вяртацца працаваць шафёрам на старое месца не хацелася, і я зноў рызыкнуў паступаць вучыцца. Тэхнікум цяпер не задавальняў мяне. Я лічыў, што гэта выкінутыя на вецер гады. Маёй мэтай цяпер быў інстытут. Паступіць у яго з першай спробы не атрымалася — зноў не вытрымаў конкурсу. Але я не адчайваўся. Я набыў вопыт — добры заклад на будучыню. Цяпер я ведаў усе хады і выхады ў гэтай навучальнай установе. І ўсё гэта мне яшчэ магло спатрэбіцца, быў перакананы я. Пасля няўдалай сваёй спробы авалодаць ведамі я ўладкаваўся па блату на працу ў адну прэстыжную гандлёвую фірму. Мне паабяцалі някепскі заробак, што было для мяне немалаважным, а яшчэ шмат вольнага часу. Яго я выкарыстоўваў на падрыхтоўку да чарговых уступных іспытаў. Я хацеў даказаць усяму свету, што таксама не шылам пабрыты. Але гэта было не самым галоўным для мяне. Мае мэты былі куды больш значнымі. Усе намаганні, веды і вопыт я скіраваў цяпер на вяртанне аўтарытэту, якога, калі прызнацца шчыра, ніколі не меў. У жыцці мне неаднойчы даводзілася сустракаць аўтарытэтных людзей. На іх я цяпер і хацеў быць падобным. Я вылазіў са скуры, абы толькі спадабацца начальству. Мае высілкі мелі свой плён, я зарэкамендаваў сябе з самага лешага боку і стаў адным з лепшых супрацоўнікаў на фірме. Аднак на тым, чаго дасягнуў, я не спыніўся. Я жадаў большага. І чакаў.

— Валерык твой адукацыю атрымаў, механікам у ПМК працуе, а ты ўсё ў невуках ходзіш, свет дарма смуродзіш, — ныла неаднойчы маці.

Пагадзіцца з ёю, ведаў я, — значыць падпісаць прысуд сабе, прызнацца ў сваёй бездапаможнасці. З гэтым я быў цяпер не згодны. Яе няшчырасць і нелюбоў мяне больш не цікавілі.

— Скажаш яшчэ!.. — скептычна ўсміхаўся я. — Ну скончыў ён гэтую «школу глуханямых», а далей што?

— Хіба ты не туды некалі паступаў? — далучаўся да спрэчкі бацька.

— Туды. Але калі тое было?

У інстытут я паступіў, як і разлічваў, праз год. Наўмысна на вячэрняе аддзяленне. Жылі мы на той час незаможна, ледзь-ледзь зводзілі канцы з канцамі. Маё рашэнне задаволіла і мяне, і маіх бацькоў. Я ўсё пралічыў, і, магчыма, у мяне б усё атрымалася, каб не ён. Але аб гэтым па парадку.

Яшчэ праз год мне прапанавалі працу спецыяліста па маркетынгу і збыце. Я з радасцю прыняў гэтую прапанову. Аўтарытэт мой рэзка ўзрос. Вучыць нейкім азам мяне не трэба было. Я ўбіраў у сябе ўсё нібы губка. Я выдатна разбіраўся ў псіхалогіі людзей і ведаў, калі ўставіць свае «пяць капеек», а калі прамаўчаць. Я мог папросту зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца, у той час, калі кіраўніцтва прасоўвала свае самыя непапулярныя рашэнні. Яшчэ праз год я дарос да намесніка начальніка аддзела. Мне зноў павялічылі заробак, на гэты раз аклад павялічыўся заўважна. Цяпер я мог дазволяць сабе набываць дарагія рэчы, палуднаваць у дарагіх і прэстыжных рэстаранах горада, стыльна апранацца. Кола маіх сяброў пашырылася. Я стаў абрастаць сувязямі. Са мной лічыліся і раіліся. І вось у гэты спрыяльны момант, як у матэрыяльным, так і ў духоўным плане, мяне напаткала тое, чаго я ніяк не мог уявіць сабе і ў жахлівым сне.

Поделиться с друзьями: