Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Плошча. Гісторыя аднаго каханьня

Пятровіч Барыс

Шрифт:

Ён прыйшоў дахаты зусім ачмурэлы ад мрояў. Не распранаючыся ўпаў на ложак. І доўга ляжаў, гледзя­чы ў столь, пракручваючы адны і тыя ж дум­кі...

З “Дзёньніка” Аляксандра К.

“Пазнаёміўся з адною дзяўчынаю. У яе брат – змагар, як яна кажа. Разам з іншымі змагаецца з дыктатурай. Расклейвае ўлёткі, распаўсюджвае анты-газеткі, ходзіць на пікеты ды мітынгі, “лё­зунгі” на сьценах піша...

Мне сьмешна стала: тожа мне – героі-пад­польшчыкі... Як пры немцах: улёткі расклей­ваюць, “жыцьцём рызыкуюць”.

Праўда, яна мой сьмех не зразумела. Кажа, і сапраўды рызыкуюць, і сапраўды

героі: міліцыян­ты, калі затрымліваюць, б’юць тых хлопцаў моцна, не шкадуючы, “суткі” даюць, штрафуюць.

Я: дык ёсьць за што – сьцены псуюць, клеем ма­жуць, графіці – слова якое прыдумалі! – пішуць, пэцкаюць фарбаю дамы і платы – “Жыве Бела­русь!” Ну жыве, а хто супраць? Няхай жыве…

Карацей, не паразумеліся з ёю. Яна іх героямі лі­чыць. А мне – сьмешна...”

Што ён зробіць з Марыйкаю – яму прысьнілася ў тую ж ноч... Яны ідуць па лесе. А лес ня змрочны, а чысты-чысты. Залаты – хваёвы, белы – бярозавы. Дзень сонечны. Трава зялёная. Неба блакітнае – ні хмурынкі. Прыгажосьць неапісальная. Марыйка на­гі­наецца, каб сарваць ягадку. Сунічку. А сукенка ў яе кароткая. Ве­цер-гарэза падхоплівае спаднічку, загортвае на сьпіну. А Марыйка там, далей – без нічога, і тое, што ён бачыць, набліжаецца да яго, заварожвае, павялічваецца, як у кіно, на ўвесь экран... і ён прачынаецца, прахопліваец­ца ў ложку.

Вакол цемра. Ён мацае яе перад сабою і ня мо­жа адразу зразумець, дзе ён? Вакол пустэча... Ён палохаецца, але цемра патроху ападае, і ён бачыць абрысы коўдры на нагах, потым белую лямпу ля ложку і здагадваецца, што ён дома, у сваім пакоі... “Вельмі важна, – думае ён у працяг сну, – запрасіць яе так, каб ніхто ня ведаў, што яна з ім. На ўсялякі выпадак. Ці мала што. Мяркуючы па адносінах у іхняй сям’і, Маша нікому ня скажа пра яго. Магла б сказаць брату, мажліва, магла б, але брат цяпер пад арыштам. А бацькам – ніколі ня скажа... (А Сьвета сказала б сястры – пахвалілася. Ці мужу яе... Вось дзе падсьвядомасьць дапамагла, вынырнула своечасова.) Усё сыходзілася. Усё было як найлепш. Ён, нарэшце, знайшоў тое, што яму трэба... Добра, што жыцьцё, часам, дае нам права на выбар. І я выбіраю... я выбіраю... лепшае... Ён усьміхнуўся, і з гэтаю ўсьмешкаю на вуснах заснуў.

З “Дзёньніка” Аляксандра К.

“Адна заве мяне Сашам, як мама, другая Алесем, як ніхто больш ня кліча.

І хоць я вельмі люблю маму, сэрцам схіляюся да той, што называе мяне Алесем. Хоць нават вершы свае, і беларускамоўныя, я падпісваю – прынцыпова – Аляксандр, а не Алесь…

Навошта мне гэтыя дзяўчаты? Чаму я столь­кі гадоў жыў бяз іх, жыў не зважаючы на іх пры­сутнасьць і раптам кінуўся ў “каханьне”?

Шчыра прызнацца – а як іначай у сваім дзёнь­ніку, які, спадзяюся, ніхто не пачытае – ёсьць у мяне да жанчын, да дзяўчат, нейкая боязь, ці што, з таго самага часу, як у мяне не ат… (далей закрэсьлена, шчытна замазана атрамантам, так што не расчытаць)...

Але – не, ня буду пісаць цяпер, хай застанецца гэта толькі маім…

А яшчэ таму, што дастала маці.

Не, яна ня лезе з лішнімі роспытамі, не задае пы­таньні пра “маіх” дзяўчатаў. Думаю, яна зда­гадваецца, так, яна безумоўна, ведае, што ў мяне нікога няма. Прынамсі, да нядаўняга не было.

А час ужо.

Гады падціскаюць. Мне 27. Маці ня супраць ужо і бабуляй стаць, унукаў пагушкаць.

Ёй, пэўна, і перад сяброўкамі няёмка. Таму з месяц назад, пасьля таго як “выправіла” мяне на пер­шае спатканьне, яна асьцярожненька пачала распытваць. Ды так, што я падумаў раптам: ці не падазрае яна мяне ў тым, што я “блакітны”,

як многіх адзінотных хлопцаў цяпер падазраюць, бо, нарэшце, дачуліся пра такую зьяву, якой раней у нас, як і сэксу, “не было”….

А ў мяне ж і хлопцаў-сяброў няма...”

...А Марыйка, між тым, зноў прапала. Не на дзень, не на два і не на тыдзень. Зьнікла, нічога не сказаўшы яму. Ён тэлефанаваў, вечарамі прыходзіў да яе пад’езду, сядзеў, чакаў непадалёку на лаўцы, назіраючы за ўсімі, хто заходзіў у дом, але Марыйкі сярод іх не было. І, падобна, што вечарамі не гарэла сьвятло ў ейнай кватэры. А дзе ў іх лецішча, ён так і не дадумаўся спытаць.

Усе ягоныя планы разбурыліся. Больш за тое, ён адчуў раптам, што яму не хапае той дзяўчыны, што там, дзе яна была ў ягонай душы, у сэрцы – пуста. Вецер гуляе... “Забудзься... – паспрабаваў было су­пакоіць ён сябе. – Такіх, як яна – тысячы. Добра, што зьехала, і ў цябе ёсьць час агледзецца і адумацца. Каб не нарабіць глупст­ваў”. Але – не магла яна так вось, не сказаўшы нічога – зьехаць. Пэўна, нешта здарылася... А калі зьехала, не падумаўшы пра яго – дык трэба забыцца пра яе як мага хутчэй. Але – а як жа брат яе? Можа, і яе пасадзілі – сьледчыя выведалі, што і яна была там, ля школы?.. І перадачы ёй нават няма каму насіць... І ён у каторы раз з надзеяй ішоў да яе дому. І “забыцца” на яе ня змог, нават выпадко­ва даведаўшыся, што і сапраўды яна зьехала з бацька­мі адпачываць на поўдзень, а брат нібыта нейкім не­зразумелым чынам вызваліўся, і адразу ж, зноў праз Украіну, махнуў у Чэхію (пачуў гэта ад суседак-ба­булек, што перамаўляліся пры пад’езьдзе).

Вярнуўшыся Марыйка, як ні ў чым ні бывала, па­­тэлефанавала яму:

“Дзень добры... Убачымся?..”

Ён ішоў на спатканьне ўскрыўдаваны дарэшты з намерам “закаціць” скандал, а прыйшоў, убачыў яе і адмяк, ледзь не заплакаў ад радасьці сустрэчы. Яна пахарашэла, нібыта нават пасталела. Паўднёвы загар ёй дужа пасаваў. Ён ня стаў распытваць яе пра адпачынак, хоць адчувалася, што яна чакае пытань­няў, ёй карціць распавесьці. І яна ня вытрымала. Ён слухаў і ня чуў яе, а думаў пра сваё. І раптам, ні з таго ні з сяго, між яе словаў пра пякучую гальку на беразе – аж пяткі шыпяць, бы на патэльні – сказаў:

“Давай на выходныя наладзім пікнічок у лесе...”

“З кампаніяй?”

“Не, удвох...”

“Давай...” – пагадзілася яна, па інерцыі, між ін­шым, але разам нібыта і адчуваючы-залечваючы сваю віну перад ім. А потым перапытала:

“Удвох? А як гэта?”

“Звычайна. Арганізацыю я бяру на сябе. Выедзем у суботу. А дзявятай чакаю цябе на чыгуначным вак­зале пад табло.”

І ўсё. Што было далей, як яны разьвітваліся – ён ня памятае. Здаецца, не – дакладна, ён давёў яе да дому, да пад’езду, здаецца, ён быў вясёлы і нават непасрэдны з ёю, здаецца, ён спадабаўся ёй у той вечар. Але ён ня памятае... Дакладна ня памятае. Бо ў думках радаваўся: як лёгка ў яго атрымалася запрасіць яе, і як лёгка яна пагадзілася.

Не сказаць, каб час да суботы цягнуўся, як стары ды­зелёк пад гару, не сказаць, каб праляцеў зьнічкаю-электрычкаю, але ў пятніцу вечарам Марыйка патэ­лефанавала:

“Што ўзяць з сабою?”

“Апраніся па-спартоваму.”

“Што ўзяць?”

“Нічога. Я ж сказаў – гэта мой клопат.”

“Мо што з харчоў?”

“Я сам...”

“Тады а дзявятай.”

“А дзявятай...”

Ён пракруціў потым у памяці гэтую размову і па­­­думаў: дужа халодная яна была нейкая, нібыта не каханкі пра спатканьне дамаўляліся, а крымінальнікі “на справу” зьбіраліся. Што дзіўнага, супакоіў ён сябе: Марыйка адчувае сваю віну, а я і сапраўды “на спра­ву” зьбіраюся... Ён усё ўжо прадумаў, усё пралічыў. Ён ведаў, што сітуацыя ўносіць свае карэктывы, але, здаецца, быў гатовы да любых нечаканасьцяў, да любых паваротаў. Ён не сказаў ёй узяць купальнік, хоць едуць яны да возера. Але – месца там ціхае, бязьлюднае, і можна будзе пры жаданьні пакупацца, пэўна, ужо і не саромеючыся адзін аднога... Намёт ён узяў напракат, падсьцілак сабраў дома, ежы і пітва набыў у бліжэйшай краме.

Поделиться с друзьями: