Праклятыя госці сталіцы
Шрифт:
– Паслухайце, – карэспандэнтка перайшла на даверлівы шэпт. – Я – Карэспандэнтка Газэты Нумар Адзін. А гэта... Вы проста ня ведаеце, відаць... Вы ж паглядзіце... Яна хворы чалавек... Яе трэба лячыць... Паверце.
– Спадарыня І – таленавітая журналістка, сапраўдны прафэсіянал, – важка прамовіў Назар Мінус. – Мы ўжо даўно супрацоўнічаем з Асырыйскім тэлебачаньнем і ніколі ў нас не было нагодаў абвінаваціць спадарыню І ў неаб’ектыўнасьці. Больш за тое: супрацоўнікі Асырыйскага дзяржаўнага тэлебачаньня заўсёды з павагай адгукаліся пра плён вашай працы. Так што раю вам ставіцца трохі справядлівей да сваіх калегаў.
І далібог, перад тым як зьнікнуць за дзьвярыма дырэктарскага кабінэту, гэты самы Мінус ледзьве не абцасамі шчоўкнуў, жыд пархаты. Такі ж вар’ят, як і Агіеўская. Адна лякарня. Карэспандэнтка пастаяла яшчэ крыху ля пад’езду, папаліла, напісала недапалкам на дзьвярох мацернае слова й рушыла да прыпынку. Зрэшты, каля дарогі
Тэатр
63.
І тады я паехаў да бабулі.
– Роўна праз два месяцы ўся наша краіна адзначыць Вялікае Сьвята, – бадзёра прамовіў дыктар, і я раптам успомніў, што нідзе не працую ўжо цэлыя паўгады. Так, сапраўды, я звольніўся з “Газэты №78” у лістападзе. Ня памятаю, як пражыў гэты час, не магу ўзгадаць. Жыў як расьліна – але расьліны не забываюцца на некалькі дзён цяжкім тэлевізійным сном, не бадзяюцца па вуліцах, каб мэтанакіравана выпадкова сустрэць напаўзнаёмых філянтропаў з грашыма, не гуляюць у кампутарны кёрлінг да сьвітаньня. Віка цярпела месяц, а потым сыйшла да бацькоў – пакінуўшы, праўда, маленькую надзею на сваё вяртаньне, так і ляжыць яна, надзея, у верхняй шуфлядзе, нераспакаваная, пратэрмінаваная.
– Падрыхтоўка да ўрачыстасьцяў, супэрпраект, супэрсюрпрыз, – радасна сказаў дыктар, і я нібыта паглядзеў сам на сябе са столі: разасланая на каленях тэлепраграма, міска зь недавараным халодным рысам у руцэ, камень у страўніку, камень у сэрцы, камень у галаве. Доўг за камунальныя паслугі – шмат непрыгожых лічбаў. У лядоўні – пабітае яйка й шмат пустых пачкаў з-пад маянэзу. Яго можна яшчэ доўга выціскаць, гэты маянэз, і не бяды, што сапсаваны – намазваеш яго на хлеб і падсмажваеш трохі гэткія бутэрброды: смачна. Праўда, хлебу ў мяне няма. І грошай няма. А рыс дала Віка – я стаяў у панядзелак пад вокнамі яе бацькоў, і яна скінула мне яго, цэлы пакет. Дзякуй. Але чаму рыс? Скінула б лепш мяса. Я вельмі люблю мяса. Я ўжо шэсьць месяцаў нічога не ствараю. Я нічым не займаюся. Я не ствараю нават бескарысных рэчаў. І шкодных не ствараю. Я не абслугоўваю тых, хто стварае, я нічога не перапрацоўваю, я не прадаю й не набываю. Добра б калі я лайдачыў, займаўся, да прыкладу, мастацтвам – дык не, гэта мяне ніколі не цікавіла. Я нават не зьдзяйсьняю злачынстваў. Законапаслухмяны беспрацоўны, які жыве на пазычаныя грошы. Я гляджу тэлевізар і гуляю ў кампутарны кёрлінг.
– Гандлёвая сетка таксама рыхтуецца, – горда паведаміў дыктар, і я сьцёр яго ў парашок.
64.
Мне вельмі хацелася паліць, аднак апошнюю цыгарэту я выпаліў уночы, і цяпер горкая густая сьліна напаўняла мой рот, не даючы пракаўтнуць рыс як сьлед. Зярняткі хрумсьцелі на зубах, як пясок. Можна было б выйсьці на двор і папрасіць, ды толькі я паліў такім чынам ужо месяц, мяне тут ведаў кожны, і мне было сорамна. Урэшце я ўсё ж выпаўз на вуліцу, накіраваўся на прыпынак. Там было чыста, як зазвычай, ні бычка, ні сучка, яны ж усе культурныя сталі, недапалкі ў сьметніцы выкідаюць, сволачы, а яшчэ напярэдадні Вялікага Сьвята вуліцы прыбіраюць ледзь ня тройчы ў дзень, школьнікаў выганяюць, каб яны здохлі. Мне здалося, народ на прыпынку ад мяне адварочваецца. Хаця выглядаў я яшчэ няблага. Галіўся штодня, адзежу мыў. Я наогул занадта добра выглядаў для беспрацоўнага. Нечакана мае сьлёзавыя залозы закрыліся, я нават раззлаваўся трохі, стаў пасярэдзіне, азірнуўся з выклікам. Паліў толькі адзін, пажылы ўжо, просьценькі, вусаты. Я падыйшоў – адмова апынулася такой грубай і адназначнай, што захацелася памерці. Ён паліў танныя, сьмярдзючыя цыгарэты бяз фільтру, авальныя, амаль пляскатыя, як стужкавыя чарвякі. Адна такая цыгарэта не каштуе Нічога. – Самому трэба зарабляць, – сказаў ён, нібы вылаяўшыся. Зьнясілены, я апусьціўся на лавачку, спадзеючыся, што зараз прыедзе аўтобус. Ён і праўда зьявіўся, як толькі я сеў. О шчасьце – вусаты кінуў недапалак на зямлю й нясьпешна памкнуўся да адчыненых дзьвярэй. Недапалак яшчэ дыміўся, і я ня вытрымаў: кінуўся да яго, уратаваць, уратаваць агеньчык, агмянёк, кінуўся як першабытны чалавек, вырваць агеньчык з лапаў ветру, захаваць яго, гаючы дымок, ты напоўніш моцай мае спакутаваныя лёгкія, яны ўсе паедуць, гэтыя людзі, а я спакойна падыму цябе! Гэта была памылка. Вусаты абярнуўся, зірнуў на мяне з усьмешкай, падняў нагу й з асалодай расьцярушыў недапалак падэшвай. Размазаў па асфальце, гад, з пачуцьцём выкананага доўгу сеў у аўтобус і паехаў далей.
Давялося ісьці да суседа, зноў размаўляць зь ім голасам
выпаратага прыгоннага мужычонкі, зноў ржаць зь ягоных жудасных анэкдотаў, лісьліва падтакваць кожнаму слову – а сусед быў сапраўдны прол, хам і паскуда, з тых людзей, якія думаюць, што ведаюць, як жыць правільна. Задавальненьне было сапсаванае. Я вярнуўся дахаты, уключыў кампутар, уставіў дыск. Клявіятура выклікала агіду, хацелася есьці. Кёрлінгісты раздражнялі, нібы людзі, зь якімі правёў пяць гадоў на падводнай лодцы. Я згуляў матч, прайграў, пры думцы пра рэванш у мяне забалеў страўнік. Змахнуўшы пыл з чачэнскага нацыянальнага сьцягу, згінаючыся ад рэзкага болю, ня здолеўшы сьцерці з твару паныласьць, успомніўшы, што сёньня дзень нашага зь Вікай знаёмства, я запіхнуў у сябе апошняе яйка замест пігулкі, сунуў за пояс нож і паехаў на сваю былую працу.Ня ведаю чаму, але на працы мяне ніколі не любілі. Калі я звальняўся, я бачыў на тварах калегаў палёгку. Ніхто ў мяне тады нават не запытаўся, чым я зьбіраюся займацца па звальненьні. І цяпер нікому да мяне не было справы. Як я не стрымліваўся, як не пераконваў сябе, што знаходжуся на чужой тэрыторыі між варожых істотаў, калідор рэдакцыі мяне ўсхваляваў. Я зайшоў у свой кабінэт, за маім сталом сядзеў нехта барадаўчаты й крэмзаў нейкую актуальную хлусьню. У супрацоўнікаў быў дзень авансу, і цікава было назіраць, як імгненна згасьлі іхныя ўсьмешкі, калі яны паднялі галовы. Я зьвярнуўся да загадчыка адзьдзелу – калі ў нас і не было прыяцельскіх стасункаў паўгады таму, то, прынасмсі, ён размаўляў са мной ня толькі на працоўныя тэмы. Спачатку я папрасіў даволі шмат, потым усё зьмяншаў і зьмяншаў суму, ажно пакуль яна не скарацілася да кошту адной паездкі ў мэтро. Аднак і тут загадчык праявіў цьвёрдасьць. Ён ня даў мне нават на ільготны квіток. Я ў роспачы аглядзеў астатняе насельніцтва кабінэту. Яны маўчалі й глядзелі адно на аднаго з адслоненымі паўусьмешкамі, яны не падымалі галоваў, а я стаяў у цэнтры пакоя, і бачыў плешы на іхных макаўках, стаяў і прасіў. Адзіным ў гэтым памяшканьні, хто дапамог бы мне, быў маленькі бюст Караткевіча, ды толькі ён ня меў рук, мае былыя калегі не маглі дазволіць сабе трымаць у кабінэце кагосьці з працягнутай рукой. У рэшце рэшт я стаў перад імі на калені. Яны апусьцілі галовы й так і не далі мне ні капейкі.
І тады я паехаў да бабулі.
65.
Часам яна давала мне грошы. Няшмат, аднак што такое шмат для чалавека ў маім становішчы? Я ніколі не прасіў у яе, яна давала сама, некалькі паперак з маленькага старэчага кашальку, з усьмешкай, з пажаданьнем купіць што-небудзь для Вікі. Самае галоўнае, у тым, дасьць яна грошы на гэты раз або не, не існавала аніякай заканамернасьці. Я ніколі не адмаўляўся, браў, аднак асабліва не нахабнічаў, часта не заязджаў, так, пару разоў на месяц. За апошнія паўгады яе падарункі некалькі разоў выратавалі мяне ад галоднае сьмерці. Яна ня ведала, што Віка ад мяне сыйшла, а пра звальненьне ведала, усё вучыла, як размаўляць з начальнікамі, каб тыя цанілі цябе. Бабуля думала, што я пасварыўся з шэфам, а я ні з кім не сварыўся, я ціха звольніўся, як папаліць на ганак выйшаў. Я ніколі не сядзеў у бабулі доўга – дзесяць-пятнаццаць хвілін, і бег. Бег жыць.
Я прыехаў да бабулі, аднак дома яе не было. Галодны й злы, адчуваючы настойлівае, неадступнае, смокчучае жаданьне паліць, я сеў на лаўку перад ейным пад’ездам і вырашыў абавязкова яе дачакацца. Старыя, што шпацыравалі па-чарапашаму ўздоўж дому, глядзелі на мяне з падазрэньнем. Прамінула гадзіна, потым яшчэ адна. З маёй змрочнай постацьцю звыкліся. За сьпінкай лавачкі дзяўчынкі закопвалі ў зямлю загорнутыя ў фальгу шкельцы – сакрэты, побач прыгрэўся на вечаровым сонцы кот з п’янымі вачыма, нейкая старая мне ўсьміхнулася, бяззуба-вінавата.
Бабуля зьявілася каля сямі. Ведучы яе, задышліва-зьдзіўленую, пад руку, я маліўся, каб яна дала мне грошай. Мы папілі гарбаты, пагаварылі, я навыдумляў пра тое, якая мне файная сьвеціць праца, як мы бавім зь Вікай выходныя. Паглядзелі сэрыял пра чарговага архітэктара-мэндысабаля. Яшчэ раз папілі гарбаты. Я пачытаў ёй услых газэту, распавёў усё, што памятаў пра палітычнае жыцьцё краіны шасьцімесячнай даўніны, некалькі разоў распытаў пра яе здароўе. Было відаць, што бабуля дзівілася ўсё больш. Я праглядзеў усе фотальбомы. Дрыжучы ад нецярпеньня, я вымушаны быў праглядзець канцэрт зорак айчыннай эстрады. Нарэшце бабуля спытала, ці не зачакалася мяне дома Віка. – Не, не, – ледзь не закрычаў я. – Не! Не! Не!
І тут нож выпаў з-за поясу й, глуха дзвынкнуўшы, упаў на драўляную падлогу. Бабуля прыціснулася да дзьвярнога касяку й зірнула на мяне шырока расплюшчанымі вачыма. Яе чорны дэрмантынавы кашалёк ляжаў зусім блізка, на камодзе. На кухні засьвісьцеў імбрык.
– Не, не, не, – замармытаў я, нахіліўшыся й спрабуючы непаслухмянымі, траскімі рукамі падняць нож. – Не, не, не... Гэта я так... Ножык... Дом... Віка...
Я сунуў нож на месца, і ён зноў вываліўся ды паляцеў на падлогу. Я мітусьліва кінуўся падымаць яго.