Праклятыя госці сталіцы
Шрифт:
69.
У некалькі сэкундаў мы прамінулі непрыкметны калідор; І мякка падштурхнула мяне ў сьпіну, і я неяк міжволі сам адчыніў дзьверы ў дырэктарскі кабінэт. Там анікога не было, калі не лічыць брыдкую чорную варону, што разгульвала па стале й без усялякага энтузіязму паядала рассыпаныя па ім семкі. На сьцяне вісеў фотаздымак маладога чалавека, зроблены, хутчэй за ўсё, гадоў дваццаць пяць таму – сьцяўшы вусны, ён незадаволена глядзеў у аб’ектыў і чымсьці нагадваў цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Пакой быў прахадны: адразу ж за сталом віднеліся яшчэ адны дзьверы, на якіх вісела дагістарычнага выгляду шыльдачка са зробленым пад трафарэт напаўзацёртым надпісам: “Кінамэханік”. “Туды, туды”, – крыху раздражнёна праз маю марудлівасьць сказалі мне прахалодныя рукі І, і я, ледзь не спатыкнуўшыся аб невядомую перашкоду, пасьпяшаўся да сьвятая сьвятых.
Кароткая
70.
Тут панаваў паўзмрок, было душнавата, вільготна й чырвона – разьвешаныя па сьценах ліхтары або выканаўцы іхных роляў нібыта падсьвечвалі пакой знутры; полымя аднастайна калыхалася за тоўстым пунсовым шклом, па пакоі бязладна бегалі няроўныя чорныя плямы, раз-пораз накрываючы чорным аксамітам увесь той дзіўны інтэр’ер, што паўстаў перад маімі вачыма, выпісвалі таямнічыя знакі на столі, мільгалі на тварах, бы безвач праводзячы па іх далонямі. Так, тут былі й людзі, зусім няшмат, хаця яны падаліся мне напачатку натоўпам. Пакой можна было б прыняць за фоталябараторыю, калі б не яны, гэтыя пяцёра, якія моўчкі паўляжалі на падушках .за нізкім сталом.
Не сказаў бы, што ў ва ўсім гэтым адчувалася нешта д’ябальскае, у чырвані сьвятла, цьмяных вагнёх наўкола, у паўзмроку й напружанай маўклівасьці прысутных. Наадварот, я адразу адчуў сябе тут вельмі ўтульна – крыклівая добразычлівасьць фае здавалася цяпер настолькі чужой і варожай, што я з падзякай паглядзеў на І. Яна ж не зьвяртала на мяне аніякае ўвагі, стаяла, прысланіўшыся да сьцяны, і перабірала пацеркі на шыі: тук-тук.
71.
Прысутныя, безумоўна, заслугоўвалі асаблівай ўвагі. З самага краю стала, трохі воддаль ад астатніх, сядзеў натуральны курдупель, з пачварна маршчыністым, непрыгожым тварам, на якім блішчэў пот – праўда, мокры твар, відавочна, прыносіў гэтаму чалавечку задавальненьне, бо на вусенках ягоных застыла загадкавая ўхмылка.
Гніючы, па ўсім відаць, ад штодзённага п’янства пралетар у клятчастай кашулі, які смурна глядзеў перад сабой, выставіўшы наперад малпаву сківіцу, складаў поўную супрацьлегласьць па апошняй модзе апранутаму маладзёну з пафарбаванымі ў сівы колер валасамі, што былі ахайна зачасаныя назад. Маленькімі глыткамі піў нешта з доўгага келіху хлопчык з пухлымі шчочкамі, на якіх нават пры такім асьвятленьні можна было заўважыць яркую, нездаровую чырвань, як у матрошкі. Бліжэй за ўсіх да мяне знаходзіўся сымпатычны задуменны чалавек з адсутным тварам – месца ля яго было вольным і прызначалася, напэўна, мне.
Позіркі прысутных былі скіраваныя на завешаную чорнай фіранкаю сьцяну. Яшчэ не дапяўшы, што да чаго, трохі разгублены, я падыйшоў да фіранкі й зазірнуў за край. У пакой, недарэчна й фальшыва, бы папяровы міліцыянт, уварвалася халерычнае сьвятло – радасны шум, бальнічна-белы кадр, хатняя старонка альбіноскага сайту... Тут жа рука І закрыла мне агляд і вярнула фіранку на месца, а жыцьцё – на сэкунду назад. І ўсё ж я пасьпеў убачыць: разьдзьмутую блізкасьцю да мяне жанчыну, што стоячы на крэсьле надзімала шарык, і таго хлопца, які перагарадзіў мне шлях у фае, і патыліцы мноства іншых крэслаў. І нібыта нехта сказаў мне на вуха: сыходзь адсюль пакуль ня позна.
– Не сьпяшайцеся, – прамовіла І, папраўляючы фіранку, і рот яе быў у гэты момант прыкрыты чорным шоўкам пільнага ценю. – Спэктакль неўзабаве пачнецца. Сядайце лепш на сваё месца.
Я раздражнёна абвёў вачыма стол. Ніхто нават не паварушыўся. І дакранулася да маёй рукі, і я абмяк, даў сябе пасадзіць побач з тым, хто цяпер усё гэтак жа задуменна дасьледваў пальцам сваё правае вуха. Яна прысела каля мяне, наліла сабе віна. У пакоі станавілася ўсё больш душна.
– Як называецца спэктакль? – шапнуў я свайму суседу, шапнуў толькі таму, што люблю маўчаць, калі ўсе навокал балбочуць, а калі ўсе маўчаць, то мне нясьцерпна хочацца гукаў. Няважна якіх. Палец спакойна працягваў тоўкацца ў вуху, быццам мяне не існавала. Я павярнуўся да І. Яе трэцяе вока было заплюшчанае, а астатнія зірнулі на мяне, успыхлі й згасьлі. Цішыня станавілася ўсё больш невыноснай. Звычка хаця б да якога-небудзь дзеяньня, няхай і бескарыснага, выварочвала мне душу. Канешне, было зразумела, што захапі я з сабой кнігу й разгарні яе ў гэты момант, мяне з ганьбаю выставілі б за дзьверы. І таму даводзілася душыць у сабе
памкненьне выбіць на стале пальцамі пахавальны марш або прагундосіць пад нос што-небудзь патрыятычнае. У кішэні ляжалі цыгарэты, аднак тут ніхто не паліў: хто ж паліць у тэатры. Аднак трэба ж нарэшце пачынаць. Яны ўсё глядзелі й глядзелі на фіранку. Утаропіліся, як бараны. Хутка я спаймаў сябе на думцы, што таксама пазіраю на яе з надзеяй. Калі яе адкрыюць? Чамусьці мне пачало здавацца, што тады ў гэтым дзіўным памяшканьні зьявіцца й паветра, і чалавечыя эмоцыі, і галасы. Неўзабаве я папросту гіпнатызаваў фіранку поглядам, і вочы мае пачалі сьлязіцца. На языку круцілася: тут дыхаць няма чым, дыхаць няма чым. Фіранка заставалася нерухомай. Мае думкі, высалапіўшы языкі, бегалі па коле.– Можа, камусьці тут няма чым дыхаць? – спытаў раптам самы маленькі ў гэтай кампаніі такім хамскім тонам, што ў мяне закалола ад крыўды ў грудзёх. Ён нечакана падняўся са свайго месца й стаў дзесьці за нашымі сьпінамі.
– Як вы сябе адчуваеце? – нерашуча й крыху заікаючыся спытаў, перагнуўшыся да мяне, пухлы хлопчык. Сівы зірнуў на яго з пагардай.
– Выдатна, – з палёгкай выдыхнуў я. – А тут...
І тут заслона бясшумна й хутка паехала ўверх.
72.
Тое, што перад намі зьявілася глядзельная заля кінатэатру імя Жданава, да мяне дайшло не адразу. Так бывала калісьці пры праглядзе стэрэафільмаў: на цябе, няшчаснае дзіця ў завялікіх акулярах, раптам навальваўся фашысцкі танк, і граната, кінутая пад твае ногі заслужаным героем, выбухала ў вушах агіднай ватай. Заля была ў двух кроках ад нас, і я нават адхіснуўся ад яе, а потым, пераводзячы дух, аглядзеў сваіх суседзяў: на іх ўбачанае падзейнічала прыкладна гэтаксама.
Так, заля была зусім блізка; запоўненая людзьмі, яна прыцішана гудзела, было такое пачуцьцё, нібыта мяне гвалтам выкінулі на ярка асьветленую сцэну. Зрэшты, калі я выйшаў на падмосткі, гул мусіў заціхнуць – аднак не, ніхто зь людзей у залі не заўважыў нашай прысутнасьці, яны гуртаваліся па двое-трое, як колісь у фае, некаторыя сядзелі, некаторыя стаялі, там-сям у іхных руках бялелі паперкі. Зараз, зараз яны павернуцца ў наш бок, і заля пакрысе змоўкне, пагрозьліва й чакальна сьвідруючы нас вачыма... Але анічога не адбывалася, і можна было разьняволена выцягнуць ногі, лежачы на вельмі камфортных падушачках, і наліць сабе з доўгай і вузкай, як манэкеншчыца, бутэлькі, і пагрузіць пальцы ў раскладзены на стале лёд. Рыпнула канапа пад пухлым хлопчыкам, і разгладзілася складка на лбе пралетара – мае суседзі абмяклі, і мы з палёгкай угледзеліся ў залю.
Наш пакой знаходзіўся насупраць кінаэкрану, на ягонай бруднавата-белай роўнядзі была прымацаваная вялікая літара Р у выглядзе скручанай пятлі. Па сьценах залі былі разьвешаныя паветраныя шарыкі, на кожным тая ж літара, а пад ёй – белазубая ўсьмешка, заключаная ў мясістыя ружовыя вусны. Што адбывалася ў самым цэнтры, нам не было відаць – там людзі стаялі асабліва шчыльна, а вось лапік кафлі перад экранам быў бадай што вольны: толькі вакол сьціплага стала двое маладзёнаў спаражнялі нейкія скрыні, так што на стале штосэкунды расла плястмасавая горка.
Ад залі нас, відавочна, адзьдзяляў празрысты экран: сканструяваны так, як мы безьліч разоў бачылі ў амэрыканскіх стужках – нехта вядзе допыт, а нехта стаіць за вось такім экранам і з надзеяй пазірае за злачынцам. Я ў захапленьні паглядзеў на І, але яна, наколькі я ўцяміў, чакала ад мяне зусім не захапленьня. Глядзела на людзей у залі й грызла свой пракляты рыс. Я адпіў з келіху. Спэктакль пачаўся.
73.
Засланяючы ад нашых позіркаў амаль увесь левы бок залі, у некалькіх кроках ад выцягнутых ног І размаўлялі трое, і ў гэтай блізіні было нешта жудаснае: хацелася адыйсьці або далікатна заціснуць вушы. І калі мае суседзі перасталі варушыцца, стала нарэшце чуваць, пра што вядзецца гаворка. Папраўдзе, гаварыў толькі адзін з гэтай тройцы, самадавольны мужык ва ўзорчатым швэдры – папка ў ягоных рухавых моцных руках рэзала паветра ўпэўнена й груба. Двое астатніх, маркотны чалавек прыкладна маіх гадоў і дама, вочы якіх раскрываліся ўсё шырэй і шырэй, адно слухалі, устаўляючы раз-пораз нерашучае “так”.
– Тутэйшы народ – тупіцы й дзікуны, – разьюшана хрыпеў іхны суразмоўца. – Прабачце мне, канешне, але так яно і ёсьць. Адзінае, што апраўдвае гэтых людзей – тое, што гэта ня іхная віна. Семдзесят гадоў не прайшлі бясьследна, самі ж разумееце... І вось цяпер мы...
Слухачы сарамліва заўсьміхаліся.
– Так, менавіта мы, наша кампанія “Панацэн”, я – і вы, вы, вы, дарагая мая Любоў Максімаўна, і вы, дарагі Алег, бо вы, прыйшоўшы сюды, прадэманстравалі сваім візытам, што ўсьведамляеце, наколькі важную справу робіць “Панацэн”...