Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Праклятыя госці сталіцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

– Я пайду, – я выціснуў зь сябе непрыемную, нядобрую, неўласьцівую мне ўсьмешку. – Віка чакае. Я пайду, бабуль. Шчасьліва, бабуль.

Я скаціўся ўніз па прыступках і пакрочыў у бок мэтро. Мне здавалася, я зараз каго-небудзь заб’ю. Насустрач ішлі з працы стомленыя ад саміх сябе гараджане, ганарыліся адно перад адным поўнымі сумкамі, як адкормленымі сьвіньнямі. Перад самымі сходамі я спыніўся, пастаяў імгненьне, а потым кінуўся назад. Бабуля адчыніла мне, пераапранутая, з мокрымі рукамі, з глыбіні пакою даносіўся гнюсны тэлевізійны сьмех.

– Бабуль, – я імкнуўся на яе не глядзець. – Разумееш, мне вельмі трэба грошы. На мэтро.

Я атрымаў што хацеў – чарадзейную купюру, адну, не сагнутую яшчэ напалам, мастацкі твор. Я ішоў да мэтро, трымаючы яе ў руках, забыўшы пра голад, на двары быў цудоўны вечар. Перш-наперш я купіў сабе бутэльку моцнага піва й цыгарэт, і стаў каля парапэту. Атрутным

воблакам мяне ахутвала маё прыніжэньне, маё вялікае, штодзённае, маё вернае, неадступнае, непахіснае, наканаванае мне Прыніжэньне. Усім бачнае Прыніжэньне. Міма мяне праходзілі дзяўчаты, распранутыя, палоска на грудзёх, палоска на сьцёгнах, і сьмяяліся, з усяе моцы ўтрымліваючы ў гэтым мікрараёне цудоўны, цудоўны, цудоўны вечар. Сьлёзы засьцілі мне вочы. Мяне чакаў кампутарны кёрлінг і вялікая тлустая млосная ванітоўная смажня свабоды. Мяне трэсла ад роспачы й прыніжэньня. І тут, матэрыялізаваўшыся побач з купкай шумлівых тынэйджэрак, пагрукваючы задуменнай глінай на шыі, басанож ступаючы па яшчэ не прагрэтым як сьлед асфальце, прымушаючы мяне ўгадваць, што тоіцца пад чорнымі лахманамі, зьявілася яна, І. Я адразу ўспомніў яе, прэс-цэнтр, выпадковы суплёт позіркаў, а яна, як я і думаў, не пазнала мяне, падыйшла, пасьміхнулася прамяніста.

– Прыходзьце, – прамовіла яна, уважліва дасьледуючы мае зрэнкі. – Прыходзьце заўтра ў наш тэатр. У нас прэм’ера. Вось, вазьміце запрашэньне.

– Але я не люблю тэатр, – прабурчаў я, прагна схапіўшы капэрту. – Я люблю кампутарны кёрлінг.

Яна зноў усьміхнулася, узмахнула краем свайго дзіўнага рызьзя, якое рабіла яе падобнай да старой птушкі, і рушыла скрозь мяне далей.

Увечары мне раптам патэлефанавала Віка.

– Можаш прыйсьці да нас заўтра, – сказала яна нерашуча. – Бацькі, здаецца, ня супраць. Я зь імі пагаварыла, і яны... У іх сёньня юбілей, але табе, напэўна, на гэта напляваць. Заўтра, а шостай... І апраніся папрыстойней.

– Заўтра я не магу, – прамовіў я, з дабрадушным позехам завяршаючы анінсталяцыю “Curling-99“. – Заўтра я іду ў тэатр.

66.

Я ледзь не спазьніўся: недалёка ад Узорнай трамвай здрыгануўся й стаў, нібы пры Фэрмапілах надзейна загарадзіўшы праезд добрай сотні легкавікоў; давялося дабірацца пехатою да скрыжаваньня, а там садзіцца на тройку – запечаную ў духоўцы праспэкту так, што лупілася фарба на баках. Праўда, ехаць было ўжо блізка – празь якіх хвілінаў пяць кіроўца нечакана бадзёрым голасам абвесьціў: “Кінатэатр імя Жданава”, і мяне выкінула вонкі. Разважаючы пра тое, колькі яшчэ пакаленьняў будуць называць гэты прыпынак на стары кшталт, я рушыў да знаёмага дому. Спыніўся пры лавачцы, аглядзеў вопратку – у трамваі мяне пакамечылі даволі жорстка.

Пачатак спэктаклю, відаць, зацягваўся, а можа, прэм’ера выклікала аншляг. Каля ўваходу ў тэатр “Мінус” гуртаваўся невялікі натоўп: загарэлыя локці, барацьба за цень, успацелыя ілбы. Мужчын і жанчын было прыкладна напалову, у адзеньні чамусьці пераважаў летне-дзелавы стыль: усе гэтыя кашулі з кароткімі рукавамі, шэрыя спадніцы да чырвоных каленяў, гальштукі на мокрых шыях, строгія блузкі ўтваралі на дзіва цэльную карціну... Праўда, трапляліся тут і даволі сьмешныя пэрсанажы, адзін маладзён, напрыклад, быў у аксамітным пінжаку й зашмальцаванай кепцы, нейкае дзяўчо нагадвала б мёртвую нявесту колькасьцю кужэлі на сукенцы й фарбы на юным твары, калі б не згіналася пад цяжарам састарэлага мабільнага тэлефону, што вісеў у яе між грудзёў... Усё ж паход у тэатр застаўся для нашых людзей чымсьці надзвычайным, раз яны так высільваюцца, падумаў я, застаўся сьвятам, як у савецкія часы. Ад зьедзенага гадзіну таму піражка з бульбай у мяне была пякотка. Спадзеючыся папіць вады ў тэатральнай прыбіральні, я рашуча прамінуў людзей ля ўваходу й нырнуў у прахалоду цеснага фае.

67.

Колькі год таму я быў тут у апошні раз? Я тады яшчэ вучыўся ў школе, клясе ў сёмай... Мы хадзілі сюды ўсёй сям’ёй. Мама ў высокіх ботах, якія я называў эскімоскімі, у брунатай дублёнцы, бацька, падобны да трагічнага актора... Дакладна памятаю, гэта было зімой. За дзень да наведваньня кіно мне залячылі зуб, і паход сюды быў узнагародай, кампэнсацыяй за пакуты. Ад фільму згадак не захавалася, хаця пачакайце... засталіся нейкія гукі... конскі тупат... стракатаньне кулямётаў... Ага, вось зьяўляюцца нечыя раскосыя вочы, нос загінуў, раскрышыўся ў кавамолцы гадоў, а ніжэй... Там быў рот, драпежны рот, а ў зубах – нож. Усё зразумела. Гэта была стужка пра басмачоў, пра басмачоў і чырвоных камісараў. Стужка з тых, якія дагэтуль захапляюць некаторых маіх аднагодкаў, нават такіх, хто трымаецца правага боку на мітычных сьцежках, што ў нас лічацца палітычнымі

перакананьнямі. Я сто гадоў ня быў ні ў тэатры, ні ў кіно. Віка мяне колькі спрабавала выцягнуць – а я ні ў якую. Ненавіджу гэтых дзяцей зь іхнымі чыпсамі, цётухнаў з такімі ж бульбянымі хрусткімі размовамі, ненавіджу патыліцы перад самым носам, быццам мы, чалавекі, як адзін, шчыльнымі радамі крочым проста ў сюжэт, ненавіджу пахі незнаёмых жыцьцяў, брудныя каўнеры чужых лёсаў. Віка так і ня здолела мне давесьці, што ў гэткіх умовах мажліва яшчэ й на экран пазіраць. Ня здолела. І ўрэшце пачала хадзіць у кіно зь сяброўкамі. А цяпер ходзіць з кім-небудзь, у каго не настолькі разьвіты душэўны нюх. Асабліва пасьля ўчорашняга. І няхай. І добра.

Я дрэнна памятаю фільмы, на якія мы хадзілі сюды з бацькамі, але добра памятаю сам кінатэатр, памятаю пляніроўку, неахайна пафарбаваныя ружовым сьцены, таямнічы водар затхласьці, занядбанасьці, пажоўклыя фотапартрэты на сьценах, сьмярдзючую кабінку, дзе не працаваў змыў. І бюсьцік у куце памятаю, аднойчы я глядзеў на яго зблізку, і мяне ўразіла, што твар бюсьціку праціралі анучкай, відавочна, штодня, а вось шыю – зусім нерэгулярна, і яна была цёмна-шэрай, гэтая шыя, быццам скульптуру ляпілі са старшыні Мао. Ведаеце, яны ж насілі фрэнчы, гэтыя кітайскія правадыры, мышыныя фрэнчы, каўнер шчыльна абхопліваў горла, кажу гэта як колішні палітінфарматар. Я спрабаваў распавесьці пра ўбачанае бацькам, але яны заткнулі мне рот марозівам. Колькі яшчэ падобнай драбязы можна адшукаць у сваёй мелкаводнай памяці.

68.

У фае й праўда было прахалодна, хаця тут таўклося чалавек дваццаць. Відаць, выдатна працавалі нябачныя кандыцыянэры. Я пачуваўся няўтульна паміж усіх гэтых летне-дзелавых, сярод іхных мімалётных драпежных позіркаў, празь якія прасьвечвала няўпэўненасьць. Зрэшты, прысутныя ўдавалі, што не зьвяртаюць на мяне ўвагі, усе яны былі занятыя нейкімі надзвычай важнымі гутаркамі, стоячы па двое-трое, напаўняючы маленькае фае роўным, але нягучным рокатам. Я спыніўся, сіняя пляма на шэрым і белым. У былым кінатэатры й праўда ўсё зьмянілася, я ў нечым разумеў астатніх гледачоў – тут зрабілі не абы-які рамонт, і цяпер у гэтым памяшканьні хацелася выглядаць рэспэктабэльна. Тут дакладна не звычайны тэатр, а нейкі супэргіпэрінтэлектуальны. Адзін з тых, якія празь месяц пасьля старту выдыхаюцца й ня могуць выплаціць даўгі за арэнду.

Што ў колішнім кінатэатры сапраўды захавалася ад слыннага мінулага, дык гэта вада ў прыбіральні. Цяпер у горадзе прадаюць такую мінэралку – смак той самы. Напіўшыся і адбіўшыся ўва ўсіх люстраных сьценах, я зноў выйшаў у фае й, павесялеўшы, на хаду вымаючы запрашальнік, рушыў да залі – цікава, як падзейнічала на яе касмэталёгія цяперашніх уладальнікаў “Жданава”. Ува што яны ператварылі тое змрочнае сутарэньне, дзе я некалі почасту глядзеў не на экран, на якім кіпелі надта ж ужо штучныя жарсьці, а за ўласную сьпіну, туды, адкуль біў па маім дзяцінстве сьпякотны прамень гэтага загадкавага гіпэрбалёіду?

Адразу ж шлях мне перагарадзіў хударлявы хлопец, падобны да прадаўца “Макдональдсу”. У руках ягоных была папка, а ў пальцах асадка – напагатове. Нечакана ён шчыра, занадта шчыра, як мне падалося, пасьміхнуўся:

– Вы да каго запісаныя? Да Алега Пятровіча? На сёмую?

Я паглядзеў на яго, напэўна, дужа дзіўна, бо ён на імгненьне адхіснуўся ад мяне й прыкрыў вочы рукой. Але такія, у гальштуках на потных шыях, заўсёды лёгка авалодваюць сабой.

– Вы ўчора запісваліся?

Мяне ў апошні час цяжка стала агаломшыць. Гэта наўмысна, падумаў я з нарастаючай упэўненасьцю. Частка сцэнару. Тэатр жа, пэўне, незвычайны, не акадэмічны. Пачынаюць ад вешалкі. Я матлянуў галавой, і гэта магло азначаць усё што заўгодна. Хлопец неўразумела паглядзеў на мае ўсьмешлівыя вочы і ўжо адкрываў рот для больш доўгай тырады, калі я адчуў (нарэшце, нарэшце!) лёгкі дотык да запясьця. Побач са мной, як заўсёды зьявіўшыся зь лёгкай смугі, непрыкметнага зьмяненьня тэмпэратуры й складу паветра, з крэну ў лянотным пляніраваньні вунь той пылінкі, з пустаты, якая раптам задыхала, зашалясьцела – побач са мной, зьняўшы чароўны каптурок невідзімкі, узьнікла І й прамовіла мне на вуха лёгка й нязмушана:

– Калі вы на спэктакль, то нам не сюды. Я вас правяду.

Я дазволіў яе руцэ абхапіць сябе за локаць, і яна пацягнула мяне назад, на вуліцу. Загарэлыя да вугальнага колеру, распранутыя па пояс мужыкі разьбіралі палатку з гароднінай і садавінай. Дзьве бабулі з пруткамі й ніткамі праводзілі нас гідлівымі позіркамі. Што ты выбіраеш, І, пруткі пад пазногці ці ніткі на сваю каштоўную шыю? Моўчкі мы абыйшлі дом і апынуліся перад службовым уваходам. У гэтым было нешта вельмі інтымнае. І адчыніла дзьверы і ўпершыню мне захацелася застацца на гэтай плянэце яшчэ на трошкі.

Поделиться с друзьями: