Праклятыя госці сталіцы
Шрифт:
– Добры вечар, – прыемным, надта ж ужо саладжавым голасам прамовіў чалавек у мікрафон, і ягоныя словы лізнулі залю ў вочы: людзі расслабіліся, разьняволіліся, і над заляй паплыў воблак глупага даверу. – Добры вечар, браты й сёстры. Я – Андрэй Макараў, чалавек.
Спачатку было ціха, нібыта гэтаму езуіцкаму вітаньню патрабаваўся пэўны час, каб даляцець да вушэй сабранай тут грамады й, падабраўшы ключы да даверлівых мэмбранаў, спляніраваць у душы. Аднак потым запляскаў ужо знаёмы нам Алег, рэхам азваліся нясьмелыя воплескі ля самага выйсьця, і не пасьпеў я разагнуць зацеклую нагу, як заля выбухнула радаснымі аплядысмэнтамі. Чалавек зь мікрафонам задаволена правёў языком па верхняй губе й працягнуў сваю прамову:
– Перш за ўсё дазвольце мне ад імя ўсіх нас падзякваць тэатру “Мінус” за
А каб прадэманстраваць усе плюсы нашай прадукцыі, часу насамрэч шмат ня трэба. Нас хвалюе іншае: як давесьці вам ісьціну, што для нашых прыхільнікаў даўно зьяўляецца азбучнай. “Панацэн” створаны дзеля чалавека. Дзеля вас. Дзеля нас з вамі. І дазвольце мне...
76.
Што мусілі дазволіць прысутныя ў залі хітраму выступоўцу, мы так і не даведаліся. Музыка, якая дагэтуль, паступова нарастаючы, была чалавеку зь мікрафонам прыкладна па калена, цяпер абрынулася з патроенай сілай, яе струмяні ўмомант пазбавілі ягоны голас моцы й гучнасьці – хутка музыка ў нашым пакоі панавала амаль бязьмежна. Неўзабаве яна дабралася да самага горла Макарава, мы напружана прыўсталі на сваіх антычных падушках: не прайшло й хвілі, як Макараў пачаў роспачна лавіць ротам паветра, нібы шыбенік – потым ён бясьсільна махнуў рукой і далей ужо накшталт рыбіны толькі адкрываў нема свае пульхныя вусенкі. Музыка шалёна лётала па рубцы кінамэханіка, фортэпіяна выпальвала сябе знутры, гукі адскоквалі адно ад аднога, ад нашых надзьмутых да апошняе мяжы абалонкаў, пад якімі спалохана заплюшчвалі вочкі страхі й расчараваньні, і зноўку ноты ўзьляталі да цёмнай столі, і сутыкаліся паміж сабой, і падалі ніцма, як падстрэленыя д’яблікі. А Макараў усё адкрываў і закрываў рот, чапляючыся за жыцьцё. Мне падавалася, я зараз закрычу. Макараў паказаў пальцам кудысьці ў наш бок, і раптам на экране зьявілася выява некалькіх белых пакецікаў, працятых тоўстымі чорнымі й чырвонымі стрэламі. Макараў выхапіў указку (мусіць, тую самую, пра якую казаў Міхаіл Міхайлавіч – указку Здаровага Сэнсу, безь якой ягоны сын з дому ні нагой) і тыцнуў ёй у экран. Як вычварэнец, які не выносіць выгляду крыві, я заплюшчыў вочы і ўзяў І за арктычную руку. Думаеце, яна выхапіла яе? Не: яна абхапіла пальцамі маё беднае, беднае, беднае запясьце.
77.
Ня ведаю, колькі працягвалася гэтае вар’яцтва. Музыка скончылася акурат тады, калі ёй трэба было зьнерухомець. І яна замерла, пакінуўшы на разьвітаньне дрыготку ліхтароў, чырвонае сьвятло якіх пасьля гэтай оргіі было неабходнае вачам, як зельле – нарказалежным. Я адплюшчыў вочы, і, нібы ён толькі гэтага й чакаў, голас Макарава загучаў ізноў:
– Як бачыце, лекцыя зусім кароткая, вашае першае знаёмства з цудам “Панацэну” адбылося. Завочнае знаёмства. Аднак, як кажуць, лепш адзін раз пабачыць, чым... і гэтак далей. Давайце ж паглядзім, які ён: “Панацэн” у дзеяньні.
Макараў зрабіў прыгожы жэст правай рукой, і збоку стала зьявілася тая дзяўчына, якая нядаўна гвалціла букетам ліліяў маркотную вазу. Дзяўчына, у кароткай спадніцы, як на тэлегульнях, зрабіла рэвэранс публіцы і адыйшла за сьпіну вядучага. Музыка ў нашым пакоі загучала наноў: на гэты раз тужлівая, амаль чутная – толькі высокія ноты выразна, пранізьліва рыпелі па рэйках нашых зьдзіўленых душаў.
– Вось вы, вы, у трэцім радзе з краю, – Макараў стаў на мыскі ног і пачаў выцягваць здабычу. – Як у вас са здароўем? Не забывайцеся, я маю на ўвазе ня толькі фізычнае, але й маральнае здароўе. А таксама духоўнае! І не саромцеся, не саромцеся, ну што ж вы, тут усе свае, усе – браты й сёстры...
Маладжавы чалавек з міліцэйскай зьнешнасьцю, які тым ня менш даволі нясьмела падняўся са свайго месца, аніяк не выглядаў хворым, аднак высьветлілася, што ён кульгае
ўжо восем гадоў, і дактары бясьсільныя дапамагчы. Небарака быў урачыста пасаджаны на крэсла, і дзяўчына ў міні, узяўшы пальцамі нябачны акорд, закасала яму нагавічыны й пяшчотна пачала намазваць нагу нябесна-сінім, падобным па густаце да добрай сьмятаны “Панацэнам”, зрэдку эратычным пацісканьнем прымушаючы выглядваць з пакету ўсё новыя й новыя кілбаскі мазі. Пацыент сядзеў у ціхім жаху, нібы на прыёме ў нобэлеўскага ляўрэата ў галіне стаматалёгіі, і толькі раз-пораз апускаў вочы ўніз, дзе шчыравала спрытнае дзяўчо. Шчокі ягоныя пунсавелі, ён цяжка дыхаў, ногі пакрысе сінелі, як у пратэрмінаванага тапельца. Макараў адыйшоў на крок і раптам выхапіў фотаапарат і зрабіў некалькі маланкавых здымкаў. Зрэшты, кульгавы нічога не заўважыў – на яго глядзелі восемдзесят параў вачэй, а яны бываюць пастрашней за любы аб’ектыў.– Панацэн ужо дзейнічае! – усклікнуў Макараў урачыста. – Ён пачаў дзейнічаць у той самы момант, калі пальцы маёй чароўнай памочніцы толькі дакрануліся да каленяў беднага пацыента! Панацэну ня трэба часу на разагрэў, ён не марудзячы бярэцца за сваю справу. Панацэн-мазь дае вам выздараўленьне, не патрабуючы анічога ўзамен. А цяпер падыміцеся. Давайце знаёміцца. Ну не дрыжыце ж вы так, вы ж мужчына.
– Сярдэ Сюртэ, – прамармытаў першы выпрабавальнік мазі нешта неразборлівае. – Працую вахцёрам у інтэрнаце...
– Не, – Макараў жартаўліва пагразіў пацыенту пальцам.
– Ніколі не паверу, што чалавек з вашай паставай усё жыцьцё выдаваў ключы ды запісваў у журнале ненавісныя прозьвішчы. Кім вы былі да гэтага, прызнавайцеся. Тут вы сярод сяброў.
Пацыент глядзеў на Макарава як баран. Аднак Макараў, перакладаючы мікрафон з рукі ў руку, цярпліва чакаў. Музыка аднастайна гайдалася між намі, раз-пораз мякка праводзячы па нашых успацелых шчаках, прахалодная, бесстароньняя музыка, падобная да ветру. І тут вочы кульгавага прасьвятлелі. Ён выпрастаўся, расправіў плечы, зірнуў на Макарава і потым радасна ўтаропіўся на здранцьвелую залю.
– Я служыў, – трохі заікаючыся, сказаў пацыент. – У асобай брыгадзе. Камандзір узводу. У адстаўцы...
– А, – залямантаваў Макараў. – Вось што яны робяць з адданымі дзяржаве людзьмі, з тымі, хто не шкадуючы здароўя, за мізэрныя грошы стаяў у сьценцы перад варотамі каманды пад назвай Радзіма, калі у яе бок несправядліва прызначылі ганебны штрафны ўдар. Такіх людзей, залатых, не – бясцэнных людзей яны ссылаюць вахцёрамі ў інтэрнаты. І ўсё таму, што чалавек пачаў кульгаць! Ідзіце ж, вяртайцеся ў шыхты! Ідзіце! Рушце да мяне! Панацэн ужо скончыў сваю радасную, высакародную працу! Крочце!
Пацыент няўклюдна патупаў да Макарава. “Гэта звычка”, – крыкнуў Макараў:
– А ну – не кульгаць!
Вахцёр зрабіў некалькі правільных, ладных крокаў і спыніўся. Твар ягоны выцягнуўся, нібы атамны грыб. Ён узьняў галаву дагары, а потым, відаць, укленчыў перад заляй, бо нам засталася для агляду толькі ягоная траская макаўка.
– Праўда, – прашаптаў ён у паслужліва падстаўлены Макаравым мікрафон. – Праўда. Гэта ўсё праўда. Станчу яшчэ з табой, Аксанка.
У трэцім радзе голасна заравела шчасьлівая Аксанка. Дзяўчо, выцершы рукі вільготнай сурвэткай, з фірмовай усьмешкай праводзіла гордага вахцёра на ягонае месца. А Макараў падымаў са стала невялікую, на выгляд двухсотграмовую бляшанку. Аднастайнасьць нашай музыкі надавала ягоным рухам злавеснасьць.
78.
– Лухта, – у насьпелай цішыні пачуўся раптам кволы, але ўпэўнены голас. – Махлярства. Яны думаюць, што мы ідыёты.
– Хто гэта сказаў? – Макараў, не выпускаючы бляшанкі з рук, спахапіўся, выйшаў з-за стала, абвёў залю ўважлівым позіркам. – Не падумайце, што нам крыўдна, вы маеце права думаць што заўгодна, але...
Лагодны твар Макарава скрывіўся:
– Сьмешна, калі гэтак безапэляцыйна кажуць пра Панацэн у калгасным клюбе. Весела, калі так гавораць студэнты-першакурсьнікі. Аднак робіцца ніякавата чуць такое тут, сярод дарослых, інтэлігентных людзей. Няўжо вы думаеце, што мы, будзь наша справа махлярствам, дзейнічалі б настолькі прымітыўна? Давайце падыскутуем. Прашу таго, хто толькі што выказаў сумненьні ў нашай шчырасьці, падняцца на сцэну. Калі ласка.