Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Праклятыя госці сталіцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

Нечакана ў самым цэнтры нашага пакою загучала музыка, прыцішана, але выразна. Яна была нібыта спараджэньнем той задухі, што панавала тут, у былой рубцы кінамэханіка, задухі, якую рабілі яшчэ больш густой і вязкай водары загадкавых усходніх духмянасьцяў, адчувальныя ўсё мацней; яна нарадзілася над нашымі галовамі як электрычны разрад, яна была бадай што бачнай, гэтая музыка: на нас пругка скочылі аднекуль дзьве прыгожыя, сакавітыя, грузныя фартэпіянныя ноты, потым яшчэ дзьве, а затым гэтыя цудоўныя госьці рассыпаліся ўмомант на некалькі звонкіх аскепкаў... Аскепкі завісьлі на імгненьне пад столяй, і зноў мілагучна зазьвінелі, а потым мэлёдыя паўтарылася, зь яшчэ большай сілай, вібруючы й дрыжучы. І музыка палілася ўжо бесьперапынна; раз-пораз ноты-крокі вярталіся, падэшвы выканаўцы магутна наступалі на ўяўны буралом, а ад іх наперад разьляталіся зграйкі легкадумных птушак, а можа быць, вялікіх лупатых стракозаў. Тым часам размова супрацоўніка “Панацэну” з дамаю і

Алегам працягвалася; я мяркую, мае суседзі, сумна слухаючы маналёг чалавека з папкаю, не адразу заўважылі гэтай музыкі, яе смарагдавага зьзяньня, яе асьцярожнага поступу, яе празрыстых вежаў. Нічога дзіўнага – яна выдатна пасавала відовішчу, якое мы назіралі, яна ненавязьліва і ў той самы час дарэчна падсьвечвала яго, надавала ўсім словам новы сэнс. Не, хутчэй, распранала гэтыя словы, і мы маглі ўпершыню ў жыцьці пабачыць, як выглядаюць словы без адзеньня.

74.

– І вось цяпер мы, усе разам, прапануем гэтаму народу здароўе, працу, посьпех, а людзі ўсё яшчэ ад нас бягуць, як ад чумы, – працягваў супрацоўнік. – Краіна задыхаецца ад беднасьці, радыяцыі й духоўнае нэндзы, крывая самазабойстваў паўзе ўверх з кожным годам, хворыя дзеці, злачыннасьць – і тут людзям кідаюць ратавальнае кола. А яны адпіхваюць яго й тонуць у сваёй бязглуздай гордасьці. Душы атручаныя нявер’ем. Хіба адзінкі здольныя на тое, каб ухапіць гэтае кола й падзяліцца ім з суседам.

– Якое кола? – зьбянтэжана спытаў высокі й прышчавы Алег, і дама з прыкрасьцю тарганула яго за рукаў.

– Кола... – супрацоўнік “Панацэну” неўразумела зірнуў на Алега й зрабіў глыбокі ўдых. – Кола... А, ну, гэта вобраз. Ратавальнае кола, рука дапамогі, мост надзеі... Ну добра, возьмем, да прыкладу, эканамічны аспэкт. Так, так, пагаворым пра грошы – нашто крывадушнічаць, усе мы маем у іх патрэбу, гэта нармальная зьява. Кампанія “Панацэн” дзейнічае па прынцыпе: мы зарабляем самі й даем зарабіць людзям.

Дзьве нагі міжволі зрабілі крок бліжэй, аднак той, хто вымавіў чароўныя словы, выставіў перад сабой папку, нібы шчыт, і адступіў да сьцяны: я мог разгледзець кожную пяцельку на ягоным швэдры.

– Пры добрым разьвіцьці справы ў выгодзе застануцца ўсе: кампанія атрымае з нашых рук капітал, каб выпускаць лекі “Панацэн”, я атрымаю грошы за працу на сэмінарах, якія забясьпечваюць рынак збыту прадукцыі, вы атрымаеце цудоўны прадукт са значнай зьніжкай і вялікі працэнт за продаж кожнай упакоўкі “Панацэну”, людзі атрымаюць сапраўды цудоўны сродак супраць рознай пошасьці, а ўсе мы разам – атрымаем здароўе! Хіба можна эканоміць на ўласным здароўі? А на здароўі сваіх дзяцей, бацькоў, сваякоў!?

– Гэта ўсё зразумела, – нецярпліва прастагнала дама, як у люстры, зараз жа адбіўшыся ў музыцы, якая цяпер сярдзіта, быццам марская хваля, білася аб наш бок экрану (у параўнаньні з музыкай усе людзі непрыгожыя, падумаў я). – Аднак колькі, колькі мы зможам зарабіць? Назавіце суму! Мне ніхто пакуль не назваў суму.

– Я бы ня стаў так зацыклівацца на фінансавым баку, – важна прамовіў мэнэджэр, і музыка адразу ж ператварыла ягоную важнасьць у брудны пыл. – Мы ганарымся, што “Панацэн” – ня толькі камэрцыйны праект. “Панацэн” – гэта яшчэ, калі хочаце, сьветапогляд. Гэта філязофія. Мы з вамі – першапраходцы, першыя праваднікі здароўя для ўсіх, носьбіты чыстай ідэі хуткага аздараўленьня чалавецтва, ачышчэньня яго ад праклятага інстынкту самаруйнаваньня, ад шкодных звычак, ад хваробаў і заўчасных сьмерцяў, мы можам зрабіць, па сутнасьці, тое, на што няздатны ніхто – пазбавіць людзей абавязку расплочвацца за свае памылкі, мы – воіны, абаронцы чалавека ад неспрыяльнага асяродзьдзя, ад экалягічных праблемаў. Першым заўжды цяжка. Але надыйдзе дзень – і для кожнага нашага суайчыньніка “Панацэн” стане такім жа звычным, як зубная шчотка. Мы – апосталы здароўя.

– Гэта ўсё было ў вашай брашуры, – усклікнула дама. – Але ці пачую я лічбы?

– Адкуль мы ведаем, колькі... – пачаў Алег, ды апостал “Панацэну” стомленым жэстам прымусіў яго сьціхнуць:

– Ну няўжо вы думаеце, што мы зьбіралі б вас тут, калі б нам няма чаго было б прапанаваць вам, даражэнькія? На нашым баку ўжо вельмі шмат люзей, якія мысьляць цьвяроза, за сьпінай кампаніі – бізнэсмэны, палітыкі, зоркі шоў-бізнэсу... Але болей за ўсё – звычайных людзей: лекары, настаўнікі, інжынэры. Кожны зь іх ужо падпісаў усю сям’ю, і гэтыя сем’і... Наш чалавек, на жаль, звыкся ставіць для сябе межы, звыкся да розных планак, да гэтага дэбільнага, прабачце, выразу: вышэй за галаву ня скочыш. Можна, можна скочыць, калі захацець. Не заганяйце самі сябе ў рамкі. Вы нават ня можаце сабе ўявіць, на што вы здольныя. Замарыліся? Клопатаў поўны воз? Аднак “Панацэн”, паводле дасьледваньняў нікарагуанскіх навукоўцаў, павышае працаздольнасьць чалавека ў сто семнаццаць з паловай разоў. Ведаеце, што стаіць за гэтымі лічбамі? Не, не, я не пра гэта... А вось пра што: “Панацэн” усяго толькі вяртае вам тое, што вы мелі згодна з плянамі наконт вас матухны-прыроды. Вы проста маеце ў сваім распараджэньні тыя магчымасьці, якія вам дадзеныя богам і якія дзякуючы

стрэсам, экалёгіі ды шкодным звычкам, а ў першую чаргу няправільнаму харчаваньню, вы страцілі. І тады праца з нуднага абавязку становіцца ра-да-сьцю! Радасьцю! Вы сабе ўяўляеце, як гэта істотна: каб праца прыносіла радасьць!

– А грошы, Міхаіл Міхайлавіч? – паглядзеў спадылба на мэнэджэра Алег.

–Добра, добра, – зноў замахаў рукамі Міхаіл Міхайлавіч. – Мой сын, а ён трохі малодшы за вас, Алежак, працуе на нашу кампанію ўжо два гады, і заўважце: працуе па дзьве гадзіны на дзень. Усяго па дзьве гадзіны. І мае ўсё: машыну, грошы на любы начны клюб, штолета езьдзіць у Гішпанію, дзяўчаты ад яго... Сам аплочвае сваю вучобу, дарэчы.

– Любы начны клюб? – спахмурнеўшы, запытаў Алег. – І “Кашалот”?

– І ён, дружок, і ён, – хутка сказаў Міхаіл Міхайлавіч. – І ў майго сына ніколі не ўзьнікала жаданьня паспрабаваць наркотыкі, алькаголь, ён ніколі не паліў і ня піў, ні чаркі за свае дваццаць тры ня выпіў, далібог. Піва ня п’е. Вельмі здаровы, разважлівы малады чалавек. А ўсё таму, што ведае: калі й трэба жыць па нечай указцы, то толькі па ўказцы Здаровага Сэнсу.

Я ўпотай паглядзеў на маленькага маршчыністага гаспадара тэатру, які ўсё гэтак жа стаяў у нас за сьпінамі. Ягоны твар не выражаў аніякіх эмоцый.

– І ўсё ж, – ціха залямантавала дама. – Вы так і не назвалі заробак, хаця б прыкладна. Я разумею, капіталізм, зарабляеш столькі, на колькі напрацаваў, усё залежыць ад мяне, але ўсё-ткі?

– Ну я ж ужо сказаў, – паморшчыўся Міхаіл Міхайлавіч. – Ну што гэта за саўдэп? Не стаўце перад сабой бар’ераў. Усё ў вашых руках. Колькі вы зарабляеце цяпер? Дзьвесьці? Вы будзеце зарабляць тысячу. Гэта праз паўтары месяцы. А праз год – удвая больш. Вы на гэта здольныя. І сёньняшняя прэзэнтацыя, я ўпэўнены, вас пераканае.

– Тысячу?

– Тры, чатыры, пяць, шэсьць, дзесяць тысячаў! Няўжо вы лічыце сябе нявартай такіх сьмешных сумаў або вымяраеце цану свайго здароўя й сваіх блізкіх у далярах? Проста скажыце: я магу. Проста скажыце: “Панацэн”! Проста скажыце: я выбіраю “Панацэн”! “Панацэн”!

– Тысяча! “Панацэн”! Тысяча! “Панацэн”! – выгукнуў Алег, і на яго з усьмешкамі абярнуліся. Нас, тых, хто назіраў за спэктаклем, ажно перасмыкнула, нібы мы пагалоўна мелі абсалютны слых – бо сваімі енкамі гэты дурань наступіў на вельмі лірычны пасаж нашай музыкі, ён якраз сьцяліўся зараз па пакоі, мякка мяшаючыся з чырваньню на сьценах. Дама стаяла, падняўшы вочы ўгору, і нешта лічыла ў галаве, павекі яе торгаліся. Міхаіл Міхайлавіч выцер рот, і тут у другім канцы залі пачуўся сьцяты крык:

– Я хачу, я магу, я сябе перамагу!

Алег пачырванеў і нясьмела засьмяяўся. Дама ж наадварот напусьціла на твар яшчэ большай сур’ёзнасьці й строга спытала: ці праўда, што сёньня можна будзе атрымаць прадукцыю на пробу. “Як вам сказаць... – зноў ажывіўся Міхаіл Міхайлавіч. – Са зьніжкай, так, здаецца, са зьніжкай, з даволі, я вам скажу, вялікай зьніжкай.” Мітусьня каля стала побач з кінаэкранам скончылася, а ў залі станавілася ўсё больш шумна. “Раз, два, тры, – прамовіў раптам грамападобны заклапочаны голас. – Ліпас-с-сакцыя. Р-р-р-рэвалюцыя. Ш-ш-шунціраваньне”. Да Міхаіла Міхайлавіча праціскваўся, як вецьце разводзячы рукамі чужыя локці й плечы, нехта ў плашчы. Наша музыка гучала ўсё мацней, ажно пакуль мы перасталі чуць шум залі – засталося толькі фортэпіяна. Шарыкі на сьценах пакрыўджана ўсьміхаліся адзін адному – нікому не было да іх справы. Дзяўчына ў футболцы зь літарай Р на грудзёх каля кінаэкрану сілілася памясьціць у вазу ненатуральна агромністы букет, адначасова намагаючыся пералічыць прысутных. А ў куце, нікім пакуль незаўважаны, стаяў хударлявы чалавек і паціраючы рукі абводзіў залю паблажліва-вясёлым поглядам. А музыка лілася ўсё хутчэй, ноты караскаліся ўсё вышэй і вышэй па сваёй фігурнай лесьвіцы, а можа, гэта быў танец, скокі звар’яцелых гномаў на крыштальнай падлозе. І раптам мэлёдыя абарвалася. Мне было вельмі не па сабе.

75.

Чалавек, які выйшаў зь ценю, быў сама добразычлівасьць, а аптымізм і дзелавітасьць сьвяціліся нават на гузіках ягонай кашулі. Ён элегантным рухам падхапіў са стала мікрафон і, абагнуўшы стол, выйшаў, усьміхаючыся, да пярэдніх радоў. За гэты час разнастайныя міхаілы міхайлавічы пасьпелі ўсадзіць усіх, хто выявіў жаданьне застацца, а паўдзельнічаць у прэзэнтацыі захацела амаль восемдзесят чалавек. Пакрысе ў залі ўсталявалася цішыня, а ў рубцы кінамэханіка зноў загучала музыка. На гэты раз – працяжная, жудасная, трапяткая й рыпучая, як сухое дрэва ў ветраную ноч. І калі чалавек паднес мікрафон да вуснаў, ніхто з нас, апрача, можа быць, майго суседа зьлева, ня мог ужо прыняць ягоную лагоднасьць за шчырыя пачуцьці. Пад такую музыку станавілася зразумела: за ўсьмешкай гэтага ўпэўненага ў сабе чалавека хаваецца нешта ганебнае... І неўзабаве мы з жахам аглядалі прысутных у залі: забыўшы, што людзі, якія сядзяць там, ня бачаць і ня чуюць таго, што адбываецца ў нас; мы не разумелі, чаму яны не рэагуюць на сыгнал трывогі. Нельга, нельга пад такія гукі слухаць нечы голас і прымаць прамоўленыя ім словы на веру. Мы пераглянуліся – упершыню за вечар.

Поделиться с друзьями: