Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сцюдзёны вырай

Марціновіч Віктар

Шрифт:

«No there! We not go there!» — перапыніла яна, калі я паспрабаваў пацягнуць яе праз запруджаную людзьмі пешаходную вулачку — найкарацейшы шлях да майго жытла. «Чаму не?» — здзівіўся я, але ў яе не было словаў, каб патлумачыць. Гэтыя зносіны вымагалі словаў, іх хранічна не хапала, а тыя, што былі, не разумеліся, а тыя, што разумеліся — разумеліся не так. Як, напрыклад, можна было зразумець яе тлумачэнне «we can be seen»? Хто нас мог пабачыць, і чаму яна гэтага баялася? Я заўважыў, як нервова яна пазяхае — прыкмета хвалявання яшчэ больш відавочная, чым чырваненне шчок ці бурчанне ў страўніку. Да таго ж, раз-пораз яна аглядалася, рухаючыся хуценька побач са мной, але не шчыльна побач, на адлегласці аднаго-двух крокаў, з перавышэннем дыстанцыі камфортнай знаёмасці да дыстанцыі «я яго не ведаю, вось толькі што сустрэла, паказваю, як прайсці ў бібліятэку». Усе гэтыя дзівацтвы вабілі, як вабіць таямніца, замкнёная скарбонка, выпадкова ды бясследна выдалены з пошты мэйл, у якім, канечне ж, былі самыя важныя ў тваім жыцці словы.

Яна зацягнула мяне ў неасветлены правулак шырынёй з бальнічны калідор. «Adress», —запытала яна з націскам не першы склад: я назваў, і яна пацягнула мяне праз тую Вільню, якой я яшчэ не бачыў. Гэтая Вільня была

падобнай да Стамбулу, праз які аднойчы правалакла мяне Наста: завулкі, падворкі, занадта інтымныя, каб на іх можна было ўявіць турыста: бялізна на лінах, падлеткі, якія, згурбіўшыся, слухаюць «Рамштайн» з мабілаў, пакінутыя канапы, backstage рэальнасці. Я патаемна пазіраў на яе — пазнавальнай была яе мэтанакіраванасць, лёгкасць, нават рост ды постаць, але ж бракавала Настынай моцы ды энергіі ў кожным руху. Кажу ж, Наста без адной (можа — самай галоўнай, а можа — не!) літары.

Мы выпархнулі на адну з пешаходных магістраляў, і яна адыйшла ўбок, дазволіўшы чалавечай плыні рассекчы нашае «мы» на «м» і «ы», дзве незнаёмыя літары, праз нас ішлі людзі, гэта былі пераважна замежнікі, «z», «x», «l» паміж нашым «мы» («мzы» — дзіўная фігура маўлення), але вось і дом з імбрыкамі на Піліес, вось і бясконцая сцяна, вось і анёл, мой анёл — мы прашмыгнулі ў вароты, як два прусакі, узляцелі па сходах, і я замкнуў дзверы. «We with nobody?» — удакладніла яна і, пачуўшы станоўчы адказ, пазбаўляючы дыхання, хутка, прагна, неверагодна, немагчыма, клапатліва, не, як гэта? як можа? як можна? схапіла вуснамі, сваімі вуснамі, вуснамі, мае вусны ды пяшчотна абхапіла патыліцу, сплялася пальцамі ў валасах, трымаючы, трымаючы… Усё, што было далей… Як мы апынуліся ў гасцёўні, як пад намі ўтварылася канапа, як… Тут мне трохі не хапае маёй беларускай, я проста не ведаю выразаў, якія б стылістычна дакладна перадавалі б сітуацыю — у ангельскай ёсць файная форма I found myself: I found myself with her naked, found myself kissing her as we were kissing last time before the dead of the sun, яе скаланала ад дрыжыкаў, яе далоні былі халоднымі ды вільготнымі, яны разгублена вандравалі па маёй спіне, як быццам бы заблукаўшы, ці, можа, у пошуках выратавання, нейкай кнопкі, якая б усё зрабіла меней недарэчным — ператварыла яе ў Насту, а мяне — я не ведаю, каго яна бачыла ці жадала б пабачыць у маім абліччы. Неяк так атрымалася, што на мне ўжо не было сподняга, а яе ногі — ледзяныя, дрыготкія, трымцелі ад нервовага напружання, а паміж іх было пякуча ды вільготна (вільгаць непажаданага пацалунка), мы ж не ведалі адно аднога, не ведалі, што далей, і не жадалі (прынамсі — я), каб гэтае «далей» было, але «далей» наставала, як настае дзень пасля бяссонай ночы, як развідняе тады, калі ты, зняможаны, яшчэ спадзяешся на цемру, на тое, што яна дапаможа забыцца, і вось развіднела, і трэба жыць да вечара, жыць паловай сябе, паловай сваёй сутнасці — жыць, нягледзячы на тое, што быць у прытомнасці няма ніякай моцы, нягледзячы на тое, што кожная клетачка мозгу патрабуе сну, я разумеў, што гэта — не трэба, што так — не трэба, але ж што разуменне патрэбы можа зрабіць з астраноміяй дня і ночы, іх узаемнага чаргавання, і я не ведаў, што наставала — дзень ці ноч, бясконцая, бяссонная, непазбыўная ноч, і вось, калі я ў ачмурэнні хапаў дурнымі вуснамі ейныя смочкі, з сумессю гідлівасці ды жадання, вось у гэты немагчымы, вар’яцкі момант у дзверы пагрукалі. Яна выслізнула з-пад мяне ды па-змяінаму сыкнула: «Хто?». А я не ведаў, хто, я шукаў гузікі на маіх такіх доўгіх, немагчыма доўгіх, значна, здаецца, даўжэйшых за мае анучныя ногі, штанах, я зашпільваўся, я бег да дзвярэй, гатовы да таго, каб пабачыць там, у прывідзе вітальні, якая зрабілася непазнавальнай, Мікі Маўса ці Мобі ў касцюме касманаўта (кліп We all made of stars), я цягнуў на сябе дзверы, цягнуў, падрыхтаваны да ўсяго, але там стаяў толькі Іваноў, зухаваты дзядок Іваноў, акуляры якога цяпер былі падобныя да нейкай вычварнай прылады з фільму жахаў з удзелам Джоні Дэпа.

— Дзень добры, — бадзёра пачаў ён. — У цябе зараз дзяўчына.

Ён не запытваўся, ён сцвярджаў, і гэтае сцвярджэнне збольшага адпавядала рэчаіснасці, пры ўсёй яго немагчымасці, і я пацвердзіў, так, дзяўчына…

— Мы ж дамовіліся, сусед. Дамова ж была. Калі да цябе прыйдзе твая сяброўка, ты мяне пазнаёміш.

Я ліхаманкава ўспамінаў дамову.

— Я ж стары, — блазнаваў Іваноў. — Мне ж трэба з моладдзю абшчацца. Няўжо ў цябе няма павагі да старых?

Ён зрабіў крок у кватэру.

— Аднак мы зараз… — пачаў я.

— Ты абяцаў мне, Джон, — прысарамаціў ён мяне і зрабіў яшчэ адзін крок у пакой. — Як яе завуць?

Я паспрабаваў успомніць, як жа яе завуць, як завуць гэтыя ледзяныя рукі, гэтую плоскую спіну, пакрытую халодным потам жывёльнага жадання, спіну, якую я толькі што трымаў, як паднос, калі мае вусны… як жа, як, там была сувязь з тым, сувязь без літары…

— Джон, так суседзі не робяць, — ён паспрабаваў зрабіць яшчэ адзін крок і яшчэ, каб трапіць у пакой, але ж нейкі інстынкт, нейкая падсвядомая асцярожнасць, выхаваная размовамі з беларусамі, бараніла, змусіла спыніць яго, стаць на шляху: раптам, я ўзгадаў, як баязліва яна шарахалася ад мяне, як цягнула ў падваротні, прэч ад чужых вачэй. Было штосьці ў гэтай дзяўчыне-таямніцы, што не прадугледжвала магчымасці трэцяга ў нашым крымінальным дуэце, не, не, нельга было пускаць, да таго ж, нельга было быць упэўненым, што яна апранулася, не, не…

— Прабачце, Іваноў, я… Мы…

— Джон! — дакорліва грымнуў ён, і я зразумеў, што мяне здзіўляе і нават пужае: небарака быў занадта ж рацыянальным для таго дзівака, якім ён паўстаў перада мной у нашае знаёмства: да таго ж, я не мог згадаць, калі, чорт! Калі і як! Ён паспеў дазнацца, што недзе, у нейкай далёкай краіне, у нейкім не маім мінулым, мяне завуць ці звалі Джон — я ж яму казаў: «Ян»!

– Іваноў, я не магу вас пакуль што пазнаёміць. Ну ніяк. Немагчыма. Прабачце. Дзяўчына стамілася, — ён хмыкнуў, як быццам ведаў больш, чым мне б таго хацелася, і я пачаў выціскаць, выціскаць яго прэч, ступаючы з ветлівай усмешкай, наступаючы, замыкаючы дзверы, не зважаючы на апошнія словы (што ён там сказаў? «Хаця б адным вокам»?).

Дзверы былі зашчэпленыя — шчыльна ды надзейна, куды шчыльней ды надзейней за мае штаны, за маю кашулю, якая… Я йшоў да яе, яна сядзела, як школьніца перад экзаменатарам: акуратненькая, цнатлівая, з чырванню на шчаках і —пабачыўшы, што я адзін —

хуценька выняла далоньку з-пад попкі, а ў далоньцы апынуліся скамячаныя майтачкі, чырвоненькія, нібы зробленыя з крывавага павуціння, выняла ды кінула побач, кінула побач, а не апранула — я, дарэчы, не магу ўявіць, як яна іх магла апрануць: гэтае апрананне з прадзяваннем ног, такіх раптоўна аголеных пад спадніцай, разбурыла б мае ўяўленні пра магчымае нават мацней, чым вось гэтая кароткая сцэнка з далонькай з-пад попкі і з апошнім бар’ерам, скамячаным у далоньцы… Тое, як яна нядбайна кінула майтачкі, азначала адно: яны нам яшчэ нейкі час не будуць патрэбныя, і што мы яшчэ вернемся да таго, што апаляе яе там, аб чым нават думаць… І я не мог зразумець, як можна — вось гэтага незнаёмага мне чалавека, як мы… Зрывістым голасам яна спытала, хто гэта быў, і я адказаў, што сусед, што за сусед, ну дзівак, ён тут побач, як завуць? Іваноў… Так, ён жыве тут, а чаго хацеў — пазнаёміцца (турбота, турбота на твары) — а што, ён яе ведае? Не, не ведае, і адразу ж пасля «не ведае» — зноў вусны, поўны рот вуснаў, скалананні, язык, які тыкаецца ў маё нёба і вось, калі так, шчыльна, амаль што нармальна, усё згодна з логікай наступлення ночы і, вядома ж, нецывілізавана быць у штанах, калі яе полымя ўжо ўпіраецца мне ў жывот, калі…

З таго, што здарылася далей у свядомасці засталіся яе хрыпаватыя пастагныванні ды яе недарэчнае хіхіканне, калі я… Калі… Яе далоні, якія страчвалі далікатнасць, спужанасць і вось ужо разлягліся на маіх ягадзіцах, абхапілі іх, па-гаспадарску драпалі ды настойліва цягнулі на сябе, углыб, заахвочваючы не шкадаваць, ёй не балюча, ёй прыемна, давай, глыбей, лютуй, запрашаю. Засталося тое, што калені яе ўзняліся над нашай бойкай, паўсталі вельмі пругка ды не паддаваліся, калі я налягаў, спрабуючы прыладзіцца пакамфортней — яны вымагалі нейкай дзіўнай выгнутасці, яна выпроствалася, вілася пада мной, а сагнутыя ногі трымаліся як апора, на якую… Засталося тое, як хутка яна знайшла патрэбныя словы ў ангельскай: мы не здолелі пазнаёміцца з дапамогай мовы, а вось тых ста словаў, якія нас аб’ядноўвалі, было дастаткова, каб рабіць тое, што рабілі. Словаў, якія дазваляюць фізічна наблізіцца — тузін: «ты», «я», «хутчэй», «павольней», «глыбей», «добра», «вельмі добра», «спыніся», «не спяшайся», «сюды», «туды», «прыемна», «давай», «набліжаюся», «ён!».

Потым было некалькі глыбокіх уздыхаў і зрабілася вельмі ціха. Мы зноў былі на адлегласці колькіх крокаў адно ад аднога, прыкрытыя фірмовым літоўскім пледам, пра вытворчасць, кошт, малюнак ды якасці якога я магу распавесці нашмат больш, чым пра тое, што адбылося той ноччу паміж дзвюма спужанымі істотамі. Мы маўчалі, трымаючыся за рукі, іх трэба было выцягваць, бо кожны з нас не жадаў аскандаліцца выпадковым крананнем другога сваёй запэцканай сокамі скурай. Яна запыталася, ці знойдзецца ў мяне шампанскае («have shampaign you»? — нешта ў яе засталося пра інверсію). Шампанскае знайшлося, постсесійны падарунак студэнтак, якія, мабыць, употай марылі пакаштаваць яго разам са мной і, не выключаю, прыкладна ў той жа сітуацыі, у якой мы цяпер церушылі фальгу ў чатыры рукі — тыя самыя рукі, якім больш не трэба было рабіць выгляд, нібы яны трымаюцца адна за адну з-за пяшчоты, якім знайшлася справа павесялей. Я стрэліў вечкай у столю, на ложак пырснула пеністая вадкасць, прыйшлося падхопліваць яе абкусанымі вуснамі, віно бясследна растала ў роце, ператварыўшыся ў шапаценне бурбалак, а яна запратэставала — не, так не можна, гэта ж шампэйн, патрэбныя келіхі, і прыйшлося, абкруціўшыся прасцінай, бегчы шукаць келіхі. Патрэбных не было: я знайшоў кантаваныя шклянкі пад віскі (яна зарагатала), простыя высокія сёрбалкі для «Кока-колы» (зноў рогат, але без пагарды: падобна да таго, што мы гулялі ў нейкую дзіцячую гульню, аднак я не разумеў правілаў, мне здавалася, што гэта — не тое, чаго вымагае момант…) ды два парцалянавая кубачкі з выявамі коцікаў. Урэшце, яна міласэрна пагадзілася на тыя першыя кантаваныя шклянкі з тоўстага шкла, сербанула пенных аблокаў ды паказала вялікі палец: «клас!». Я так і не зразумеў, ці то яна так ўхваляла шампанскае, ці то здзеквалася з формы шклянкі.

Я пільна разглядаў яе, літаральна жор вачамі, бо трэба ж было ведаць, з кім дайшоў да найвышэйшай блізкасці, і Аста была прыгожай, вельмі прыгожай. Выпешчаны твар, нос, формы ды прапорцыі якога былі падобныя да тых па-гогалеўску агромністых гіпсавых макетаў, якія мы малявалі ў каледжы на занятках па анатоміі. Вочы, якія нябесны скульптар выканаў у строгай адпаведнасці з рымскім канонам, вочы, у якіх на самым донцы плёскалася распаляючая, спакуслівая смарагдавая шалёнасць. Вейкі, якія хочацца называць словам з лексікону Караткевіча: «веі», «яе веі» — ці гэта не музыка? Шыя, даўжыня якой утварала разам з абрысамі плячэй па-рэнесанснаму прыгожы геаметрычны трохкутнік, далей — напамін пра лагчыну, якая ў сваю чаргу нагадвае пра пагоркі грудзей, пра якія можна толькі здагадвацца, марыць і ўспамінаць, бо ўсё, што ніжэй за ямку ў цяністага падножжа шыі, было надзейна схаванае пад коўдрай, якой яна ахінула сваю духмяную скуру, коўдрай, якая яшчэ колькі дзён будзе ўтрымліваць яе пах… Я прасякаўся пяшчотай да яе, пяшчотай ды ўзрушанасцю — пасля таго ўжо, як усё, што магло гэтую пяшчоту замацаваць на ўзроўні рухаў, на ўзроўні танца ўзаемадзеянняў, ужо адбылося і скончылася, я хацеў чытаць ёй санеты Шэкспіра — тыя, у якіх распавядаецца пра ружы так, што гэта яшчэ не выглядае кітчам, але ж яна згасіла мой пафас, заўважыўшы, што «любіць шампанскае» пасля «гэтага». І адразу ж віхурай закарагодзіліся думкі пра гэтае «гэтае», пра тое, калі, напрыклад, яна пакаштавала шампанскае ўпершыню і хто быў аўтарам гэтай напаўвампірскай па сваёй патаемнай сутнасці ініцыяцыі: гэта была яшчэ не рэўнасць, але ўжо і не спакой.

Яна прагна глытала феерверкавае шапаценне (піў і я, паступова адчуваючы, як цела робіцца працятым гэтым шапаценнем, замест рук, ног, жывата, галавы паўстаюць зіхоткія іскаркі, і нічога не хацелася пытаць, але ж розум са здзіўленнем заўважаў, як легкадумна яна адмахвалася ад маіх лянівых роспытаў: ці яна з Вільні, а кім яна працуе, а дзе ў Вільні жыве, гэта не важна, і гэта не важна, а гэта наогул не пра тое, важна ж тут, што «I love you», — яна сказала гэта проста, паміж двума глыткамі шампані, і я не паспеў прачуць, бо за хвіліну да таго мы высвятлялі, хто я па задыяку — у адказ на маё пытанне, ці была яна калі ў шлюбе; хвілінай пасля мы апынуліся перад высновай, што лепшыя куфлі пад shampaign выпускае «Вайсрой ды Бош», іх можна набыць у «Форум Пэлэсе», і мне лепей зрабіць гэта да нашага наступнага распівання шампані, ха, ха, ха!

Поделиться с друзьями: