Сцюдзёны вырай
Шрифт:
Вежа Гедыміна, чырвоная ад увагі турыстаў да сябе, Святая Ганна выглядалі фэйкам, бо не патрабавалі ніякіх высілкаў для пошуку, авалодання ведамі. Беларусь, з яе гісторыяй і культурай, як быццам належала толькі інтэлектуалам. Да яе немагчыма было дакрануцца ніяк інакш, акрамя як ва ўспамінах тых людзей, якім яна балела. Літва прапаноўвала беларускую гісторыю ва ўжо расфасаваным выглядзе, аздобленым цэннікам ды этыкеткай (на літоўскай мове). Розніца паміж літоўскімі азёрамі і маёй марай хаця б раз пабачыць беларускія была прыкладна такая ж, як розніца паміж какосам, выпітым на спякотнай вуліцы Сілігуры пасля дваццаціхвілінных пошукаў хоць якой вадкасці, і какосавым сокам, набытым у гіпермаркеце ў Даўнтаўне.
І нават гэтымі норыцамі, міндоўгамі ды баравікамі не вычэрпвалася ўсё тое, што я адчуваў побач з Беларуссю. Яе «распаведзенасць», наяўнасць выключна ў выглядзе нечых успамінаў, урыўкавых разваг пра тое, што такое «радзіма» і што такое «Беларусь», надзялялі краіну неспалучальнымі рысамі, рабілі, напрыклад, той жа чыгуначны вакзал ці Нацыянальную бібліятэку самымі безгустоўнымі, але і самымі прыгожымі будынкамі чалавецтва. Бібліятэка? Ну як жа, помнік безгустоўнасці, помнік адсутнасці ўяўленняў аб прыгожым як такім — чуў я. Бібліятэка? Адзінае вартае захаплення ў архітэкурным абрысе гораду, чый гістарычны цэнтр зруйнаваны камуністамі, каб было,
Хтосьці, скаланаючыся ад нянавісці, распавядаў мне пра неверагодную чысціню на вуліцах, пра тое, што гэта нежывая чысціня, але ж чысціня хірургічнага пакою, другі праз дзень казаў, што адзінае, па чым баліць ягоная душа — гэта тая прыбранасць на вуліцах, тыя пабеленыя бардзюры ды пафарбаваныя камяні на ўскрайках лясоў. Адзін казаў, што ніколі-ніколі не вернецца, і назаўтра з’язджаў, і сувязь з ім, як заўсёды, знікала, і мы, па завядзёнцы, збіраліся ў доме міласэрнасці ды ўздымалі кілішкі грамадой. Другі ўсё ехаў, ужо заўтра, менавіта заўтра, на ранішнім цягніку, бо калі ў шэсць сорак на цягнік, ужо ў адзінаццаць будзеш у Менску («хто ж цябе да Менску пусціць! На мяжы здымуць», —падказвалі побач), а яму хаця б пабачыць адзін раз тыя вежы на прывакзальнай, адным вокам, ну хай сабе здымуць, але ўсё роўна потым этапуюць у Менск, праз чыгунку, а там размеркавальнік побач, маленькі непрыкметны будынак на Дружнай, а адтуль вежы бачныя, і яшчэ кілішак, за вежы, і яшчэ, вежы, вежы, ажно да самага наступлення Менску тут, пасярод дому міласэрнасці, і калі яго выносяць, ён шэпча пра Менск. Як пасля гэтага не ўзрушыцца? Як не памкнуцца туды, нават калі ўсё, што там ёсць — касы будынак размеркавання ЗК?
Я не ведаю, ці сапраўды ўсё было настолькі непазбежна, што іх забіралі на мяжы. Камунікацыйнае знікненне тых, хто вяртаўся, магло быць абумоўлена зразумелым жаданнем абрубіць усе сувязі з віленскім асяродкам, выкрасліць эміграцыю з жыцця. Трэба ж разумець, што тыя, хто жыў тут, штодня блыталіся ў путах уласных страхаў, выдуманых ды невыдуманых жудасцяў, прымалі ўласныя начныя летуценні за рэальнасць: у большасці выпадкаў яны збеглі з краіны пасля нават не допыту, але ўласнага дапушчэння, што на допыт могуць выклікаць. Неасцярожнае інтэрв’ю, занадта смелы допіс у блогах — усё астатняе рабіла іх уласная падсвядомасць, якая выдумляла дэманаў, што жэрлі іх душы. Аднак жа было і іншае… Той, што да сутаргаў заікаўся. Ці той, што распавёў, як пасля затрымання ў тую самую ноч, калі было шмат чырвонага на белым снезе, яго і іншых распранулі ў закрацці, паставілі басанож на зледзянелы бетон ды доўга здымалі на відэа, і ніхто не ведае, што далей сталася з тым відэа, але сам факт яго існавання турбуе гэтаксама, як той сонечны сюжэт пра зверагадоўлю, турбуе на ўзроўні канфлікту з чалавечнасцю, вычварэння, якое робіцца нейкім маніякальным пачаткам суб’екта, які недзе побач пакладзены ў аснову існавання дзяржавы.
Аднак праз гэты смурод ды чарнату праглядала чысцюткае, незапэцканае жудасцю, некранутае дэманамі, і яно вабіла тым больш, чым больш страшныя расповеды я чуў: напрыклад, тая частка Менску ля праспекту Пераможцаў, тое ўзбярэжжа, якое ператварылася ў мой уласны вырай, да якога імкнулася птушка ўва мне падчас душэўных халадоў. Першапачаткова я пабачыў гэтае ўзбярэжжа з белым будынкам басейна на паштоўках савецкіх часоў, якія ўвалаклі з сабой эмігранты хвалі 1990-х: з тае пары нішто істотнае, вартае любові, там не змянілася. Перш за ўсё я кажу пра від на Траецкае, які адкрываўся з боку Свіслачы. Я не вельмі дакладна ўяўляю сабе, якога адценню там вада, я дамысліваю асветленасць і вецер, пах і гукі гораду, я ўяўляю сабе нават стамбульскіх чаек тут (не ведаю, ці ёсць яны ў Менску насамрэч). Але ж па начах мне сняцца сны, у якіх я іду ўздоўж узбярэжжа, там, дзе пад нагамі — загнаная ў трубы Няміга, і ў маёй далоні — яе палаючая далонь. Вядома ж, я падаў на візу і, вядома ж, атрымаў адмову, бо пашпарт у мяне амерыканскі.
Я шукаў яе, ах, як жа я шукаў яе! Яна патрэбная была мне не проста таму, што чалавек не можа адзін, чалавек існуе толькі тады, калі яму ёсць, каму сказаць пра сябе, і тым адрозніваецца ад жывёлы. Але тут было іншае: у пэўны момант Наста для мяне стала ўвасабленнем маёй новай існасці. Я выракся сваёй краіны, сваёй (ангельскай) мовы, я адмовіўся ад гісторыі, у якой Поўнач ваявала з Поўднем у імя гісторыі, у якой п’яны Пётр забіваў базільянскіх святароў у полацкай Святой Сафіі. Там у мяне ўжо не было каранёў, тут маёй сувяззю з каранямі была нават не мова, а Наста. Мова ж дапамагала выключна паразумецца з Настай, калі я яе знайду. Калі я яе знайду… Без Насты я быў чалавекам без краіны, без дома, без мовы, без мінулага, напаўбамжом. Без Насты было так пуста, як не было ніколі, і з гэтай пустатой суіснаваць было немагчыма.
Спачатку, калі я ўсё яшчэ верыў у моц супадзенняў, у тое, што Наста дзесьці зусім побач, у суседняй кавярні, на паралельнай вулачцы, і трэба толькі ў патрэбны момант павярнуць у вырашальным напрамку, каб яе напаткаць, я хадзіў дзённа і ночна. Пешшу я вывучыў усе раёны Вільні, ногі ператварыліся ў мае вочы, я мог пазнаць, дзе я — закрыўшы твар далонямі ды заціснуўшы вушы вялікімі пальцамі, проста па характары ўхілу паверхні. Я мог такім чынам адрозніць кульгавую Таўра ад роўнага, як прасавальная дошка, Гедымінаса. Час ад часу я знаходзіў яе. І паскараўся да бега, наганяючы чарговую спіну, і крычаў: «Наста!». Але адгукалася не Наста, а Расутэ, Даля, Ангеле ці Ірэна. І я зноў ішоў — ішоў пад дажджом, пад снегам, у сцюжу ды пекла — ішоў туды, куды дарэмнай надзеяй вабіла мяне сэрца, тое сэрца, якое падскоквала ў грудзях, калі ў павольным спакойным, як кіт, тралейбусе мільгаў падобны сілуэт, і я зноў бег ды не паспяваў на прыпынак, браў таксоўку, ехаў за ім, ускокваў туды, а там ужо не было таго сілуэта, таго крэмавага плашча ды знаёмага — да знямення, да здранцвення, профіля. Я ўпэўнены — дагэтуль упэўнены — і не пераконвайце мяне, не трэба! — я ўпэўнены ў тым, што бачыў яе аднойчы. Нюх, інтуіцыя — штосьці звышнатуральнае падштурхнула мяне паснедаць у Gusto на чыгуначным вакзале, месца, пагадзіцеся, даволі дзіўнае для таго, хто не плануе праз паўгадзіны з’ехаць некуды дастаткова далёка для таго, каб гэтая далечыня, у сукупнасці з немагчымасцю знайсці нармалёвую ежу ў цягніку, вымусіла есці менавіта тут. Я калупаў відэльцам мёртвы блін з вывернутымі вантробамі, праз раненні якога выцякала сунічная кроў, і ў гэты момант — хуценькая постаць
прамільгнула побач, праз шкло, і прынцыповай была яе наўмысная пахіласць, чалавек, бы наўмысна, скажаў свой рост, валасы і значная частка твару былі схаваныя пад паркай. І тое, што яна скокнула ў вагон акурат у той момант, калі цягнік варухнуўся, скрыгочучы так, нібы стаяў без руху з моманту вынаходніцтва дызельнага рухавіка, толькі запэўнівала ў тым, што — яна, яна, бо каму яшчэ так хавацца? Я пабег — я за гэты час вывучыўся паскарацца, як спартовы аўтамабіль на светлафоры, нейкі час бегаў кожны вечар перад тым, як пайсці да сну, таму старт быў эфектны, з непрытомным крэслам, якое пачынала сваё чатырохногае падзенне, калі я яшчэ быў побач, а гарматна грукнула, калі ад грукату было чутно хіба што рэха. Дзеля таго, каб выціснуцца з гэтага невыносна доўгага, як няспраўны лімузін, Gusto на перон, патрэбна было праляцець праз усё правае крыло будынку, паднырнуць пад лесвіцу, прабегчы спачатку ўніз, потым — праз «Максіму» (зніжкі на арахіс ад трох да двух з паловай літаў), потым, распіхваючы «макісмалістаў», якія набралі арахісу сабе ў клункі, — наверх, праз хол, праз макет Вільні, праз эскалатар, праз прыціснутыя да сценак шкляныя дзверы, — каб пабачыць чырвоныя ліхтарыкі ззаду гэтага ліхаманца, што ўпёр яе ад мяне… Цягнік на Берлін, наступны прыпынак — у Польшчы, у Бзднах, самалет на Варшаву ў васемнаццаць, калі цягнік Бздны ўжо тры гадзіны як праедзе. Калі яна была тут, значыць, сюды і вернецца.Я зноў праводзіў гадзіны, бадзяючыся на поўначы ад вакзалу — у месцах, дзе панавалі рускамоўныя падлеткі на старых, як парэшткі Савецкага Саюзу, БМВ і дзе толькі мой рашучы выгляд захаваў мне жыццё ды здароўе, бо за палову грошай, што былі ў мяне ў кішэні, тут не маглі, а павінны былі забіць. Я вывучаў населеныя кудлатымі, але вельмі прыязнымі нефармаламі сквоты і нават пераначаваў у адным, — тым, што знаходзіцца каля парка, над Акадэміяй мастацтваў. Мы палілі вогнішча, пелі Боба Марлі ды елі тушонку.
Я хадзіў па віленскіх прадмесцях і шукаў яе ў драўляных хатах літоўскіх сялян. Потым мяне працяла геніяльная, як мне падалося, думка аб тым, што Наста павінна была асесці на мяжы з Беларуссю, літаральна на мяжы, каб усё было тое ж, з розніцай у якіх сто метраў. Я вандраваў па дзіўных вёсках, рассечаных надвое памежжам, вёсках, у якіх быў толькі адзін касцёл, з літоўскага боку, у дзесяці кроках ад загароды. Падчас службы сяляне-беларусы збіраліся ля плоту пад вартай аўтаматчыкаў (каб не далі ўцёкаў!) ды старанна выводзілі польскія псалмы пад гукі літоўскага аргана. «Вітаю вас!» — крычаў я землякам. «Вітаем, хлопча», — адгукаліся адзінкі са здзіўленнем. Землякі былі шчарбатыя, у картузах ды ботах. Потым уступалі памежнікі, якія хуценька тлумачылі, што камунікацыя праз мяжу недапушчальная.
Я зразумеў, што выпадак не здольны злучыць нас. Даваць веру выпадку азначала ў той ці іншай ступені дапускаць, што і першы раз мы сустрэліся выпадкова, а не па наканаванасці (як лічыў я). І я распрацаваў спецаперацыю па яе пошуках. Склаў мапу з усіх прыдатных да жыцця гарадкоў Літвы і стаў выходныя за выходнымі правяраць іх па чарзе: мне пашанцавала, краіна была маленькая. Нічога. І тады я не адчуў, але зразумеў (адчуў я гэта, бадай, у першы год жыцця тут), што яе няма тут. Ні ў Вільні, ні ў Клайпедзе, ні ў Каўнасе. Яна не ў гэтай краіне. А дзе — невядома. Можа, у тым Берліне, а можа, — у тузіне гарадоў, што паселі на той сімвалічнай жэрдцы, якая вядзе з Вільні ў Берлін. Яна магла быць ва Украіне, у Польшчы, у Расеі, не, у Расеі дакладна не. Няма ніякай магчымасці даведацца пра яе месцазнаходжанне. А таму немагчыма, каб мы сустрэліся. Немагчыма. І тады я вырашыў забыцца, выкрасліць з сэрца, вымусіць пайсці з мяне. Псіхалагічна гэта было падобна да спарону. Я прыпыніў яе жыццё ўва мне і, здаецца, прыпыніў і сваё ўласнае жыццё, бо адразу зрабілася незразумела, дзеля чаго, у імя чаго…
З Астай я сустрэўся, калі замаўляў вячэру ў сваёй улюбёнай кавярнякнігарні: там не разумелі па-беларуску, і я карыстаўся ангельскай (ці гэта не цуд: карыстацца ангельскай мовай?). Толькі беларуская надавала майму роднаму маўленню анёльнасць, нябёснасць. Нідзе больш у Інгліша не было такіх узнёслых арфаэпічных канатацыяў!). Я сціскаў у далонях «Чорную кнігу» Памука: Памук апынуўся неблагім пісьменнікам, а чытанне апынулася неблагім заняткам для катавання часу (менавіта так: мае налітыя адзінотай вечары больш нагадвалі катаванне часу, чым забойства!). «Чорная кніга» вабіла мяне тэмай пошукаў каханай, і я не хачу чуць пра тое, чым скончыліся гэтыя пошукі: літаратура тым і адрозніваецца ад жыцця (і ад фільмаў), што ў ёй зрэдку здараюцца хэпі-энды, яны тут кшталту праявы дрэннага густу. Сукупнасць англамоўнага Памука ў маіх далонях ды англамоўнай замовы вячэры падштурхнула Асту да спробы англамоўнай камунікацыі, яна спытала, ду ай спік інгліш і, пачуўшы станоўчы адказ, падсекла: «Does you will to teach me better English?». Я — выключна дзеля праверкі яе моўных здольнасцяў — запытаўся, як яе завуць. Я чакаў пачуць імя, адрэагаваць ветлівай заўвагай, што яе мова і так дасканалая, і такой сцежкай вярнуцца да свайго Памука, што паспеў ужо астыць. Але яна назвалася, і я забыўся пра «Чорную кнігу». «Аста, — перапытаў я. — А хіба ёсць такое імя?». Яна пакрыўджана растлумачыла, што гэтае імя вельмі распаўсюджанае сярод скандынаваў і з’яўляецца грэцкім па паходжанні, а пра падобныя імёны ніколі не чула. Мяне не цікавіла, што яно сігніфікуе, я чуў толькі тое, што адна адзіная літара адрознівае яе ад «Насты», гэта была Наста без «Н». Яна задала некалькі моўных пытанняў, якія толькі ўскосна маглі азначаць яе цікаўнасць да граматыкі і хутчэй сведчылі пра намер гаварыць на ангельскай як такой. Запытала: «How much years has you?» («у якім я ўзросце» і нават не так: «якая колькасць гадоў мяне мае»!), я адказаў, потым былі пытанні, як мяне завуць («told me your name?») і ці ёсць у мяне дзяўчына (you have a women for a sex?). Я падзякаваў за прадэманстраваны ўзровень і пачаў расповед пра яе тыповыя памылкі, у прыватнасці, голасам ды інтанацыяй бывалага лектара падаў уводзіны ў пастаноўку пытанняў. «We go to you?» — хутка прапанавала яна, і я не адразу зразумеў, што гэта ўжо не адпрацоўка пытанняў, а даволі канкрэтная прапанова, мабыць, яна пачувалася няёмка, дэманструючы сваю скалечанную ангельскую ў публічнай прасторы. Пад акампанемент маіх тлумачэнняў таго, якія памылкі былі зробленыя ў яе запрашэнні перамясціцца да мяне, мы апынуліся на шумным праспекце ды ўпёрліся ў бясконцы аўтамабільны корак, што нагадваў шкілет дагістарычнага змея, усе косткі якога (рознакаляровыя, модныя, але падпарадкаваныя адной логіцы руху ды стаяння), цягнуліся прэч ад цэнтру, пакідаючы паміж сабой столькі міжхрыбетнай прасторы, каб яе хапіла хіба на тое, каб праскочыць аднаму чалавеку. Трэба было праходзіць пільна, бо як толькі ў галаве змея, схаванай за рогам цьмянай вулачкі ўдалечыні, пачыналіся зрухі, яны хутка распаўсюджваліся на хрыбетнік: патрэба ірваць далей перанімалася вось гэтай канкрэтна «Хондай» касцянога колеру, якая адразу ж кідалася наперад, не зважаючы на твае ногі, зневажаючы іх. Мы пераправіліся на другі бераг захопленай зміем ракі, і ў першы раз у гэтым тэксце «мы» азначала нешта іншае, акрамя нас з Настай.