Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сцюдзёны вырай

Марціновіч Віктар

Шрифт:

І тут здзіўленне ды няёмкасць дасягнулі той канцэнтрацыі, што мне зрабілася ніякавата. Я рушыў да дзвярэй, а ён скакаў за мной, як чорт, скакаў і ўсё спрабаваў пасябраваць. Тут, калі дзверы ўжо былі адчыненыя, дзівак зрабіў апошнюю недарэчнасць — ён уціснуў мне ў далонь склізкую бутэль гарэлкі «Russki Shtandar»: «За знаёмства!». Я пільна паглядзеў яму ў твар, толькі тут заўважыўшы асаблівасць ягонага позірку: вочы як быццам глядзелі не на свет, а былі сфакусаваныя на шкле акуляраў. Стары нібыта лавіў на іх унутранай паверхні адлюстраванні і менавіта адсюль чэрпаў уласныя ўяўленні аб тым, дзе жыве. Ён глядзеў на цябе і не бачыў. З іншага боку, ты мог утаропіцца ў ягоныя вочы і нічога не заўважыць у іх, бо яны скіраваныя выключна на паверхню шкла і непранікальныя звонку. Ад гэтага нечалавечага позірку зведзеных да носу вачэй я адчуў ледзяненне ў страўніку, жаданне хутчэй пайсці да сябе і вельмі-вельмі шчыльна зачыніць дзверы. Я ўжо ступіў колькі крокаў, калі ён раптам спыніў мяне: «Паслухай, калі да цябе прыйдзе твая сяброўка, калі ласачка, запрасі мяне. Я вельмі люблю з моладдзю пабалбатаць!».

Я паціснуў плячыма ды развітаўся.

У свеце падворка Іваноў заняў тое месца, што раней займаў маўклівы мужчына. Часцяком сусед сядзеў на прыступках, глядзеў на шкло сваіх акуляраў ды хрумсцеў цукрам. Час ад часу я заспяваў яго за соўганнем па двары з той жа бессэнсоўнасцю, з якой да яго соўгалася курыца. Такім чынам, Іваноў замяніў абаіх.

Аднаго дня ён зрабіў яшчэ адну спробу пазнаёміцца. Вярнуўшыся дадому, я заўважыў суседа за няўдала раскладзеным мальбертам — ён рабіў выгляд, што спрабуе намаляваць адну з жывапісна раскудлачаных часам частак дому. Падсвядома я заўважыў, што адзінае, у чым ён дасягнуў поспехаў — дык гэта ў выцісканні алею на палітру. На палатне было пакінута некалькі нерашучых мазкоў, якія сведчылі толькі аб тым, што асоба, за іх адказная, ніколі не трымала ў руках пэндзля. «Я вось якраз хацеў пагутарыць з вамі пра мастацтва», —пачаў Іваноў, на галаве якога быў ужо абрынданы свежым кобальтам (яшчэ адна прыкмета непрывучанасці да жывапісных заняткаў) берэт. Я зрабіў грэблівы выраз твару і кінуў, што нічога пра мастацтва не ведаю і ніколі не цікавіўся.

Я апішу свой тыповы дзень тут. Я прачынаюся а восьмай гадзіне, да дзевяці соўгаюся па хаце, у дзевяць пятнаццаць выходжу, здароўкаюся з Івановым, які звычайна назірае за маім сыходам (можа, вядзе нейкі дзённік ці штосьці накшталт?), апынаюся на вулачцы, запоўненай турыстамі, ківаю анёлу, іду направа. Праходжу побач з вылепленым са снегу праваслаўным храмам ды кідаю якар у кавярні, масткі якой знаходзяцца над хуткай плынню (насупраць — помнік русалцы, вы не заблытаецеся). Тут я праводжу час да адзінаццаці: узімку, калі лавы над здранцвелым струмянём засцеленыя снегавымі пярынамі, мяне можна знайсці ўнутры з якім-небудзь са слоўнікаў, са сшыткам граматычных практыкаванняў. Я працую тут да адзінаццатай, і калі б мяне хтосьці спрабаваў знайсці, гэта лепшае месца і час. Пасля гэтага ў мяне пачынаюцца лекцыі, якія доўжацца па-рознаму, таму перайду адразу да шасці гадзінаў, калі кожны вечар я пачынаю свой мацыён, які праходзіць па адным і тым жа маршруце: па Піліес я ўздымаюся да бульвара Вакечу, пасля чаго скіроўваюся да цэнтру праз клубкі вулачак, прапітаных тутэйшым вэнджаным паветрам. Я памятаю, як намагаўся зразумець, што за дзіўны водар лунае тут штовечар, што за смалены прыпах ловяць ноздры, і толькі потым, пабачыўшы павойны дымок з труб, зразумеў, што тут топяць каміны, што амаль увесь цэнтр на драўняным паліве. На рагу Гедыміна і Вільняус я займаю месца ў кавярні, урослай у кнігарню і да васьмі вечара гляджу ў акварыюм заваконня.

Мае адносіны з Беларуссю тут, у Вільні, пазбавіліся галівудскай спрошчанасці. Радзіма, ці тое, што ад яе засталося, ці тое, што з ёй здарылася, ці тое, што яе зжэрла, — карацей, тая пачвара ды тая прыгажуня, якая звалася Беларуссю, была цяпер настолькі шчыльна побач, што нічога пэўнага ўжо не было бачна: так, плямы на скуры, неідэнтыфікаваная лагчына, далікатны выгін ды павольны ўздым грудзёў пры дыханні. Тут лавілася тэлевізія той дзяржавы, якая нарасла вакол маёнтка майго дзеда. Я разумеў не ўсё, што паказвалі там, бо час ад часу навіны чамусьці начытваліся не па-беларуску, а па-руску. У нейкім сэнсе, гэтая тэлевізія была падобнай да ўсёй тэлевізіі свету, усхваляючы неверагодную прыгажосць (ці захапляльную неахайнасць) нечага, што ў лепшым выпадку з’яўляецца таннай каляднай гірляндай, не вартай ніякай увагі псіхічна ўстойлівага гледача. Аднак з іншага боку, менавіта гэтая тэлевізія, пры пільным яе праглядзе, утрымлівала прыкметы той бездані, якая працягнулася па межах Беларусі і надзейна аддзяляла яе ад свету людзей. Не, гэта таксама былі людзі, ніякіх адрозненняў у колеры скуры, форме насоў ці памерах ілбоў. Нават надброўныя дугі былі звычайнымі. Але ж куды лепей было б, калі б ТВ-вешчуны былі салатавага адценню са шчупальцамі: гэта адразу б дазваляла разумець, што тут мы маем справу з нейкай выбітнай формай жыцця, ад якой не трэба чакаць павагі да нашых каштоўнасцяў ды светапогляду, усяго таго, што завецца чалавечнасцю.

У адзін з першых вечароў назірання за гэтай краінай праз тэлескоп «Беларусь-ТВ», калі я ўжо гатовы быў падзівіцца Настынаму ўспрыманню той рэчаіснасці, ад якой яна ў такой збянтэжанасці збегла, я натрапіў на жывадзёрны сюжэт, які прымусіў мяне ўсё зразумець і адчуць, бо ўспрымаўся праз мае ўласныя вочы: нават у пераказе я б не ўцяміў, у чым там быў цымес. Гэта быў караценькі расповед пра зверагадоўлю для вечаровых навін, ён ішоў адразу пасля паведамлення пра нафтаперапрацоўку і належаў у логіцы выпуску да аднаго з ім струменю навінаў — атрымання грошай.

Адразу адзначу, што зроблена ўсё было ў яркіх, аптымістычных колерах, ад якіх так хацелася жыць: свяціла сонца, па рыпучым снезе хадзіла апранутая ў навюткую ватоўку (Сяргей называе гэты тып адзення «Воркута», мабыць, па характары малюнка на ім) залатазубая жанчына, якая трашчала пра тое, якія файныя ў іх атрымаліся «экземпляры». Далей гледачу дэманстравалі клеткі, у якіх гулялі раскошныя, трапяткія норыцы. Камера спынялася на іх вусаценькіх мысках з паўкруглымі вушкамі, і ты адчуваў сябе шаснаццацігадовай прыхільніцай Брытні Спірз, асноўнае слова ў лексіконе якой гэта «adorable». У іх былі adorable выцягнутыя, гнуткія цельцы, adorable вочкі-кропачкі, adorable лапкі, якімі яны adorable чапляліся за пруты

клетак. Цётачка брала звяркоў на рукі, песціла іх, гладзіла па бліскучай поўсці, і тыя ласціліся ды ўсё наравілі тыкнуць носам у камеру. Потым гэтая ж цётачка без усялякага пераходу апынулася ў нейкім памяшканні, яна працягвала гладзіць ды песціць бліскучую поўсць, але яна належала не жывой істоце — не, гэта была поўсць доўгага, да падлогі, футра, па ім ішлі шырокія праштабнаваныя палосы, і ў гэтых палосах яшчэ можна было пазнаць іх цельцы — была бачная шырыня, супастаўляльная са спінкай той істоты, якая хвіліну таму тыцкалася носам у камеру. Закальцаванасць двух дзеянняў, немагчымая, неміласэрная метанімічнасць, выклікала здранцвенне.

Далей нейкі чыноўнік з ведамства, ад чалавечых словаў у назве якога былі хіба шурпатыя абцінкі, злепленыя абы як («Бел-кооп-торг-нешта там»!) казаў пра «паказнікі», пра «перавыкананне плану па норыцах», пра тое, што дзякуючы «прыдбанню белай норыцы», прадпрыемству за год удалося павялічыць прыбытак да трох мільёнаў еўра. Паказалі белую норыцу — зноў яе трымала цётачка, зноў механічна песціла яе бачок, але аналогія з футрам, у якое праз год ператворыцца маленькая, трохі збянтэжаная, даверлівая істота, ужо працавала з успрыманнем: было бачна, што звярка жанчына трымае роўна так, як трымала б нежывую істоту. Так, для яе гэта было некалькі дэцыметраў (яны вымяралі футра гэтых краляў дэцыметрамі) грошай. І рабілася ніякавата за прыметнік «раскошныя», ужыты абзацам вышэй, побач з прыметнікам «трапяткія», бо бачыць «раскошу» ў поўсці жывой істоты можа толькі бяздушны кат, прабачце мяне, норыцы, прабачце, што пазайздросціў вашай прыгажосці, якую гэтая залатазубая цётачка за кадрам злупвала з вашых яшчэ не астылых цельцаў тымі ж рукамі, якімі песцілі вас…

Праз якую хвіліну пасля таго, як белую норыцу засадзілі ў яе камеру, залатазубая тыкала ў экран пукамі «апрацаваных» (так яна казала), падрыхтаваных для пашыву, шкурак белага, белага, белага колеру. А вочы міжволі глядзелі на яе гумавыя боты, ліпка счарнелыя знізу, счарнелыя ад таго, чым так складана, мабыць не запэцкаць гэтую чароўную беласць, бо чырвонае на белым гэта так балюча — я памятаў па колішнім сюжэце «Еўраньюз».

Справа была не ў тым, што ў Беларусі забівалі норыцаў — у Вільні яшчэ захоўвалася крама з натуральным футрам, вітрыну якой рэгулярна білі ці пэцкалі зялёнай фарбай абаронцы жывёлаў. Справа была нават не ў тым, што аб гэтым расказвалі па тэлебачанні без скалананняў ад жудасці і жалю. Галоўнай тут была інтанацыя. Тоеснасць жывога і мёртвага, якую выяўляла гэтая інтанацыя. Гэтае, курва, сонейка ды блакітныя нябесы. Гэтая ўпэўненасць у тым, што пануючая істота можа ўспрымаць слабую істоту як нафту, газ, вугаль: як крыніцу грошай. Але ж і проста: іх мыскі, вочкі, вусікі…. Футра, якое мяшалася з жывымі норыцамі, бо галоўнай была якасць ды мяккасць поўсці.

Побач з гэтай жудаснай, непасціжнай Беларуссю была яшчэ адна — тая, што ззяла ва ўспамінах віленскіх эмігрантаў ды паўставала ў сівых паданнях, якімі любіў закусваць напоі Сяргей. Каранацыя Міндоўга ў тым самым (маім!) Навагрудку. «Мы ім Міндоўга не аддамо!» — чырванеў Сяргей, ківаючы на старажытны інтэр’ер камяніцы, у якой звычайна пачыналіся яго развагі пра гісторыю: інтэр’ер належаў да эпохі, калі беларусы і жамойты (ці ліцвіны і жмуды — у мяне галава кругам ішла ад усіх гэтых разнастайных найменняў беларусаў: «палякі», «ліцвіны», «літоўцы», «рускія») жылі разам, але гэтыя Сяргеевы ківы азначалі, што пад «імі», каму мы не «аддамо» Міндоўга, ён разумеў сучасных літоўцаў, бо тыя казалі, што першага караля ВКЛ каранавалі на землях сучаснай Літвы.

За куфаль-другі піва (плаціў заўсёды я — гэта было маёй падзякай за ўрокі гісторыі), Сяргей шпігаваў легендамі хаця б пра таго таго ж Міндоўга, якія адмаўлялі ўсё напісанае на гэты конт у падручніках (і таму было цікава!): пасля таго, як ён пайшоў з жыцця, быў пасаджаны на каня, прыбраны ў каралеўскія адзенні, у золата і дыяманты, пасля чаго каню далі пайсці з мёртвым каралём. Такімі былі забабоны перуновых братоў, да якіх ён вярнуўся пасля таго, як прыняў каталіцызм для каранацыі. І ад гэтага відовішча высакароднага мерцвяка на кані адначасова робіцца жудасна і неяк лісліва, бо што за народ быў! Што за волаты! І вось, Сяргей, расплюхваючы піва па драўляным стале, распавядае пра велічнага нерухомага вершніка, конь якога йдзе на захад, у полымя, на цьмелае сонца, і ніхто з сялян не адважыцца падыйсці бліжэй, бо баяцца Міндоўга люта, і ў вачах Сяргея трапеча той барвовы заход… А як не ўзгадаць пра баравіковыя дубровы ды закінутыя сядзібы, пра плавучыя астравы ды мораныя дубы на глыбіні дваццаці метраў, якія файна бачныя праз чысцюткую ваду на Блакітных азёрах? Як не ўспомніць пра зоры ды купанне ў святле месяца, начное купанне галяком, калі вада цёплая, як сырадой? І, калі ўжо мы ўзгадалі пра ночы, — як не натхніцца расповедам пра распырсканае па нябёсах малако?

Тэарэтычна, усё гэта магчыма было і тут, у Літве. Бо тут таксама былі баравіковыя дубровы ды азёры, сок, які збіралі з дрэваў, сузор’і, пад якімі кахалі і паміралі мае продкі, шагалаўскія касыя платы ды драўляныя хаты. Нават Міндоўг тут быў, прычым у неверагодных колькасцях: помнік, назва вуліцы, магніцік на лядоўню. Аднак усе беларускія прыцягальнасці, змешчаныя па гэты бок ад памежнай бездані, пакідалі ўражанне музея. Тутэйшая дуброва пад Панявежысам, у якой мяне люта пажэрлі камары, як быццам не дацягвала, у ёй не хапала колеру, наяўнасці, субстанцыйнасці. Вымаючы з кедаў пасля маёй караценькай экспедыцыі галінкі ды былінкі з той дубровы, я не мог паверыць, што яны рэальныя: выглядала на пластыкавую падробку. Літоўскія лясы і мае ўяўленні пра лясы беларускія адрозніваліся гэтаксама, як насычаныя пейзажы Куінджы (прабач, Наста, што тлумачу на прыкладзе расейскага мастацтва!) адрозніваліся ад бляклых п’яных маляванак позняга Саўрасава.

Поделиться с друзьями: