Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сцюдзёны вырай

Марціновіч Віктар

Шрифт:

Таму я расказваў адно пра ўласныя карані ды дзедаў маёнтак. Праз колькі часу атрымаў ліст з сакральнай скрыні info@belarus.сom. У лісце ад імя беларусаў Амерыкі выражалася падзяка за цікавасць да ўласных каранеў. Мне «ад усяго сэрца» жадалі поспехаў. «Ад усяго сэрца» ананімны аўтар пераклаў як «from all my heart», і гэта адразу вымусіла мяне ўзгадаць пра Франачка, які два дні таму «from all his heart» дзякаваў за кубачак макіята, ад якога з пачатку думаў быў адмовіцца. «Як твае суайчыннікі» было перакладзена тут — «how your fellow-countrymen», — нехта быў няздольны адрозніць «як» сцвярджальнае, якое перакладаецца «as…», «as your friend Belarussian» ад «як» пытальнага, якое сапраўды перакладаецца «how» — «how is your friend’s Belarussian?». Роўна ж тая хвароба была ў Франака. Калі наступным вечарам, пасля чарговай порцыі моўных тлумачэнняў ды ягоных адказаў на мае наіўныя пытанні (займаючыся па падручніках, я пазначаў «незразумелкі» на паперках), я запрасіў яго ў кавярню, асабліва падкрэсліў, што хачу аддзячыць кавай, «how his friend» «and from all my heart». Ён добра расчырванеўся, але на прамое пытанне, ці не ён накіраваў мне ліст ад беларусаў Амерыкі, адказаў упэўненым (дарэчы,

занадта ўпэўненым, нават не перапытаў) —«не». А вось другое ўдакладненне вымусіла яго скапыціцца: я нахабна спытаў, ці не ўся арганізацыя беларусаў Амерыкі змяшчаецца ў ягонай френд-стужцы? Ён вельмі сумна патлумачыў, што нас сапраўды мала. Дакладней, беларусаў у ЗША даволі многа, аднак яны не зарганізаваныя і не маюць моцных сувязяў адно з адным у эміграцыі. Архіпелаг складаўся з надта ж маленькіх выспачак.

Я працягваў штудзіраваць мову. Нехта значна пазней зрабіў вельмі слушнае назіранне: мая прафесійная арыентацыя на рускае мастацтва не вымусіла мяне зацікавіцца рускай мовай. А карані, цікавасць да ўласнага роду (ён думаў, справа ў каранях!) прывялі да сапраўднай лінгвістычнай ліхаманкі! Праз год інтэнсіўных заняткаў я зразумеў, што Амерыка для мяне скончылася. Цікава, ці не тое ж адчуванне было ў майго дзеда, калі ён прымаў рашэнне з’язджаць з камуністычнай Польшчы сюды? Што краіна быццам паблякла ў параўнанні з тымі думкамі ды памкненнямі, якімі поўняцца грудзі? Ці адчуванне смяротнай небяспекі не давала ўсвядоміць усе гэтыя адценні пачуццяў, робячы асноўным матывам ад’езду смяротны страх, у якім патаналі ўсе астатнія эмоцыі?

Якім, дарэчы, шляхам ён ехаў? Ці не праз Стамбул? Адказаў на гэтыя пытанні ў мяне не было, як не было нікога, хто здольны быў бы мне дапамагчы. Але ж заставацца не было моцы: працы тут ў мяне няма, а заняткі мовай моцна абмежаваныя панаваннем навокал роднага лінгвістычнага асяродку. Выкарыстаць беларускую для хуткай самарыцянскай размовы з іншаземным турыстам не выпадала, я адчуваў сябе чалавекам, які вучыць мёртвую граматыку, кшталту старажытнагрэцкай. І я вырашыў ляцець. Ляцець да яе. У яе Вільню.

На гэтым этапе я здольны быў сфармуляваць простыя выразы, расказаць пра сябе, аднак жа ў моўным плане ўяўляў сабой дакладную кланаваную копію Франачка. Я пераняў яго маўленне, яго словы, яго манеры змякчэння зычных. Мне было цікава, наколькі, напрыклад, утварэнне фрыкатыўнага «г» дыхніцай уласціва ўсім беларусам, але ў мяне не было іншага чалавека, каб запытацца. Я быў на моўнай выспе, а ён з’яўляўся маім Пятніцай. Нават не, не так. Ён быў на моўнай выспе, а Пятніцай быў я! Я прапанаваў правесці сустрэчу некалькіх беларусаў з кола ягоных знаёмых, аднак ён, па-першае, спужаўся, па-другое, растлумачыў, што да бліжэйшага фрэнда са спісу ў яго стужцы ехаць 540 міль. Можа, і брахаў, не выключаю. У любым разе, яго павінна была цешыць сітуацыя наяўнасці ўласнага моўнага раба, які гаварыў яго словамі ды і размаўляць мог на гэтай мове выключна з ім. Часткова гэта было падобна да перададзенай настаўнікам кун-фу пэўнай школы рухаў, але мяне вельмі бянтэжыла, што мой настаўнік казаў «from all my heart» па-ангельску ды блытаў «how» з «as». Ніхто не мог гарантаваць, што ён не такі ж неахайны ў беларускай. Прынамсі, было непрыемна, што калі мы сустрэнемся з Настай, яна будзе размаўляць не са мной, але з моўным адлюстраваннем жывога ды наяўнага фізічна дзесьці хлопца. Гэта было як запрасіць трэцяга ў ложак.

І вось, калі «Боінг» выйшаў на старт, і для кагосьці ён ляцеў у Франкфурт, для кагосьці — у Парыж, а для мяне — у Вільню, Вільню; калі мяккае павелічэнне хуткасці павольна ўціскала мяне ў фатэль; калі мужчына побач адкінуўся назад ды нават не захроп — зароў, я адчуў, што вяртаюся дадому. Вільня сустрэла мяне маленькім начным аэрапортам, памеры ды цішыня якога здаваліся дзіўнымі пасля ўсіх тых шкляных тэрміналаў, дзе толькі на ліфце, які вядзе да цягніка на перасадку, трэба ўздымацца дзесяць хвілін. У таксоўцы я ўсё круціў галавой, шукаў у перадсвітальным прыцемку прыкметы блізкай жалезнай заслоны. Аднак тут, на адлегласці ўсяго дваццаці хвілінаў язды ад Беларусі, не было ні скіраваных у той бок балістычных ракет, ні танкаў, ні бясконцых, да небасхілу, шыхтоў вайсковых намётаў. Атлантыды не было бачна, як не было бачна на мапе СССР другога архіпелагу, апісанага знакамітым барадатым рускім (прозвішча я забыў).

Вільня апынулася дакладнай процівагай таго, што я сабе паспеў наўяўляць. Замест мілітарызаванай спужанай купіны цывілізаванасці ў ценю вялікіх памежных муроў, замест хакі, танэляў ды мядзведзяў, мяне сустрэла вытанчанае барока ружовага адцення, амытае персікавым святлом цудоўнага світанка. Недзе брахаў сабака. У празрыстай лужыне адлюстроўвалася блакітнае неба, немагчымае, не бачнае ў вялікіх гарадах. Па ходніках цырымонна ішла францісканская манашка. Чалавек у добрым гарадскім строі калоў дровы на падворку хаты, складзенай з пачарнелай ад часу цэглы. Па небе ляцеў самалёт, заўважны з такой відавочнай пранізлівасцю, з якой яго можна пабачыць толькі за межамі гораду. Самалёт пакідаў белы тлусты след, які чамусьці нагадваў пра дзяцінства. У траве ля цяністай ракі, у якую быў абгорнуты цэнтр горада, шамацелі люткі. З галавы не йшло: у японцаў лютка сімвалізуе шчасце, а ці шмат люткаў я пабачыў за ўсё жыццё ў Бостане? Хацелася жыць сто гадоў ці ехаць кудысьці, забыўшыся пра час, грошы ды іншыя другарадныя акалічнасці. Прыйшло менавіта тое пачуццё, якое я аднойчы ўжо адчуў побач з ёй. Так, так, я быў побач. Я гэта адчуваў.

Мяне з задавальненнем прынялі ў тутэйшай Акадэміі мастацтваў. Пасля кароткай аўдыенцыі жанчына-рэктар, асноўнай адметнасцю якой было тое, што яна нібы стрымлівала кожнае ўласнае слова, узважвала яго, аглядала з усіх бакоў ды толькі пасля гэтага дазваляла яму дайсці да маіх вушэй, прапанавала выкладаць курс па «чым заўгодна, акрамя расейскага жывапісу». Я не стаў удакладняць, чаму фармулёўка была такой дзіўнай: і так зразумела, што ў іх ужо ёсць выкладчык па гэтай спецыяльнасці.

«А што значыць гэтае параўнанне вас з Рональдам Макдональдам у „Нью-Йорк

Таймс“?» — з вялікімі паўзамі паміж словамі запытала яна, і было бачна, што гэта не прычэпка, яна сапраўды не разумее. Я сканфузіўся, пачырванеў, і яна дапамагла, са здагадлівасцю пральнай машыны, з якой хтосьці паспрабаваў дазваніцца па міжгорадзе: «Мабыць, Рональд Макдональд у вашай культуры сімвалізуе паспяховасць ва ўласнай галіне»? Прамармытаўшы «штосьці кшталту таго», я атрымаў свае лекцыі разам з дазволам выкладаць па-ангельску.

У якасці жытла я абраў сабе двухузроўневую кватэрку побач з тым знакамітым домікам на Піліес, у сцену якога ўмантаваныя керамічныя імбрычкі (кожны, хто быў у Вільні, ведае гэты домік ды вузенькую віхлястую вулачку, якая за ім пачынаецца). Імбрыкі падаліся мне сімвалам чагосьці няяўна звязанага са Стамбулам, таму я адразу пагадзіўся з усімі ўмовамі, адной з якіх было не прыязджаць дадому на матацыкле. Збочыўшы на гэтую вуліцу, адразу апынаешся між двух высокіх муроў, утвораных суворымі бязвокімі дамамі, памеры неба над галавой сціскаюцца да маленькай шэрай палоскі, да якой, у выпадку чаго — не дацягнуцца, не даскочыць, хіба што — душой. Трэба мінаваць выкапнёвы востаў дагістарычнага «Фальксвагену», з якога час ужо прыбраў усе тканіны ды цягліцы, пакінуўшы выключна скамянелыя косткі; склад дроваў; гатэль, што палыхае раскошай; счарнелую ад часу будыніну, якая нагадвае ўжо загублены карыесам зуб; бясконцую сцену, ля якой хочацца каго-небудзь расстраляць ці быць расстраляным самому; у выніку вы апынецеся ля непрыкметнай сярэдневечнай хаціны, сценка якой будзе пазначана сумным анёлам, белым, як лядоўня: мы на месцы.

За цяжкой сярэдневечнай брамай (вось і зразумела, як мяне знайсці!), адчыняўся круглы панадворак, па якім ганарлівая, як пава, хадзіла стракатая курыца, асноўным колерам якой быў конскі бронзавы. Пад вечар на прыступках пад’езду з’яўляўся маўклівы мужчына з тварам філосафа і кубачкам кавы. Мужчына паліў, піў каву ды глядзеў на курыцу. Існаванне курыцы адразу рабілася абгрунтаваным. Калі да гэтага яна соўгалася па двары без усялякага сэнсу, цяпер яна шкрэбла лапамі, сакатала ды коўзалася ў пяску для таго, каб за ёй назіраў мужчына. Але большую частку дня курыца ўсё ж не мела аніякага апраўдання ўласнай нікчэмнасці.

Вядома ж, я паклапаціўся аб тым, каб у кватэры было два туалетныя пакоі. Першы — унізе: трэба прайсці па калідоры, мінаваць гардэробную, нырнуць у нішу направа ды апынешся ў авальным пакойчыку з нізкай шчарбатай столлю. Тут ёсць душавая кабінка, унітаз, маленькае вакенца ды нешта зусім недарэчнае: замкнёныя ды абклееныя шпалерамі дзверцы з каванай старажытнай зашчапкай. Чутно было, як за імі, на адлегласці, якую складае таўшчыня двюх дошак, носяцца машыны, тупаюць пешаходы, буркуюць галубы, галубы — якія, у адрозненне ад астатніх, чуюць, што ты тут, ды могуць палахліва схамянуцца, калі ты занадта рэзка пстрыкнеш, адкрываючы шампунь. Вядома ж, дзверцы выходзяць не на падворак, дзе адзінымі гукамі ёсць сакатанне курыцы ды сёрбанне кавы мужчынам, а вось куды?.. Аднойчы я паўгадзіны соўгаўся па лабірынце навакольных вузенькіх вулачак з мэтай раскрыцця «ўнітазнае таямніцы»: заўважыў выпадкова і не вачамі, а, хутчэй, вушамі, бо ў нейкі момант карціна гукавой рэчаіснасці супала з ужо чутым адтуль, знутры. Я пачаў даследаваць сцены дамоў і знайшоў прыхаваныя пад старой фарбай драўляныя дзверцы, форма якіх супадала: знайшоў, дарэчы, зусім не на тым доме і нават не з таго боку вулачкі, дзе шукаў. У агенцыі, якая дапамагла мне зняць кватэру, растлумачылі, што такі другі выхад — звычайная з’ява ў старажытнай архітэктуры, а што да яго прызначэння, дык яно празаічнае: у сямнаццатым стагоддзі ў Вільні ўнітазаў Roca не было нават у самых заможных дамах. А характар патрэбаў, якія напаткалі чалавека ў туалетным пакоі, збольшага адпавядаў сённяшняму. Таму бедныя людзі хадзілі да ветра, у драўляныя нужнікі на падворках, а заможныя маглі дазволіць асобны пакой у хаце, карысталіся, прабачце, гаршчкамі. А каб не трымаць смурод у хаце, выносілі іх праз спецыяльныя дзверы, не, не, каналізацыя тут з’явілася толькі ў мінулым стагоддзі! Я пажаліўся на тое, што дзверы не замкнёныя нічым, акрамя зашчапкі, што яны хістаюцца, калі на іх націснуць, і прапанаваў забіць іх з таго боку дошкамі. На што мне весела заўважылі, што каб не хісталася, лепей не ціснуць, а забіваць дошкамі яны не маюць права, бо гэта сапсуе гістарычны выгляд архітэктурнага помніка. Карацей, нічога ты тут не зробіш. Калі што, я магу забраць гэты ніжні туалет сабе, тым больш тут даволі холадна ўзімку і, да таго ж, я ўжо прызвычаіўся да знешніх гукаў, якія спачатку вельмі перашкаджалі дасягненню тых мэтаў, для якіх прызначаны гэты пакойчык. Другі туалет — наверсе. Ён абсталяваны ваннай, шафай, у якой можа змясціцца адразу дзесяць жаночых халатаў: на палічках гадавы запас духмяных пенак, крэмаў, скрабаў ды шампуняў — прыходзь і жыві. Кухня, гардэробная ды гасцёўня на першым паверсе, дзве спальні — на другім. Чаму я так падрабязна апісваю гэтае жытло? І сапраўды, чаму? Для каго?

На другі год вывучэння мовы і першы год жыцця ў Вільні, калі я стаў заўважаць ды выпраўляць нават памылкі, якія робіць беларуска-ангельскі Belazar, я вырашыў завесці котку. Назваў, вядома ж, Крысцінай. Вучыў склоны: «Крысціна, Крысціны, Крысціне, Крысціну». На другім месяцы суіснавання з кошкай, якая стала другой істотай, якая апраўдвала анталагічную нікчэмнасць штодзённых праменадаў курыцы па двары, высветлілася адна непрыемная дэталь. Крысціна апынулася не зусім дзяўчынкай. Я, мабыць, усё ж-такі памыліўся з полам, ці то ў котак ёсць уласцівасць яго змяняць, але літаральна на тым месцы, дзе зусім нядаўна нічога не было, з’явіліся два пухлявыя камячкі, якія падкрэслівалі прыкрую маскуліннасць кацяняці. Хутка пасля гэтага Крысціна пачаў дэманстраваць уласную маскуліннасць не толькі двума маўклівымі пухлявымі камячкамі, і ў такія дні менавіта маўклівасць была чымсьці, чаго я прагнуў больш за ўсе. Я вучыў склоны: «Крысцін, Крысціна, Крысціну, Крысціна» пакуль хтосьці не растлумачыў, што ў беларускай мове няма падвойнасці мужчынскага і жаночага радоў, імя Крысціна бывае толькі ў дзяўчат. Так, на моўным узроўні, кот застаўся Крысцінай з усімі наступствамі, якія галоўным чынам увасабляліся ў склонах.

Поделиться с друзьями: