Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сцюдзёны вырай

Марціновіч Віктар

Шрифт:

Я магу дапусціць, што яна сапраўды верыла ўласнаму «I love you», бо адносіла каханне да праблематыкі шампанскага пасля сексу і гэтым жа яго абмяжоўвала. Але ж я набыў яе «I love you» па намінале і — рамантычны ёлупень — пачаў прышыблена думаць пра нязграбнасць майго лёсу. Гэта ж трэба было захапіцца нейкай Настай, кінуць дом і краіну, вывучыць беларускую мову, перафарматаваць уласную свядомасць, уцямяшыць сабе ў галаву беларускасць, каб скончыць новай разгубленасцю, якая цяпер патрабуе — чаго? Вывучэння літоўскай? Апгрэйда яе ангельскай? Моцна мне дапаможа веданне Сяргеевых баек, палова з якіх абражае яе літоўскія нацыянальныя пачуцці? Цяпер перавучваць тыя ж байкі на літоўскі лад?

Я нагадваў сабе чароўнага прынца, які прайшоў праз цяжкія выпрабаванні, забіў качку, выцягнуў з яе яйка, з яйка дастаў іголку, праз агонь і дрыгву прыскакаў да каралеўны і вось, выратаваўшы яе, зразумеў, ну, не ведаю… Што каралеўна насамрэч — хлопчык. Ці што каралеўна сядзіць на печы ў хаце, з якой пачалася вандроўка. Вядома ж, гэтай гісторыі бракавала напружанасці, жудасці ды прыгажосці, загадкавасці ды патаемнага святла: Аста была спакойнай, упэўненай у сабе, сытай коткай, найвялікшай праблемай якой з’яўляўся посуд, з якога яна піла шампанскае ў ложку. Аднак тут усё было проста і дасціпна, а, галоўнае, можна было

пачынаць адразу, на хадзе, без звышчалавечых высілкаў па выманні адной душы і ўкладанні ў цела душы іншай, прывязанай да страчаных каранёў.

Паразважаўшы, можна было знайсці пэўныя паралелі ды паўторы, якія збольшага пацвярджалі наяўнасць шаблону, па якім кляпаўся мой лёс: дзяўчына з імем Наста навучыла мяне беларускай мове, дзяўчына з імем Аста прасіла дапамагчы ёй з мовай ангельскай. Зваротнасць, узаемаадлюстраванасць сітуацыі была відавочнай. Мне дапамаглі знайсці родную мову, цяпер патрабавалася дапамагчы авалодаць той мовай, якая некалі з’яўлялася роднай для мяне. Але дзіўней за ўсё было тое, што ўсе мае тыктанічныя зрухі, усё гэтае раставанне леднікоў ды замена мамантаў Купалам, ператварыліся ў пыл менш, чым за дзве гадзіны. Ці гэта не мой недарэчны лёс?

Аста тымчасам пачала разважаць, калі мы пабачымся ў наступны раз, і гэтая тэма мяне збянтэжыла: як «пабачымся»? Куды яна пойдзе? Навошта? Яна супакойвала: «гэта не важна!». Ёй трэба («I needed») зараз ісці, куды? «Не важна» — «not matter», «not important»! Гэты момант — калі яна апраналася, а я спрабаваў перашкодзіць ёй, прытуліць да сябе, пакласці, ахінуць, а вочы заўважалі, што яна адварочваецца спінай, а спіна ў яе мае (як высветлілася маім таршэрам) персікавы колер, што яна адварочваецца, каб апрануць на грудкі станік, што яна закрываецца ад мяне, бо жаданне схлынула і засталася сарамлівасць (ці тое было какецтва?), дык вось, гэты момант, калі я туліўся да яе, спрабаваў казаць нешта шэптам, з адценнем крыўды, бо ўжо было так адзін раз, што я адпусціў, даў пайсці і шкадаваў колькі год пасля… Момант, калі яна, у адказ на мае шэпты, пералічала назвы дзён тыдня («Цьюздзі, Венздзі, Фрайдзі — сустрэнемся ў Фрайдзі, бо да гэтага я буду занятая па вечарах!») — дык вось, гэтая сцэна — бадай што адзінае, вартае згадкі ў тэксце, усё астатняе толькі ўступ.

Гэта было дзвюма фартэпіяннымі санатамі, сыгранымі адначасова — яе лёгкае «скерца» з хуценькім высвятленнем ды ўдакладненнем планаў на вечар «Фрайдзі», і маё напоўненае болем «андантэ» — якое было ім толькі таму, што яна цяпер грала сваё бесчалавечае «скерца». Нават не дзве розныя санаты, а дзве часткі адной, бо матыў быў збольшага падобным (матыў развітання — у яе на тры дні пасля сексу, у мяне — назаўсёды пасля першага «ка» кахання), рознымі выяўляліся тэмп і настрой: так, гэта была адна саната, часткі якой склеіліся, заступілі адна на адну. Я яшчэ хапаўся за яе руку і цягнуў аглядаць жытло, бо ў мяне ж усё тут: у мяне нават два туалетныя пакоі (паўторам стамбульскага вопыту падавалася: калі мы не развітаемся зараз, калі дачакаемся світанку побач, усё назаўсёды будзе добра).

Яна крытычна агледзела ванны пакой, але заўважыла там зусім не тое, што мне б хацелася. «Гэта што, дзверы?» — запыталася яна. Я пацвердзіў, дзверы. «А куды вядуць?». На суседнюю вулачку. Не, вокнаў Іванова там няма. Яна пляснула ў ладкі. Што ж яна ўсё хавалася? Ад каго? «Паслухай, даражэнькі, ці можна я сыйду праз іх?» — фраза была пабудаваная амаль што без памылак. «Навошта?» — не мог зразумець я. «Не важна», — адмахнулася яна, скінула засаўку і пачала ціснуць на дзверы, і дзверы паддаваліся, шпалеры затрашчалі, з’язджаючы ў бок праёма — у мяне было адчуванне, што зараз увесь ванны пакой будзе высмактаны праз тую дзірку, якая ўтваралася пад яе ціскам, гэта было падобна да спробы выйсці ў адкрыты космас без скафандра. Я прытуліўся да яе пляча шчакой, прытуліўся ды абняў ззаду: навошта ты туды, у цемень, там жа няма мяне, няма нас, аднак Аста рагатала — вельмі яна была вясёлая… І дзверы ўсё не адчыняліся, трымаючыся на тых шпалерах, мабыць, з вуліцы гэта выглядала дзіўна: пробліскі святла праз заканапачаныя шчыліны, варушэнне ў дзвярах, якія стаялі маналітам апошнія пяцьдзесят год, а Аста ўжо разышлася, піхала тыя дзверы плячом, я спыніў яе, узяў манікюрныя нажніцы ды торкнуў імі ў шчыліну, нібы ў вока, нібы забіваючы кагосьці (я забіваў займеннік «мы» — у чарговы раз). Торкнуў ды павёў уніз і ўверх, дапамагаючы шпалерам (колькі ж пластоў тут было? За колькі стагоддзяў?) разысціся. Дзверца ўрэшце вывалілася і павісла на адной завесе: з таго боку ветліва віляў хвастом руды, няскладны, вулічны сабака, свет якога (вуліца з нязменнымі пахамі, нішамі, вугламі ды выступамі) толькі што пахіснуўся, прарываючыся чорнай дзіркай, у якой было цёпла, утульна ды жылі гуманоіды, адзін з якіх не хацеў, усё ніяк не хацеў даць волі, адпусціць, адарваць ад сябе другога. Ён, гэты гуманоід, парываўся пайсці следам, паўзці следам, але не, не, не. «Я прыйду праз сюды, — сказала яна на развітанне. — Чакай пятніца!». Я злавіў яе вусны сваімі вуснамі: на іх пераважаў прысмак шампанскага, які ён інтымны! — на хвіліну вярнулася ўсё — пяшчота, блізкасць, блізкасць, бо няма нічога больш непрыстойнага, чым шампанскае, разгарачанае жаночымі вуснамі, але яна невыносна хутка скрала іх у мяне, адарвала, сціснула ды аблізала (не тваё!), аднекуль прагучала «гудбай». І пачухала сабаку за вухам. Мы засталіся ўдвух з сабакам, а пасля я замкнуў дзверы, замкнуў, не пачаставаўшы прыгажуна нічым, таму што ўнутры ў мяне ўсё спынілася, спынілася — спынілася нават тое, што адказвала за жаль ды эмпатыю.

Я вярнуўся ў пакой, у якім толькі што гучала какафанічная саната нашага расстання: зараз ужо не было «скерца», толькі маё невыноснае «андантэ» пад акампанемент вітражнай гульні адлюстраванняў, што пакідаў на баках шклянак таршэр, які некалі надаваў яе спіне персікавы колер. На кантаванай шклянцы застаўся прывід яе вуснаў — бесцялесны, пазбаўлены чырвані, бо ўся памада засталася на мне: на шчаках, на кашулі, на штанах. Я лёг на ложак ды запоўз пад коўдру, прапітаную ёй: усё ўнутры фізічна патрабавала сціснутасці, сплеценасці, я быў упэўнены, што ніколі болей не засну, што буду ляжаць і думаць, як знайсці цяпер ужо яе, і чаму яна пайшла і вось, гэтыя думкі неяк трансфармаваліся ў шматкі шпалераў, якія калыхаў скразняк, я быў сам гэтымі шматкамі і скразняком, іх гульня была гіпнатычна дзіўнай, ці то не, я быў сабой ды тлумачыў нешта рыэлтарам у агенцыі, нешта накшталт таго, што мне прыйшлося раскудлачыць дзверы, бо трэба было вынесці гаршчок, а дзверы прыйшлося закалаціць, каб болей выпадковыя мае госці не псавалі інтэр’ер, які… І вось я бачыў, як рытмічна ўваходзяць цвікі ў драўніну — рытмічна, згодна з хуткасцю ўдараў: бух, бух, бух,

ды не, гэта ж не цвікі, гэта ж нехта грукае ў дзверы, хіба што яна, яна вярнулася? Я вынырнуў з самых глыбіняў сну на паверхню — нават некуды вышэй за паверхню, прынамсі — у параўнанні з той «паверхняй», з якой асацыюецца штодзённасць. Перад вачамі яшчэ скокалі цені са сну, а цела ўжо рушыла ў ванную, але не, не ў гэтыя дзверы грукалі, не ў гэтыя… Я рушыў да ўваходу, дзівячыся абуджанай часткай свядомасці фатаграфічнаму падабенству рытма гэтых грукатаў на толькі што пацямнелы (аднак яшчэ памятны) сон: гэта было ўвасабленне сну ў гуках. Калі б дзе-небудзь стварылі музей сноў, гэты музей павінны быў бы складацца з гукаў, якія спалучаюць сон і рэчаіснасць, якія працуюць як танэль, што злучае гэтыя два светы. У гэтым пагрукванні —бух, бух, бух — я б пазнаў сон тае ночы ў драбнюткіх дэталях.

Я адчыніў дзверы: тут стаяў Іваноў, і чымсьці ён быў падобны да істоты, хутчэй прыналежнай да летуценнага свету сноў:

— Солькі мне! — віскатнуў ён і прабег паўз мяне, прабег і рушыў у пакоі, не спынены і няспынны, як пах ці радыяцыя.

Я не паспеў зразумець сваім загіпнатызаваным «бухамі» розумам, што адбылося, а ён ужо грукатаў у пакоі, дзе я раптоўна заснуў. Я пабег туды, бо спужаўся, ці не здарылася што з Івановым. Але не, не здарылася: Іваноў, здаецца, сапраўды шукаў «сольку». Запэўніўся ў тым, што «солькі» няма на маім ложку (ён мацаў коўдру!), ён з гікам «солькі! Мне толькі солькі!» пабег наверх: я чуў яго шпаркія ножкі, якія тупалі ў адным пакоі (гук адчыненай шафы!), перакачоўвалі ў другі. Ён праходзіўся па паліцах, штосьці з грукатам абрынаў, зазірнуў у другі ванны пакой і адтуль грымнуў шкляны выбух — тое была туалетная вада, хай ёй будзе добра ў тым раі, куды адлятаюць душы гвалтоўна забітых eau de toilette. Мне здаецца, ён абмацваў маю кватэру ўсімі сваімі канечнасцямі, і вось ужо зноў быў тут, унізе, абшнырваючы кожны сантыметр. Дзіўна, што ён не заўважыў, што на шляху да лесвіцы была кухня, ён жа яе абмінуў і пабег тады наверх. «Соль на кухні! На кухні!», —падказаў я, тыкаючы на палічку, дзе ў аднолькавых пірамідках утрымліваліся соль, цукар, папрыка ды чорны перац. Ён без следу ўдзячнасці (якая тут павінна быць падвойнай: і за соль, і за падказку, як яе знайсці) падхапіў сальнічку ды стаў здаваць назад, тварам да мяне, а вочкі шнырылі па сценах, яшчэ, здаецца, шукаў сваю «сольку». Ужо маючы ўсё, за чым зайшоў, хуценька сунуўся ў ванную на першым паверсе: не заходзіў, а зазірнуў праз шчыліну, адным вокам туды-сюды, як быццам бы сканаваў, ці можа тут быць больш смачная солька… «Я так, я проста рамонт хацеў глянуць, ага», —патлумачыў ён. Абадраных шпалераў ён ці не заўважыў, ці заўважыў, аднак не адрэагаваў. «Дзякуй па-суседску!» — адвесіў ён паклон, а за ім, там, дзе момант назад была галава і куды галава вярнулася па сканчэнні паклона, — вісеў гадзіннік, і размах стрэлак быў дзіўны, неверагодны, тая, што карацейшая, не дапаўзла па сваёй траекторыі палову абароту да нормы, так, вочы не падманвалі: пяць трыццаць раніцы.

— What the fuck? What time is it now? — скарыстаўся я ад здзіўлення ангельскай.

Навошта яму солька ў такую рань?

Ён няўпэўнена пасміхнуўся («супчыку наварыць. Я кожную раніцу раблю суп ра-та-туй!»). Я зразумеў, што маё ўчорашняе здзіўленне ягонай рацыянальнасцю было залішнім: так, ён паводзіў сябе з прыкметамі разумнасці, мог абгрунтава выказаць зацікаўленасць чымсьці, не быў апранутым у кайзераўскі шлем. Але сам харатар таго, што ён рабіў, быў вар’яцкім. Іваноў тымчасам зноў вярнуўся да блазнавання на сваю ўлюбёную тэму:

— Дзяўчына твая дзе? Абяцаў жа пазнаёміць!

— Сышла ўжо, — пахмурна абарваў я.

— Як сышла? Яна ж не выходзіла!

Па ўсім відаць, шпалераў ды патаемнага ходу ён усё ж не заўважыў.

– Іваноў, ідзіце спаць, — стомлена прапанаваў я яму.

— З сяброўкай пазнаёмь, нелюдзь! Дзе ты яе схаваў? Ёй жа абшчацца трэба! — гэтае з-за двярэй, у якасці жарту (жарты ў яго былі такія ж дзіўныя, як і сам).

Я вярнуўся ў ложак, у абдымкі араматычнага прывіду Асты — яна надзейна пасялілася ў коўдры, тая аўрападобная частка яе, якая належала ўсім насатым, аднак і не належала нікому (пазней я зразумеў, што ёсць жанчыны, уладанне якімі такое ж немагчымае, як уладанне пахамі). Я спрабаваў падхапіць тую ж псіхічную плынь, якая так удала завяла мяне ў глыбіні падсвядомасці, але ж з плыні збівалі акуляры Іванова: па законах фізікі той, хто сапсаваў табе жыццё двойчы, абавязкова зробіць гэта і ў трэці раз, і гэтая навязлівая думка непазбежна адносіла мяне на берагі бессані. У рэшце рэшт Іваноў зноў абверг законы ўспрымання сябе ж, бо не з’явіўся, можна было спаць. Я прыйшоў на лекцыі напаўпразрысты ад недасыпу, блытаў Эдуара Мане з Клодам Мане, а Клода Мане блытаў з Бертай Марызо — у той час, як блытаць Берту Марызо можна выключна з Эдуарам Мане. Калі пасярод другой лекцыі за спінай грукнулі дзверы і пачулася цоканне абцасаў, сэрца прыпынілася, а Берта Марызо раптам ператварылася ў сяброўку Тулуза Латрэка з ліку легкадумных наведвальніц «Мулен Руж» — дзеля таго, каб падхапіць думку, якая ляцела ў бездань з ультрафіялетавым адценнем скандалу (хтосьці ўжо ўзняў пратэстна руку) мне трэба было толькі павярнуцца ды паглядзець, хто ж там цокае, так доўга, так невыносна доўга цокае да мяне, чые гэта настойлівыя ножкі, апранутыя… Але паварочвацца нельга, я ж на трыбуне, я ж прафесар, я не магу круціць галавой, адно знюхаўшы прысутнасць спадніцы побач, толькі вось узгадаць бы, што там я ляпнуў пра Марызо і што побач з Марызо рабіў алканаўт Латрэк? Я змоўк, і ўсталявалася паўза, яна расла ды разбухала, як флюс на надта ж далікатным месцы: у кодаксе гонару прафесараў трэба абавязкова прапісаць немагчымасць рабіць паўзы большыя за дзесяць секунд, нават абцасікі спыніліся, усвядоміўшы, што спынілі працэс мыслення, што прывялі да глабальнага катаклізму і —чорт з ім — я павярнуўся, гэта была не Аста, а Гедрэ Расічуне, метадыст, наконт часу для вуснага іспыту.

Я боўтаўся па горадзе, заходзіў у кавярні і зразумеў, што незваротнасць наступлення дня ў напаўсвядомым пасля кароткага сну стане мае і прыемны бок, бо яе блізніцай з’яўляецца незваротнасць наступлення ночы: вечарэла, прычым вечарэла без усялякіх маіх высілкаў, можна было проста сядзець у кнігакавярне (чакаць яе), глядзець на жыццё фаўны за вокнамі (чакаць яе), штосьці замаўляць (чакаць яе), а стрэлкі на гадзінніку рухаліся, і іх незалежнасць ад мяне была з’явай прыемнай. У рэшце рэшт, я апынуўся на парозе дома, у салодкім прадчуванні сну. Адамкнуўшы дзверы, я заўважыў адну непрыемную дэталь: мяне абкралі. Усё тут было перавёрнута дагары нагамі: нават гадзіннік, які лунаў за спінай, быў сарваны са сцяны. Змесціва гардэробнай шафы было вытрасена на падлогу, і асаблівы жаль працяў пры поглядзе на зімнюю куртку Jack and Jones, якая была раздзеленая на часткі, як парася ў вёсцы: вантробы сінтыпону былі складзены побач, капюшон — аддзелены ды пазбаўлены скальпу.

Поделиться с друзьями: