Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сцюдзёны вырай

Марціновіч Віктар

Шрифт:

Вядома ж, як законапаслухмяны грамадзянін Штата Масачусетс, я не праходзіў далей вітальні і адразу набраў police. «I’m English spoken, please, send English spoken crew», — удакладніў я, спадзеючыся, што мая іншаземнасць паскорыць рэакцыю на выклік. Аднак не, не паскорыла, а запаволіла: англамоўных спецоў тут было, здаецца, двое на ўвесь горад. Праз сорак хвілін (добра яшчэ, што праз сорак!) прыбыла машына з двума румянымі афіцэрамі, якія адразу ж спыталі, што ў мяне скралі, і чаму я вымыў падлогу. Я растлумачыў, што падлогу не мыў (якія прадбачлівыя злодзеі — падзівіліся яны), і мы пайшлі складаць вопіс скрадзенага. Праз трыццаць хвілін карпатлівай працы ў вопіс патрапіў адзін кіліх (той, што ўтрымліваў напаўпразрысты след ад Астыных вуснаў) ды стары кампутар, на якім я правяраў пошту.

Кошт кампутара паліцэйскія даволі трапна вызначылі па таўшчыні яго дапатопных дратоў у 50 даляраў ЗША, кіліх у вопіс быў імі ўключаны як «glass glass» (шкляная шклянка). З прафесійна пастаўленым жалем (актор, які граў бы паліцэйскага ў падобнай мізансцэне для тэатра, мог бы больш натуральна

сімуляваць спачуванне, чым было зроблена тут), адзін з іх патлумачыў, што, паколькі сума скрадзенага ды пашкоджанага не пераўзыходзіць 500 даляраў, падставы для ўзбуджэння крымінальнай справы няма, і ніякіх следчых дзеянняў працэдурай не прадугледжана. І што мне трэба проста набыць новую куртку, прыбрацца ды ўспрыняць тое, што здарылася, як падставу для набыцця больш новага кампутара. Я спытаў, што шукалі злодзеі і ці не прыйдуць яшчэ раз. Другі паліцэйскі, чый акторскі талент быў больш яскравым, паклаў мне руку на плячо і запэўніў, што злодзеі ніколі не вяртаюцца («they never come back»). І што, калі сыходзіць са спісу зніклых рэчаў, адзінай мэтай узломшчыкаў было прыдбаць узоры генетычнага матэр’ялу, які застаўся на краях шклянкі, для генетычнага аналізу і супастаўлення ДНК (другі рагатнуў). «Але ж, — ён не стрымаў усмешкі, — паколькі вы не занятыя ў дзейнасці, якая кранае інтарэсы спецыяльных службаў ды дзяржаўнай бяспекі, вам гэтага можна не асцерагацца: звычайны хатні крадзёж. З тым толькі адрозненнем, што зроблена надта прафесійна — замок не пашкоджаны ды ўсе сляды прыбраныя». Ён адзначыў, што такое бывае: прафесіяналы адсочваюць замежнікаў ды бамбяць іх хаты мэтаскіравана, у спадзяванні, што агляд на месцы штосьці выкрые. «Don’t speak English loud», — параіў ён.

Яны пакінулі мяне знаёміцца са стандартнай формай адмовы ад узбуджэння справы на літоўскай (слоўнік не надта дапамагаў), а самі зайшлі «да суседа», бо раптам таму давялося пабачыць што. Сусед хутка з’явіўся разам з імі, ішоў няпэўна намацваючы нагамі зямлю перад сабой, а потым хутка і роўна сеў, не адрэагаваўшы на маё вітанне. «Ён ненармальны, — растлумачыў больш артыстычны з паліцыянтаў, кіўнуўшы на Іванова, які моўчкі разгойдваўся на маёй канапе. — У яго даведка, шызафрэнія другой ступені, але не буйны. Мы б паразмаўлялі з ім у яго, але гэты вар’ят там усе сценкі калам вымазаў, тоўстым такім слоем, а потым соллю пасыпаў… (Іваноў гікнуў: „Ра-та-туй“!) І надта ж там смярдзіць».

Суседа было не пазнаць. Ён нагадваў чалавека, які ўвайшоў у містычны транс (можа, у яго і быў транс, а тое, што ён зрабіў з хатай, выконвала ролю рытуала, які да гэтага трансу спрычыніўся). Так ці інакш, усе віды сувязі з ім былі страчаныя. Уражвала, як хутка ён перайшоў з прыцемак у поўную цемру.

«Ці бачылі вы штосьці сёння ўдзень?» — запытваўся менш артыстычны паліцыянт на літоўскай, на ангельскай і яшчэ на нейкай мове, дужа падобнай да беларускай. Гэты афіцэр, мабыць, з-за недахопу творчага складніку ва ўласнай натуры быў вымушаны граць ролю строгага дзядзькі. Іваноў працягваў разгойдвацца, не зважаючы на раздражняльнікі, пытанні ды штуршкі. Яго ўхапілі за галаву (глядзець на гэта было не вельмі прыемна, здаецца, хлопцы трохі выйшлі за рамкі паліцэйскііх канвенцыяў), ён сціх і вылупіўся перад сабой. «Можа, блазнуе?» — выказаў здагадку больш таленавіты на ангельскай (мабыць, думаў, што Іваноў ангельскую ўсё ж не разумее). Другі размахнуўся ды з усёй моцы ляснуў далонню па сківіцы старога, але не — не ўдарыў, рука замерла ў міліметры ад скуры. Іваноў не варухнуўся. «Не, такое не сімулюеш, — з долей павагі да чужога аўтызму сказаў паліцыянт. — Сапраўды крэйзі».

— Дык, можа, гэты тут і пасваволіў? — выказаў здагадку таленавіты.

– І крэкнуў гішпанскую Mottura з сакрэтам так, што замок працягвае працаваць? А пасля вымыў тут усё? Не гавары лухты!

Яны вырашылі, што трэба ўсё ж агледзець хату Іванова — раптам кампутар мой знойдзецца там — ды цягнулі запалкі, хто пойдзе. Пайсці прыйшлося больш таленавітаму, і ў гэтым мне пабачыўся нейкі касмічны закон. Калі ён вярнуўся, ад яго істотна смярдзела лайном: дзіўна, як Іваноў нарабіў такога, не запэцкаўшыся. У выніку яны забралі яго з сабой, а калі ўвечары наступнага дня сусед вярнуўся, ён быў ужо зусім іншым — увесь час усміхаўся, не разумеў ангельскую і дрэнна звязваў словы па-беларуску, а пра сябе расказваў, што ён працаваў балетмайстарам у Каўнасе.

Я зноў боўтаўся па горадзе ў пошуках дзяўчыны, толькі на гэты раз імя дзяўчыны было на адну літару карацейшым (можна здагадацца, што наступная, трэцяя, будзе звацца Стай). Мне чамусьці здавалася, што Аста не прыйдзе да мяне ў Friday, што яна кінула мяне назаўсёды, і адзіны шанец тут — фізічна знайсці яе, адарваць ад тых спраў, якімі яна заняла свае вечары і якія паставіла бар’ерам паміж намі, прадэманстраваць, што ёсць пачуцці больш сур’ёзныя, чым лянотная асалода ад хлябтання шампані пасля злучкі. На другі дзень я скасаваў заняткі і заняўся пошукамі сістэмна: зноў Вільня была падзеленая на квадраты, зноў я зігзагамі рушыў па знаёмых, ужо шмат разоў прачасаных вуліцах, візуальна кантралюючы адразу абодва бакі, пільна ўглядаючыся ў спіны, твары, вочы, ногі.

Я патрапіў на яе ў першы ж вечар, пасля таго, як прачасаў дзелавыя кварталы ды павольна рушыў праз цэнтр. Наша сустрэча была пацвярджэннем таго, што калі б Наста была ў Вільні, я б яе знайшоў: гэтая, другая, гэтая неда-Наста, рухалася да ўваходу ў кафедральны касцёл у побытавым натоўпе прагных веры, і было бачна, што тут мы маем справу з грамадой яшчэ больш шчыльнай, чым талака палякаў у Бостане: усе каталікі былі апранутыя ў строгія гарнітуры, валасы ў жанчын убраныя

пад капялюшыкі ды шалькі, над прыходам панавала прыстойнасць і адмаўленне любой заганы, нават такой нязначнай, як, напрыклад, смех ці моцная эмоцыя кшталту радасці. Аста была апранутая ў шэрага колеру строй з ангельскай воўны, высокія (занадта высокія для гэтай пары году) боты пад даўгой (занадта даўгой) чорнай спадніцай — іх узаемапранікненне пакідала ўражанне пэўнай празмернасці, як быццам уладальнік хацеў падкрэсліць, што душыць уласную цялеснасць нават на ўзроўні адзення. Эх, якой прыгожай яна была! Як пасавала ёй строгая кашуля, зашпіленая на ўсе гузікі, да самага падбароддзя, каб Бог выпадкова не пабачыў нават сантыметру яе шыі!

На правай яе далоні дамінаваў шырачэзны, агромністы шлюбны пярсцёнак — яго памеры, здаецца, павінны былі адпудзіць усіх іншых самцоў (дзіўна, што яна яго здымала). Побач з ёй крочыў суворы і масіўны гарылоід: левая далонька Асты была зняволеная ў яго пад локцем, ён крыў яе ўласнай пяцярнёй, і нешта жывёльнае было ў гэтым руху, нешта, ад чаго ўва мне варухнуўся трапяткі ўспамін аб той ночы: мая поза, мая вывернутасць, яе калені і немагчымае, скандальнае ў дадзеным кантэксце дапушчэнне аб тым, як гэта адбываецца ў іх.

Трэба было бегчы ці праваліцца ў пекла, вось тут, на гэтым месцы, уніз, адразу ў зямныя нетры, абы не сутыкнуцца, але ж я апынуўся занадта побач з маршрутам натоўпу — яна ўзняла вочы і ўпёрлася ў той саляны слуп, у які ператварыўся я. Секунду мы глядзелі адно на аднога. Для мяне зноў гэта было «андантэ»: развітанне і прыкрасць, і боль, але ж ў яе вачах я пабачыў «скерца» шампанскага — яна смяялася, бо гэта ж так смешна: яна ідзе ў касцёл з мужам, а я застукаў! Яна ў шлюбе, а я й не ведаў! Ха-ха-ха! Потым яна заўважыла мой настрой, зразумела, адчула і зрабілася сур’ёзнай: кароткая сутарга па вуснах, яны надламаліся, іх куткі абрынуліся ўніз — я яе вельмі расчараваў, так гэта выглядала. Расчараваў уласнай сур’ёзнасцю, я што, на ёй жаніцца планаваў? Дык вось, ужо побач крочыць адзін шлюб, нельга на ёй жаніцца: яна не для гэтага, яна лёгкая і сатканая з паветра, як бурбалка ў шампанскім. У апошнюю дзесятую той секунды мы развіталіся — характар і нават колер яе позірку змяніўся, спахмурнеў, як неба ў надмагіллі сонца пасля таго, як свята заходу скончылася і настала проза ночы. Я зразумеў, што больш ніколі не пабачу таго персікавага адцення, якое набывала яе аголеная спіна ў святле майго таршэра. Дзесьці далёка з грукатам абрыналіся ў пыл бялюткія шматвежавыя замкі той сумеснай будучыні, якую я нам паспеў наўяўляць, руйнаваліся галерэі ды порцікі, ламаліся, як вясельны ажурны торт пад нажом, шпілі ды флюгеры: гэта было далёка, далёка, бо тут і цяпер рэальнымі былі выключна яе крокі да ўваходу ў касцёл, крокі і пільны позірк яе суджанага, які паспеў адчуць гэтую секунду, ужо матляў галавой у пошуках выкліку і адчуў мяне, і быў, здаецца, гатовы раздзерці мае цягліцы ўласнымі драпежнымі ікламі, але ж не, гэта падалося: яны ступілі ў будынак, адкуль ужо несліся анёльныя акорды аргану, і варожасць яго магутнай спіны была пераканаўчай кропкай у гісторыі нашага выпадковага спаткання і такога ж выпадковага развітання. Пасля такой кропкі ўсё недасказанае — у сметніцу.

Я памыліўся і пішу пра гэтую памылку ў такіх падрабязнасцях выключна таму, што калі гэты тэкст спрацуе так, як ён мае спрацаваць, чалавек, на якога накіравана кожнае беларускае слова з напісаных тут, меў бы на ўвазе маю здраду і прыняў мае прабачэнні яшчэ да таго, як што-небудзь вырашыць. «У тутэйшых каталікоў норавы горшыя, чым у ісламскіх фундаменталістаў, — рагатнуў Сяргей, калі я недастаткова агульна адказаў на ягонае пытанне, чаму такі маркотны. — Жанчыне пра affaire не прыходзіцца нават марыць, яна заручаная яшчэ з каталіцкага дзіцячага садка. Усё жыцце яна ходзіць з офісу, дзе працуюць браты і сёстры, — у касцёл, дзе тыя ж браты і сёстры ўхваляюць Бога, зіркаючы па баках, ці не аскандаліўся хто, праігнараваўшы вечаровы збор. Усё, што паміж касцёлам і офісам (хата, фітнес, спа), праходзіць пад такім пільным наглядам прыходу, што няма чаго і варушыцца, бо тут схапіць можа не толькі муж, але ж яшчэ тысяча ягоных братоў, якія побач штовечар пяюць псалмы па-літоўску. Пра тое, каб заляцацца да якога Гедымінаса з офісу, нават не думай — адразу ж даведаецца ўся грамада, а гадзінай пазней — яшчэ і ксёндз. І я нават не ведаю, што горш — калі ксёндз даведаецца, ці калі даведаецца муж. Таму такія іншаземныя небаракі, як ты, — адзінае выйсце. На мове ні паўслова, цымесу ўсяго гэтага не разумеюць, іх можна з загадкавым выглядам зацягнуць куды ў завуголле і там таропка выкарыстаць» (маё сэрца маўчала). «Бадай, валакла цябе па падваротнях, каб не пабачыў ніхто, а ты думаў: якая яна загадкавая!» — ён падміргнуў, але ж хутка ягоная бадзёрасць паблякла, ды ён, мабыць, нешта ўзгадаўшы, безвыходна працягнуў з дзіўным вымаўленнем: «Все бабы — ссукі». Ён быў адзін, як і ўсе тыя беларусы, якіх я напаткаў у Вільні: мабыць, надта добра разумелі «цымес».

Аста была маёй памылкай, балотным агеньчыкам, які ледзь не зацягнуў мяне ў дрыгву пазашлюбных адносінаў з асобай, мову якой мне вучыць бы не спатрэбілася, бо вельмі ж няшмат чаго ў нас было сказаць на ёй адно адному. Як я мог з-за дурнушы выракчыся каранёў, адмовіцца ад уласнай культуры і радзімы? Няўжо ўсё святое ўва мне, усе вартыя памкненніі завязаныя на адносінах паміж поламі? Няўжо справа не ў даляглядзе з палатна Жукоўскага, не ў страчаным выраі, а выключна ў жаданні не быць адному ў тым узросце, у якім адным застаўся Сяргей? І што я за небарака, які не змог заўважыць пустазелле? Што за ёлупень, якому так хранічна не фарціць? З-за Насты я пачаў сваю вандроўку, з-за Асты ледзь яе не скончыў. Не хачу болей узгадваць пра яе! Не хачу ўспамінаць! Млосна!

Поделиться с друзьями: