Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сцюдзёны вырай

Марціновіч Віктар

Шрифт:

Прайшло яшчэ паўгады, самай значнай падзеяй за гэты час стала замена шпалераў, якія надзейна схавалі пад сабой нават прывід дзвярэй: цяпер тут не засталося нават зашчапкі, якую я нахабна схаваў за палічкай, а на яе ўладкаваў вялікае люстэрка. Усё, як у жыцці: шукаеш выйсця, а бачыш выключна сваю дакучлівую ўсюдыісную пысу. Пагадзіцеся, цікава, куды завядуць гэтыя залепленыя дзверы напрыканцы гэтага сюжэту?

Мая паўсядзённасць стала нагадваць схімай ды адданасцю навуцы побыт тых манахаў картузіянцаў з Бярозы, пра якіх мне распавёў аднойчы Сяргей. Насельнікі кляштара прымалі зарок пустэльніцтва ды не маглі пабачыць нават далоняў тых людзей, якія прыносілі ім ежу: сістэма дзвярэй была пабудаваная такім чынам, каб не было ніякага кантакту з жывой істотай. Ці не копіяй маёй бесталковасці выглядае вычварнасць гісторыі: насельнікі сучаснае Бярозы, побач з якімі знаходзяцца парэшткі адзінага ва ўсходняй Еўропе картузіянскага кляштару (вельмі рэдкі помнік дойлідства і культуры!), лічаць, што іх мясціна празваная «Картуз-Бярозай» з-за таго, што некалі рускі людажэр Сувораў павесіў на тамтэйшую бярозу «картуз». Як яно так перакруцілася,

як пераблыталася? Хто іх так загіпнатызаваў, якая прапаганда, якія ўласныя дурасць ды непісьменства?

І чаму я, Джон Вілаў, Ян Вярбіцкі, які блытае Blue Mosque з Hagia Sofia, а Насту — з яе абяздушнай гумавай копіяй, адчуваю сябе трапнай метафарай Беларусі? Чаму ў тым, як яна выракалася свабоды ды прыстойнасці, як год за годам, стагоддзе за стагоддзем абірала самы нядбайны шлях з усіх, я адчуваю ўвасабленне маёй уласнай няўклюднасці?

Яна, Беларусь, якая калісьці звалася Літвою, якая калісьці ўваходзіла ў ВКЛ ад мора да мора, а скончыла тым, што ВКЛ ператварылася для яе ў Рэч Паспалітую, дзе было занадта шмат дэмакратыі, а ў гэтага народа што ў 1991-м, што ў 1994-м, што раней, значна раней, не ладзілася з дэмакратыяй, бо кожны — шляхціч ды кожны — арыстакрат з liberum veto, і вось Рэч Паспалітую пілавалі адзін, два, тры разы і неяк так распілавалі, што зямля адышла да Расеі, у складзе якой гаротнічала ажно да самага 1917 года, і пасля мітусні з БНР зноў апынулася там жа, і потым быў 1991-ы, калі, здаецца, быў шанец, каб усе астатнія паўсталі, набылі годнасць, але ж тут скончылася так, як сканчалася ўсе гэтыя стагоддзі з 1385 года, нібы праклён нейкі на цэлым народзе.

Я, Джон Вілаў, англізаваны беларус, якога лічылі палякам, якога лічылі амерыканцам, які палову жыцця боўтаўся ў Бостане, маючы маёнтак пад Навагрудкам, а маёнтак тымчасам губляў моц, пакуль не знік зусім, як некалі ВКЛ, дык вось, я, фантастычны небарака, касмічны лузер, заяўляю аб тым, што павінен сімвалізаваць Беларусь у сусветнай культуры, бо бачу яе гаротныя памылкі ва ўласным штодзённым вопыце, і Саўрасаў — толькі вяршыня айсберга. Ніякага Мікіту Зноска не параўнаць са мной, Джонам Вілаў, у ступені беларускасці. «Пінская шляхта», «Людзі на балоце», «Знак бяды», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — усім гэтым творам ды іх героям бракуе таго даўбянізму, таго нешанцавання ды бесталковасці, што ўласцівыя мне, першаму сумленнаму герою беларускай літаратуры. Гэта я выдумаў шлюб Ягайлы ды Ядзвігі, гэта я прапанаваў права вета ў Сейме, гэта я прасраў паўстанне 1863-га года, гэта я даў задавіць уніяцтва — адзіную магчымую рэлігію для гэтых тэрыторыяў, гістарычна размешчаных на памежжы Рыму ды Масквы, гэта я пагадзіўся на зруйнаванне ды перабудову тых велічных храмаў і цывільных будынкаў, якія абуджалі лютую зайздрасць у камандзіраваных з Пецярбургу, Пецярбургу, які першае стагоддзе ўласнага існавання блякнуў у параўнанні з раскошай Полацку ці Вільні, гэта я нерухома глядзеў, як Мураўёў топіць Беларусь у крыві, гэта я вешаў шыльду з яго прозвішчам на будынак у Менску, гэта я дазваляў Сталіну ўзнагародзіць Савецкую Літву нашай беларускай сталіцай Вільняй, гэта я абраў Лукашэнку ў 1994-м ды моўчкі глядзеў на тое, як ён заяўляе аб уласных пераабраннях. Ну што, ці ведаю я гісторыю Беларусі? Здаецца, чалавека, які вывучыў усё тое, што адбывалася тут на працягу стагоддзяў, які ведае пра гэта не па падручніках, можна пазнаць па горычы, горычы, а не гонару (гонар — тое, што застаецца глыбей).

Пра тое, ці ведаю мову, ужо нават не пытаюся. Можна пабачыць, як скарацілася колькасць бездапаможных англамоўных словаў ды зваротаў да рэдактара ў гэтым тэксце. Мае сябры кажуць, што ад прыхільніка ТБМ мяне цяпер адрознівае хіба акцэнт, які я так і не змог пераадолець. Разам з горыччу за гісторыю мне адкрылася тая таямніца, пра якую казаў Сяргей, заклікаючы прыслухацца да генаў: каб спасцігнуць чаргаванні і канчаткі ў склонах, трэба было не тупіць у правілы і нормы, не далдоніць выключэнні, проста дазволіць мове гаварыць з сэрца. Я ўпэўнены ў тым, што маўленне закладзена ў нас так, як закладзена ўяўленне аб Поўдні ў тых птушак, што без усякай камунікацыі з продкамі ведаюць, куды трэба накіроўвацца ў сваю першую зіму, каб знайсці вырай: на ўзроўні чаргавання кампанентаў у ДНК. Можна на гэтае забыцца, але ж каб узгадаць дастаткова, каб загаварыла кроў.

Ян Вярбіцкі з-пад Навагрудку, Ян Вярбіцкі, які ведаў беларускую гісторыю і спасціг беларускую культуру — чым ён горшы за таго беларуса, які нарадзіўся ды ўсё жыццё пражыў у Менску? Які думае, што бел-чырвона-белы сцяг — прыкмета «бнф», а на беларускай мове размаўляе «апазіцыя»? Да таго ж, Наста, глядзі: усе выбітныя беларусы былі альбо не беларусамі па крыві, альбо частку жыцця пражылі ў Расеі, ці з’ехалі з краіны. Валянцін Акудовіч, які скончыў Літінстытут у Маскве, але ж напісаў такія важныя для нацыянальнага самавызначэння кніжкі, як «Код адсутнасці», стаў беларускім Платонам, з якога пачалася нацыянальная філасофская метафізіка. Максім Багдановіч, які значную частку жыцця пражыў у Расеі, перад тым, як стаць класікам беларускай паэзіі пачатку XX-га стагоддзя. Альгерд Бахарэвіч, які жыве ў Нямеччыне, Ігнат Дамейка, які стаў нацыянальным героем Чылі, Францыск Скарына, які нарадзіўся у Полацку, а сканаў у Празе, першая касманаўтка незалежнай Беларусі Алёна Шалаева, якая па паходжанні руская, а мову вывучыла ў сталым узросце — зусім як я.

Я ўсведамляю, што закаханы, і ў сваім імпэце, у сваёй гістэрычнай празе пабачыцца яшчэ б хаця раз занадта падобны да прафесіянала, які шукае людзей зусім не для пяшчоты, але ж, але ж… Я жыву ў Вільні ўжо некалькі год, уся тутэйшая дыяспара (а значыць — дыяспара Польшчы, Чэхіі ды Нямеччыны) ведае пра дзіўнага амерыканца, які вывучыў мову ды пасяліўся ў Вільні з нейкай таемнай, але ж, гледзячы па тым, як ён увесь свеціцца, вывучаючы мову, — высакароднай мэтай… Я зрабіў

усё дзеля таго, каб мой расклад, маё штодзённае чаканне ў кнігакавярне, адрас майго жытла, былі вядомыя як мага большаму колу людзей, ды што там — калі б ты шукала, ты б мяне з лёгкасцю знайшла, Наста, Наста…

Што я раблю цяпер, калі практыкаванняў больш няма, калі заданні з падручнікаў па мове вывучаны на памяць? Я гляджу за вокны кавярні, дзе на вуліцы Віленскай усталяваны спусцісты выступ, які вымушае аўто запаволіцца, іх тут называюць «sleeping cop» («спячы паліцэйскі»). Я гляджу на бясконцую чаргу машын, якая рухаецца наперад як поршань у цыліндры праезджай часткі — рухаецца для таго, каб побач са мной запаволіцца, пераваліцца праз штучны пагорачак ды рушыць далей, у няіснасць: кожная з іх у маім уяўленні жыве толькі ў той момант, калі пад’язджае да гэтага выступу ды пераходзіць праз яго. Калі глядзець дастаткова доўга, адзінкі машын зліваюцца ў суцэльны струмень, і цікавым становіцца тое адчуванне руху з заміраннем пасярэдзіне, падобнае да графічнай выявы сардэчнага біцця: недзе б’ецца сэрца Вільні, і я гляджу на пульсавы рух у артэрыях. Маіх назіранняў дастаткова для таго, каб напісаць падручнік з класіфікацыяй розных спосабаў прайсці гэтую прыступку: я бачыў недарэчныя аварыі, калі адзін кіроўца тармазіў занадта рэзка, а другі не паспяваў заўважыць ды ўмазваўся так, што ўставаў колам капот. Я бачыў, як падляталі ды ляскаліся аб асфальт тыя, хто не заўважаў ды не прыпыняўся наогул. Аднойчы ўбачыў, як збілі пешахода на пераходзе за «sleeping cop», і мёртвы твар, дэфармаваны коламі цяжкага джыпу, твар, які вылупіўся адзіным захаваным у вачніцы вокам на тую частку маёй душы, аб існаванні якой чалавек звычайна даведваецца толькі перад уласнай смерцю, яшчэ доўгі час нагадваў пра тое, што нават тут, у руціне, здараюцца трагедыі. Але, Наста, так болей немагчыма, я не магу сядзець тут яшчэ год. Жыццё — надта ж кароткая трасца!

Таму давай адкінем усе гэтыя какецтвы ды недасказанасці, бо зразумела: цябе не будзе, я не дачакаюся, ты не з’явішся побач з гэтым «sleeping cop», матэр’ялы да біяграфіі якога я тут збіраю месяц за месяцам. Ты не прамільгнеш у натоўпе, не пагрукаеш у дзверы маёй хаты. Цуда не будзе. Бог, мой Бог, Бог беларуса, занадта скупы на тыя цуды, якіх чакаеш больш за ўсё ў жыцці. У дробязях, можа, калі і пашанцуе, ну кшталту маленькай чаргі да касы ў МакДональдсе, а на большае патрэбны ўласныя высілкі, ды так, каб крывёю ды потам. Ты ці не даведалася пра мой лёс, ці празнала пра мой лёс, але ж не зразумела, што гэта лёс таго самага Яна Вярбіцкага, якога ты некалі заклікала да абуджэння. І што лёс гэты стаў «лёсам», а не «fate» — з-за цябе.

Дык зраблю апошняе з арсеналу залежнага ад мяне. Я прызначаю табе спатканне, Наста. Прызначаю праз часопіс, кожны нумар якога ты чытаеш без сумневу (сама пра гэта казала), прызначаю, ператвараючы гэты тэкст у нагоду для нашай сустрэчы. Я разумею, што рог Вільняўс ды Гедыміна — не самае лепшае месца для гэтага спаткання, бо навокал шмат выпадковых ды невыпадковых, зусім не выпадковых людзей — побач беларуская абмасада. Дык давай сустрэнемся ля дома пад балванамі, таго дому, дзе некалі была адна з рэдакцыяў «Нашай Нівы», дому, напітанага беларушчынай, дому, які чалавек выпадковы, не знаёмы з гісторыяй адраджэння, не адшукае, бо рэдакцыяў «Нашай нівы» ў Вільні — столькі ж, колькі «кватэр Адама Міцкевіча», бо, бадай, на кожным рагу ў таго была палюбоўніца з уласным мэбліраваным жытлом. Дом пад балванамі не пазначаны памятнай шыльдачкай «Нашай нівы» — іх нават пры саветах было больш, свядомыя літоўцы прыбралі, каб у несвядомых віленчукоў не ўзнікала пытання, чаму ў жамойцкай Вільні так шмат артэфактаў беларускай культуры (тут я загаварыў Сяргеем)! Там, на квадратным падворку, пад ценем каштанаў, ёсць кавярня CanCan — два мадальныя дзеясловы «магчы», пастаўленыя побач — ці не добры гэта знак?

Я буду чакаць цябе там кожны аўторак ад 17.00 да 18.00, пачынаючы з першага траўня, калі часопіс з’явіцца ў продажы ды ў Сеціве. Калі не можаш прыйсці, калі не жадаеш прыйсці — міргні зоркамі, загасі сонца ці падай яшчэ які знак. Я зразумею і кіну пошукі, кіну чаканне, буду жыць, як… Як жывуць тыя птушкі, якія ўзімку нікуды не лятуць, як тыя каўкі ды крумкачы, якія ў снежні прымярзаюць да счарнелых дрэваў ды надаюць уласнымі сілуэтамі зімоваму небу такую невыносную тугу. Я стану птушкай, зробленай з зімы, птушкай з ледзяным сэрцам.

І апошняе. Ты шмат казала мне пра вырай, дык вось, вырай гэта не твая Беларусь і нават не тая ўяўная беларушчына, якую ты песціш унутры сябе, седзячы зараз у якім-небудзь Штутгарце. Вырай для чалавека — не ўяўленні аб тым, які будзе пах на беразе Свіслачы, калі ты туды трапіш аднойчы, не мара пра цёплы вецер, які кране твае валасы ды падзьме ў твар прынесеным здалёк, з азёрных астравоў Камсы водарам квецені. Вырай — гэта не вежы вакзалу, не бібліятэка і нават не мова. Вырай — гэта не тое прывабнае, заселенае стыхіаліямі каралеўства, што паўстае ў апавяданнях Яна Баршчэўскага, ды не змрочныя фантазіі Ластоўскага. Вырай гэта нават не тое пачуццё, што падтшурхоўвае да вар’яцтва, да пераходу мяжы, каб пабачыць кусты бэзу з таго боку. Бо вырай, Наста, гэта не «дзе». І, вядома ж, не «калі». Больш за тое, для чалавека вырай гэта не «што». Вырай, мая каралеўна, саўладальніца маёнткаў, ад якіх засталіся выключна гурбы цэглы, парослыя лопухам, гаспадыня дэндрару, ад дрэваў якога засталіся выключна прывіды, ды ўладарка сажалак, якія ператварыліся ў багну — дык вось, вырай для чалавека гэта — «з кім». Які сэнс у Свіслачы, у водблісках сонца на чарапічных дахах Траецкага, калі ў маей далоні няма тваёй? Няма таго месца ня Зямлі, якое не ператварылася проста ў горад, ваду, выган, лес — без сэнсу і натхнення, калі побач няма цябе. Дэталі могуць змяняцца, горад можа быць больш ці менш вялікім, вада — больш ці менш чыстай ды безбярэжнай, луг — зялёным, лес — больш ці менш лісцевым, але ўсё — без плёну. Таму мой вырай — гэта адчуванне цяпла тваёй далоні ў маёй, вось і ўсё.

Поделиться с друзьями: