Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сцюдзёны вырай

Марціновіч Віктар

Шрифт:

(Надрукавана ў часопісе беларускай культуры «Ахрэм» (ACHREM) № 5 за травень).

Частка трэцяя. Смерць аўтара

And her pale fire she snatches from the sun

W. Shakespeare

Пастка, сплеценая са словаў

(Спроба апраўдання. Янка Пільняк)

У красавіку гэтага года я сустрэўся ў Вільні з чалавекам, які назваў сябе Джон Вілаў ды перадаў мне тэкст, які набыў шырокую вядомасць пасля публікацыі ў травеньскім «Ахрэме». Шэраг інтэлектуалаў на чале са мной успрынялі дадзенае літаратурнае практыкаванне як з’яўленне першага вартаснага беларускамоўнага рамана, бо сітуацыя цяпер у нацыянальнай літаратуры такая, што кожны чакае выспявання беларускай «Вайны і міра» ці хаця б беларускай «Ганны Карэнінай». У любым новым творы, які з’яўляецца на мове, усе спяшаюцца пабачыць не менш за «Вайну і мір», нават калі твор мае трыста старонак ды сюжэт, ад якога чалавеку адукаванаму робіцца крыху няёмка.

Мы

вылучылі «Сцюдзёны вырай» на галоўную літаратурную ўзнагароду незалежнай Беларусі «Гліняны чэлес», назва якой сімвалізуе нашыя бясконцыя спадзяванні на ўрадлівасць беларускай культуры, якая павінна ў рэшце рэшт нарадзіць нешта вялікае — інакш мова проста дасць дуба. Тым больш прыемна, што гэты цуд прыгожай славеснасці стварыў амерыканец, які авалодаў беларускай мовай — казалі тыя, каму баліць за лёс нацыянальнай літаратуры. Людзі, датычныя да выхаду «Вырая», на гэты конт, заўважце, маўчалі. Іншыя казалі пра тое, што гэта наш беларускі Форэст Гамп, бо, як і ў выпадку з Форэстам Гампам, герой з’яўляецца небаракам, увасабляе такія нацыянальныя недахопы, як хранічая адсутнасць фарту, а таксама цягам усяго рамана ганяецца за каханай, якая не надта ім і захапляецца.

Вы ведаеце далейшы лёс «Вырая», ведаеце, што «чэлес» яму прысудзілі ўжо ў канцы траўня, Вілаў на цырымоніі не з’явіўся, з-за чаго Сеціва абышлі мае фоты з гліняным фаласам, трыумфальна ўскінутым над галавой, якія некаму падаюцца надта вясёлымі (зайздроснікі распачалі кампанію цкавання «У Янкі Пільняка стаіць вышэй за галаву», як смешна). Выдатна ведаеце вы і тыя падзеі, якія адбыліся праз два тыдні пасля цырымоніі: Насту ўзялі ў Вільні, у той самай кавярні CanCan, у якую яна паслухмяна з’явілася ў аўторак, бо ўрэшце прачытала тэкст. Цяпер яе месцазнаходжанне невядома, але зразумела, што яна недзе ў Беларусі, у тых месцах, адкуль даволі складана паведамляць аб уласным месцазнаходжанні. Дагэтуль невядома, якім чынам яе здолелі даставіць праз мяжу ў краіну, МЗС, МУС ды дзяржаўная бяспека Літвы ад каментароў на гэты конт адмаўляюцца, але ж ананімныя крыніцы прызнаюць, што гісторыя са «Сцюдзёным выраем» — самая эфектыўная спецаперацыя за ўвесь час існавання беларускіх спецыяльных службаў.

Джон Вілаў, тэкст якога здолеў зрабіць тое, што не зрабіў рэспубліканскі вышук, запыт у Інтэрпол ды сетка шпегаў па ўсёй Еўропе, знік з кватэры і хутчэй за ўсё з’ехаў у ЗША. Тыя, каго ўзрушыла яго гісторыя, лічаць, што Джону проста няёмка за тое, што ён спрычыніўся да арышту каханай, але ж гэта рамантычнае трызненне. Тутака я растлумачу вам, чаму гэта не так і што за чалавек насамрэч гэты Джон.

Я бачыў яго толькі аднойчы ў віленскай кнігакавярні. Тут адразу паўстае пытанне, якое я пакіну без адказу: ці сапраўды той «Джон Вілаў», з якім я хлябтаў капучына ды разважаў пра літаратуру ў Вільні, быў чалавекам, якога бачыла ў Стамбуле Наста? Гэтая гісторыя складаецца ў вас на вачах з трох частак: месцам дзеяння першай з’яўлялася Турэччына, местам дзеяння другой — Літва, трэцяя будзе цалкам адбывацца ў Беларусі. І вельмі можа так стацца, што турэцкі Вілаў, з якім сустракалася Наста, ды літоўскі Вілаў, з якім сустракаўся я і прадстаўнікі дыяспары, Вілаў, што складаў (ці толькі перадаваў ужо складзеную) гісторыю іх з Настай «кахання» ў Турэччыне — гэта зусім розныя людзі. Адзіная, хто мог бы параўнаць ягоныя рысы ды прыйсці да нейкай высновы, Наста, цяпер ізаляваная і будзе ізаляваная яшчэ вельмі-вельмі доўга.

Людзі скептычныя не дадуць мне веры, бо скажуць, што ў мяне ёсць асабісты зуб на Вілаў: з-за паршыўца я пазбавіўся працы ў «Ахрэме», бо яго галоўны рэдактар, Ванік Дастаеўскі, занадта сур’ёзна паставіўся да абвінавачанняў у тым, што выданне спрычынілася да арышту Насты. Але ж у стасунках з Вілаў — нічога асабістага. Я заклікаю ўспрымаць гэты тэкст як працу над памылкамі, спробу падкрэсліць чырвовным усе тыя «у» замест «ў», якія я прамаргаў у першы раз. Калі б я быў больш пільным, трохі больш пільным…

Дык вось, першае, што насцярожвае ў тым Вілаў, які быў паказаны мне: вы памятаеце, як Наста адзначала, што ў яго ёсць схільнасць да лішняе вагі? Не, не памятаеце? Ну дык памятаю я, бо працаваў з гэтым тэкстам. Прагледзьце пільна сцэну іх расставання, і вы знойдзеце там — «ты баязлівы, ты забабонны, ты маеш схільнасць да лішняй вагі…» Дык вось, на сустрэчу са мной, прызначаную праз электронную пошту (дзе даведаўся пра маю персанальную скрыню — таксама пытанне), прыбыў сухарлявы, бы нямецкая аўчарка, мужчына каля трыццаці. У ім не заўважалася нават згадкі пра акругласць формаў, ён трымцеў ад уласнага выдатнага фізічнага стану. Вы можаце запярэчыць: маўляў, усё, што мы ведаем пра ягоную схільнасць да лішняе вагі, прыйшло да нас не ад Насты ўласнаруч, а ад той Насты, што размаўляе з намі ў тэксце. А тэкст напісаны ці ім самім, ці тымі структурамі, якія рыхтавалі спецаперацыю. І што мы можам даведацца з гэтага тэксту аб чым заўгодна, але ж не аб тым, што думала сапраўдная Наста пра сапраўднага Вілаў (а сапраўдны Вілаў павінен існаваць, інакш «фальшывы» Вілаў не завабіў бы Насту ў Вільню, дзе яе ўжо чакала дзяржбяспека). Але ж тут усё тлумачыцца проста: мабыць, першапачаткова тэкст рыхтаваўся пад іншага «актора», які лепей падыходзіў да стэрэатыпнага ўспрымання амерыканцаў. Калі з’явіўся Вілаў № 2, віленскі Вілаў у сваёй «фінальнай рэдакцыі», тэкст не паспелі адаптаваць пад яго фізічныя асаблівасці. Такога роду памылкі вядомыя кожнаму, хто працуе з вялікімі празаічнымі фрагментамі, ёсць гарантаваныя шляхі іх пазбягаць, але ж тыя, хто кляпаў «Сцюдзёны вырай», у першую чаргу былі занятыя турботамі зусім не літаратурнага характару.

Я намалюю вам яго партрэт — на той выпадак, калі раптам вы сустрэнеце калі-небудзь падазронага іншаземца, які выпячвае ўласную беларускамоўнасць ды падбухторвае паразмаўляць з ім пра таямніцы дыяспары ці грошы апазіцыі ці пра месцазнаходжанне

астатніх двух ці трох «ворагаў народа», нейтралізацыя якіх з’яўляецца прынцыповай дзеля беларускай стабільнасці.

Рост — метр семдзесят шэсць (ведаю, бо мы з ім прыкладна аднаго росту), твар выцягнуты, вушы трохі адтапыраныя, добра бачныя ў анфас пад коратка стрыжанымі валасамі. Наперадзе валасы значна радзейшыя, з-за чаго лоб падаецца больш высокім, чым ёсць насамрэч. Шчокі ў дагледжаным чарнявым шчацінні, там-сям у гэтай поўсці бачныя сівыя стрэмкі. Вочы запалыя, калі трэба было нешта прачытаць, карыстаўся акулярамі — круглыя, бы зробленыя з бурштыну: зразумела, што апрануць яго могуць у наступны раз у акуляры якія заўгодна, але ж вось і рысачка, якая застаецца з ім у любых акулярах, хаця б нават і шасцівугольных: калі чытаў, спускаў іх уніз, на самы кончык носа, і ўвесь час нервова папраўляў. Як правіла, такія звычкі ў людзей не змяняюцца гадамі, ды іх не пракантралюеш, бо адбываюцца яны на механічным узроўні, нібы цік. Агульнае ўражанне ад твару — ну нічога ў ім беларускага, нейкая мідзітэранія ці Італія.

Дык вось, сустрэліся, ён на мове так-сяк растлумачыў, што напісаў нешта па-беларуску, ён упарта называў гэта «творам». І што жадае, каб я, менавіта я, бо ў мяне прыстойная рэпутацыя (у мяне сапраўды рэпутацыя прыстойная, ды пэўная вага ёсць у літаратурных колах, з гэтым не паспрачаешся, дык я і не здзівіўся), папрацаваў з гэтым «творам», адрэдагаваў, калі трэба, падрыхтаваў да публікацыі як мага хутчэй. І што для яго вельмі прынцыпова, каб публікацыя адбылася ў «Ахрэме», я потым сам зразумею чаму, калі дачытаю ў тэксце. І што за ўвесь клопат ён мне прапануе суму, ну як вам сказаць… Ну проста касмічных памераў. Асаблівасцю гэтага моманту ў беларускай літаратуры з’яўляецца тое, што кошт працы рэдактара закладаецца выдавецтвам (а выдавецтва ў нас адно, вы яго ведаеце) у «макет». І рэдактары працуюць ці то за ідэю — дарэчы, самыя адданыя тым і займаюцца, маюць іншую звязаную са словам працу ды рэдагуюць без узнагароды, дзеля таго, каб наступнікам было, што чытаць, каб наша пустое стагоддзе захавала хоць некалькі літаратурных помнікаў з іх прозвішчамі на падножжы. Тыя, хто працуе за грошы, жывуць вельмі сціпла, бо пражыць на тыя 100 баксаў, якія сарамліва кладуць у капэрце (гэта ў лепшым выпадку, калі кніжачку фінансуе нейкі фонд ці амбасада!) — немагчыма. У працэсе выпякання кніг твой статус зменшаны да статусу аўтападкрэслівання словаў з памылкамі ў PageMaker: арфаграфія чырвоным, сінтаксіс — зялёным. А тут чалавек прапанаваў суму, за якую, як зноў жа шырока ўжо вядома (і шырока дамыслена ў Сеціве і нават пастаўлена ў доказы маёй асабістай «заслугі» ў Настынай трагедыі), я набыў аднапакаёвую кватэру ў Менску.

Адзначу, што ўзровень ягонай вуснай мовы быў значна горшым за мову тэкста, які прыйшоў мне на скрыню праз два тыдні пасля сустрэчы. Тут бы мне ўзрушыцца, запытацца: як так можа быць? Як чалавек, які толькі і можа, што запытаць: «Вы будаце кофэ ці капучыны», піша такія пранікнёныя радкі? Хіба не дзіўна выглядаў ужо першы абзац з развагамі пра снежань пасля ягонай няўдалай спробы пераказу сюжэта, спробы, у якой былі пераблытаныя канчаткі, часы ды націскі. Гаварыў ён хутка, не буду адмаўляць, але ж значная частка тых сказаў, у якіх было больш за два выказнікі, засталася для мяне незразумелай, бо ўяўляла сабой граматычную блытаніну: як быццам хтосьці ўсыпаў жменю канчаткаў ды лексічных асноў у банку з-пад распушчальнай кавы, патрос як след ды высыпаў на стол. Што да чаго выпадкова прыляпілася, тое і было агучана. Добра яшчэ, што ён падчас сустрэчы не казаў ні аб чым прынцыповым, разважаючы пра Памука, якога мог у родным склоне ў адным сказе ўжыць як «Памуку», у другім — як «Памукаў», у трэцім раптам вылазіў «Памукс», які, мабыць, паходзіў ад «ценю ангельскага `s», што яшчэ паўставаў у яго беларускай. «Але ж», —падумаў я і ўзважыў, ці вартая нават тая цыклапічных памераў сума, якая была прапанаваная мне, высілкаў корпання з тэкстам, напісаным чалавекам з такой дрэннай мовай. Але авантурызм перамог. Да таго ж, карцела паглядзець, што ўжо ён там накрэмзаў.

Я вярнуўся ў Беларусь, і мы пачалі камунікаваць з ім праз пошту. Тут адбылася дзіўная метамарфоза — ягоная мова расквітнела ды пахарашэла, як дзяўчынка, якая наблізілася да сексуальнага сталення. Я не скажу, што гэта была такая ўжо сфармаваная прыгажуня, там-сям яшчэ чапляла вока падлеткавая неахайнасць, вуглаватасць, але ж у гэтай мове пазнаваўся той, хто напісаў «Вырай». Гэта была такая моўная Лаліта — трохі больш высілкаў, і праз паўгода-год выхаваецца асляпляльнае прыгажосці «Міс свету ад Беларусі». А можа, і не. У тым уся прывабнасць лалітаў, што яны могуць ператварыцца ў звычайную бляклую цяжарную сучку, а могуць успырхнуць у нябёсы матылём. Іх пераходны статус утрымлівае адначасова ўсе якасці, уласцівыя непрывабным падлеткам ды самым фемінным істотам на зямлі, кшталту тых, што дэманструюць па Fashion TV.

Я атрымоўваў лісты, напісаныя па-беларуску лацініцай. Вельмі доўгія сказы. Адмаўленне арфаэпічнай «пявучасці» дзеля імкнення нашпігаваць сказ сэнсамі. Была ў гэтай прыгажуні адна асаблівасць — занадта ж русыя валасы і наўгародскія вяснушкі на носе, але пра гэта пагаворым пазней. Пакуль я быў здзіўлены тым, якая вялікая прорва палягае ў гэтага Джона Вілаў паміж вусным маўленнем ды пісьмовымі навыкамі. Звычайна ў людзей, якія вучаць другую мову, тым больш, такую складаную, як беларуская, маўленне засвойваецца прасцей за пісанне (складанасці якога абумоўлены яшчэ і тым, што трэба прывучаць вока да кірылічнага алфавіту). «Мабыць, шмат практыкаванняў рабіў і вось авалодаў пісьмовай граматыкай», — супакоіў я сябе. Я не разумеў тады, што за клавіятурай з таго боку сядзіць зусім не той лагодны, маўклівы амерыканскі італьянец, якога я спрабаваў угледзець за кожным новым прачытаным сакавітым беларускім словам (і дзе яны былі падчас жывой сустрэчы?). Не выключаю, што на скрыню мне прыходзілі лісты ад таго, хто быў змрочным рэжысёрам ці адным з рэжысёраў усёй гэтай спецаперацыі.

Поделиться с друзьями: