Чужая бацькаўшчына
Шрифт:
— Ой, якое прыгожае цялятка, — успляснула рукамi яна i, мiльгаючы блiшчастымi гумовымi снягоўцамi, спусцiлася з ганка, падбегла да саняў: — Анця, ходзь тутай, зобач!
— Гэта, паненачка, бычок, — перакiнуўшы цераз каня лейцы i заходзячы з другога боку саняў, засмяяўся Лiтавар.
— То не вшыстко едно? — зачырванелася яна i адкiнула з вачэй рыжаватую кудзерку валасоў, нагiнаючыся над цялём.
Жэнiк няўзнак наступiў Мiцю на нагу, прыплюшчыў вока i засоп, прыкрываючы рот рукою:
— Ух i дзеўка, брат!
Мiця адвярнуўся ад яго i, тоячы сваю раптоўную злосць, маўчаў, няведама чаго спалохаўся,
У iхнiм сёмым, астатнiм класе паўшэхнай школы Чэся была самаю рослаю мiж дзяўчат, бралася на дзеўчыну: пад лёгкаю сукенкаю ўжо сарамлiва значылiся вострыя грудзi.
Колькi перадумаў пра яе Мiця з таго сiняватага асенняга дня, з паджоўклым маладзенькiм клёнам за акном, калi, прыйшоўшы першы дзень у школу, убачыў яе — новую ў iхнiм класе вучанiцу. Цiкуючы збоку на ганарысты з надзьмутымi губкамi тварок, на яе пышныя рыжаватыя, што свяцiлiся крышку чырванню, валасы, неяк далiкатна спаднiзу перавязаныя блакiтнай стужкай, на ўсю яе, роўненькую ў плячах, ён незнарок убачыў, што заломленая спаднiца з чорным фартушком таемна i далёка адкрывае яе ножку з гладкiм каленцам, у карычняватай, яшчэ дзiцячай, у радкi панчошцы з шырокай гумкай i белым гузiчкам.
Першы раз невядомая дагэтуль гарачыня аблiла яго грудзi. Нат не верачы сабе i баючыся думаць пра ўсё тое сталае i таемнае, Мiця ўчуў, што ён ужо мужчына. Седзячы збоку на нiзкай для рослага хлопца лаўцы i няўзнак паглядаючы на гэтае трохi брыдка, але так салодка заголенае каленца, ён нават не чуў, што рабiлася ў класе.
Потым iхнi боўдзiла, свiнабоеў раскормлены Рысек, што кожнай дзяўчыне замест «дзень добры» крычаў: «Сэрвус, кохана! Маш майткi, то здэйм!» — на перапынку, яшчэ не паспеў схавацца за дзвярмi са сваiм драўляным вялiкiм цыркулем пан Шкудлярык, адразу ж скочыў на яго крэсла i закрычаў на цэлы клас:
— Хлопцы, а наш Мiцек глядзiць на новую, як кот на мышку! Як бога кохам, улюбiўся!
Мiця ўчуў, як у яго гараць, нiбы ён апёк перад полымем, шчокi. А яна тады, здаецца, не вельмi i прыймалася. Толькi, зморшчыўшы носiк, фыркнула свiнабоеваму Рысеку: «Скончаны асёл!» — i ганарыста выйшла з класа. А стрэўшыся сам-насам з Мiцем, цiха i сарамлiва пасмiхвалася, кружачыся на адной назе i адставiўшы ў руцэ партфель, i зноў незнарок тугiм парасонам паднiмаючы сiнюю плiсаваную спаднiчку.
У Мiцi яшчэ сёння ляжыць той дзённiк, дзе ён цiшком, хаваючыся ад усiх, запiсваў з кнiжак тое, ужо некiм вычытанае i падкрэсленае, што пiсалася пра каханне. I нават тлеюць тыя вершыкi з абмалёванымi кветачкамi: чужыя, што выпiсваў з кнiжак, i свае, што ён хацеў, ды не вельмi мог скласцi.
На другое лета Чэсi ўжо не было ў Дварчанах. Яна паехала ў Баранавiчы. Яе бацьку, высокага рыжаватага стрэлачнiка, што хадзiў заўсёды ў старой зашмальцаванай рагатыўцы, з прычэпленай да папругi бляшанай дудкай i жоўтымi, пазапiханымi ў сумку флажкамi, перавялi недзе туды на работу.
I як яна паспраўнела i пасталела, пахарашэўшы яшчэ больш за гэтыя чатыры гады.
Мiцю
нават зрабiлася брыдка, што яна ўбачыць яго ў гэтым бацькавым шарым паўшубку з рудым цялячым каўняром. Калi нават i не прызнаецца, што пазнала яго, усё адно будзе потым смяяцца.Мiця адступiўся далей ад гэтай адчыненай брамы за рэдзенькi частакол плота. Ды яна, можа, не вельмi глядзела б на цiхую, засыпаную снегам вулiцу з расчышчанаю, роўненькаю сцежкаю, каб да Жэнiка з Мiцем не загаварыў Лiтавар:
— Хлопцы, пачакайце! Я во зараз, толькi скiну ў хлеўчык цяля!
Яна, iдучы за саньмi, што крута заварочвалi за ашалёваны карычневы дом, азiрнулася туды, куды крычаў Лiтавар, i раптам спынiлася, як забыўшыся нешта, крутнулася на адным снягоўцы, гэтаксама, як тады ў сёмым класе.
Зноў глянула сюды, выпiнаючы пухлыя губкi i крывячы ў нейкай смешнай мiне твар:
— А, то ты, Мiцек?..
Мiця, учуўшы, як зноў тая самая гарачыня аблiвае грудзi, пераступiў з нагi на нагу.
— Забачыла, жэ ктось знаёмы, але не впадло мi до гловы, жэ то ты…
Ружавеючы ў шчоках, падышла сюды, да адчыневай брамкi. Пад блiшчастымi гумовымi снягоўцамi захрумстаў крохкi, пякучы снег.
— Дзень добры! — i задыхнулася — у яе лёганька падымаўся на грудзях гэты вышыты зялёнай i чырвонай нiткай каля беленькай густой апухi гуцульскi кажушок. — Як маешся? Дзе ты цяпер?
— Ды во, як бачыш, тут, — у Мiцi трохi пералекацеў гэты нечаканы, раптоўны страх.
— Вучышся далей цi не?
Ён пакруцiў галавою.
— Шкода… Ты быў такi здольны, — у яе дробненька дрыжала падпухлая нiжняя губка.
— А ты?
— Вучуся. У школе пеленгнярак [1] , у Баранавiчах. Хоць сам ведаеш, якая я здольная да навукi.
— А як апынулася тут?
— Гэта тут жыве мая стрыечная сястра. Прыехала проста адведаць. — Яна пакусала падпухлую нiжнюю губку. — Нязвыкла тут у вас. Цiха стала.
1
Пеленгняркi — медсёстры (польск.).
— А там?
— I там. Дзвудзесты век голы, як свенты турэцкi. А помнiш, як было весела?..
— Калi? — усмiхнуўся Мiця, зазiраючы ў яе сiняватыя, з цьмянымi чалавечкамi, вочы i бачачы сябе. — Як з нас падсмейваўся Рысек Пясэцкi?
Мякенька махнуўшы вейкамi, яна апусцiла вочы:
— А чаго? Я не помню…
З двара ўжо выехаў Бронiк Лiтавар. Гукаў, азiраючыся i прыдзержваючы лейцамi каня. Да саняў подбегам пайшоў Жэнiк Рэпка.
— Я напiшу табе пiсьмо. Можна? — Мiця ўчуў, як у яго змянiўся i задрыжаў голас.
— Ой, дзiўны ты, чаму ж не?
— Адпiшаш? — ён азiрнуўся, бачыў, як ужо далёка ад’ехалiся Жэнiк з Лiтаварам, як за рогам пафарбованага плота хаваюцца санi.
— Адпiшу, — яна, прыжмурыўшы вочы, кiўнула галавою i ўжо неяк проста i вясёла назвала свой адрас.
Мiцю здалося, што нейкi прытоены смех мiльгануў у яе на твары, затрапятаўся ў куточках рота.
— Довiдзэня! — яна падала яму халаднаватую руку i лёганька сцiснула, апякла яго пальцы.
Ён, даганяючы санi, чуў усё гэты гарачы холад тонкае рукi.