Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чужая бацькаўшчына

Адамчик Вячеслав

Шрифт:

— Ага, — Алеся спусцiла з галавы на плечы цёмную ў балонкi суконную хустку, астаючыся ў белай паркалёвай.

— То проша сядаць, ён скора будзе, — ахмiстрыня паказала на беленькi пафарбованы ўслонiк.

Iмполь стаяў у парозе, косячыся на кафельную плiту з вялiкiмi чыгуннымi кругамi, дзе смажылася на чорнай панiве рыба, на кухонным столiку, засланым белай у сiнiя клеткi цыратай, стаяла палiваная бляшаная талерка з нарэзаным i ўкачаным у муку шчупаком.

Ад шыпучай панiвы пахла падсмажаным алеем i цыбулькай. Iмполь глынуў слiну, учуўшы раптам малады здаровы голад. Збiраючыся ў мястэчка, яны толькi патаўклi звараных картопляў у буйную соль.

— Прошэ, нех панi сяда, — ахмiстрыня зноў паказала на белы пафарбаваны ўслонiк.

— Мы

насядзелiся, нiчога — пастаiмо! — адмахнулася Алеся, аглядаючы невялiкую кухню з высокiм точаным буфетам i белымi, для посуду, палiчкамi. У тыльнай сцяне падазрона свяцiлася незашчэпленае ашалёванае аконца — туды, мусiць, падавалi ксяндзу есцi: ахмiстрынi няможна было заходзiць у сталоўку. «А дзе ж яна спiць?» — падумала Алеся, прыгледзеўшыся да гэтай маладзенькае спрытнае дзяўчыны ў лёганькай сукенцы i зялёных пантофлях з ружовымi пышнымi кутасiкамi.

Недзе там у сталоўцы паволi затупалi цяжкiя ногi, i ў ашалёваным акенцы мiганула чорная сутана.

Ахмiстрыня, зняўшы са столiка ажурную хлебнiцу, падала яе ў ашалёванае аконца.

Iмполю збоку было вiдаць, як адтуль, з акенца, высунулася тлустая, рыжаватая ад рабацiння рука i ўшчыпнула ахмiстрыню за купiнку натапыраных грудзей. Iмполь азiрнуўся на Алесю, бачыў, як у яе змянiўся твар i выцягнулiся ад здзiўлення губы.

Ахмiстрыня лёгка ляснула па гэтай руцэ, чырванеючы i аглядаючыся на Iмполя з Алесяю. Адапхнуўшы рыжаватую руку, зашаптала ў акенца:

— Тутай людзе!..

Iмполь з Алесяй угнулi галовы, тупа глядзелi ў падлогу, надавалi выгляд, што быдта нiчога не бачаць.

Ахмiстрыня вярнулася да плiты, адсланiўшы акенца. У яго ўсунулася чырванаватая галава з белымi, аж зеленаватымi, зачасанымi на радок валасамi. Выкацiўшы бялкi, з-пад чорных, як падфарбаваных, броў на кухню з цiкавасцю зiркнулi пукатыя вочы.

Лёгка, нячутна ходзячы ў зялёных з ружовымi кутасiкамi хатнiх пантофлях, ахмiстрыня падавала туды, у ашалёванае аконца, шклянку густога, на чырвоным сподачку, чаю, жоўтую, пасыпаную макам булачку.

Iмполь глытаў цягучую салодкую слiну.

Ксёндз паснедаў скоранька: з ашалёванага белага аконца была чуваць глухая малiтва. Iмполь разабраў тыя, невядомыя яму словы, што чуў яшчэ некалi ў высокiм халодным касцёле з дрыготкiмi свечкамi, прыкленчыўшы з мамай перад вялiкiм абразом маткi боскай: «Glоriа Раtri еt Filiо еt Sрiгitui Sапсtа» [2] .

I тады ксяндзу пазвоньвалi блiшчастымi срэбнымi званочкамi, прыкленчыўшы перад прыгожым алтаром, далiкатна прычасаныя дварчанскiя хлопчыкi. Iмполя разбiрала зайздрасць, хацелася i яму стаяць там за баляскамi i пазвоньваць гэтакiм блiшчастым званочкам.

2

Хвала айцу i сыну i духу святому.

Востра зацюкалi пустыя фарфоравыя талеркi — ксёндз паставiў iх на аконца, скрывiўшы набок голаў, вызiрнуў сюды, на кухню.

— Проша вэйсць!

Ахмiстрыня за медную ручку лёганька пацягнула да сябе выфарбаваныя беленькiя дзверы, пускаючы туды, у ядальню, Iмполя з Алесяю. Услед за чорнай, шырокай у падоле сутанай, з-пад якое мiльгалi блiшчастыя абцасы чаравiкаў, Iмполь з Алесяю прайшлi яшчэ адзiн, цемнаваты ад завешанага гардзiнаю акна, пакойчык.

Над нiзкiм, засланым белым вясковым абрусам столiкам, нiбы з-пад страхi павук, спускаўся аранжавы абажур. Як дробны конiк у траве, цiкаў бляшаны будзiльнiк з блiшчастым каўпачком званочка. Каля абклеенай шпалерамi сцяны стаяла абабiтая чорным хромам канапа. У кутку каля акна — прыгожа вытачаная, палакiраваная жоўценькая этажэрка. На верхняй палiчцы — нiкеляваны крыжык з чорным распятым Езусам. На падлозе простыя, вытканыя, бурачковыя, з белымi i жоўтымi па краях пасачкамi ходнiкi.

Прысадзiсты, у чорнай сутане з белым падкаўнерыкам ксёндз

адставiў ад стала крэсла.

— Проша сядаць.

Нязвыкла, па-кабечы, падгладжваючы сваю сутану, сеў сам.

— Мы, ойча, да вас, — зачырванелася Алеся, перабiраючы кутасы свае суконнае хусткi. — На запаведзь, во, хочам даць…

Iмполь таптаўся ззаду на бурачковым ходнiку, баючыся сысцi на жоўценькую падлогу. З-за Алесiнага пляча цiкаваў на ксяндза — зверху бачыў, як у таго праз рэдзенькiя белавата-зялёныя валасы з выкладзеным натапыраным чубком свiцiлася чырвоная лысiна, над гладкiм лобам чорнымi застрэшкамi вiселi густыя вялiкiя бровы. Застрэшкi раптам заварушылiся — ксёндз падняў вочы:

— Сконд вы естэсце? [3]

— З Верасава, Мондрых Алеся буду… — естэма, — паправiлася Алеся.

— Знам, знам, то весь пiякув i зладзеюв, мейсцовэ яндро цемносцi [4] .

— Што вы, пане ксенжа, кажаце! Нямашука ў нас п’янiцаў, хiба ў Рабках.

Ксёндз усмiхнуўся, зiркнуўшы на Iмполя, спытаў:

— А вы цо, длуго ходзiлi ў паннах? [5]

— Удава я…

— А хлопак ладны…

— Ды ўжо ж, якi трапiўся.

3

Адкуль вы?

4

Ведаю, ведаю, гэта вёска п’янiц i зладзеяў, мясцовае ядро цемнаты.

5

А вы што, доўга былi дзяўчынаю.

— Я-то нiц: кажды дба о собе, тылько буг о вшысткiх. [6]

Алеся расшпiлiла свой каптан, чуючы раптам гарачыню ў гэтым маленькiм, з ружаватымi шпалерамi пакойчыку.

Адкрыўшы накрывачку ў драўлянай, прыгожа вытачанай чарнiлiцы, ксёндз дзюбнуў пяром у густое, з зеленаватым адлiвам чарнiла, спытаўшы, запiсаў прозвiшча ў шырокую разлiнаваную кнiгу i разагнуўся, зарыпеў крэслам.

Алеся пашлупалася за пазухаю, дастала зноў завязаную на тонкi тугi вузельчык хустачку з грашыма…

6

Я нiчога: кожны дбае пра сябе, толькi бог пра ўсiх.

Ужо на дварэ, курчачыся ад холаду i азiраючыся на плябанiю, сказала Iмполю:

— Гэта ж намаўляў нябожчыцу маму, каб аддала мяне да яго ў служанкi. Казаў, вывучыць…

— А ў яго навука нiчога сабе…

— Цьфу!.. Стары корч! — Алеся адвярнулася ад ветру.

З-за касцёла мяло, гнала скразняком сухi, сыпкi снег. Раз’юшана падвываў i тоненька, нудна пасвiстваў вецер. Недзе бухаў на страсе касцёла адарванаю бляхаю. Суха трашчалi голымi лапамi клёны.

Прыцярушаны снегам, панура стыў за жалезнаю брамаю Iмполеў конь. Iмполь зняў торбу з аўсом, адкруцiў лейцы ад парэнчы, усеўся поруч з Алесяю. Конь з натугаю вырваў з глыбокага кургана санкi, на голым лёдзе падмеценай ветрам шашы борзда пайшоў, угiнаючы i хаваючы ад ветру голаў.

Густая iмгла снегу зацягвала вулiцу. Паднiмалася кудаса. У тэлефонным дроце блутаўся вецер, раз’юшана выў на розныя галасы. Шарая каламуць снегу засцiлала мястэчка, замятаючы па вокны нiзенькiя атынкованыя хаткi.

— Я ж фарбы так i не купiла, — крыкнула, каб перакрычаць вецер, Алеся.

— Так што? Будзем варочацца? — Iмполь прыпынiў каня.

— Гэткаю бураю? Дзе ты бачыў!.. Едзьма ўжо дахаты.

На грудку, перад паваротам на Дубатоўкi, нехта зачарнеўся ў сiвой кудасе.

Шпаркi конь нагнаў высокага, без шапкi мужчыну — на плячах у яго пакалыхваўся драўляны карычняваты крыж з жаўтлявым распяццем Хрыста.

Поделиться с друзьями: