Чужая бацькаўшчына
Шрифт:
— Вой, колькi гонару, — Алеся зграбла са стала радзюжку, ляпнула выклееным спадыспаду царскiмi грашыма вечкам куфра.
Але вечарам, калi ўжо стары малацьбiт, топчучыся па сваёй саломе на зямлi, патушыў лямпу, яна прыгарнулася да Iмполя i раптам учула, як ачахла гэта злосць на ўсiх — нейкаю вялiкаю вадою, як рэчка на згоне зiмы, разлiлася радасць. Яна заплюшчвала вочы, чуючы, як дужымi рукамi ён грабе яе да сябе. Нешта салодкае, маладое нараджалася ў Алесiнай душы.
Яна, ужо спакойная, сцiшаная ад гэтага свайго патаемнага шчасця, засынала i, прачынаючыся сярод ночы, чула зноў у сябе пад галавою
Позняя поўня рэдзенька свяцiла праз тоўсты лёд на шыбах у куток хаты. Недзе стралялi ад марозу, калолiся сухiя вуглы.
Алеся глядзела на косы, што бляк у покуце, пасак — месяц, заходзячы на сцяну, тух i апускаўся нiжэй, — слухала, як блiзенька сапе Iмполь, i, ап’янелая ад гэтага свайго маладога, мякенькага, як першая трава, шчасця, засынала зноў.
Назаўтра спраўлялi дамалоткi.
Яшчэ перад полуднем мужчыны лёгка паляпалi цапамi па горбе змалочанага ячменю — скаласавалi яго, адбiваючы ад зярнятак вусатыя асцюкi — i вясёлыя, закураныя пылам вярнулiся ў хату. Адхаркаўшыся i папляваўшы гэтым рудым пяршывым пылам у памялешнiк, стары малацьбiт, чырвоны ад задухi, выцер мокрыя вочы, змераў з ног да галавы Алесю i выскалiў свой дуплявы, счарнелы зуб:
— Ну, гаспадынька, не стой, лезь на хату па здор…
— Няўжо змалацiлi? — нейкiм вясёлым голасам перапытала Алеся.
— А ты думаеш што? — маргнуў калматымi абкурэлымi вейкамi Iмполь.
— Тады ўжо не грэх i да здору чаго. — Алеся азiрнулася на сцяну, знайшла на цвiку свой каптанiк i хустку i выйшла з хаты, вярнуўшыся назад са спацелаю, сiваватаю, мусiць, купленаю загадзя дзеля такога дня бутэлькаю i ружаватым бруском сала.
— Няма ўжо на цябе i бога. Гэта ж самы пост, а ты гарэлку, — падзюбала яшчэ картопляю ў горбачку зеленаватага патоўчанага семя старая Мондрыха i ўслед за нямою Еўкаю ўстала з-за стала.
— А што-така ўжо такое, калi мужчыны па кiлiшку вып’юць? Цi ж не зарабiлi? — i паглядзела на Iмполя — ён, памыўшыся, цёр ручнiком сваю ружовую шыракаватую шыю з хвосцiкам закручаных у лагчынцы валасоў.
Прымасцiўшыся на край заслона, села пры стале i сама, але гарэлкi не пiла, прыгубляла чарку i калацiлася, моршчачы свой роўненькi нос. Стары малацьбiт, седзячы спiною да глухога, замураванага шорсткiм абынелым лёдам акна, хукаў, ставячы на стол сiнюю, у павырабляныя кветачкi чарку, суслiў, як малое дзiця, сала, прыглядаючыся да Алесi з Iмполем, расцяжна гаварыў:
— Вот гляджу я на вас, i завiдкi бяруць — добрая пара.
— Ой, не ўрачы, дзядзька, — круцiла галавою i пасмiхвалася, жмурачы адно вока, Алеся.
— Што ты… Хай во скажа, як на споведзi, цi не я яго трохi сватаў?
— Было, дзядзька… Што таiцца, — саромеўся i глядзеў у сiвае, зацягнутае шорсткiм лёдам акно Iмполь.
— Ну, дак дай жа вам бог шчасця i здароўя! — стары зноў паднiмаў сiняватую чарку. На яго вострых, абцягнутых худою скураю скулах ружавелi i расплывалiся чырвоныя плямы. Выцвiлыя, у павучыне чырвоных жылак вочы пачыналi блiшчаць, рабiлiся вiльготнымi, як абцёртыя слiўкi.
Расчырванеўся i папрыгажэў Iмполь.
Алеся падсунула блiжай да яго палiваную талерку з нарэзаным салам, узяла тоненькi скрылiк. Схiлiўшы набок русявую з цяжкаю куклаю голаў, у якой блiшчаў карычневы круглы грэбень, скоса
глядзела на Iмполя, любавалася яго хараством. Твар у яго быў няголены, густая шчацiна засiнелася кругом ружаватага рота, каля вушэй, дробненька кучаравiлiся даўно не стрыжаныя валасы. Было нешта вясёлае ў насупленых бровах, у густых, падкручаных угору вейках, у сцятых ружовых губах.Згледзеўшы, як яна, не зводзячы вачэй, любуецца Iмполем, пачынаў падхвальваць яго i стары малацьбiт — паднiмаў голаў з рэдзенькiм чубком сiвых валасоў.
— Хлопец ён цiхi, сарамяжлiвы… Чаго там, будзеш жыць. Да гаспадаркi мо яшчэ не вельмi здатны… Але ж столькi вас, баб, у хаце — помач яму будзе.
— На чужога, кажуць, спадзявайся, але i сам не агiнайся, — крышку прыплюшчыла адно вока Алеся.
— Ой i хiтрая ты, — круцiў сiвым натапыраным чубком стары малацьбiт. — Голымi рукамi цябе не возьмеш.
— Ды ўжо ж i не дамся!.. — абгладжваючы кругом сябе скамечаную спаднiцу, яна паднялася з заслона.
— Я ж i бачу, дзiва што, — касiў сабе за спiну адным вокам малацьбiт, глядзеў, як яна адкрывала свой зялёны, у жоўтыя, крывыя пасачкi куфар, з дашчанае каробачкi дастаючы ўкручаныя ў белую хустачку грошы.
Адвярнуўшыся спiною i папляваўшы на пальцы, доўга адлiчвала iх. Нарэшце прыцiснула да стала порсткiя, што падымалiся, як сухое лiсце, паперкi.
— Вот, дзядзька, палавiну грашыма, а палавiну гатоўкаю — жытам плачу, як i ўмовiлiся.
Стары згроб вузлаватымi, жоўтымi ад тытуню пальцамi грошы, пералiчыў iх зноў, кладучы паперку на паперку.
Моршчачы лоб, падумаў i зняў з купкi адну паперку, прыпляскаў яе каля палiванае з ружаватым салам талеркi.
— Умаўлялiся то на двох, а як аднаму — цi не зашмат выходзiць?
Iмполь адхiлiўся ад стала, паклаў рукi на каленi:
— Як даюць, дзядзька, то бяры.
— О, нашто мне грэх? Нашто мне чужыя грошы? Чужога не спажывеш…
— За гэты грэх, дзядзька, я ўжо расплачуся, — зiркнуўшы зверху на лысаватую, з рэдзенькiм чубком на цеменi голаў старога, засмяялася Алеся i выкруцiла з хустачкi яшчэ адну паперку, кiнула перад Iмполем на стол.
— Дак мо не грэх яшчэ i скласцiся? — павесялеў раптам стары малацьбiт, прыгладжваючы абедзвюма рукамi свой рэдзенькi чубок.
— Досыць, дзядзька, — адышлася ад стала i ляпнула вечкам куфра Алеся. — Вам, мужчынам, толькi патурай. Вунь работа жджэ — жыта ж вам трэба адсыпаць i зважыць.
Стары малацьбiт скоса зiркнуў на бутэльку — у ёй яшчэ пацела халодная, недапiтая на пальцы тры i празрыстая, як свежая вада з крынiцы, гарэлка, — i, перакiдваючы нагу цераз заслон, падняўся ад стала.
— А гэта ж ужо каму? — Алеся ўзялася за рыльца бутэлькi i пашукала вачыма акорак.
— Хай во старой на лякарства будзе, — Iмполь махнуў кучараваю галавою назад, паказаў на лаву, дзе, прымасцiўшыся каля другога акна, нямая Еўка са старою Мондрыхаю перавязвалi нiткамi начыненыя вантрабянкi.
Еўка трымала на абедзвюх выцягнутых руках тугiя колцы кiлбас — ад iх пахла часнаком i перцам.
Скруцiўшы з тоненькае паперкi папяросы, Iмполь са старым малацьбiтом усмак закурылi. Бэрсаючыся i выгiнаючыся пасмамi, пад столь падняўся сiнi дым, цягнуўся туды, дзе нямая Еўка падтыкала пад бэльку шасток з цяжкiм завiткам кiлбас.