Чужая бацькаўшчына
Шрифт:
— Пачакай! Куды цябе гонiць? Мы ж яшчэ, здэцца, па чарцы не зрабiлi, га? — высунуўся з сеняў услед за Iмполем стары малацьбiт.
— Iншым разам, дзядзька, няма калi, — азiрнулася Алеся.
Перакiдваючы цераз яе голаў лейцы, Iмполь выкiроўваў на вулiцу каня.
Ужо за брамаю, усаджваючыся ў мяккае, засланае радзюжкаю гарохавiнне, уепомпiў тое нязвыклае слова старога малацьбiта: «красавая яна ў цябе» — i прыгледзеўся збоку да Алесi: з-пад суконнае ў балонку хусткi быў вiдаць яе твар з роўненькiм караткаватым носiкам, на губе збоку — карычняватая, з залацiстым валаском бародавачка, на вастраватай натапыранай стрэшцы брыва дзвюма скалачкамi расы блiшчыць
Яна ўчула яго позiрк, павярнулася да яго:
— Чаго ты, Iмполька?
— I праўда, што красавая ты…
— Як ты кажаш?
— Красавая!
— Вой, нiколi не чула. — Яна адкiнула назад голаў i засмяялася, паказваючы белы радок нiжнiх зубоў.
— Толькi во бародаўка з валаском.
— А ты толькi цяпер агледзеў?
— Чаму ж цяпер… — ён задыхнуўся ад сустрэчнага ветру — з зацiшку нiзкiх, абкураных снегам будынкаў конь выйшаў на востры скразняк. З гарбатай, пасярэдзiне вылiзанай ветрам аж да жаўтаватага лёду вузкай шашы санi зносiла на нiзкi, выкладзены цэментовымi плiтамi ходнiк.
Алеся схапiлася абедзвюма рукамi за Iмполя, цягнучы яго да сябе, зазiрнула спаднiзу ў вочы:
— А хто ж табе пра красавую нагаварыў? Мусiць, усё гэты стары трапашка?
Перад шырокай галоўнай вулiцай Iмполь прыпынiў каня, даючы дарогу сустрэчнай фурманцы — лёгкаму чорнаму вазку, не паварочваючыся да Алесi, спытаў:
— Ды куды ж паедзем?
— Спярша во ў краму. На рубашку хачу табе набраць. Абнасiўся ж начыста…
Iмполь падганяў каня да белага атынкованага дамка з дашчаным ганкам, што стаяў тут у пачатку вулiцы, адразу за аптэкай. Прывязаў да шула ў плоце лейцы, укрыў радзюжкай каня i ўвайшоў у цемнаватую з затхлым, удушлiвым пахам нафталiну краму. Алеся, паставiўшы на прылавак сплеценую з шырокiх лучынак карзiну, аглядала пляскатыя скруткi паркалю i батысту. Адкiнуўшы ражок, мацала двума пальцамi белы ў жоўтыя вузенькiя пасачкi паркаль. На суконнай, накiнутай на плечы i голаў хустцы раставаў, пералiваючыся ружаватаю расою, снег. За прылаўкам, кiваючыся на адзiн бок i ледзьве дастаючы кароткаю нагою да падлогi, хадзiў стары крамнiк у чорнай аксамiтавай ярмолцы i карычняватай, пашытай з аўчын камiзэльцы, адзетай на пiнжак.
— Во глянь, i недарагое. — Алеся падклала пад ражок паркалю далонь — палюбавалася, цi прыгожа. — А што? Харошая будзе рубашка. У нашага Змiтрыка такая.
Утаптаўшы паркаль у жаўтаватую з лучынак карзiну, паказала яшчэ на шары ў палоскi корт:
— I гэтага яшчэ. На свянтэчныя порткi.
— Во як ты яго даглядаеш, — крамнiк зiркнуў спадылба чорным вокам i раскатаў тоўсты скрутак, намотваючы полку на акаваны бляшкаю метр.
— А хто ж яго дагледзiць? — засаромелася Алеся, дастаючы недзе з-за пазухi ўкручаныя ў аблямаваную тоненькiмi карункамi хустачку грошы: выняла сярэбраныя, з прыгожай маладзiцай на рэшцы, дзесяць злотых.
— Хто? — крамнiк надрэзаў тоўстымi кравецкiмi нажнiцамi корт i з тугiм звонкiм лускам разлупiў яго. — А кажуць, мужыка любi, як душу, а калацi, як грушу.
— За што? — чмыхнула злымi ноздрамi Алеся.
— Чым аўчыну больш мнуць, тым яна лепшая, — папляваўшы на пальцы, крамнiк адлiчваў рэшту.
На вулiцы, калi ўжо ад’ехалi ад крамы i зварочвалi назад на пераезд, захлынаючыся ад сiвернага ветру, спытала:
— Можа, ён i проўду кажа?
— Хто?
— Гэты кульгавы Герцык.
— Ты нешта да ўсяго сёння прыймаешся. Но-о! — Iмполь махнуў пугай, падагнаў змакрэлага, з зачэсанаю ветрам на адзiн бок грывай каня.
З-пад крамы завярнулi назад. Мiнуўшы пераезд з паласатым, паднятым,
як аглобля, шлагбаумам i сiненькаю ашалёванаю будкай, над якою з бляшанага комiнка растрывожаным густым роем вiлiся iскры, скiравалi на вузенькую, перамеценую выспамi снегу касцельную вулiцу.Абапал яе цiснулiся старыя з аблушчаным мелам на сценах драўляныя хаты. Падкручваючы ўгору снег, са стрэх мяла, аж круцiлася ўсё ў вачах, завея. Абкурвала чорныя слiўкi ў гародчыках, рагатыя, яшчэ з леташнiмi падпоркамi пад сукаватымi лапамi, яблынi, нiзкiя, рэдкiя платы з высокiмi брамамi. На надворках у зацiшку нагнала роўныя са стрэхамi хлевушкоў, слаiстыя, з тоўстымi брылямi курганы.
У канцы вулiцы ў сiвай, як пара над гарачым чыгуном, iмгле бялела высокая цагляная атынкованая брама. Нехта высунуўся адтуль з шырокiм дашчаным крыжам, што бяруць у касцёле, каб нясцi перад труною, калi хаваюць нябожчыка. За карычнева-голымi абветранымi клёнамi паднiмаўся ўгору дзвюма вежамi чырвоны цагляны касцёл. Вострыя жалезныя крыжы ўпiлiся ў каламутнае неба. Вецер зносiў адтуль лёгкiх кавак.
Было чуваць, як на ветры трашчалi сухiм намерзлым галлём тоўстыя, абкураныя з аднаго боку снегам старыя дрэвы.
У зацiшку каля каменнага муру Iмполь прыпынiў каня, абапёршыся рукою аб драбiнкi, ускочыў першым у сыпкi снег. Выставiў рукi, каб ссадзiць з саняў Алесю, падхапiўшы яе пад пахi, як ссаджваюць малое, укручанае ў хустку дзiця.
— Вой, яшчэ што выдумаў! — скрывiла свой чырванаваты, напечаны сухiм сiверным ветрам i папрыгажэлы твар Алеся. I, мусiць, давольная, пераступiла драбiнкi, раптам увальваючыся глыбока ў снег i ўскрыкнуўшы ад жаху.
Адчынiўшы ў пройме брамы настылыя, з жалезным крыжыкам, дзверцы, Iмполь прапусцiў наперад сябе Алесю.
Глыбокая, аж да цэментовых плiт расчышчаная i ўжо нанава перамеценая снегам сцежка абягала хмурны касцёл. Снег абсыпаў чорны, гладзенька абчасаны каменярамi гранiтны надгробак, што цяжарам прытаптаў магiлку. З кургана выглядвалi цэментовыя слупкi з абвiслым iржавым ланцугом. На цвiнтары пры каменным падмурку касцёла хавалi ксяндзоў. За жалезнымi, у карунках, аградкамi, над снежнымi капцамi стаялi гладзенька адпалiраваныя чорныя мармуровыя крыжы. Трапятлiвым холадам на iх зiхацелi сiняватыя блёсткi.
Выгiнастым вужом сцежка прыпаўзла да плябанii — нiзкага цаглянага дамка з жоўтым шкляным ганкам i драбiнкамi, як для курэй, на бляшанай страсе.
На настылым шкляным ганку з калючай шараватай намараззю на вузенькiх ажурных балонках Алеся з Iмполем прыпынiлiся. Доўга абiвалi жоўтым рысавым венiкам ногi, выцiралi iх аб выплецены з саломы кружок, што ляжаў перад белымi фiлянговымi дзвярамi з медзяною фiгурнаю ручкай.
Адчынiлi iх i сумелiся, ачуцiўшыся яшчэ ў адным калiдорчыку, сонным i цёплым — у сцяне сапла белая кафельная грубка. Праз дзiрачкi ў чыгунных дзверцах ружаватай чырванню, як вуха процi сонца, свяцiўся, мiльгаючы, жар. Рэдзенькая чырвань трапяталася на выфарбаванай падлозе, на белых фiлянговых дзвярах. Тут iх было аж трое.
Алеся спатыкнулася на ходнiку, не ведаючы, мусiць, за якую клямку брацца.
Пусцiўшы ў калiдорчык слепаватую, раптоўную яснасць, кутнiя дзверы адчынiлiся самi, з-за iх вызiрнула абсыпаная густымi кудзеркамi завiўкi дзявочая галоўка.
Маладая, год дваццацi трох, ахмiстрыня ў паркалёвай сукенцы з кароткiмi рукавамi, у фартушку з нагруднiкам — прыгожая, як потым прыгледзеўся да яе Iмполь, — паклiкала iх увайсцi ў кухню.
— Вы да ойца прабошча? — спытала яна, адкiдваючы з сiняга вока кудзерку ясна-жаўтлявых валасоў.