Чужая бацькаўшчына
Шрифт:
Задыхаючыся ад вострага сухога марозу, Хрысця мiнула глухiя з мяккiмi белымi стрэхамi гумны i завярнула да Мацюшкi Бортнiка.
Плота ў Мацюшкi не было: замест яго на мяжы ад чужога двара роўненькiм радком, адзiн пры адным, стаялi вялiкiя, некалi пазвожваныя з поля, каменнi.
На ружовых у сухiм лiшаi лысiнах белымi пухкiмi аладкамi ляжаў снег. Брудная затаптаная сцежка прашылася мiж пляскатых, няшчытна пакладзеных каменняў.
Мацюшкаў надворак ссунуўся на самы грудок, што пукатым лобам упiраўся ў старыя дуплявыя вербы. На адной чарнела, як спластаваная граблямi куча смецця, бусловае
Улетку яны, дзяўчаты, збiралiся тут на Мацюшкавым надворку, сядзелi на гэтых цёплых пад вечар каменнях. Там, у залiтым туманом алешнiку, рыпеў драч. З балота пахла гнiлою вадою, скошанаю прэснаю асакою, перамешанаю з прэснасаладжавым бабком, горкiм атрутным чэмерам.
Сена выносiлi радзюжкамi з багнiшчаў i сушылi тут пры Мацюшкавым грудку. Там яшчэ можна было знайсцi маладых рудаватых, прынесеных разам з травою жабак. Хлопцы лавiлi iх у жменю i кiдалi дзяўчатам за пазуху— стаяў перапалоханы дзявочы крык.
I цяперака, баючыся, каб не наскочылi ў хату ўсюды дападныя i ўрэдныя верасаўскiя хлопцы, дзяўчаты прысунулi дзверы. Пяклi, мусiць на варажбу, аладкi — над комiнам дрыжала мроiва. Каля дзвярэй пахла горкiм ад смольных дроў дымком.
Хрысця яшчэ раз патрасла за абсiвераную, з чорнымi плямамi ад чужых пальцаў жалезную клямку.
— Хтотака? — адчынiўшы хатнiя дзверы, у сенях за вушаком засапла Мацюшкава Сабiна.
— Сабiначка, гэта я, — абiваючы з чаравiкаў снег, Хрысця прытупнула на драўляных, прымацованых да парога сходах.
У прабоях загрукацела цяжкая жалезная засаўка.
— Вой, а мы цябе цеперся чакаем, — вызiрнула з-за дзвярэй i зморшчыла свой чырванаваты прысадзiсты носiк Сабiна. У завiтках чырванаватых валасоў тонкiм павуцiннем заблыталася сонца.
— Не было ж як адлучыцца, адысцiся з хаты, — Хрысця, спатыкнуўшыся на няроўным вылушчаным току ў сенях, скоранька, па-мышачы прашмыгнула ў хату.
Дух забiў едкi, удушлiвы дым — на прыпеку курылася змазаная ўкручаным у лапiк салам напаленая панiва. Пад трыножкамi ў печы лускалi сухiя яловыя дровы.
Сабiнiна мацi ў рудой суконнай камiзэльцы, зпад якой выпiралi сухiя, гарбатыя, як у жабкi, плечы, перакiдваючы з рукi на руку, нясла да стала на складзены ў чатыры столкi абрус гарачую, яшчэ пруткую аладку.
Белаю вышчарбленаю коткаю ў шарым глiняным цёрле ляжаў лой.
Дзяўчаты, што сядзелi на лаве, па верасаўскаму звычаю не распранаючыся, а толькi расслабiўшы каля шыi суконныя хусткi, касiлiся туды на стол.
— Падсоўвайцеся блiжай, дзяўчаты, ды мажце лоем, покуль аладкi гарачыя, — Савета вярнулася да печы падхапiла анучаю гарачую панiву, забоўтала апалонiкам у дзежачцы.
— Вой, мы ж не галодныя, цётка, — расшпiльваючы свой кажушок, адказала за ўсiх Хрысця, прысаджваючыся на лаву.
— Яшчэ i ганарацца, — Сабiна ўбiла ў тоўсты кружок лою нож, адкрышыла кавалачак, перавярнула ноздрамi ўверх пухкую грэцкую аладку.
— А чым жа ж будзем варажыць? — блiснула хiтрымi чорнымi вочкамi даўганосая, падобная да сарокi Шайбакова Кася, але ўслед за Сабiнаю села за стол.
— Ешча, дзяўчаткi, ешча, хопiць
галадак усiм. Во, паўнюткую дзежку рашчынiла цеста, — Савета пабоўтала, пакацiла апалонiкам у новай з жоўтымi клёпкамi i неаблушчанымi арэхавымi абручамi дзежачцы, што стаяла на лаўцы пры печы.— Няхай во Кася наесца, — маргнула вокам некаторая з дзяўчат.
— Чаму ж яна толькi адна?
— Бо ў Латвiю збiраецца. I цi будуць там грэцкiя аладкi?
З блiзшых вёсак хлопцы i дзяўчаты ехалi на сезонныя работы ў Латвiю. Верасаўскiя не рашалiся. Паданне на выезд падала толькi адна Шайбакова Кася — ды ёй выйсця не было: у бацькi адна пад адною пяцёра дзяўчат, i ўсе на выданнi.
— Скажаце ўжо, — падняла свой сарочы нос Кася.
— Там жа ж, мусiць, толькi жытнiя пякуць?
— Ды маленькiя, на адзiн глык.
— А тут во — як вечка ад дзежкi, — пырскалi смехам дзяўчаты, хаваючыся адна за адну.
— Выдумаюць, каб на вас ужо, каб на вас, — круцiла галавою i пачынала смяяцца Савета, паказваючы цёмную ў верхнiх зубах шчылiну.
— Няхай смяюцца, няхай iм языкi пааблазяць, а я во i праўда ж пад’ем, — не вельмi саромеючыся, Кася перавярнула пухкую аладачку дзiрачкамi ўверх, шмарганула па ёй кавалачкам лою, пакiдаючы тлусты растоплены пасак.
Дзяўчаты зыркалi вачмi на стус пухкiх грэцкiх аладак, няўзнак глыкалi даўкую слiну, але было ўжо не ў гонар пасля такiх смешачак ды жартаў з Касi садзiцца разам да яе за стол. I яны, угiнаючы галовы ад нiзкага сонца, што чырванавата-жоўтай яснасцю дрыжала на дашчанай у чорных сучках перагародцы, адсоўвалiся далей.
Канаў кароценькi зiмовы дзень. На слiзкай скарынцы нерастопленага лёду на шыбах раслi i крыжавалiся крывавата-вострыя шабелькi марозу. Перапальваючы да чарнаты пруткае галлё, цёмначырвонае сонца заязджала ў круглыя, як шчоткi са свiной шчацiны, вяршкi старых вербаў, што раслi пад грудам напроцi Мацюшкавай хаты.
За вёскаю, на грудах, ружаватасцю адсвечваў снег. У лагчынах шырыўся i поўз, мяшаючыся з поцемкам i смугою, сiняваты цень. На пухкi снег за акном лёг сiнi вечар. У хаце пацямнелi куткi.
Дзяўчаты пачалi збiрацца на варажбу — са стуса хваталi адна перад адною яшчэ цёплыя пухкiя аладкi. У хаце падняўся смех i крык.
— Вой, глядзiце, а мне самая малая папалася, — трасла скамечанаю падгарэлаю аладкаю тоўстая i меншая за ўсiх у Верасаве дзяўчат Пытлева Ганначка.
— А ты ўжо хочаш роўнаю з сабою? — падцялi яе.
На гоман i крык з-за жоўтае ад неафарбованых i не аклееных шпалерамi дошчачак перагародкi высунуўся заспаны, з належанаю да белых шнаркоў шчакою, Мацюшка, засоп ад злосцi вялiкiмi чорнымi ноздрамi.
Дзяўчаты знiякавелi, iм зарвала смех. Угiнаючы ў плечы голаў, цiхенька i скоранька, як мышы пад памяло, шмыганулi з хаты. На надворку ўжо, нiкога не баючыся, зарагаталi зноў.
На захадзе залатою дужкаю пярсцёнка выяснiўся малады месяц. Недзе туды, на гэты пярсцёнак месяца, тоўстым, асiплым ад вострага марозу голасам брахаў чужы сабака.
Дзяўчаты, задыхнуўшыся ад рогату, паслухалi гэты брэх i, апярэджваючы адна адну, завярнулi на вулiцу. Пад нагамi гарачымi вуглямi зарыпеў намерзлы шорсткi снег. З iмi, не ўскорваючы i кiваючыся, як качка, бегла тоўстая маленькая Ганначка.