Чужая бацькаўшчына
Шрифт:
Вецер перабiраў рэдзенькiя, сiваватыя ад нацярушанага снегу валасы. Нешта як знаёмае ўгадаў Iмполь у гэтым мужчыну, у яго хадзе, у яго суконнымм каптане з шырокiм на спiне хлясцiкам.
Апярэджваючы, прыгледзеўся да чалавека з карычняватым абшарпаным крыжам, i пякучы боль, востра кальнуўшы, сцяў сэрца. Iмполь скарэй, можа, учуў, чым пазнаў, што гэта быў Платон, яго брат. Успомнiлася, што бачыў яго, але не пазнаў каля дварчанскага касцёла.
Учуўшы дзiлiньканне медзянога званка, Платон азiрнуўся на фурманку, нехаця сышоў у глыбокi снег, заграз у iм аж па самыя каленi.
— Тыр-р-р! — Iмполь з усяе моцы цяў да сябе лейцы, раптам асаджваючы разагнанага каня.
— Вой,
— Гэта ж во Платон, мой брат, — не выпускаючы з рук лейцаў, сказаў Iмполь.
Платон стаяў у глыбокiм снезе, аберуч трымаючы на плячы драўляны крыж са скачанелым аблушчаным Хрыстом. Вецер турзаў над вухам абледзянелы завiтак рыжаватых, некалi пышных, а цяпер зрадзелых, з далёкiмi залысiнамi валасоў. Сiнелi ад холаду пакрэплыя рукi. На рыжаватачырвоных бровах стыла раса.
Зломаным, сагнутым брылём з кiшэнi суконнага чорнага каптана выглядала кепка.
— Няхай крые бог, вы хоць шапку адзеньце!
Iмполь не даў ёй дагаварыць, саскочыў з саняў.
— Што ж там удома? Чаго ты з крыжам iдзеш?
— Дзяўчына памерла. Мая меншанькая самая. Ад водры. Учора наранкi. — Абсiвераныя, сухiя Платонавы губы задрыжалi i, скрывiўшыся, вывернулiся брыдкай чырванню.
Iмполь, зiркнуўшы на брата, угнуў голаў, схаваў свае вочы.
— Заўтра, во, хавацьму, — Платон злавiў языком каля кутка рота ўжо, мусiць, астылую слязу.
— Дык мо падкiнуць, падвезцi дахаты?
— I проўда ж… А то прастыне чалавек, — Алеся тулiлася ад ветру, нацягвала вышай на плечы аб’еханую суконную хустку.
— Сколека тут iсцi, — Платон глянуў на чарнаватую ад конскага памёту дарогу, што высокаю грэбляю, адлучыўшыся ад шашы, гiнула ў густой, як туман, завеi. Перакладаючы на другое плячо крыж, папытаў, каб не маўчаць:
— А ты яшчэ ўсё ў Верасаве?
— Ага, во ў iх, — кiўнуў галавою Iмполь на санi, дзе, укруцiўшыся ў хустку i адвярнуўшыся ад ветру, сядзела Алеся.
— Калi ж дахаты?
— Ды як ужо табе сказаць… — Iмполь наступiў нагою на цвёрдую груду снегу, раздушыў яе.
Платон уздыхнуў, недаслухаў, намацваючы нагамi пад маладым снегам цвёрды след ад палазоў, сышоў на дарогу. Вецер iрваў у яго з рук пакладзены на плячо плазам дашчаны крыж, налiзваў недзе на вочы рэдзенькiя валасы, сек па чырвоных адтапыраных вушах калючым снегам.
— Ой, каб хоць шапку адзеў, — падсоўваючыся далей на санях i даючы месца Iмполю, забедавала Алеся.
— Гэта ж крыж, як ты яго ў шапцы нясцiмеш, — Iмполь увалiўся ў санi, чапiў адною ляйчынаю каня. Пад палазамi завiшчаў снег.
Ехалi маўчучы. Нечаканая весць пра гора адняла мову, тупым, як цяжкая выбiтая сякера, болем перабiла ўсе мыслi.
Угiнаючы голаў з сiваю, абсыпанаю снегам грываю, ледзьве варушыўся конь. Вецер перабiраў, сыпаў на аглоблю доўгi хвост. Недзе тоненькая грала валасiнка.
Па полi, па жоўтай, як жытняя мука, скарынцы, з шоргатам мяло малады сiняваты снег, круцiла вiхрам. Абапал шашы густа шумелi i гнулiся ў адзiн бок старыя карэлыя бярэзiны, у тэлефонным дроце блутаўся сляпы вецер, тоненька, аж шэрхла скура, скавытаў; з дробненькiм бразганнем на шарых патрэсканых слупах звiнелi цяжкiя шкляныя кубкi. Зводдаль шашы трашчалi папрывязваныя да калкоў шчыты, з аднаго боку iх падпiралi высокiя з вострымi спiнамi курганы.
Як выпушчаную нiтку ў матку, Алеся нарэшце злавiла сваю мысль. Адгарнуўшы з вока край тоўстае абынелае хусткi, зiрнула на Iмполя, на яго чырвоны, апечаны ветрам твар, загаварыла:
— Можа, грэх i казаць. А я ўсё думаю: вот бог малое дзiцятка забраў, а нашу старую пакiнуў…
— Цi
ж богу раскажаш, — Iмполь нацягнуў нiжай на лоб суконную ў тоўстым рубцы кепку: з шашы мяло, гнала ў вочы калючы снег.— А чым жа ж дзiця перад богам саграшыла?
— Такая ўжо яго доля.
— Ты кажаш — доля? — Алеся захлынулася ад стрэчнага ветру. Змоўкла, стаiўшыся, думала, успамiнаючы тую цёплую, астатнюю мамiну восень, калi аж да самых пакроў хадзiлi босыя, i мама тады, трэплючы лён, распарыўшыся каля агню, застудзiлася. Схапiўшы запаленне, праляжала яна тыднi тры, мусiць, разам з крывёю выпляваўшы ўсе лёгкiя.
Спомнiўся i той вечар, калi маме зрабiлася саўсiм блага. Яна, ужо не могучы падняць ад падушкi голаў, сухiмi перапаленымi губамi ледзьве вымавiла:
— Сена прынясi, Улас. Памiрацьму я…
Бацька тады нават засмяяўся.
Зазлаваўшы, мама нават набралася моцы i закрычала:
— Ён выскаляецца, ах, божа мой лiтасцiвы!.. I радзюжку дастань неўжываную.
Калi яна, Алеся, як не без памяцi, збегаўшы, прывяла цётку Марылю, бацька ўжо засцiлаў на лаве тое, недзе наскубленае спадыспаду ў гумне сена блакiтненькаю ў чырвоныя балонкi радзюжкаю, якая яшчэ i сёння неўжыванаю ляжыць на сподзе Алесiнага куфра. Шосты ўжо год. Беражэ Алеся i тую падушачку, што скiнула з-пад галавы мама, калi бацька падсунуў, каб мякчэй было ляжаць, пэўна ж, не ведаючы, што чалавек на пер’i будзе доўга ў цяжкiх муках канаць. Мама тады, ужо неяк сама, адапхнуўшы ўсiх, каб не трымалi пад пахi, памаленьку дайшла да лавы, з нейкаю маўклiвай пакутлiвай злосцю, нiчога не кажучы, сцягнула з лавы падушку, хацела падаткнуць пад сена, але ўжо не здужала i выпусцiла яе на зямлю.
У той вечар, лежачы ўжо на сене i, як трэба яшчэ перад смерцю, трымаючы ў складзеных руках крыжык i запаленую свечку, яна згаварыла разам з цёткай Марыляй, што стаяла прыкленчыўшы пры лаве, чыстую малiтву i цiха, як зморанае дзiця, заснула.
Яны ўсю тую ноч, чакаючы бяды, не спалi.
Пад ранiцу ўжо — сусед Iкон Жыток збiраўся на кiрмаш, грукаў, выкочваючы з-пад паветкi калёсы, — яна, прачнуўшыся, папрасiла пiць. Алеся, нават тады зарадаваўшыся, што маме во i нiчога, нiбыта адлягло, нiбыта стала лепш, прынясла конаўку вады. Маму паднялi пад плечы, але вада ёй ужо не пайшла…
Алеся ўчула, як недзе з вейкаў вецер сарваў i наўскасяк па шчацэ пагнаў настылую халодную слязу. Нiчога не бачачы, глядзела на гэты сiвы, перамешаны кудасай свет, на шашу, што жаўтаватым пасачкам бегла назад, рабiлася вузшай, там яе роўным вяночкам абступалi старыя абветраныя бярэзiны. Над галавою густа цякло, як вада, доўгае карычневае вецце. Нема выў i енчыў, разарваўшыся ў тэлефонным дроце, раз’юшаны вецер. Чорным роем з неба гнала i вiрыла снег, шоргала, як жвiрам, па плячах.
Конь звярнуў з цвердаватае бясконцае шашы на замеценую дарогу, збiўся са спорнае хады, грузнучы па каленi сам i цягнучы, як па глыбокай вадзе, санi. Назад памаленьку паплыў абкураны снегам сiвы дубовы крыж. Вецер iрваў на iм счарнелы кужэльны ручнiк.
Пад’ехалi да Верасава. Алеся з трывогаю падумала пра блiзенькае цяпло хаты, пра старую свякроў, што будзе глядзець спадылба, i раптам нешта пякучае аблiло яе сэрца: «Як жа ж будзе жыцца з iм, з Iмполем, што во сядзiць, каторая пара, не абзываючыся?»
I ён, як чуў яе мыслi, штурхануў нiбы няўзнак локцем:
— Го, цi не заснула там?
Саскочыўшы з саняў i топячыся па каленi ў сыпкiм маладым кургане, пайшоў адкiдаць браму.
Чуткая сучачка, згледзеўшы сваiх, вышмыгнула праз шчылiну непрычыненых веснiчкаў i, завiшчаўшы, пакацiлася да саняў.