Чужая бацькаўшчына
Шрифт:
Расцягнуўшыся шнурком на сцежцы, што пятлёю абвiвала чужыя гумны, дзяўчаты скiравалi да Сцяпана Чабоцькi. Прыпынiлiся перад збiтаю з калкоў брамаю — каля буды круцiўся, задыхаючыся ад злосцi, чорны i вялiкi, як звер, Сцяпанаў сабака, iрваў прыбiты да вугла кароткi ланцуг. Хрысця першаю ўскочыла ў прачыненыя веснiкi, заторыўшы праход, за ёю ўцiснулiся ўсе дзяўчаты.
— Куды гэта вас прэ, чаго гэта? — Хрысцю апярэдзiў мужчынскi голас.
На надворку, высунуўшыся недзе з сутачкаў, стаяў i падцягваў порткi Сцяпан Чабоцька.
Дзяўчаты, што было моцы, пусцiлiся бегчы назад, некаторая паслiзнулася на калдобiстай i
Не паспеўшы нават ускочыць у веснiкi, першаю цяпер ад Сцяпанавае хаты ўцякала кароткая тоўстая Ганначка, сапла, як котная, задыханая авечка. Яе скоранька дагналi i зноў пачалi выпярэджваць дзяўчаты. Шморгаючы рукавамi пахучага, ад свежых аўчын, дубленага кажушка, першаю зноў ляцела Хрысця — з-пад яе чаравiкаў пырскаў хрумсткi снег. Тупат дзявочых ног глуха аддаваўся ў блiзкiх пры вулiцы хатах, крохкi i пякучы рып перамерзлага снегу рэха адносiла аж да хмурных глухiх гумнаў.
Счуўшы далёкую гаману i вiск, на вулiцу выкацiлася i затрасла доўгiмi вушмi, зайшоўшыся ад брэху, ненавязаная Алесiна сучачка.
З разгону Хрысця праскочыла веснiчкi i замахала рукамi, як курыца крыллямi, каб не пераважыцца на шастку, раптам хапаючыся за калючыя, шорсткiя ад iнею частаколiны.
З перапуду цяўкнула i жалосна завiшчала ўжо каля ганка, просячыся ў хату, баязлiвая сучачка. Дзяўчаты, дабегшы сюды, наводмаш, па-бабску, цераз плот шпурлялi аладкi.
У хаце, мусiць, счулi падазроны крык. Па залацiстай слюдзе лёду на шыбах мiльгануў вялiкi цёмна-сiнi цень. З хаты скрыпнулi намерзлыя дзверы.
Нарабiўшы лопату, як спуджаныя курапаткi, дзяўчаты пырхнулi на другi бок вулiцы, за Корсакава гумно. Зачапiўшыся за калючы дрот абгароджанае ад кароў i коней картаплянае ямы, вiшчала, выблутвала свой разарваны на рукаве ватовы каптан малая Ганначка. Сюды да яе гальцала, грузнучы ў глыбокiм снезе, аблавухая Алесiна сучачка. Злiваючыся з частаколам, нехта прыгнуўся за плотам.
Хрысця высунулася з-за вугла, цiха паклiкала сучачку. Тая раптам знiякавела, пазнаўшы знаёмы голас, перастала цяўкаць, завiляла хвiшчаватым хвастом. Хрысця наводмаш шпурнула туды халодную ўжо на марозе, скамечаную аладку. Сучачка адскочыла, паўзiралася на Хрысцю i неяк скоранька, нiбы ўкрадкам, схапiла аладку i, згубiўшы палавiну, панясла туды пад плот.
— Вой, — зашаптала за спiною ў Хрысцi Мацюшкава Сабiна. — I што гэта ў цябе за замуж будзе? Нейкi напалавiну?
— Вот дурная, — засмяялiся дзяўчаты. — Якi тут замуж? Яна без замуства адаб’е ў Алесi маладога прымака.
— Каб вам ужо языкi пааблазiлi, выдумаеце, — угнула, засаромеўшыся, голаў Хрысця.
— Чаго ж выдумляць — вываражыла ты сабе гэдак, — хмыкнула некаторая з дзяўчат.
Раптам пад страхою гумна нешта зашлупалася, i адтуль з-пад латы выпырхнуў перапалоханы верабей, згiнуўшы ў поцемку вечара.
— Вой, што гэта? — першаю адскочылася ад сцяны малая Ганначка.
— Гарабей, цi ты не бачыш? Вот ужо баязлiвая.
Дзяўчаты ўсе адышлiся ад гумна.
— Дак хадзем жа пчол слухаць.
— Во, i проўда ж, а мы забылiся.
Дзяўчаты перабеглi глыбокi, што ламаўся на крыгi, снег. Цвёрдаю, ужо расчышчанай сцежкаю, праз Корсакаў надворак, выскачылi на другую вулiцу. Спынiлiся за плотам, дыхаючы адна на адну параю.
Хрысця азiрнулася на свае вокны. У хаце не было агню, сiняватымi бельмамi
на вулiцу глядзелi замерзлыя шыбы. Мiця са старым Корсакам недзе бавiлi час на сяле.Нанач крэп мароз. У Корсакавай хаце з тугiм звонам трэснуў i раскалоўся вугол. Лускаў, як на агнi, намерзлы яловы плот. У сiнюткае, засыпанае калючымi зоркамi неба сiвым дымам паднiмалася абынелая бярэзiна.
Чах, знiзiўшыся на зыходзе, маладзiчок. Зачапiўшыся за яго, як на нябачнай нiтачцы, вiсела жаўтаватая зорка. Яна закалыхалася i паплыла, чапляючыся за голыя камлi i сукi старых дрэў, што раслi каля завонi.
Дзяўчаты, пачакаўшы ўсiх, цiхенька спускалiся ў Сымонаў садок.
З усiх верасаўскiх гаспадароў пчол мелi толькi Iгнась Нагорны, што сядзеў на хутарах у самым канцы Прылук, ды тут у вёсцы — Сымон Рак. Пад крывымi разложыстымi яблынямi ды вострымi маладымi грушамi на пухкай коўдры белага снегу стаялi выштукаваныя рамкавыя вуллi ды ляжалi, накрытыя кажухамi яловай кары доўгiя калоды.
Цiхенька сапучы на абынелыя каля рота хусткi, дзяўчаты паднiмалi тоўстыя вяроўкi абсiверанага калючага дроту, лезлi пад яго, прапускаючы адна адну.
Дабегшы да вулляў, нагiналiся i, здзёршы з вуха хустку, прыкладвалi да iх сваю голаў, слухалi, цi не чуваць гуду пчол — знак, што будзе гусцi вяселле i дзеўка пойдзе замуж.
Не ўчуўшы нiчога, некаторыя ўжо малацiлi кулаком па шалёўцы, каб растрывожыць сонных пчол.
Хрысця, каб не парваць пад калючым дротам свой вышываны новы кажушок, асцярожна палезла астатняю. Правальваючыся ў сухi снег, подбегам кiнулася да блiзшае ад загарадзi тоўстае калоды. Але адтуль раптам высунулася нешта чорнае i калматае i, зароўшы, як мядзведзь, папаўзло проста на Хрысцю.
— Во-о-ой! — паднiмаючы рукi, заенчыла не сваiм голасам Хрысця.
Гэты нечаканы сярод шарага вечара крык вострым страхам кальнуў усiм у сэрца. Дзяўчаты, не помнячы сябе i збiваючыся ў купку, як спуджаныя воўкам авечкi, пусцiлiся ў другi канец Сымонавага садка.
Ломячы нiзкае крохкае галлё на крывых шурпатых вербах, лезлi праз вузенькую завоньку на другi бераг, на голае i роўненькае, як стол, балотца.
Зачапiўшыся ззаду каптаном за тоўсты вярбовы сук, вiсела на iм i коўзалася кароткiмi нагамi па слiзкiм лёдзе Пытлева Ганначка, вiшчала, як ушчэмленае ў плот парася.
Хрысця, усё чуючы, як недзе следам сапе гэты касматы страшны звер, у мiг вока даляцела да завонькi i раптам закруцiлася над абвiслым берагам, баючыся з вышынi скакаць на цёмны i, мусiць, надта слiзкi лёд. Але збоку нешта страшна гыркнула i зараўло зноў. Хрысця, заплюшчыўшы вочы i закрываючы локцямi твар, прашылася мiж пруткiх кустоў алешнiку, з’ехала на тоўстай губе снегу на коўзкi лёд. Не могучы падняць ногi i раздзiраючыся, пабегла па слiзкай завоньцы. Але не ўтрымала раўнавагу — гопнулася на лёд, выцяўшыся рукою i каленам — якраз самаю рэпкаю.
З грукатам стрэлiў, пускаючы аж да берага трэшчыну, i ўвагнуўся на сярэдзiне завонькi лёд. Са шчылiны высачылася i пачала расплывацца чорнай гарачай лужынай на белай пудры нацярушанага на лёд iнею затхлая смуродлiвая вада. Хрысця дапаўзла да берага, хапiлася абедзвюма рукамi за абвiслыя лапы алешнiку i нiбы прычула: там, у Сымонавым садку, нехта душыўся ад смеху.
Дзяўчат дагнала ўжо далёка ад завонькi, каля вузкае, што закруцiлася тут пятлёю, рэчкi, пад рэдзенькiм дымам маладога абынелага алешнiку.