Пастка для рэха
Шрифт:
Той дзень для мяне пачаўся звыкла. Хіба мог я ўявіць сабе, што ён стане апошнім у гэтай установе? Зранку я з поспехам правёў некалькі запланаваных дзелавых сустрэч. Потым, па завядзёнцы, наведаў банк, потым папалуднаваў у рэстаране. А потым… Цяпер гэта нават успамінаць не хочацца. Потым мяне выклікалі ў офіс. Нервовасць сакратаркі, неабгрунтаваная паспешлівасць шэфа, вядома, здзівілі мяне, але я нават уявіць сабе не мог, наколькі ўсё кепска.
Размова з шэфам была канкрэтнай і непрацяглай. Ён устрымліваўся ад нейкіх агульных абвінавачванняў, але ўжо з першых яго слоў я зразумеў, што выспявае скандал. Мяне беспадстаўна абвінавачвалі ў рассакрэчванні некаторых камерцыйных праектаў, з-за чаго, нібыта, фірма пацярпела значныя матэрыяльныя і маральныя страты. Называўся нават шэраг зусім «левых» прозвішчаў і нумары фіктыўных накладных. Вядома, гэта было недарэчным непаразуменнем. Я разумеў, што мяне нехта выкарыстоўвае. Але ад гэтага лягчэй не рабілася. «Хто і з якой мэтай?» — вось якое пытанне турбавала мяне тады. Я сутаргава пракручваў у памяці магчымыя і немагчымыя варыянты, сіліўся зразумець, каму пераступіў дарогу. Мае высілкі мелі пэўны плён. Я наткнуўся нечакана на адну
Так я стаў беспрацоўным. Мае сувязі не дапамаглі мне ў пошуках працы. Пасля звальнення ад мяне адвярнуліся ўсе: і сябры, і «аўтарытэты», і бацькі. Я блукаў па горадзе ў пошуках учарашняга дня, я не ведаў, што рабіць. Станавіцца бамжом ніяк не хацелася. Ад безвыходнасці я стаў зазіраць у бутэльку. Гэта на пэўны час адцягвала ўвагу ад праблем, якія наваліліся на мяне нечакана і накапляліся з кожным днём, але і на гарэлку таксама былі патрэбныя грошы, а яны на дарозе не валяліся. Бацькі ў адзін голас гаварылі, што я апусціўся ніжэй плінтуса. Я быў згодны з імі, але што я мог зрабіць з гэтым. Я суткамі блукаў па горадзе ў пошуках халявы. Цяпер мне было пляваць і на сумленне, і на гонар. Пакрыху я дэградзіраваў.
І тут нечакана аб’явіўся той тып. Мы размаўлялі з ім амаль гадзіну. З размовы ўзнікла перакананне, што ён сачыў за мной увесь гэты час. Бо як інакш яшчэ можна было патлумачыць усю ягоную дасведчанасць пра мяне. З яго слоў я даведаўся, што са мной хоча сустрэцца Бонза. Ён на той час працаваў дырэктарам нейкай буйной дзяржаўнай установы. На другі дзень, з самага ранку, я быў у яго ў кабінеце.
6
Я глядзеў на гэтага маленькага пыхлівага чалавека, і мяне разбіраў вар’яцкі смех. Я не верыў сваім вачам. Бонза — дырэктар! Сказаць каму — засмяюць.
— Ну як, пераканаўся, што такое застацца без працы? — сустрэў ён мяне цынічным пытаннем.
— Пераканаўся, — адказаў я сумна, спрабуючы выціснуць усмешку.
— І ў тым, дзе тваё сапраўднае месца, таксама? — доўжыў ён пасля непрацяглай паўзы.
— Пры чым тут гэта? — сцёр я імгненна няўдалую ўсмешку.
— Стоп! Стоп!.. Толькі без крыўд, — спыніў ён мяне, выходзячы з-за стала мне насустрач. — Памятаеш, некалі я цябе папярэджваў ужо аб гэтым?..
— Аб чым? — глядзеў я на яго неўразумела.
— Што ў кожнага з нас сваё месца. Спадзяюся, жыццё цябе навучыла гэтаму? Яшчэ б месяц — і ад цябе засталося б мокрае месца.
— З якой мэтай ты пазваў мяне? Каб выхоўваць? — не стрымаўся я.
Мне б бегчы прэч, а я стаяў і баяўся варухнуцца. На што я разлічваў? Чаго чакаў, дзівак?
— У лепшым выпадку ты спіўся б, — не звяртаючы ўвагі, тлумачыў ён. — Гэта гаворыць ведаеш аб чым? — паляпаў ён мяне па-сяброўску па плячы. — Гэта гаворыць аб тваёй слабасці.
«Гад! — вылаяўся я ў думках. — Які ж ты гад!»
Цяпер я не сумняваўся, хто быў аўтарам той недарэчнай правакацыі, з-за якой мяне беспадстаўна турнулі з працы.
— Прызнайся, гэта ты закаламуціў тую бадзягу? — зірнуў я на яго пагардліва, стрымліваючыся, каб не заехаць яму ў пысу.
— Я? — здзівіўся ён. — Не-е, гэта, Алег, не я! Гэта ён! — паказаў Бонза вачыма на столь. — Безумоўна, я дапамагу табе, але і ты за гэта павінен мне….
Ён недагаварыў. У кабінет зазірнула пераляканая сакратарка і папрасіла яго тэрмінова ўзяць слухаўку. З яе слоў я зразумеў, што тэлефанаваў нехта з мясцовых чыноўнікаў.
— Валі ў кадры, — кінуў ён мне паспешліва, а сам пацягнуўся да тэлефона. — Там табе ўсё растлумачаць.
Так я апынуўся на яго фірме. З адной толькі мэтай — каб разлічыцца з ім за ўсе свае крыўды. Мне далі пасаду начальніка аддзела і налічылі някепскі заробак. Некалі гэта ўсё я меў ужо. Цяпер мне выпадала магчымасць пачаць усё спачатку. «Выкарысталі, прынізілі і патрабуюць адданасці, — усміхнуўся я сумна. — Што ж, не так ужо і шмат! Я аддзячу табе за ўсё. Ты яшчэ пашкадуеш, што звязаўся са мной. Ты хочаш, каб я апынуўся за кратамі? Сам туды сядзеш!..»
Я раскусіў яго. Я яму быў патрэбны ў якасці громаадвода, энэргетычнага корму. І калі ён пачаў ляпіць з мяне свайго чалавека, выкарыстоўваць мае веды і кемлівасць у сваіх паганых мэтах, я рабіў выгляд, што згодны з гэтым. Ёсць людзі, якія плануюць сваё зло загадзя. Ён прагадаў. Ён не ўлічваў, што я быў іншым ужо чалавекам, не тым, якім ён мяне памятаў. Цяпер і я планаваў свае ўчынкі. Мне перахацелася быць на яго падобным. Разуменне сваёй выключнасці і адметнасці, таго, што іншым чалавек у гэтым няпэўным свеце быць не здольны, што казкі пра прыгажосць, якая нібыта выратуе свет, — лухта, зрабілі сваю справу. Я пераўзышоў яго. Прыгажосць, цяпер быў перакананы я, — гэта толькі спакуса, хвілінная слабасць, а чаго можна чакаць ад слабасці, я ведаў з уласнага вопыту. Яго дэвіз, што лепей зрабіць і пашкадаваць, чым не зрабіць і пашкадаваць, цяпер стаў і маім дэвізам. Я імкнуўся быць першым ва ўсім. Але, калі ён не дасягнуў гэтых сваіх прэтэнзій толькі з-за таго, шго спяшаўся і рабіў шмат памылак, то я іх цяпер пазбягаў. «Людзі, якія імкнуцца змяніць свет, — быў перакананы я, — павінны заўсёды адчуваюць сваю недастатнасць, быць паўгалоднымі. Бо можна жэрці і баляваць, а можна пакутаваць і думаць.» І калі ён наўмысна выстаўляў сваю выключнасць напаказ, спадзеючыся такім чынам перамагчы ў сабе сваю глыбока схаваную, прыроджаную галечу, то я пайшоў іншым шляхам, я хаваў яе ад усіх. Бонза памёр для мяне як настаўнік. Я перарос яго памылкі. Я засвоіў адно каштоўнае правіла, што, для таго каб увайсці ў чужы дом і разбурыць яго, неабходна
спачатку дазволіць сябе зняважыць. У адрозненне ад яго, я не баяўся гэтага. Я спадзяваўся і чакаў таго моманту, калі мае прыніжэнні ўзвысяць мяне, і ні кроплі не шкадаваў, што некалі падстаўляў пад яго брудныя лапы свае шчокі. Відавочна, я дачакаўся! Прыйшоў мой час. Вяртаючыся ў думках на той школьны дворык, да той бязверхай старой ліпы, узгадваючы яго колішні крык адчаю, я больш не сумняваўся, я гаварыў усім адкрыта: «Ніколі, чуеце мяне, ніколі! Ніколі і нікому я не стану мыць ногі! Няхай яны іх цяпер мне мыюць!» Я верыў у сваю перамогу. Мяне бударажыў пах крыві. Я быў здольны на ўсё, нават на ролю пакорлівага блазна. І трэба прызнацца вам, гэта ў мяне някепска атрымлівалася. Маёй гульне мог бы пазайздросціць любы прафесійны акцёр. Вынікі перасягнулі магчымыя чаканні. Мае патаканні яму, мае ілжывыя пакорлівасць і беззаганнасць заўважна ўплывалі на яго. Я пачаў з неверагоднай хуткасцю прасоўваўцца ўверх па службовай лесвіцы, стаў часцей бываць на яго загараднай віле, як ён сам любіў называць сваё лецішча. А месцілася яно і сапраўды ў жывапісным куточку. Пад час гэтых сваіх візітаў я зблізіўся з яго атачэннем. Але самым галоўным набыткам для мяне было тое, што я цяпер стаў часцей бачыцца з Танькай. Яна мала чым змянілася, заставалася ўсё той жа прывабнай прыгажуняй. Але я яе не кахаў ужо. Цяпер на яе я меў іншыя мэты. Але аб гэтым крыху пазней. Яго сябры былі такімі ж тупымі і бязмозглымі, як і ён сам. За гады працы на высокай пасадзе ён ні кроплі не змяніўся ў лепшы бок, наадварот, стаў яшчэ больш жорсткім і дэспатычным у дачыненні да сваіх падначаленых. Яго ўпартасць і самаўпэўненасць не ведала межаў. Яго мянушка стала адпавядаць яму. Гэта быў маленькі фюрэр, ад учынкаў якога шмат што залежала. Прадпрыемства, якім ён кіраваў некалькі гадоў ужо, пакрыху разбуралася. Прадукцыя, якой горад некалі ганарыўся, губляла сваю якасць і вартасць. У пераважнай большасці яна цяпер спіхвалася «налева». «Адмытыя» грошы асядалі ў кішэнях кіраўніцтва. У гэтым крымінальным «адмыванні» выкарыстоўвалі цяпер і мяне. Заробак на прадпрыемстве катастрафічна зніжаўся, мы, наадварот, багацелі. Падтрымка з боку некаторых уплывовых гарадскіх чыноўнікаў развязвала нам рукі. У думках я быў не згодны з такім раскладам спраў, але на людзях, як і раней, дэманстраваў сваю адданасць. Беззаганна выконваў усе яго даручэнні, не прамінаў магчымасці пахваліць. Нашы адносіны сталі цяпер больш чым цёплыя. Я дамогся свайго, ён залічыў мяне ў свае сябры. Гэта дазволіла мне выведаць пра яго ўсё. Цяпер можна было ісці ў пракуратуру. Дабытай інфармацыі, як мне здавалася, хапіла б на некалькі крымінальных спраў. Заставалася толькі дачакацца зручнаго моманту. Маё штучнае «сяброўства» з ім не магло не паўплываць адмоўна на адносіны з маімі калегамі. Цяпер яны адкрыта ігнаравалі мяне. Мне не падабалася гэта, але я цярпеў, я ведаў, дзеля чаго ўсё гэта. «Калі б яны таксама ведалі пра мае сапраўдныя мэты, яны б ганарыліся мною», — суцяшаў я сябе. І ўсё ж аднойчы майму цярпенню прыйшоў канец, нервы не вытрымалі, і, калі адзін дурань, мой супрацоўнік, у спрэчцы абвінаваціў мяне ў штрэйкбрэхерстве і ў стукацтве, я ледзь не заехаў яму ў пысу. Відавочна, што «шасцёрак» на фірме хапала, стукачы, калі ўдумацца, ёсць у любой сям’і. Але пры чым тут я? Я трымаў гэтага лопуха за грудкі і не ведаў, што з ім рабіць. Напэўна, я не хацеў падымаць бучу раней тэрміну. Я глядзеў у яго пазелянелыя ад пераляку вочкі, чуў, як побач з маім тахкае яго заечае сэрца, і ледзь перасільваў сваю пагарду.Гэты выпадак адмоўна адбіўся на маім далейшым настроі. Усю ноч я не самкнуў вачэй. У галаву лезлі вар’яцкія думкі пра адноснасць і несправядлівасць гэтага свету. Я чапляўся за сапраўднасць і натыкаўся на непаразуменне і жорсткасць. Я заглыбляўся ва ўспаміны, але і там не было ні адной светлай плямкі. «Людзі здольныя палюбіць толькі сябе, — зноў і зноў схіляўся я да высновы. — За што ж іх тады павінен любіць я? Плюй на іх, плюй! Табе добра, а астатняе — трава не расці!» — так думаў я той ноччу.
На ранішняй нарадзе я ўпершыню адкрыта выказаўся супраць Бонзы. Дарэчы, зусім не па прынцыповым пытанні. Мне хацелася паглядзець, што з гэтага атрымаецца. Рэакцыя была імгненнай. У яго позірку я пазнаў Бонзу колішняга, таго, непадступнага і самаўпэўненага, якога пачаў ужо забываць.
Вечарам таго ж дня нас запрасілі на банкет. Свой юбілей адзначаў адзін наш супрацоўнік. Бонза прыехаў з жонкаю. Я спакусліва зіркнуў на Таньку, і ў маіх думках нарадзілася новая авантурная задумка. Нечакана мне захацелася адбіць яе ў яго. «Я разбуру іх сям’ю», — паціраў я ад задавальнення рукі. Вядома, такія справы не робяцца за адзін вечар, але захады былі і раней ужо, проста я вам не расказваў пра тое нічога. Трэба было быць сляпым, каб не бачыць, што Танька не кахае гэтага чалавека. Болей таго, ведалі б вы, якімі загадкавымі і спакуслівымі позіркамі адорвала яна мяне апошнім часам. Усё гэта сяліла перакананне, што мае мэты зусім не беспадстаўныя. Нашы адносіны з ёю з нядаўняга часу сталі больш чым сяброўскія. Але, паўтаруся, я не кахаў ужо яе. Што ж тады рухала маімі пачуццямі? Жаданне разбурыць іх сям’ю? Гэта ж смешна. Ніякай сям’і ў іх ніколі не было, і ў тым, што яны хутка разыдуцца, ніхто не сумняваўся. Іх нічога цяпер не ўтрымлівала. Дзяцей яны не мелі і мець не маглі. А што за сям’я без дзяцей? Але і ў нас з ёю адсутнічала будучыня. Мае пачуцці даўно мінулі. Нічога, акрамя пакут і болю, я даць ёй не мог. А гэтага, прызнаюся вам шчыра, мне не хацелася. І ўсё ж адмаўляцца ад сваіх мэтаў я не стаў. «Я паскору падзеі. Я дапамагу ёй вызваліцца ад гэтага абізгала. Я дапамагу ёй зрабіць першай гэты лёсавырашальны крок», — вырашыў я.
Я запрасіў яе на павольны танец. Яна не адмовіла мне. Бонза прынцыпова ніколі не таньчыў. Пасля мы выйшлі з ёю праветрыцца. Мы курылі і цалаваліся. Дакладней, курыла яна. Потым прыйшоў ён. Было заўважна, што яму гэта ўсё не падабаецца.
— О, ты таксама курыш? З якіх гэта часін? — спытаў ён, хвалюючыся. Я адчуў у яго голасе рэўнасць.
— Я не куру, — заспяшаўся я. — Я проста за кампанію.
— І як даўно ты дзеліш кампанію з чужымі жонкамі? — пацікавіўся ён з’едліва.
— З тае пары, калі зразумеў, што ты погань! — не стрымаўся я і зрабіў перасцярожлівы крок назад.