Пастка для рэха
Шрифт:
— Алег! Алег! Ну навошта ты так? — стала паміж намі Танька.
— Няхай гаворыць, — загадаў ёй Бонза і звярнуўся да мяне: — Давай, гавары.
— Ты небяспечны чалавек. Цябе трэба трымаць на адлегласці, — нечакана прарвала мяне. — Ты гаворыш адно, а робіш зусім іншае. Ты — флюгер, куды паверне вецер.
— Гэта ты пра сябе? — ўсміхнуўся ён штучна.
— Алег, перастань! — закрычала Танька і схапіла мяне за кашулю.
— Не лезь! — адхіліў яе ён. — Ты адказваеш за свае словы?
— Адказваю. Ты давёў прадпрыемства да банкрутства. Ты пляваць хацеў на людзей. Каб не твае сувязі…
— І што было б? — спыніў ён мяне.
— Цябе даўно б вытурылі. З-за такіх, як ты, — выціснуў я праз зубы, — увесь гэты раздрай у краіне. Вы небяспечныя
— А я гадаю, чаго гэта ён такі пакорлівы? У якія гульні ты са мною гуляеш, хлопец? Я цябе даўно чытаю, як раскрытую газету.
— І што ты там вычытаў?
— Тое, што табе давядзецца шукаць іншую працу, — злосна сказаў ён.
— Ведаю, — буркнуў я. — Але ты таксама шмат чым рызыкуеш.
— Не зразумеў?.. Чым гэта?
— Сам здагадайся.
— Ты пагражаеш мне?
Яго вочы наліліся крывёю. Было заўважна, што ён ледзь стрымлівае сябе.
— Ні кроплі.
— Ты намякаеш на… Не, — усміхнуўся ён, — ты нікому не вякнеш, сабака! Розуму на гэта ў цябе, спадзяюся, хопіць. А вякнеш, язык вырву. Зразумеў? На паперах ёсць і твае подпісы. Так што я цябе не баюся. Аднаго не магу толькі зразумець: нашто табе ўсё гэта? Ты мог бы купацца ў раскошы… Ты прафукаў гэта, разумееш?
— Маё правіла — ніколі не азірацца. Я не ўпэўнены, што можна жыць толькі адным сённяшнім днём. Не трэба шкадаваць аб тым, чаго ніколі не вернеш ужо. Ты лічыш, што ты нейкі асаблівы? Чым ты лепшы за мяне?
— Я дырэктар.
— Ха-ха! Дырэктар ён. Такіх дырэктараў можна ляпіць з пластыліну, па сто штук у дзень. Такія дырэктары, як ты, краіну маю абабралі.
— А такіх, як ты, клініка зачакалася.
— Пайшоў ты! — кінуў я яму напаследак і кінуўся ўніз па лесвіцы да выхаду. Безумоўна, выглядаў я тады ліха.
7
Дома мяне таксама чакалі непрыемнасці. Сярод стосу газет у паштовай скрыні я знайшоў тэлеграму, у якой стрэчная сястра паведамляла, што памёр яе сын. Пахаванне павінна было адбыцца заўтра, таму зранку мне трэба было выпраўляцца ў дарогу. Нечаканая вестка выбіла мяне з каляі канчаткова. Прычыны смерці ў тэлеграме не паведамляліся, але, наколькі я ведаў, пляменнік ніколі нічым не хварэў, заставалася наракаць толькі на няшчасны выпадак. Зрэшты, якая цяпер розніца, што загубіла гэтага маладога чалавека, якому б яшчэ жыць ды жыць. Яго няма, і з гэтым давядзецца лічыцца.
Усю ноч я не самкнуў вачэй. У галаву лезла розная непатрэбшчына. Упершыню за ўсе гэтыя гады я шкадаваў сябе. Да слёз рабілася страшна і крыўдна за сваё жыццё. Я думаў пра смерць і пра тое, наколькі яна блізка ад нас ходзіць. Мы цешым сябе тым, што яшчэ не жылі, што ўсё гэта пакуль толькі падрыхтоўка, што сапраўднае жыццё наперадзе, мы харахорымся і спрачаемся, імкнемся даказаць усяму свету, што мы ёсць, мы здзекуемся адзін з аднага, а тут бац — і нас няма. Усе мы хворыя, і ўсім нам трэба лячыцца. Чаму мы такія неразумныя? Чаму мы разменьваемся на розныя дробязі?..
Дачакаўшыся досвітку, я пачаў збірацца ў дарогу. Сястра жыла на перыферыі, і, каб дабрацца да іх пасёлка, трэба было яшчэ некалькі гадзін трэсціся ў цягніку. Пра Бонзу я цяпер стараўся не думаць. Прасіцца з працы ў яго было бессэнсоўным заняткам. Пасля таго, што здарылася з намі напярэдадні, шанцаў застацца на працы не засталося ніякіх. Дараваць маё нахабства ён мне не мог. Вядома, лепшым варыянтам для мяне было б апярэдзіць яго і напісаць заяву загадзя. Навошта даваць яму падставы для здзеку? Магчыма, так я і зрабіў бы, калі б не гэтая недарэчная заўчасная смерць. Яна разбурала ўсе мае планы. І цяпер мне было не да таго.
Гэты дзень я ледзь перажыў. Такога са мной не здаралася ніколі яшчэ. Увогуле, людзі кепска адчуваюць чужую бяду. Глядзець на сястру без жалю і слёз было немагчыма. Мне здавалася, што яна пакуль што яшчэ не разумее таго, што насамрэч здарылася. Знешне яна была вытрыманай. Можна было толькі ўявіць сабе, што рабілася ў яе на душы. Яна не галасіла, не ліла слёз, але нельга
было не заўважыць, што давалася ёй гэта з вялікай цяжкасцю. Ведаючы яе блізка, я баяўся за яе. Яна, нібы звар’яцелая, выбягала раз-пораз на вуліцу, цягнула рукі да неба, наракаючы на кепскае надвор’е, шкадуючы, што з-за гэтага не прыйдуць на пахаванне людзі. Я не мог бачыць гэтага і зашываўся ў кут. Я думаў пра сябе. Я шкадаваў сябе. Як не хацелася таго, але мае думкі, зноў і зноў, вярталі мяне да ўчарашніх падзей. Як заўсёды, я быў у іх непаслядоўным і непрадказальным. Не разумею, што сталася са мной, але цяпер я не прагнуў помсты над ім, я начыста адмовіўся ад сваёй нядаўняй задумы напісаць заяву ў пракуратуру. Не падумайце, што я праяўляў слабасць. Не, я ішоў на гэта свядома. «Божа, дапамажы мне ў маім нявер’і! — маліўся я ў думках. — Божа, я хачу быць самім сабой. Пашлі мне радасць у маіх пакутах!»Калі вярталіся з могілак, са мной здарылася істэрыка. Нечакана я адчуў, што мне кепска, і збочыў з дарогі. Ад лесу мяне аддзяляла некалькі крокаў. Я кінуўся да яго. Я бег невядома куды, пакуль не натрапіў на нейкі прагал. Я ўпаў на зямлю і зарыўся ў траву. Я плакаў наўзрыд. Я крычаў, я енчыў ад крыўды і жалю. Жахлівае відовішча. Прыступ быў працяглым. Памятаю, як нейкія жанчыны, зусім незнаёмыя мне, паднімалі мяне з зямлі, як паілі горкім прытарным настоем, як вялі потым пад рукі праз лес і праз пожню да вёскі. Пасля вячэры сястра нечакана прызналася, што яе сын не хацеў жыць, а таму вінаваціць нікога ў яго смерці не трэба. Я згодна ківаў галавой, не разумеючы, згодны я з гэтым ці не.
Дахаты я вярнуўся з галаўным болем і з плоймай супярэчлівых, жахлівых думак. Некалькі гадзін адмакаў у ваннай. Потым піў на кухні гарачы чай. Пасля гэтага маё самаадчуванне значна палепшылася. Спаць лёг рана. Ноччу мяне разбудзіла назойлівае трыньканне тэлефона. Чаму я яго не выключыў? Я падхапіўся спрасонку і доўга не мог зразумець, дзе я і што са мной адбываецца. Балела галава. Каламуціла. Перасільваючы боль, я дацягнуўся да настольнай лямпы і запаліў электрычнасць. Стрэлкі на гадзінніку паказвалі дзве гадзіны ночы. Я адшукаў на дысплеі непрачытаную SMSку. Нумар тэлефона, з якога яе адпраўлялі, быў мне незнаёмы. Я націснуў на некалькі гузікаў і раскрыў тэкст. «Забудзь пра нас. Мы як-небудзь пражывем без цябе!» — прачытаў я. У гэтых двух сказах было зроблена некалькі памылак. Відавочна, што гэта быў яго почырк. Ніхто іншы з маіх знаёмых на такую лухту быў не здатны. Ён ведаў мой характар, ведаў, што я пачну перажываць, а значыць, не засну да ранку. Дзеля гэтага ён і разбудзіў мяне сярод ночы. Магчыма, у нейкі іншы раз ён дасягнуў бы сваіх мэтаў, але толькі не ў гэты. Стома і валяр’янка зрабілі сваю справу. Я заснуў
8
Раніцай я пачуваў сябе ніштавата. Але нейкі страх і пачуццё глыбокай спустошанасці пакуль яшчэ цалкам не выветрыліся. Думкі вярталі мяне па-ранейшаму да тых нядаўніх падзей, якія так недарэчна выбілі мяне са звыклага рытму жыцця, прымусіўшы задумацца над некаторымі сваімі ўчынкамі. Але цяпер я нікому і нічога не хацеў даказываць. «Мы ўсе некалі пакінем гэтую зямлю, — думаў я, — нічога не ўзяўшы з сабой. Самыя блізкія людзі — па духу, а не па крыві. Мне не выпала шчасце сустрэцца з такімі людзьмі. Але хто ведае, каму яно выпала, тое шчасце? За кожным акном, свая трагедыя.» Мне хацелася, каб пра мяне забыліся, далі пабыць пэўны час аднаму. Я вяртаўся да зместу той цынічнай начной SMSкі, цытаваў яе ўслых, імкнучыся дакапацца да сапраўднага сэнсу. Я не ведаў, як мне да гэтай лухты ставіцца, успрымаць гэта ўсё як жарт ці, наадварот, задумацца і зрабіць пэўныя высновы. Спачатку я вырашыў адказаць яму і нават прыдумаў належны тэкст — мудрагелісты і крыўдны, як мне тады падалося. Адправіць яго я планаваў ноччу, як гэта зрабіў некалі ён. «Я і Мы — зусім розныя рэчы, — напісаў я яму. — Таму не трэба ніколі гаварыць ад імя ўсіх. Вядома, ты мяне забудзеш, а вось усе астатнія, на каго ты спасылаешся, — яшчэ пытанне…»